Аляксандар Тарайкоўскі
Аляксандар Тарайкоўскі | |
Дата нараджэньня | 26 сакавіка 1986 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 10 жніўня 2020 (34 гады) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Занятак | прадпрымальнік, сьлесар, таксіст |
Узнагароды | Мэдаль Ордэну Пагоні |
Алякса́ндар Вале́р’евіч Тарайко́ўскі (26 сакавіка 1986 — 10 жніўня 2020, Менск) — удзельнік пратэстаў супраць фальсыфікацыяў на прэзыдэнцкіх выбарах. Першая афіцыйна прызнаная ахвяра. Ён быў застрэлены ва ўпор супрацоўнікамі спэцпадразьдзяленьня 10 жніўня 2020 году у Менску, у той час як урадавыя СМІ спрабавалі прадставіць інцыдэнт як тое, што адбылося з-за ягонай неасьцярожнасьці[1].
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аляксандар працаваў прадпрымальнікам, рабіў аўтамабільныя фіранкі, меў свой сайт hober.by.
10 жніўня Тарайкоўскі а 20:00 вярнуўся дахаты з дачкой з прагулкі. Ён быў вельмі абураны тым, што людзей затрымліваюць, страляюць. Даведаўся, што там зьбіраюцца людзі, і сказаў жонцы, што пойдзе ў сваю кватэру ў тым раёне. А 22:30 Аляксандар патэлефанаваў жонцы і сказаў, што ідзе дахаты. З гэтага моманту сям’я ня мела аніякіх зьвестак, шукалі яго ў шпіталях і базах затрыманых[2].
Судзімасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аляксандар быў асуджаны на 7 гадоў за нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, якія пацягнулі за сабой сьмерць. Жонка сьцьвярджае, што ён заступіўся за маці — яе зьбіў сужыцель. Тарайкоўскі адседзеў увесь тэрмін, і неўзабаве судзімасьць мусілі зь яго зьняць[2].
Сьмерць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Міністэрства ўнутраных справаў паведаміла пра сьмерць пратэстоўца, не назваўшы ягонага прозьвішча. Паводле МУС, каля 23 гадзінаў 10 жніўня на вуліцы Прытыцкага ў Менску чалавек загінуў ад выбуху. МУС сьцьвярджае, што гэта выбухнула самаробная прылада, якую той хацеў кінуць у сілавікоў[3]. Аднак прысутныя журналісты адзначаюць, што ў той час супрацоўнікі сілавых структураў стралялі ў бок дэманстрантаў шумавымі гранатамі[4].
Жонка сьцьвярджае, што пры апазнаньні цела не пабачыла ранаў, якія нагадвалі б выбух выбуховай прылады. Паводле афіцыйнага заключэньня, Аляксандар памёр ад страты крыві[2]. Праз некалькі дзён па забойстве Тарайкоўскага выйшла расьсьледаваньне «The Insider(ru)», у якім аўтары паводле відэаздымкаў зрабілі выснову, што забойства здзейсніў адзін з байцоў спэцыяльных падраздзяленьняў «Алмаз» альбо «Альфа(be)»[5]. Як заўважыў былы намесьнік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз» Ігар Макар, страляў у Аляксандара Тарайкоўскага супрацоўнік «Алмазу» з помпавага ружжа, якое прымяняецца толькі ад 50 мэтраў, пры тым што да ахвяры было значна бліжэй[6].
Пазьней журналісты знайшлі відэа, дзе бачна, што Тарайкоўскі стаіць адзін насупраць сілавікоў, а потым падае. Ніякіх выбухаў каля яго не відаць[2]. Незалежная каманда расьсьледаваньняў Conflict Intelligence Team прыйшла да высновы, што да сьмерці Тарайкоўскага могуць мець дачыненьне спэцпадразьдзяленьні беларускіх сілавікоў[7].
Мікалай Карпянкоў, начальнік ГУБАЗіК, у апублікаваным у студзені 2021 году восеньскім аўдыёзапісы падцвердзіць, што Тарайкоўскі быў забіты стрэламі яго падначаленых[8]. 2 лютага 2021 году TUT.BY атрымаў вынікі фанаскапічнае экспэртызы запісу, апублікаванага BYPOL, у якім гаворка ідзе ў тым ліку й пра забойства Аляксандара Тарайкоўскага; экспэртыза пацьвердзіла, што голас на запісу належыць Мікалаю Карпянкову, і не выявіла прыкметаў мантажу[9].
21 сьнежня 2020 году прадстаўнік грамадзкае ініцыятывы «Беларускі народны трыбунал» Ігар Макар апублікаваў матэрыялы папярэдняга расьсьледаваньня. У іх сьцьвярджаецца, што Аляксандар Тарайкоўскі быў забіты супрацоўнікам СПБТ «Алмаз» Каровіным Мікітам Юр’евічам 1993 г.н. пры саўдзеле іншых не ўстаноўленых супрацоўнікаў СПБТ «Алмаз»[10], а выстрал у вобласьць сэрца зроблены самазарадным ружжом Сайга-12К[11].
Пошукі нябожчыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Калі 13 жніўня жонка пасьля званка журналістаў зьвярнуліся ў Сьледчы камітэт, дзе ёй сказалі, што Аляксандар лічыцца неапазнаным. Хаця ўжо празь некалькі гадзінаў пасьля ягонай сьмерці 11 жніўня МУС і СК распаўсюдзілі інфармацыю пра ягоную судзімасьць, а значыць, яго ідэнтыфікавалі[2].
Пахаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]15 жніўня а 12-й гадзіне каля станцыі мэтро «Пушкінскай» прайшла хвіліна маўчаньня. На яе прышлі тысячы людзей.
У гэты ж час у рытуальнай залі на вуліцы Альшэўскага пачалося разьвітаньне зь нябожчыкам. Праз рытуальную залю прайшлі каля 800 чалавек, якія паклалі кветкі і вянкі. Калі труну з Тарайкоўскім выносілі з залі, людзі сталі на калені, пляскалі, паказвалі знак вікторыі і выгукалі «Слава герою!», «Жыве Беларусь!»[12].
Аляксандра Тарайкоўскага пахавалі на Заходніх могілках.
Рэакцыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]17 верасьня 2020 году Эўрапейскі парлямэнт у сваёй рэзалюцыі, ухваленай абсалютнай большасьцю дэпутатаў, заклікаў да правядзеньня «незалежнага і эфэктыўнага расьследаваньня» звязанай з пратэстамі сьмерці Аляксандара Тарайкоўскага[13].
19 лістапада 2020 году амбасадар ЗША ў Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе Джым Гілмар(uk) выступіў з заявай адносна трохмесячнага прыпыненьня расьследаваньня сьмерці Аляксандара Тарайкоўскага, назваўшы яго яшчэ адной прыкметай «беспакаранасьці, з якой беларускія сілы бясьпекі працягваюць жорсткае падаўленьне мірных дэманстрантаў»[14]. 26 лістапада 2020 году Эўрапейскі парлямэнт у сваёй рэзалюцыі, ухваленай абсалютнай большасьцю дэпутатаў, заклікаў да «хуткага, дбайнага, бесстароньняга й незалежнага расьследаваньня» забойстваў падчас пратэстаў у Беларусі, у тым ліку Аляксандара Тарайкоўскага[15].
24 лістапада 2022 года Тарайкоўскі быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Пагоні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.[16]
Сьледзтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]19 лютага 2021 году старшыня Сьледчага камітэту Беларусі Іван Наскевіч паведаміў, што Кіраўніцтва СК па горадзе Менску прыняло рашэньне «аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы па факце сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага». Наскевіч патлумачыў, што «супрацоўнікі праваахоўных органаў дзейнічалі выключна ў рамках наяўных у іх інструкцыяў і скарысталі ў дачыненьні да Тарайкоўскага несьмяротную зброю, дзеяньне якой накіравана не на паражэньне, а на яго фізычнае спыненьне». Зь яго словаў, стралялі з адлегласьці, якая прызнавалася за «бясьпечную», то-бок «выключае сьмяротны зыход», аднак «адно з раненьняў аказалася пранікальным, у выніку якога сьмерць Тарайкоўскага наступіла на месцы здарэньня»[17].
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сьпіс загінулых падчас акцыяў пратэсту ў Беларусі (2020)
- Аляксандар Віхор
- Генадзь Шутаў
- Раман Бандарэнка
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Заключэнне экспертаў і аналітыкаў ПЦ "Вясна" па крымінальнай справе Аляксандра Кардзюкова і Генадзя Шутава (бел.). Вясна (2021-05-06). — За два дні да здарэння ў г. Мінску супрацоўнікам спецпадраздзялення быў застрэлены ва ўпор Аляксандр Тарайкоўскі; яго гібель афіцыйныя СМІ спрабавалі прадставіць як тое, што адбылося па яго ўласнай неасцярожнасці.. Праверана 2021-05-08 г. Архіўная копія ад 2021-05-08 г.
- ^ а б в г д «Ён мусіў жыць». Аляксандра Тарайкоўскага, які загінуў на Пушкінскай падчас разгону, сям’я шукала двое сутак, Радыё Свабода, 15-08-2020
- ^ Мужчина погиб во время акций протеста в Минске, Intex-press, 11-08-2020
- ^ Вчера в Минске во время акций протеста погиб мужчина. Что об этом рассказывают очевидцы, Intex-press, 11-08-2020
- ^ Виктория Пономарева (14-8-2020) CIT: К убийству протестующего в Минске могут быть причастны бойцы «Альфа» или «Алмаз» (рас.). The Insider(ru). Праверана 28-1-2021 г.
- ^ Радыё Свабода
- ^ 15 жніўня ў Мінску развітваюцца з Аляксандрам Тарайкоўскім, Эўрарадыё, 15-08-2020
- ^ «Сказано сделать лагерь для отселения особо острокопытных». BYPOL опубликовал запись голоса, похожего на Карпенкова (рас.). TUT.BY (2021-01-15). Праверана 2021-01-15 г. Архіўная копія ад 2021-01-15 г.
- ^ Кто говорил про «лагерь для острокопытных» на слитой аудиозаписи? Мы получили результаты экспертизы (рас.). TUT.BY (2021-02-02). Праверана 2021-02-02 г. Архіўная копія ад 2021-02-02 г.
- ^ Справа Тарайковского. Справаздача па результа папярэдняга расследавання. (21.12.2020, Беларускі народны трыбунал)
- ^ Беларуский Народный Трибунал. Дело Тарайковского. Отчет по результам предварительного расследования (рас.). Беларускі народны трыбунал. Праверана 28-1-2021 г.
- ^ У Менску разьвіталіся з загінулым падчас пратэстаў Аляксандрам Тарайкоўскім, Радыё Свабода, 15-08-2020
- ^ Европарламент принял резолюцию по Беларуси и вмешательству России (рас.). Міжнароднае францускае радыё (2020-09-17). Праверана 2021-02-17 г. Архіўная копія ад 2020-10-28 г.
- ^ On Human Rights Violations in Belarus (анг.). Амбасада ЗША ў Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе(en) (2020-11-19). Праверана 2020-11-26 г. Архіўная копія ад 2020-11-26 г.
- ^ Санкции, международное расследование преступлений. Европарламент принял новую резолюцию по Беларуси (рас.). TUT.BY (2020-11-26). Праверана 2020-11-26 г. Архіўная копія ад 2020-11-26 г.
- ^ Рада БНР абвяшчае пра абнаўленьне Статуту Ордэна Пагоні і заснаваньне Мэдаля Ордэну Пагоні
- ^ Наскевіч распавёў падрабязнасьці праверкі па факце сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага // Газэта «Зьвязда», 19 лютага 2021 г. Праверана 19 лютага 2021 г.