Перайсьці да зьместу

Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі
Абрэвіятура НГАБ
Папярэднік Магілёўскі гістарычны архіў
Дата ўтварэньня 5 ліпеня 1938 (86 гадоў таму)
Тып Сховішча дакумэнтаў
Юрыдычны статус Дзяржаўная ўстанова
Месцазнаходжаньне Менск, вул. Крапоткіна, д. 55
Кіраўнік Зьміцер Яцэвіч
Сайт www.niab.by
Колішняя назва Цэнтральны гістарычны архіў БССР (да 1992 г.)

Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі — дзяржаўнае сховішча дакумэнтаў Беларусі XIV—XX стагодзьдзяў, заснаванае ў 1938 годзе на аснове Магілёўскага гістарычнага архіва і перавезенае ў 1963 г. у Менск.

Ад заснаваньня ў архіве зьмясьцілі дакумэнты агульнабеларускага значэньня з былых архіваў судоў Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і беларускіх земляў Расейскай імпэрыі, як і з былых архіваў магістратаў і ратушаў беларускіх местаў, прыватных асобаў, Віленскага архіва старадаўніх актаў і Віцебскага архіва старадаўніх актавых кніг. На пачатак 1941 г. архіў зьмяшчаў 1560 фондаў абсягам звыш 382 тыс. справаў. Пад час другой сусьветнай вайны большасьць дакумэнтаў разрабавалі і вывезьлі ў Нямеччыну і Рыгу (Латвія). Вярнуць удалося 38 054 справы (10%) з 700 адзінак захаваньня. У 1947 г. архіву перадалі дарэвалюцыйныя дакумэнты зь дзяржаўных архіваў Віцебскай і Гомельскай вобласьцяў. Зь пераводам у Менск (вул. Казлова, д. 26), паводле Пастановы Савету міністраў БССР ад 11 лістапада 1963 г., да архіва дадалі дарэвалюцыйныя дакумэнты зь Дзяржаўнага архіва Менскай вобласьці і старадаўнія акты з Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва ў Горадні. У 1992—1995 гадах знаходзіўся ў складзе Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. У 2000 г. атрымаў сучасны назоў і адрас.

Архіў зьмяшчае пэргамэнтныя прывілеі ХIV-ХVII стагодзьдзяў вялікіх князёў літоўскіх на землі і маёнткі, а местам — на магдэбурскае права, як і актавыя кнігі судоў ХV-ХVIII стагодзьдзяў. Разам налічвае каля 6 тыс. актавых кніг на старабеларускай, польскай і лацінскай мовах зь вялікакняскімі прывілеямі, граматамі, фундушовымі запісамі, тэстамэнтамі (завяшчаньнямі), інтрамісіямі, дэкрэтамі і інвэнтарамі. Таксама зьмяшчае мэтрычныя кнігі цэркваў, касьцёлаў і сынагогаў за XIX—XX стагодзьдзі[1].

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]