Другая Ўстаўная грамата

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Устаўная грамата
«Да народаў Беларусі»
Нумар: 2
Прыняцьце: 9 сакавіка 1918 (103 гады таму)
Ухваленьне: Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду
Уступ у сілу: 9 сакавіка 1918
Поўны тэкст у Вікікрыніцах?

.

Другая Ўстаўная грамата да народаў Беларусі — юрыдычны акт, прыняты Выканаўчым камітэтам Рады Ўсебеларускага зьезду 9 сакавіка 1918 году ў Менску. Абвясьціла пра ўтварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі як дэмакратычнай парлямэнцкай і праўнай дзяржавы, вызначыла яе тэрыторыю ў межах расьсяленьня і колькаснай перавагі беларусаў. Увасобіла тагачасныя дасягненьні палітычнай і праўнай думкі[1].

Гістарычны кантэкст[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прынятая 21 лютага 1918 году Першая ўстаўная грамата абвясьціла Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду тымчасовай народнай уладай у Беларусі. Аднак 3 сакавіка 1918 году Савецкая Расея склала Берасьцейскі мір, згодна зь якім перадала большую частку тэрыторыі Беларусі Нямецкай імпэрыі. Пры гэтым нямецкія ўлады абавязаліся не прызнаваць дзяржаваў, абвешчаных на акупаванай тэрыторыі па падпісаньні дамовы.

У гэтых умовах беларускія дзеячы пайшлі на прыняцьце Другой Устаўной граматы.

Зьмест[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Другая Ўстаўная грамата

Тэкст Другой Устаўной граматы складаўся з васьмі пунктаў.

У межах расьсяленьня й колькаснай перавагі беларускага народу абвяшчалася Беларуская Народная Рэспубліка. Часова заканадаўчую ўладу ў краіне брала на сябе Рада Ўсебеларускага зьезду, дапоўненая прадстаўнікамі нацыянальных меншасьцяў Беларусі. Асноўныя законы Беларускай Народнай Рэспублікі пазьней мусіў зацьвердзіць Устаноўчы Сойм Беларусі‚ скліканы на асновах агульнага й роўнага выбарчага права.

Абвяшчаліся правы й вольнасьці грамадзянаў і народаў Беларускай Народнай Рэспублікі: вольнасьць слова‚ друку‚ сходаў‚ страйкаў‚ хаўрусаў; вольнасьць сумленьня‚ незачэпнасьць асобы й памяшканьня; права народаў на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію; роўнасьць усіх моваў народаў Беларусі. Скасоўвалася прыватная ўласнасьць на зямлю, абвяшчалася пра перадачу зямлі бяз выкупу тым‚ хто на ёй працуе; лясы‚ азёры й нетры зямлі абвяшчаліся дзяржаўнай уласнасьцю. Уводзілася найбольшая працягласьць працоўнага дню ў 8 гадзінаў.

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

18 сакавіка 1918 году на сходзе Рады Ўсебеларускага зьезду 1917 году прыхільнікі незалежнасьці дамагліся яе перайменаваньня ў Раду БНР, у склад якой 23 сакавіка 1918 году ўвайшла Віленская беларуская рада. 25 сакавіка 1918 году Рада БНР прыняла Трэцюю Ўстаўную грамату, у якой абвяшчалася незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Адзначаецца запозьненае прыняцьце Другой Устаўной граматы — ужо па ратыфікацыі Берасьцейскага міру. Нямецкая імпэрыя, выконваючы яго артыкулы, не магла прызнаць БНР. Апроч таго, нямецкія кіроўныя колы насьцярожвала нацыяналізацыя зямлі, азёраў і лясоў. Таксама адзначаецца незадаволенасьць сярод дзеячоў БНР адсутнасьцю дакладнага азначэньня тэрыторыі Беларускай дзяржавы, як і характара дачыненьняў Беларусі зь іншымі дзяржавамі, у тым ліку з Расеяй. Гэтыя пытаньні разьвязала Трэцяя Ўстаўная грамата[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Сідарэвіч А. Другая Устаўная грамата // ЭГБ. Т. 3. — Менск, 1996. С. 284.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]