Жыве Беларусь!

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Жыве Беларусь! — патрыятычны заклік, скіраваны на абуджэньне нацыянальна-грамадзянскіх пачуцьцяў, кансалідацыю народу Беларусі ў абарону свабоды, незалежнасьці сваёй краіны, роднай мовы, усёй нацыянальнай культуры[1]. Разглядаецца як дзяржаўны дэвіз — адзін зь беларускіх дзяржаўных сымбаляў разам з гербам, сьцягам і гімнам[2].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беларускі нацыянальна-вызвольны рух[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бярэ вытокі ад паўстанцкага руху 1863—1864 гадоў, дзейнасьці яго кіраўніка Кастуся Каліноўскага, нелегальнага паролю віленскай рэвалюцыйнай арганізацыі: «Люблю Беларусь. — Так узаемна»[1]. Канчатковую ідэйна-мастацкую ляпідарную завершанасьць набыў у вершы Янкі Купалы «Гэта крык, што жыве Беларусь», напісаным у 1905—1907 гады:

«

 А вось як не любіць гэта поле, і бор,
І зялёны садок, і крыклівую гусь!..
А што часам тут страшна заенча віхор, —
Гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь![3]

»

У пачатку XX ст. вар’яваўся і замацоўваўся ў паэтычных і публіцыстычных творах многіх пісьменьнікаў-нашаніўцаў, ідэолягаў нацыянальнага руху[1]. Сярод іншага, назву «Жыве Беларусь!» атрымаў верш Хведара Чарнышэвіча, апублікаваны ў 1912 годзе.

У рэдакцыйнай нататцы Нашай Нівы (1911 год, № 9—10) зазначалася: «Расьце беларускі нацыянальны рух, будзяцца да новага, уласнага жыцьця забытыя ўсімі ўбогія беларускія вёскі; будзяцца і пачынаюць пазнаваць свае нацыянальнае імя нашы мястэчкі і месты. Будзіцца аграмадны крывіцкі абшар родных гоняў, лугоў і лясоў, і ў песьнях народных песьняроў грымне, што „Жыве Беларусь!“»

У мадыфікаваным, разгорнутым выглядзе — «Няхай жыве вольная Беларусь!» — прагучаў на Ўсебеларускім зьезьдзе 1917 году, атрымаў пашырэньне ў грамадзка-палітычным жыцьці Беларускай Народнай Рэспублікі, потым, у саветызаванай форме, у Беларускай ССР («Няхай жыве Савецкая Беларусь!» і інш.)[4][1].

У пачатковай форме — «Жыве Беларусь!» — упершыню загучаў як палітычны нацыянальны заклік у 1918 годзе (выступ у Кіеўскім унівэрсытэце Антона Баліцкага, якому гэта ставіў у віну Сямён Вальфсон[5]). У 1920-я гады ўжываўся на сходах беларускіх студэнтаў у Празе, пазьней — на грамадзкіх сходах у Парыжы, Вільні[6].

У Другую сусьветную вайну ўжываўся беларусамі незалежна ад палітычных поглядаў: як сябрамі Саюзу беларускай моладзі (прысутнічаў у статуце як частка вітаньня), так і савецкімі партызанамі. У Віцебскім абласным краязнаўчым музэі захоўваюцца ўлёткі з тэкстам «Партызанскага маршу»[7] (аўтар тэксту[a] — Пімен Панчанка[8]):

«

 «На прускага ката
За вёску і хату!» —
Кліч помсты народнай заве.
Ідуць у атаку лясныя салдаты,
Грукочуць гранаты,
Грымяць аўтаматы:
— Жыве Беларусь!
Жыве![9][10]

»

Па вайне стаў прыкметным, неад’емным элемэнтам палітычнага і духоўнага жыцьця Беларускай эміграцыі. Пад назвай «Жыве Беларусь» выходзілі часапісы, а пазьней так зваўся пэрыёдык Беларускага вызвольнага руху (1957—1962, Ангельшчына — ЗША), бюлетэнь БЦР (1976—1986, Нямеччына — ЗША). Спрыяла пашырэньню дэвізу «Жыве Беларусь!» у Заходняй Эўропе дзейнасьць тэатральнай беларускай трупы такой жа назвы. Гэтая трупа езьдзіла па Нямеччыне ў 1944—1948 гадох і сотні разоў выступала як для беларусаў, гэтак і для небеларусаў. Покліч «Жыве Беларусь!» стаў стандартным для беларускіх скаўтаў пры абавязковым характары афіцыйнага скаўцкага поклічу «Напагатове!». Арганізацыі моладзі, студэнцкія і грамадзкія суполкі выдалі дзясяткі жэтонаў, плякатаў, паштовак з надпісамі «Жыве Беларусь». Арганізацыя беларуска-амэрыканскай моладзі аздобіла летнія саколкі надпісам «Жыве Беларусь»[6].

У паваеннай Беларусі гэты ж самы дэвіз[7] працягваў ужываецца ў саветызаванай форме «Няхай жыве Савецкая Беларусь!», што засьведчыў плякат аўтарства Пятра Калініна[11]. Тым часам аднаўленьне і грамадзкую легітымнасьць пачатковага выразу «Жыве Беларусь!» абумовіла разьвіцьцё руху Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне», іншых грамадзкіх арганізацыяў[1].

Рэспубліка Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сотні тысячаў пратэстоўцаў гукаюць «Жыве Беларусь!» у час акцыі пратэсту ў Менску, 2020 г.

Па аднаўленьні незалежнасьці Беларусі ў 1990 годзе загучаў у афіцыйных выступаў, на ўрачыстых імпрэзах і зборах, у залі парлямэнту незалежнай Беларусі[12]. Тады ж зьявілася песьня «Жыве Беларусь!» (музыка — Васіль Раінчык, словы — Леанід Пранчак), якая прэтэндавала на статус дзяржаўнага гімну Беларусі[13].

Па ўсталяваньні аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі і аднаўленьні палітыкі русіфікацыі Беларусі (1995 год) практычна зьнік з афіцыйнага ўжытку, аднак працягваў шырока выкарыстоўвацца ў асяродзьдзі дэмакратычнай апазыцыі. Заклік «Жыве Беларусь! Жыве вечна!» пашыраў легендарны герой беларускага руху Мірон, які рэгулярна ўздымаў нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг у цяжкадаступных (высокіх і небясьпечных) месцах[14]. У 2012 годзе на 62-м Канскім кінафэстывалі адбылася прэм'ера фільму Жыве Беларусь, прысьвечанага палітычнаму рэжыму Лукашэнкі.

Разам з тым пад дэвізам «Жыве Беларусь!» у 1990—2020 гадох выходзіла «Народная газета»[15] — афіцыйнае друкаванае выданьне парлямэнту Беларусі (з 1996 году — створанага Лукашэнкам Нацыянальнага сходу). У 2002 годзе ўлады зацьвердзілі афіцыйны гімн з радком у прыпеве «Вечна жыві і квітней, Беларусь!», які маючы мадыфікаваную структуру цалкам адпавядае «Жыве Беларусь!» або «Няхай жыве Беларусь!»[7]. У 2007 годзе газэта Советская Белоруссия зазначыла, што выраз «Жыве Беларусь!» сэнсава адпавядае тагачасным афіцыйным лёзунгам «За Беларусь!» і «Квітней, Беларусь!»[4].

У 2020 годзе заклік «Жыве Беларусь!» стаў адным з сымбаляў пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў, гвалту і беззаконьня[2]. Тым часам у пратаколах і сьледчых пастановах рэжыму Лукашэнкі яго азначаюць як «антыдзяржаўны лёзунг»[16] і «цынічны надпіс, які абражае пачуцьці грамадзянаў»[7]. Гэтыя азначэньні цалкам зьняпраўджвае экспэртыза, праведзеная ў кастрычніку 2020 году супрацоўнікамі Цэнтру дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Паводле высноваў лігвістаў, шырокае ўжываньне выразу-фразэалягізму «Жыве Беларусь!» у розныя часы стала магчымым толькі дзякуючы яго зьместу — зычаньню росквіту сваёй зямлі, сваёй дзяржаве[7]. Гэты выраз адлюстроўвае сутнасьць унутранай і замежнай палітыкі Беларусі, скіраванай на забесьпячэньне росквіту краіны і росту дабрабыту яе грамадзянаў[7].

У 2021 годзе дацэнт канстытуцыйнага права Іван Пляхімовіч, аўтар двухтомнага «Каментарыя да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», выступіў з прапановай — замацаваць дэвіз «Жыве Беларусь!» у Канстутыцыі як дзяржаўны сымбаль. Гэта мае спрыяць разьвіцьцю і адзінству беларускай нацыі, умацаваньню яе духу, паказваць адметнасьць беларусаў[2].

Фразэалёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Належыць да ліку выклічных фразэалягізмаў. Ужываецца ў розных сытуацыях, у тым ліку як прывітальны вокліч пры сустрэчы зь сябрам, або як разьвітальны. Як вокліч патрыятычнага ўздыму ўжываецца ў час вулічных дэманстрацыяў і іншых акцыяў. Апроч таго, гэта адначасна дэвіз і лёзунг[12].

Вымаўляецца зь лягічным націскам на першым кампанэнце, часам з узьняцьцем рукі. Калі выраз выкарыстоўваецца ў якасьці прывітальнага восклічу, то суразмоўца адказвае паўторам толькі першага слова: «Жыве Беларусь! — Жыве!» (што асацыюецца з паролем паўстанцаў Кастуся Каліноўскага)[12]. Часам сустракаецца адказ «Жыве вечна!»[17].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Аснова тэксту — пераклад на беларускую мову верша Аляксея Суркова(ru)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д Каўка А. Жыве Беларусь! // ЭГБ. Т. 3. — Менск, 1996. С. 377.
  2. ^ а б в Дацэнт канстытуцыйнага права: Варта дадаць у Канстытуцыю яшчэ адзін дзяржаўны сімвал — дэвіз «Жыве Беларусь!», Наша Ніва, 13 студзеня 2021 г.
  3. ^ Гэта крык, што жыве Беларусь
  4. ^ а б Корбут В. Жыве Беларусь! // Советская Белоруссия. № 126 (22781), 11.07.2007 г.
  5. ^ Вальфсон С. «Навука» на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі. — Менск, 1931. С. 45
  6. ^ а б Кіпель В. Жыве Беларусь! // Наша Ніва. № 8 (270), 22 лютага 2002 г.
  7. ^ а б в г д е Ученые из НАН Беларуси объяснили, почему «Жыве Беларусь» и БЧБ — не «циничные и оскорбительные», TUT.BY, 11.11.2020 г.
  8. ^ Панчанка П. Выбраныя пераклады. // Збор твораў. У чатырох тамах. Том 1. Вершы i паэмы (1934 — 1945 гг.). Выбраныя пераклады. / Р. Барадулін. — Менск: Мастацкая літаратура, 1981. — Т. 1. — С. 332. — 366 с. — 17 000 ас.
  9. ^ Скобла М. Сяржук Доўгушаў: Песьня гучыць, і яе не спыніць, яна — як сьцяг, Радыё Свабода, 13 ліпеня 2016 г.
  10. ^ «Партызанскі марш» часоў Другой сусьветнай вайны з збораў Віцебскага абласнога краязнаўчага музэя
  11. ^ Мартинович Д. «Жыве Беларусь!» Как появился знаменитый лозунг и кто его использовал, TUT.BY, 11.11.2020 г.
  12. ^ а б в Лемешев И. «Жыве Беларусь!» // Секретные исследования. № 19, 2013 г.
  13. ^ Якая песня павінна быць гімнам Беларусі? (аўдыё), Беларускі партызан, 19.09.2011 г.
  14. ^ Мірон адзначае Дзень герба і бел-чырвона-белага сьцяга, Радыё Свабода, 19 верасьня 2012 г.
  15. ^ «Народная газета» змяніла дэвіз «Жыве Беларусь!» на іншы, Наша Ніва, 5 сьнежня 2020 г.
  16. ^ «Ён трымаў выбітыя амапаўцам зубы ў руках і прасіў дапамогі…». Радыё «Свабода» (24 сьнежня 2010). Праверана 28 сьнежня 2010 г.
  17. ^ «Кожныя 2-3 хвіліны мне крычалі «Жыве Беларусь!» — бягун са сьцягам на Менскім паўмаратоне, Радыё Свабода, 10 верасьня 2017 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]