Ваўкавыскі павет

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Ваўкавыскі павет
Navahradak. Наваградак (1720).jpg
Агульныя зьвесткі
Краіна Вялікае Княства Літоўскае
Статус павет Вялікага Княства Літоўскага
Адміністрацыйны цэнтар Ваўкавыск
Дата ўтварэньня 1507
Старосты Старосты ваўкавыскія
Насельніцтва гл. Дэмаграфія
Плошча 4 тыс. км²
Час існаваньня кан. XIV ст. — 1795
Месцазнаходжаньне Ваўкавыскага павету
Ваўкавыскі павет на мапе
Commons-logo.svg   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Ваўкавы́скі паве́т — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Троцкага, пазьней Наваградзкага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага. Плошча каля 4 тыс. км². Сталіца — места Ваўкавыск.

Сымболіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мескія гербы атрымалі Ваўкавыск, Воўпа, Поразаў, Ялоўка.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Утварыўся ў канцы XIV ст. на аснове колішняга Ваўкавыскага княства, уваходзіў у склад Троцкага ваяводзтва. Практычна поўнасьцю захаваў тэрыторыю былога аднайменнага княства, якое скасавалі і пераўтварылі ў намесьніцтва (павет, воласьць) прынамсі не раней за 1413 у зьвязку зь пераўтварэньнем Троцкага княства Вялікага Княства Літоўскага ў Троцкае ваяводзтва. Да гэтага складала частку асабістае вотчыны вялікага князя Вітаўта — Троцкага княства, але ў адрозьненьне ад уласна Троцкага княства, як і іншыя панямонскія землі ў складзе гэтае вотчыны, мусіла мець ўласную цывільную адміністрацыю, што захавалася і па скасаваньні Ваўкавыскага княства.

У 1432 добраахвотна прыняў уладу аднаго з прэтэндэнтаў на тагачаснае вялікае княжаньне, Жыгімонта Кейстутавіча, па чым два разы на невялікі час побач зь іншым Панямоньнем пераходзіў пад кантроль Сьвідрыгайлы.

Прыкладнае ўяўленьне аб палітычнай рэпрэзэнтатыўнасьці і сацыяльна-эканамічнай сытуацыі павету надаюць зьвесткі попісу войска Вялікага Княства Літоўскага 1528 году, які засьведчыў у павеце каля 220 баяраў, якія выстаўлялі прыкладна 174 коней, што мае адпавядаць блізу 1392 сялянскім службам у прыватным уладаньні, пры гэтым, як вынікае з прапорцыі баяраў і выстаўленых коней, у павеце пераважала дробнамаянтковае баярства[1].

Павятовая пячатка

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) у павеце ўводзіліся пасады маршалка, падкаморскага, судзьдзі земскага з падсудкам і пісарам, паводле яе ж акрэсьліваліся канчатковыя і ўдакладненыя межы павету, сам павет перадаваўся з Троцкага ваяводзтва ў Наваградзкае. У 1572—1576 у Мсьцібаве праходзілі вальныя соймы, на апошнім зь якіх ліцьвіны абвясьцілі сваім вялікім князем Стэфана Баторыя.

У 1662 вялікалітоўскія канфэдэраты вынесьлі ў Воўпе сьмяротны вырак гетману Вінцэнту Корвін-Гасеўскаму. У 1666—1668 у Сьвіслачы, пры касьцёле, дзейнічала першая ў павеце школа.

У 1751 езуіты адкрылі місіянэрскую школу ў Лыскаве. У 1782 Адукацыйная камісія адкрыла школу ў Ваўкавыску[2]. У 1793 Ваўкавыскі павет увайшоў у склад Гарадзенскага ваяводзтва[3].

За часамі паўстаньня Т. Касьцюшкі (1794) на Ваўкавышчыне актыўна дзейнічала адна з г.зв. «парадкавых камісіяў» — паўстанцкая кіроўная ўстанова, створаная згодна з распараджэньнем Тадэвуша Касьцюшкі[4]. У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) тэрыторыя павету апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На поўначы межаваў з Гарадзенскім паветам Троцкага ваяводзтва, на ўсходзе — з Слонімскім паветам Наваградзкага ваяводзтва, на поўдні — зь Берасьцейскім паветам Берасьцейскага ваяводзтва. Мяжа з Слонімскім паветам ішла ракою Зальвянка[5]. Плошча павету складала каля 4 тыс. км² (польскія дасьледнікі трымаюцца лічбы ў 4,8 тыс. км²), зь іх каля 0,3 тыс. км² знаходзілася на тэрыторыі сучаснай Польшчы[6].

У склад Ваўкавыскага павету ўваходзіла тэрыторыя Ваўкавыскага гродавага, Воўпенскага, Жыліцкага і Ялоўскага старостваў (дзяржаўных воласьцяў) і прылеглыя прыватнаўласьніцкія маёнткі.

У канцы XVI ст. на Ваўкавышчыне налічвалася трынаццаць мястэчак: дзяржаўныя — Воўпа, Новы Двор, Мсьцібаў, і прыватныя — Рось, Крамяніца, Межырэч, Лыскаў, Поразаў, Лапеніца, Сьвіслач, Зэльва, Пескі, Ялоўка. Пазьней статус мястэчак атрымалі Гнезна, Ізабелін, Падароск, Рэпля і Шылавічы.

Магдэбурскае права мелі Ваўкавыск (1503), Воўпа (XVIII ст.), Мсьцібаў (1744), Новы Двор (12.08.1579), Поразаў (29.06.1518) і Ялоўка (1545)[3].

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сяр. XVII ст. налічваў больш за 10 тыс. дымоў і каля 65—70 тыс. жыхароў[7] Паводле сучасных падлікаў, да вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) колькасьць насельніцтва складала каля 71 тыс. чал., па вайне яно скарацілася да 50 тыс. чал.[8] (7,7 тыс. дымоў[7]).

На 1775 павет налічваў 9603 дымоў[5] і каля 75—90 тыс. жыхароў[7].

Ураднікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Старосты ваўкавыскія

Павятовы соймік праходзіў у Ваўкавыску, тамака ж месьціліся падкаморскі, земскі і гродзкі суды. Ваўкавыская шляхта абірала двух паслоў на Вальны сойм і двух дэпутатаў на Галоўны Трыбунал.

На Гарадзенскім сойме 12 студзеня 1793 дзеля павелічэньня колькасьці сэнатараў ад Вялікага Княства Літоўскага намінавалі кашталяна ваўкавыскага шляхам павышэньня да кашталянскай годнасьці мясцовага павятовага маршалка, якім на той момант быў Мікалай Булгарын. Ён атрымаў прывілей 26.10.1793, але ўжо ў канцы восені таго ж году новая адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа Рэчы Паспалітай скасавала ваўкавыскую кашталянію. У выніку, кашталян ваўкавыскі захаваў свой тытул, але ўжо ня меў сэнатарскіх паўнамоцтваў.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На тэрыторыі Ваўкавышчыны склалася даўняя традыцыя драўлянага дойлідзтва. У XVII ст. у тутэйшую мураваную архітэктуру прыйшла стылістыка барока, у XVIII ст. — клясыцызму.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 года / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі; склад. А. І. Груша. — Менск: Беларус. навука, 2003. — С. 80—148.
  2. ^ Быхаўцаў М. Кніга Валыняка «З мінулага Ваўкавыскага павета» // «Ваўкавышчына» № 4, 2007.
  3. ^ а б Шаланда А. Гербы гарадоў і мястэчак Ваўкавыскага павета ВКЛ у ХVI—XVIII стст. // «Ваўкавышчына» № 1 (6), 2008.
  4. ^ Юхо Я., Емяльянчык У. «Нарадзіўся я ліцьвінам…» — Менск: Навука і тэхніка, 1994.
  5. ^ а б Jelski A. Powiat wołkowyski // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 340.
  6. ^ Насевіч В. Ваўкавыскі павет // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 395.
  7. ^ а б в Насевіч В. Ваўкавыскі павет // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 396.
  8. ^ Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]