Перайсьці да зьместу

Натальля Гардзіенка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Натальля Гардзіенка

лац. Natalla Hardzijenka
Дата нараджэньня 6 ліпеня 1977(1977-07-06) (47 гадоў) або 1977[1]
Месца нараджэньня
Месца вучобы
Занятак гісторык, архівістка
Навуковая сфэра гісторыя[1] і архівазнаўства[d][1]
Месца працы
Вядомая як дасьледніца беларускай эміграцыі і дыяспары
Сябра ў Згуртаваньне беларусаў сьвету Бацькаўшчына, Міжнародная асацыяцыя беларусістаў і Саюз беларускіх пісьменьнікаў
Навуковая ступень кандыдатка гістарычных навук (2003)
Узнагароды
Мэдаль да стагодзьдзя БНР

Ната́льля Гардзіéнка (дзявочае прозьвішча Арлова; (нар. 6 ліпеня 1977, Менск)) — беларуская гістарыца, архівістка, рэдактарка і пісьменьніца[2]. Кандыдатка гістарычных навук (2003).

Вучылася ў школах Менску, Саны (Емэн), Ліды. Скончыла Ліцэй БДУ. У 1994 годзе паступіла на гістарычны факультэт БДУ, спэцыялізавалася на катэдры Гісторыі Беларусі Старажытнага часу і Сярэдніх вякоў, займалася беларускай гісторыяй XVIII стагодзьдзя.

Па сканчэньні ўнівэрсытэту, некалькі месяцаў працавала настаўніцай гісторыі ў менскай школе.

У 1999 годзе паступіла ў асьпірантуру БДУ, у 2003 годзе абараніла кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Становішча жанчыны-шляхцянкі ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVIII ст.»[3]

Працавала выкладніцай катэдры гуманітарных дысцыплінаў у Менскім абласным інстытуце разьвіцьця адукацыі, з 2004 году — дэканка факультэту, з 2010 году — прарэктарка па вучэбнай працы.

З 2011 году дацэнтка катэдры ў Інстытуце парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва.

Намесьніца дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіву-музэю літаратуры і мастацтва (2015—2023).

Ад імя Беларускага гістарычнага таварыства падпісала ліст з пратэстам супраць затрыманьня 25 кастрычніка 2020 году гісторыка Алеся Краўцэвіча, які прыйшоў на акцыю, патрабуючы адстаўкі Лукашэнкі, вызваленьня палітзьняволеных і расьследаваньня злачынстваў супраць мірных пратэстоўцаў[4].

З 2002 году займаецца гісторыяй беларускай эміграцыі. Аўтарка кнігаў «Беларусы ў Аўстраліі: Да гісторыі дыяспары» (Мінск, 2004), «Беларусы ў Вялікабрытаніі» (Менск, 2010), «Рада БНР: Падзеі. Дакументы. Асобы» (разам з Лявонам Юрэвічам, Менск, 2013) і каля 100 артыкулаў[5].

Сяброўка Саюзу беларускіх пісьменьнікаў[6]. Сябра ўправы Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», сябра Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

З 2004 году адказная рэдактарка альманаху «Запісы Беларускага інстытуту навукі і мастацтва». Удзельнічае ў рэдагаваньні выданьняў кнігаў сэрыяў «Беларуская мэмуарная бібліятэка», «Бібліятэка Бацькаўшчыны», «Галасы Айчыны».

Узнагароджаная мэдалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі[7].

• Беларусы ў Аўстраліі: Да гісторыі дыяспары, Менск, 2004

• Беларусы ў Вялікабрытаніі, Менск, 2010

• Рада БНР: Падзеі. Дакументы. Асобы (разам з Лявонам Юрэвічам), Менск, 2013

• Хронікі БІНіМу (разам з Лявонам Юрэвічам), Менск, Кнігазбор, 2017

• Кніга могілак. Беларускія пахаванні ў свеце, (разам з Лявонам Юрэвічам), Kamunikat.org, 2024[8].

  1. ^ а б в Hardzìjenka, Natallja Sjarhejeŭna // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  2. ^ Гардзіенка Наталля Сяргееўна, старонка Саюзу беларускіх пісьменьнікаў
  3. ^ ГАРДЗІЕНКА Наталля Сяргееўна // Сучасныя беларускія даследчыкі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага : біябібліяграфічны даведнік / С. П. Марозаў. — Гродна-Каўнас: ЮрСаПрынт, 2022. — 290 с.
  4. ^ Гісторыкі выступілі са зваротам з нагоды затрымання Алеся Краўцэвіча https://web.archive.org/web/20240115133652/https://nashaniva.com/?c=ar&i=261340, Наша Ніва, 26.10.2020, https://web.archive.org/web/20240115133652/https://nashaniva.com/?c=ar&i=261340
  5. ^ Гардзіенка Наталля Сяргееўна, старонка Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, https://lit-bel.org/friends/g/Gardzenka-Natallya-Syargeena-4546/
  6. ^ Гардзіенка Наталля Сяргееўна, старонка Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, https://lit-bel.org/friends/g/Gardzenka-Natallya-Syargeena-4546/
  7. ^ Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны, Радыё Свабода, 23 сакавіка 2019, https://www.svaboda.org/a/29838254.html
  8. ^ Пайшоў у друк альбом-даведнік «Кніга могілак. Беларускія пахаванні ў свеце», Камунікат.org — Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка, 2023-12-13, https://kamunikat.org/payshow-u-druk-albom-davednik-kniga-mogilak-belaruskiya-pakhavanni-w-svetse-prysvechany-vitawtu-kipelyu