Дзень Волі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Беларуская традыцыя
Назва сьвята Дзень Волі
Дзень Незалежнасьці
Час сьвяткаваньня 25 сакавіка
Абрадавае значэньне ушанаваньне абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі

Дзень Во́лі, Дзень Незале́жнасьці[1] — беларускае сьвята, гадавіна ўтварэньня першай нацыянальнай дзяржавы — Беларускай Народнай Рэспублікі (25 сакавіка 1918 году Рада БНР прыняла Трэцяю Ўстаўную грамату). У Рэспубліцы Беларусь сьвяткуецца на неафіцыйным узроўні, таксама адзначаецца беларускай дыяспарай.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзень Волі-2018 у Менску

Першая афіцыйная назва сьвята — Дзень абвяшчэньня (дзяржаўнай) Незалежнасьці Беларусі[1]. Упершыню назву надалі ў 1921 годзе ў «Дэклярацыі ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі з прычыны трэцяй гадавіны абвяшчэньня дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі», якая пачынаецца словамі: Дзень 25 сакавіка — нацыянальнае сьвята Беларусі <…> Тры гады таму … Беларуская Дзяржаўная Рада … абвесьціла наш край Дзяржавай вольнай і ад нікога незалежнай. <…> Моцна трымае Рэвалюцыйны Беларускі Урад у сваіх руках сьцяг незалежнасьці і непадзельнасьці роднага краю[a]. Гэтая назва таксама зазначаецца ў «Адозьве Рады БНР і Рады Міністраў БНР да беларускага й жыдоўскага народаў» ад 25 сакавіка: …вялікі гістарычны дзень 25 сакавіка 1918 году — Дзень апавешчаньня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі[b].

Назва Дзень Волі ўпершыню зьявілася ў спэцыяльным выпуску газэты «Свабода», які выйшаў у 1990 годзе. На думку беларускага мовазнаўца Вінцука Вячоркі, гэтая назва — вобразная мэтафара, тым часам назва Дзень Незалежнасьці больш адпавядае гістарычнай падзеі[1].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паштоўка БНР
Асноўны артыкул: Беларуская Народная Рэспубліка

25 сакавіка 1918 году ў Менску Рада БНР (былы выканаўчы камітэт Усебеларускага зьезду) прыняла Трэцюю ўстаўную грамату, згодна зь якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася вольнай і незалежнай дзяржавай. Рада БНР пастанавіла, што Берасьцейская мірная дамова, падпісаная бальшавікамі і немцамі, страціла моц, таму заклікала перагледзець яе ўмовы.

Дзяржаўнымі сымбалямі першай беларускай нацыянальнай дзяржавы сталі бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня[2], сталіцай  —  Менск, дзяржаўнай і абавязковай мовай — беларуская (з 12 красавіка 1918 году[2]). Ад 11 кастрычніка 1918 дзейнічала часовая канстытуцыя[3], праводзілася выдача пашпартоў[2].

Беларускую Народную Рэспубліку дэ-юрэ прызналі Летува, Латвія, Эстонія, Чэхаславаччына і Фінляндыя[2], дэ-факта — Нямеччына, Баўгарыя, Турэччына, УНР[4].

Сьвяткаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьвяткаваньне ўгодкаў утварэньня БНР у Віленскай беларускай гімназіі, 1935 г.

Упершыню ўгодкі абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі адзначылі ў 1919 годзе ў Горадні[5]. Пазьней сьвяточныя імпрэзы праводзіліся ў шэрагу беларускіх местаў і мястэчак (Горадня, Ашмяны, Смаргонь і інш.), якія апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. Галоўныя ўрачыстасьці звычайна адбываліся ў Вільні.

Па Другой сусьветнай вайне намаганьнямі беларускіх арганізацыяў сэнатары, губэрнатары і мэры шэрагу адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак ЗША неаднаразова абвяшчалі і праводзілі 25 сакавіка Беларускія дні ў адпаведных штатах і местах. Праца Сэнату і Кангрэсу ЗША неаднойчы пачыналася 25 сакавіка малітвай за Беларусь, чытанай беларускім сьвятаром[6].

З пачатку 1990-х гадоў у Менску і іншых местах Беларусі праводзяцца палітычныя акцыі, мітынгі, шэсьці, прысьвечаныя гэтай даце. Адпаведныя масавыя акцыі неаднаразова гвалтоўна перапыняліся міліцыяй, актывісты, што ўдзельнічалі ў іх, арыштоўваліся. У 2018 годзе ў Менску адбылося маштабнае сьвяткаваньне 100-годзьдзя БНР, цэнтрам якога стала Траецкая Гара перад Опэрным тэатрам, на якой прайшлі канцэрт і мітынг.

Сьвята Незалежнасьці ў мастацтве[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1920 году Янка Купала, які ў 1919 годзе быў намесьнікам старшыні Беларускага нацыянальнага камітэту (фактычна віцэ-прэм'ерам Беларусі[7]), напісаў верш «25.III.1918 — 25.III.1920. Гадаўшчына — памінкі»[8]:

«

Не сьвята сьветлае спраўляці
Сягоньня будзе наш народ.
А трызну па айчыне-маці
Ён справе ў гэты цяжкі год.

»

Дзень абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі апяваецца ў вершах «На 25 сакавіка» (1932 год)[9] і «На дзень 25.III.1933» (1933 год) Язэпа Германовіча[10], «Паслухай, што кажа курган» (1944 год), «25 сакавік» (1946 год) і «Былі героі» (1962 год) Алеся Змагара[11], «25-ты сакавік» (1950 год) Натальлі Арсеньневай[12].

У Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна ёсьць верш «25 Сакавіка» з наступнымі радкамі:

«

Мы — ратаі сьвятла,
Крывічы,
Верхачы неўміруючай Пагоні.
Маладзік сакалом на плячы,
Гартны меч у цьвярдое далоні.
Лучыць нашыя мары рака
Бел-чырвона-белага сьцяга.

Дваццаць пятага сакавіка —
Наша сьвята,
Пароль
І прысяга![13]

»

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Архівы БНР. Т. І. Кн. 2. С. 1059.
  2. ^ Архівы БНР. Т. І. Кн. 2. С. 1057—1058.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Вінцук Вячорка, Дзень Волі. Дзень Незалежнасьці. Як называць галоўнае сьвята, Радыё Свабода, 26 сакавіка 2017 г.
  2. ^ а б в г Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 315.
  3. ^ Сідарэвіч А. Беларуская Народная Рэспубліка // ЭГБ. Т. 1. — Менск, 1993. С. 386.
  4. ^ Сідарэвіч А. Беларуская Народная Рэспубліка // ЭГБ. Т. 1. — Менск, 1993. С. 388.
  5. ^ Чарнякевіч А., Вашкевіч А. 25 сакавіка: вытокі нацыянальнага сьвята // ARCHE Пачатак. № 3, 2008. С. 65.
  6. ^ Кіпель В. Беларусы ў ЗША / Пераклад С. Шупы. — Менск: Беларусь, 1993. С. 242—245.
  7. ^ Трефилов С. Янка Купала был де-факто вице-премьером Беларуси, а год спустя его за это арестовали // Камсамольская праўда, 23 лютага 2018 г.
  8. ^ Янка Купала. 25.III.1918–25.III.1920 Гадаўшчына-памінкі
  9. ^ Адважны, В. Выбраныя творы / Вінцук Адважны; уклад., прадм., камент. І. Багдановіч. — Менск: Кнігазбор, 2011. — 592 с. - с. 20.
  10. ^ Беларуская крыніца — 1933. — №13
  11. ^ Алесь Змагар. Да згоды. — Кліўлянд: Выдавецтва Літаратурнай Сустані «Баявая Ўскалось», 1962.
  12. ^ Наталля Арсеннева. 25-ты сакавік // Наша Ніва, 25 сакавіка 2017 г.
  13. ^ Рыгор Барадулін. 25 Сакавіка // Наша Ніва, 25 сакавіка 2017 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Дзень Волісховішча мультымэдыйных матэрыялаў