Захоп самалёта рэйсу Ryanair 4978

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Захоп самалёта рэйсу «Раянэйр» 4978
Зьвесткі пра катастрофу
Дата 23 траўня 2021
Месца катастрофы Нацыянальны аэрапорт «Менск»
Пункт вылету Міжнародны аэрапорт «Элефтэрыяс Вэнізэляс» (Грэцыя)
Пункт прызначэньня Віленскі міжнародны аэрапорт (Летува)
Паветранае судна
Мадэль самалёта Boeing 737-8AS
Авіякампанія «Раянэйр» (Ірляндыя)
Рэгістрацыйны нумар SP-RSM
Пасажыры 171 пасажыр
Параненыя няма
Загінулі няма

Захоп самалёта рэйсу «Раянэйр» 4978 — інцыдэнт зь міжнародным рэгулярным пасажырскім рэйсам ірляндзкай авіякампаніі «Раянэйр» з Атэнаў (Грэцыя) у Вільню (Летува)[1], які адбыўся 23 траўня 2021 году.

Самалёт змусілі зрабіць незаплянаваную пасадку ў аэрапорце Менску, дзе супрацоўнікі Галоўнай управы па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Беларусі затрымалі двух пасажыраў — Рамана Пратасевіча і яго сяброўку Соф’ю Сапегу.

Самалёт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Boeing 737-800 (рэгістрацыйны нумар SP-RSM) — самалёт, які выконваў рэйс[2].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

23 траўня 2021 году на электронную пошту Нацыянальнага аэрапорта «Менск» info@airport.by з электроннага адрасу protonmail.com на ангельскай мове паступіла пісьмовае паведамленьне: «Мы, жаўнеры «Ісламскага руху супраціву» (Хамас у Палестынскай аўтаноміі Ізраілю), патрабуем, каб Ізраіль спыніў агонь у Паласе Газа. Мы патрабуем, каб Эўрапейскі Зьвяз адмовіўся ад падтрымкі Ізраілю ў гэтай вайне. Вядома, што ўдзельнікі «Дэльфійскага эканамічнага форуму» вяртаюцца дамоў рэйсам «FR4978». У гэты самалёт закладзеная бомба. Калі вы не выканаеце нашыя патрабаваньні, бомба выбухне 23 траўня над Вільняй»[3]. Аднак на момант адпраўкі ліста ўжо 2 дні як было падпісанае пагадненьне між урадам Ізраілю і «Ісламскім рухам супраціву» пра спыненьне агню[4].

А 12:30 паводле беларускага часу (UTC+3) самалёт «Раянэйра» ўвайшоў у паветраную прастору Беларусі. Адначасна дыспэтчар Менскага раённага цэнтру кіраваньня паветраным рухам (МРЦКПР) паведаміў пілёту самалёта: «у нас ёсьць зьвесткі ад спэцслужбаў, што ў вас на борце бомба і яе могуць задзейнічаць над Вільняй». А 12:31 дыспэтчар заявіў: «мы раім вам прызямліцца ў Нацыянальным аэрапорце «Менск». У адказ пілёт папрасіў: «дайце нам альтэрнатыву». А 12:33 дыспэтчар сказаў: «пэрсанал аховы лётнішча паведаміў, што яны атрымалі электронны ліст (пра бомбу)... Гэты ліст быў разасланы ў некалькі лётнішчаў». А 12:42 дыспэтчар паведаміў: «у нас ёсьць частасьць наземнага пэрсаналу для Вільні 131,75». Пілёт адказаў: «131,75 і ў нас ёсьць сувязь». А 12:44 пілёт запытаў: «Мне патрэбны адказ на пытаньне, які код... зялёны, жоўты або бурштынава-чырвоны». А 12:45 дыспэтчар адказаў: «яны кажуць, код — чырвоны». Тады пілёт сказаў: «у такім выпадку мы просім прытрымліваньня цяперашняга курсу». Аднак а 12:47 пілёт заявіў: «мы абвяшчаем пра здарэньне... Нашым намерам будзе адхіліцца ў бок Менскага лётнішча»[3]. Пры гэтым пазьней швайцарскае прадпрыемства «Пратон Тэхналёгіі» (Жэнэва) паведаміла, што празь іх электронную пошту «“пагрозу бомбай” даслалі пасьля перанакіраваньня рэйсу «Раянэйра» № 4978» на Менск[5]. Гэты ліст даслалі на адрас Нацыянальнага аэрапорту «Менск» а 12:57 праз 27 хвілінаў пасьля папярэджаньня дыспэтчара пра бомбу «ад спэцслужбаў» а 12:30 (глядзіце вышэй) і праз 24 хвіліны пасьля паведамленьня пра сам ліст пілёту самалёта а 12:33[6].

На загад Аляксандра Лукашэнкі самалёт быў перанакіраваны ў Нацыянальны аэрапорт «Менск» у суправаджэньні ўзьнятага з 61-й зьнішчальнай авіябазы ў Баранавічах (Берасьцейская вобласьць) вайсковага зьнішчальніка МіГ-29[7]. А 12:54 пілёт паведаміў: «на борце 133 асобы». А 13:15 самалёт прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце «Менск»[3]. Каля 14:00 Галоўная ўправа па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Беларусі паведаміла пра арышт журналіста Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на борце самалёта[8]. Разам зь ім затрымалі расейскую грамадзянку Соф’ю Сапегу[9]. А 16:20 на ізаляванай стаянцы лётнішча скончылі надгляд самалёта, у тым ліку экіпажа і пасажыраў, багажа, груза і пошты. А 20:48 самалёт выляцеў зь Менску і а 21:27, паводле беларускага часу, прызямліўся ў Вільні[3] са спазьненьнем на 8 з паловаю гадзінаў. На борце было 165 пасажыраў з 171[7]. Сустракаць самалёт у аэрапорт прыехала прэм’ер-міністар Летувы Інгрыда Шыманіце[10].

Міжнародная рэакцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Flag of ICAO.svg Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі выказала глыбокую заклапочанасьць з прычыны «відавочнае пасадкі самалёта пад прымусам». У твітэры ІКАО сьцьвярджалася, што прымусовая пасадка — гэта парушэньне Чыкаскай канвэнцыі(uk)[11].
  • Flag of NATO.svg Генэральны сакратар Енс Стольтэнбэрг НАТА назваў пасадку «сур’ёзным і небясьпечным інцыдэнтам, які патрабуе міжнароднага рассьледаваньня» і запатрабаваў «гарантаваць бясьпечнае вяртаньне экіпажа і ўсіх пасажыраў»[12]
  • European Commission.svgПрэзыдэнт Эўрапейскае камісіі Урсуля фон дэр Ляен назвала інцыдэнт з самалётам «цалкам непрымальным», заявіўшы, што «любое парушэньне правілаў міжнароднага паветранага транспарту павіннае мець наступствы»[13].
  • Europarl logo.svg Эўрапарлямэнт у сваёй рэзалюцыі ад 10 чэрвеня 2021 году (за яе прагаласавалі 626 дэпутатаў, 16 былі супраць, 36 устрымаліся) назваў захоп рэйсу «Раянэйра» № 4978 «жахлівым актам», які парушае міжнародныя законы, і «актам дзяржаўнага тэрарызму»[14].

Наступствы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

24 мая 2021 году 4 эўрапейскія авіякампаніі («AirBaltic», «Wizz air», «Austrian Airlines», «KlasJet») адмовіліся ад палётаў над Беларусьсю[15]. Рэйс Масква-Калінінград авіякампаніі «Ural Airlines», які традыцыйна пралягаў над Беларусьсю, 24 траўня выконваўся ў аблёт краіны[15]. Урад Летувы забараніў з 25 траўня прыбыцьцё ў краіну і адбыцьцё зь Летувы самалётаў, маршрут якіх праходзіць над тэрыторыяй Беларусі[16]. 24 траўня Міністэрства транспарту Вялікабрытаніі адклікала дазвол на палёты ў Вялікабрытанію для беларускай авіякампаніі «Белавія»[17]. 25 траўня Кабінэт міністраў Украіны(be) прыняў рашэньне пра прыпыненьне авіязносінаў з Беларусьсю зь 00:00 26 траўня[18], украінскім авіякампаніям і самалётам забаронены палёт у паветранае прасторы Рэспублікі Беларусь[19].

2 чэрвеня 2021 году Эўрапейскае агенцтва авіяцыйнай бясьпекі (ЭААБ; Кёльн, зямля Паўночны Райн — Вэстфалія, Нямеччына) ўхваліла Дырэктыву «Аб бясьпецы палётаў у паветранай прасторы Беларусі». Паводле Дырэктывы, паветраныя перавозчыкі з 27 краінаў Эўразьвязу мелі спыніць палёты над Беларусьсю. Дырэктыву ЭААБ выдалі ў сувязі са змушанай пасадкай самалёта «Раянэйра» 23 траўня ў Менску і наступным затрыманьнем журналіста Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на яго борце[20]. 4 чэрвеня 2021 году Эўрапейская рада(be) зацьвердзіла Рашэньне № 908 «Аб папраўцы ў Рашэньне 2012 году № 642 датычна абмежавальных захадаў з улікам сытуацыі ў Беларусі». Паводле Рашэньня, 27 дзяржаваў Эўразьвязу мелі забараніць паветраным перавозчыкам Беларусі пралёт над сваімі землямі і прызямленьне на сваіх лётнішчах[21]. Рашэньне было працягам Заключэньняў Эўрапейскай рады ад 24 і 25 траўня 2021 году(fr), у якіх кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў ЭЗ асудзілі пагрозу палётам у сувязі з прымусовай пасадкай рэйса «Раянэйра» ў Менску 23 траўня, а таксама затрыманьне сярод пасажыраў рэйса журналіста Рамана Пратасевіча і Соф’ю Сапегу[22].

21 чэрвеня і 24 чэрвеня 2021 году ў тым ліку за прымусовую пасадку самалёта й наступнае затрыманьне Пратасевіча й Сапегі Эўрапейская рада(be) пашырыла Чорны сьпіс Эўразьвязу, зацьвердзіўшы сьпярша пэрсанальныя (супраць службовых асобаў), потым і сэктаральныя санкцыі супраць Рэспублікі Беларусь[23]. Сярод службоўцаў, маючых дачыненьне да прымусовае пасадкі, пад санкцыі трапілі: міністар абароны Віктар Хрэнін, камандуючы ВПС і войскамі СПА Ігар Голуб, начальнік штабу й першы намесьнік Голуба Андрэй Гурцэвіч, генэральны дырэктар «Белаэранавігацыя(be)» Леанід Чура, міністар транспарту Аляксей Аўраменка, дырэктар аддзелу авіяцыі Міністэрства транспарту Арцём Сікорскі, дэпутат ПП НС Алег Гайдукевіч. З той жа фармулёўкай 7 ліпеня 2021 году афіцыйныя асобы трапілі і ў санкцыйны сьпіс Швайцарыі[24][25].

Таксама была забаронена пастаўка ў Беларусь абсталяваньня, тэхналёгіяў або софту, асноўнае прызначэньне якіх маніторынг або перахоп тэлефонных і інтэрнэт-камунікацыяў, а таксама тавараў і тэхналёгіяў двайнога прызначэньня для ваеннага выкарыстаньня, а гандаль нафтапрадуктамі, хлярыдам калію й таварамі, неабходнымі для вытворчасьці тытунёвых вырабаў, быў абмежаваны[26][27]. Акрамя таго, «Белаэранавігацыю(be)» ў свае санкцыйныя сьпісы ўключылі Вялікабрытанія[28], Канада[29].

Удзел Расеі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле прафэсара Ельскага ўнівэрсытэту Тымаці Снайдэра, малаімаверна, каб рэжым Лукашэнкі, настолькі залежны ад Расеі, выканаў такое відовішчнае міжнароднае злачынства без дазволу Масквы. Таксама ён не адкідае, што менавіта Расея ініцыявала гэтую спэцапэрацыю, бо дзейнасьць каналу Нехта была праблемай для рэжыму Пуціна[30]. 27 траўня 2021 году Нацыянальная служба выведкі Грэцыі выявіла, што ад часу прыбыцьця Пратасевіча ў Грэцыю на канфэрэнцыю 9—16 траўня 2021 году ў Атэнах за ім віжавалі прынамсі 3 замежныя выведнікі. Пасьля канфэрэнцыі Пратасевіч адправіўся з расейскай грамадзянкай Соф’яй Сапегай адпачываць на Крыт, дзе выведнікі працягнулі за імі віжаваць. Міністэрства ўнутраных справаў Грэцыі выявіла на запісах камэраў відэаназіраньня з гасьцініцаў, на Крыце і ў Атэнскім лётнішчы, што 3-ма віжамі былі выведнікі з расейскімі пашпартамі. Гэтыя ж трое фатаграфавалі Пратасевіча ў Атэнскім лётнішчы пры пасадцы на самалёт, які ляцеў над Беларусьсю[31].

Крытыка абмежаваньня палётаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 траўня 2021 году старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк адзначыў: «“Белавія” ня мае адносінаў да лукашысцкага пірацтва. Навошта вы (урады Эўразьвязу) будуеце людзям Беларусі жалезную заслону разам з Масквой і разам з вар’ятам?! Вар’ят жа ўжо забараніў зносіны празь мяжу наземным транспартам. Ці вы баіцёся наплыву беларускіх уцекачоў ад сьмерці і рэпрэсіяў і пакідаеце людзей на расправу?! Чаму не патрабуеце санкцыяў супраць пуцінскай Расеі, якая спансуе тэрарыстычны рэжым Лукашэнкі і арганізавала плян захопу пасажырскага самалёту? Зьдзівіла Ўкраіна, забараніўшы беларускія чыгуначныя перавозкі. Дык пры чым тут чыгунка да затрымкі чужога самалёта? Кепскія паперы, братове. Расея пляскае ў ладкі. Усё, што ўжо зрабіла і яшчэ намерана зрабіць Эўропа — гэта кіданьне Беларусі ў пашчу імпэрскай Расеі»[32].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Dalia Plikūnė; Jogintė Užusienytė. Be opozicionieriaus ir jo draugės į Lietuvą negrįžo ir dar keturi lėktuvo keleiviai: kas jie – kol kas mįslė(лет.). Delfi(be)Праверана 2021-05-23 г.
  2. ^ Political leaders outraged as Belarus ‘forces’ Ryanair 737 diversion to Minsk. Flightglobal(cs)Праверана 2021-05-23 г.
  3. ^ а б в г Аб інцыдэнце з аварыйнай пасадкай самалёта кампаніі «Раянэйр»(рас.) // Дэпартамэнт авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацыяў Рэспублікі Беларусь, 25 траўня 2021 г. Праверана 5 чэрвеня 2021 г.
  4. ^ СМІ: Ліст пра бомбу на пошту менскага аэрапорту прыйшоў толькі праз 24 хвіліны пасьля папярэджаньня дыспэтчара // Беларуская служба Радыё «Свабода», 27 траўня 2021 г. Праверана 5 чэрвеня 2021 г.
  5. ^ Швайцарскі «Пратон»: Мэйл пра замінаваньне самалёта «Раянэйра» даслалі пасьля таго, як лайнэр павярнуў у бок Менску // Партал «Наша ніва», 27 траўня 2021 г. Праверана 5 чэрвеня 2021 г.
  6. ^ Майкл Вайс, часопіс «Дэйлі Біст» (Нью-Ёрк). Ліст пра бомбу прыйшоў на пошту менскага аэрапорта толькі праз 24 хвіліны пасьля папярэджаньня дыспэтчара // Партал «Наша ніва», 27 траўня 2021 г. Праверана 5 чэрвеня 2021 г.
  7. ^ а б Simone Brunner. (2021-05-24) Niemand soll sich sicher fühlen(ням.). Die Zeit(be)Праверана 2021-05-24 г. Архіўная копія ад 2021-05-24 г.
  8. ^ У аэрапорце Менску, рэзка зьмяніўшы курс, прызямліўся самалёт Атэны—Вільня — на борце быў Раман Пратасевіч // Партал «Наша ніва», 23 траўня 2021 г. Праверана 5 чэрвеня 2021 г.
  9. ^ Радыё Свабода
  10. ^ Борт «Раянэйра» прызямліўся ў Вільні
  11. ^ ICAO is strongly concerned...(анг.) Twitter ICAO Праверана 2021-05-24 г.
  12. ^ https://nn.by/?c=ar&i=273371
  13. ^ Kaminski-Morrow, David (2021-05-23) Political leaders outraged as Belarus ‘forces’ Ryanair 737 diversion to Minsk(анг.). Flightglobal(cs)Праверана 2021-05-24 г.
  14. ^ Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю па Беларусі з заклікам да новых санкцый, Радыё Свабода, 10 чэрвеня 2021 г.
  15. ^ а б Лететь над Беларусью отказалась российская авиакомпания?
  16. ^ Літва не будзе прапускаць рэйсы, якія ляцелі праз Беларусь
  17. ^ «Белавіі» забаранілі лятаць у Вялікабрытанію
  18. ^ Украіна спыняе авіязносіны з Беларуссю
  19. ^ Україна припиняє авіасполучення з Білоруссю о 00:00 26 травня — Шмигаль
  20. ^ МАПТ заклікала Эўропу адмяніць забарону на палёты над Беларусьсю // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 4 чэрвеня 2021 г. Праверана 5 чэрвеня 2021 г.
  21. ^ Эўрапейскі зьвяз забараніў перавозчыкам Беларусі выкарыстоўваць сваю паветраную прастору і аэрапорты // Эўрапейская служба вонкавай дзейнасьці, 4 чэрвеня 2021 г. Праверана 6 чэрвеня 2021 г.
  22. ^ Эўразьвяз забараніў перавозчыкам Беларусі выкарыстоўваць сваю паветраную прастору і аэрапорты // Газэта «Новы час», 4 чэрвеня 2021 г. Праверана 6 чэрвеня 2021 г.
  23. ^ МГ. Эўразьвяз зацьвердзіў новы пакет санкцыяў супраць прадстаўнікоў Беларусі // Тэлеканал «Белсат», 21 чэрвеня 2021 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
  24. ^ Michael Shields; Kevin Liffey. (2021-07-07) Swiss widen sanctions list against Belarus(анг.). ReutersПраверана 2021-07-10 г. Архіўная копія ад 2021-07-07 г.
  25. ^ Sanctions program: Belarus: Verordnung vom 11. Dezember 2020 über Massnahmen gegenüber Belarus (SR 946.231.116.9), Anhang 1 Origin: EU Sanctions: Art. 2 Abs. 1 (Finanzsanktionen) und Art. 3 Abs. 1 (Ein- und Durchreiseverbot)(анг.). Дзяржаўны сакратарыят па эканамічных пытаньнях(de) (2021-07-07). Праверана 2021-07-10 г. Архіўная копія ад 2021-07-07 г.
  26. ^ EUR-Lex
  27. ^ nn.by
  28. ^ CONSOLIDATED LIST OF FINANCIAL SANCTIONS TARGETS IN THE UK(анг.). Office of Financial Sanctions Implementation HM Treasury (2021-06-25).
  29. ^ Consolidated Canadian Autonomous Sanctions List. Міністэрства міжнародных справаў Канады(en) (2015-10-19). Праверана 2021-06-29 г.
  30. ^ «Што выкраданьне Пратасевіча значыць для нас усіх». Піша Тымаці Снайдэр, Радыё Свабода, 25 траўня 2021 г.
  31. ^ Мічэл Пратэра, часопіс «Вайс» (Нью-Ёрк). Спэцслужбы Грэцыі: За Пратасевічам у Атэнах сачылі невядомыя з расейскімі пашпартамі // Партал «Наша ніва», 3 чэрвеня 2021 г. Праверана 5 чэрвеня 2021 г.
  32. ^ Зянон Пазьняк. Калі затрубіць труба // Партал «Беларуская салідарнасьць», 27 траўня 2021 г. Праверана 7 чэрвеня 2021 г.