Урад Беларускай Народнай Рэспублікі
Урад БНР | |
Сябры першага складу Народнага сакратарыяту. Зьлева направа: сядзяць — Бурбіс, Серада, Варонка, Захарка, стаяць — Смоліч, Крачэўскі, Езавітаў, Аўсянік, Заяц. | |
Наступнік | Сакратарыят Рады БНР |
---|---|
Дата ўтварэньня | 21 лютага 1918 (106 гадоў таму) |
Дата спыненьня існаваньня | 21 чэрвеня 1948 (76 гадоў таму) |
Тып | выканаўчая |
Юрыдычны статус | дзяржаўная ўстанова |
Месцазнаходжаньне | Менск (да 1919 г.), Коўна (да 1923 г.), Прага |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Беларусь |
Афіцыйныя мовы | беларуская |
Старшыня | Язэп Варонка (1-ы), Мікола Абрамчык (апошні) |
Асноўныя асобы | Вацлаў Ластоўскі, Аляксандар Цьвікевіч, Васіль Захарка |
Матчына кампанія | Рада Беларускай Народнай Рэспублікі |
Колішняя назва | Народны сакратарыят (да 11 кастрычніка 1918 г.), Рада народных міністраў, Дзяржаўная калегія (1922—1923) |
Урад БНР — найвышэйшы выканаўча-распарадчы орган Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР).
Першым Урадам БНР стаў Народны сакратарыят на чале зь Я. Варонкам. Народны сакратарыят быў утвораны 20 лютага 1918 і прыступіў да выкананьня абавязкаў 21 лютага. Ягоны склад налічваў 12 чалавек[1], у тым ліку: Я. Варонка, П. Бадунова, Г. Белкінд, Я. Бялевіч, К. Езавітаў, Л. Заяц, П. Злобін, А. Карач, П. Крачэўскі, І. Макрэеў, Я. Серада, А. Смоліч. 23 лютага ва Ўрад БНР былі ўведзеныя В. Рэдзька (народны сакратар шляхоў) і Т. Грыб (народны сакратар земляробства)[2]. Такім чынам, кабінэт налічваў 14 асобаў. Аднак у інфармацыйным лістку ад 9 траўня 1918, што распаўсюджваўся Ўрадам БНР, сьцьвярджаецца, што народных сакратароў было 15 (пятнаццатым быў М. Гутман). Аснову першага Ўраду БНР складалі сацыялісты.
Пачынаючы з 25 сакавіка Ўрад БНР перажываў пэрманэнтны крызіс. Першым Раду і Народны сакратарыят пакінуў земец Павал Злобін. Паводле стану на 19 красавіка 1918 з Народнага сакратарыяту выйшлі яшчэ тры народныя сакратары: фінансаў — Г. Белкінд, унутраных спраў — І. Макрэеў, шляхоў — В. Рэдзька[3].
12 красавіка ў склад Рады БНР была кааптаваная першая група прадстаўнікоў цэнтрысцкіх і правых колаў беларускага грамадзтва. Гэта было зьвязана з намерам дзеячоў БНР утварыць у блізкай перспэктыве кааліцыйны (правацэнтрысцкі) урад, да якога, паводле іх лёгікі, кайзэраўская Нямеччына, якая ў той час акупавала Беларусь, мела б большы давер і што, мажліва, прывяло б да прызнаньня незалежнасьці БНР.
Новыя страты Рада і Народны сакратарыят зазналі пасьля таго, як пад ціскам правацэнтрыстаў была накіравана тэлеграма кайзэру Вільгельму II. З Сакратарыяту выйшлі сіяніст-сацыяліст Л. Гутман, Я. Бялевіч (народны сакратар юстыцыі). На паседжаньні Рады 1 траўня аб выхадзе з Ураду заявілі Палута Бадунова (народны сакратар апекі) і Тамаш Грыб (народны сакратар земляробства)[4].
Першы кабінэт БНР існаваў да 14 траўня 1918[5], калі Рада БНР даручыла Р. Скірмунту ўтварэньне другога Ўраду. У той самы дзень быў створаны кааліцыйны Прэзыдыюм Рады БНР на чале з новым старшынём Рады — Я. Лёсікам.
З 14 траўня да 9 ліпеня 1918 першы Народны сакратарыят існаваў як пераходны Ўрад БНР да ўтварэньня новага кабінэту. Пасьля адставак дзевяці народных сакратароў першы склад Народнага Сакратарыяту сталі называць «Радаю пяцёх». У яе ў траўні 1918 уваходзілі: Старшыня Народнага сакратарыяту, народны сакратар міжнародных і ўнутраных справаў Я. Варонка, народны сакратар асьветы і нацыянальных справаў А. Смоліч, народны сакратар юстыцыі і кіраўнік справаў Народнага сакратарыяту Л. Заяц, народны сакратар фінансаў і харчаваньня П. Крачэўскі, народны сакратар народнай гаспадаркі і земляробства І. Серада. Да 9 ліпеня канфігурацыя «Рады пяцёх» зьмянілася: зь яе выйшаў А. Смоліч, а пасаду народнага сакратара асьветы заняў К. Езавітаў.
9 ліпеня 1918 быў зацьверджаны асабовы склад другога Ўраду БНР пад кіраўніцтвам Р. Скірмунта[5]. У склад новага кабінэту ўвайшлі: Р. Скірмунт — Старшыня Сакратарыяту і сакратар міжнародных справаў, К. Кандратовіч — сакратар унутраніх справаў, С. Хржантоўскі — сакратар фінансаў, Р. Астроўскі — сакратар асьветы і П. Аляксюк — загадчык справамі. Легітымнасьць новага Народнага сакратарыяту не прызнаваў, аднак, Я. Варонка і шэраг яго паплечнікаў. 20 ліпеня 1918 Р. Скірмунт пайшоў у адстаўку з пасады старшыні ўрада.
22 ліпеня 1918 быў сфармаваны трэці Ўрад БНР на чале зь Я. Серадой.
У лістападзе 1918 быў утвораны чацьвёрты Ўрад БНР — Рада народных міністраў — на чале з А. Луцкевічам. Рада народных міністраў БНР створана Радай Беларускай Народнай Рэспублікі ў адпаведнасьці з Часовай Канстытуцыяй БНР (прынята 11 кастрычніка 1918) замест Народнага сакратарыята Беларусі. Называлася таксама Радай Міністраў БНР. У склад 1-й Рады народных міністраў уваходзілі прадстаўнікі Беларускай партыі сацыялістаў-фэдэралістаў (БПС-Ф) і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП): А. Луцкевіч (старшыня і міністар замежных справаў), Я. Варонка (міністар унутр. справаў), В. Захарка (нам. старшыні да верасьня 1919, міністар фінансаў), Л. Заяц (дзяржаўны кантралёр), А. Ладноў (міністар ваенных справаў), А. Смоліч (міністар асьветы), А. Цьвікевіч (міністар юстыцыі). Пасьля таго як Я. Варонка ўзначаліў Міністэрства беларускіх справаў Летувіскай Рэспублікі, на яго месца быў прызначаны К. Цярэшчанка. 13.12.1919 Рада БНР раскалолася на Найвышэйшую Раду БНР і Народную Раду БНР. Найвышэйшая Рада пацьвердзіла паўнамоцтвы А. Луцкевіча. У склад кабінэта ўваходзілі сацыял-дэмакраты А. Смоліч і К. Цярэшчанка. У сувязі зь перашкодамі, якія чынілі дзейнасьці ўрада польскія акупацыйныя ўлады, 28 лютага 1920 Луцкевіч пакінуў пасаду старшыні Рады народных міністраў і выехаў у Вільню. Больш свой урад Найвышэйшая Рада не фармавала.
13 сьнежня 1919 ў выніку расколу ў Радзе БНР, учыненага эсэрамі і эсэфамі, створаны пяты (паралельны) Урад БНР на чале з В. Ластоўскім. Пасьля адстаўкі А. Луцкевіча кабінэт Ластоўскага застаўся адзіным Урадам БНР. У склад гэтага кабінэта ўваходзілі прадстаўнікі БПС-Р і БПС-Ф: В. Ластоўскі (старшыня), Я. Бялевіч (міністар фінансаў), Т. Грыб (міністар унутраных спраў), К. Дуж-Душэўскі (дзярж. сакратар), А. Ладноў (міністар замежных спраў), Л. Заяц (дзярж. кантралёр), А. Цьвікевіч (нам. старшыні, міністар юстыцыі). Праз 3 дні пасьля стварэньня ўрада яго старшыня В. Ластоўскі быў арыштаваны польскімі ўладамі на 2 месяцы. Пасьля вызваленьня з турмы Ластоўскі, сябры ягонага кабінэта, а таксама Прэзыдыюму Народнай Рады П. Бадунова і Я. Мамонька, выехалі ў Рыгу. Туды ж пераехалі старшыня Народнай Рады БНР П. Крачэўскі і яго намесьнік В. Захарка, якія вымушаны былі ў студзені 1920 пакінуць Беларусь і жыць у Нямеччыне. У верасьні 1920 міністрам фінансаў замест Бялевіча стаў А. Вальковіч. Пазьней міністрам замежных справаў замест Ладнова прызначаны Цьвікевіч. У сувязі з заключэньнем паміж Латвіяй і РСФСР мірнага дагавора латвійскі ўрад ня мог даваць прытулак ураду БНР. У лістападзе 1920 Рада народных міністраў БНР пераехала ў сталіцу Летувы Коўна. На Першай Усебеларускай канфэрэнцыі (Прага, 1921) Рада народных міністраў была прызнана адзіным законным органам выканаўчай улады ў Беларусі. 20 траўня 1922 пачаўся ўрадавы крызіс у сувязі з тым, што на Генуэскай канфэрэнцыі 1922 па эканамічных і фінансавых пытаньнях В. Ластоўскі і А. Цьвікевіч прызналі права Летувіскай Рэспублікі на Вільню і Віленскі край.
Пасьля працяглага крызісу 11 кастрычніка 1922 замест Рады міністраў была ўтворана Дзяржаўная калегія на чале з П. Крачэўскім (шосты Ўрад БНР). 20 красавіка 1923 В. Ластоўскі і К. Дуж-Душэўскі выйшлі з гэтага органа, і меў месца ўрадавы крызіс. 23 жніўня 1923 сфармаваны сёмы ўрад БНР. У новую Раду народных міністраў БНР увайшлі А. Цьвікевіч (старшыня, міністар замежных справаў), Я. Варонка (міністар асьветы, неўзабаве выехаў у ЗША), В. Захарка (в.а. міністра фінансаў), Л. Заяц (дзяржаўны кантралёр) і У. Пракулевіч (дзяржаўны пісар). Аднак гэты кабінэт ня лічыцца паўнамоцным, паколькі ў пратаколе аб’яднанага сходу Прэзыдыюма Рады БНР і ўрада адсутнічаюць подпісы членаў Прэзыдыюма П. Бадуновай, Я. Мамонькі і Н. Козіча. Рада народных міністраў была сфармавана не пастановай Прэзыдыюма Рады БНР, яе склад прыняты «да ведама». У сувязі з пагаршэньнем адносін паміж беларускай палітычнай эміграцыяй і ўрадам Летувы 11 лістапада 1923 Прэзыдыюм Рады БНР і ўрад пераехалі ў Прагу.
Паражэньне партызанскага руху ў Заходняй Беларусі, які падтрымлівалі ўрады В. Ластоўскага і А. Цьвікевіча, з аднаго боку, пэўныя посьпехі новай эканамічнай палітыкі, беларусізацыі і ўзбуйненьне БССР, зь іншага, нарадзілі ў асяродзьдзі беларускай палітычнай эміграцыі прасавецкія настроі. Цьвікевіч выношваў ідэю стварэньня альтэрнатыўнага Радзе БНР цэнтру эміграцыі. Пра яго пляны стала вядома ў Менску. Кіраўніцтва КП(б)Б, якое мела на мэце раздрабніць паліт. эміграцыю, уступіла ў кантакт з «групай Цьвікевіча» і схіліла яго да роспуску ўрада БНР. Дзеля гэтага была заплянавана Другая Ўсебеларуская канфэрэнцыя ў Бэрліне. Перад канфэрэнцыяй Рада народных міністраў абвясьціла ўрад БНР «зліквідаваным і спыніўшым сваю дзейнасць». Такім чынам, сёмы Ўрад БНР 15 кастрычніка 1925 самараспусьціўся, а Цьвікевіч і яго аднадумцы прызналі Менск цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня Беларусі. Аднак П. Крачэўскі і В. Захарка не прызналі правамоцнымі гэтыя акты. Пасьля канфэрэнцыі ў Бэрліне старшынём Рады народных міністраў БНР стаў Захарка. У 1928-43 ён спалучаў гэту пасаду з выкананьнем абавязкаў старшыні Рады БНР. 3 сакавіка 1943 да сакавіка 1946 старшынём Рады БНР і Рада народных міністраў быў М. Абрамчык.
21 чэрвеня 1948 г. на Сэсіі Рады БНР у Ватэнштэце абраны Ўрад БНР у наступным складзе[6]:
- Вітаўт Тумаш - Прэм'ер-міністар і Міністараховы здароўя
- Аўген Калубовіч (Каханоўскі) - Першы Віцэпрэм'ер і Міністар замежных справаў
- Мікола Гарошка - Другі Віцэпрэм'ер і Міністар гароднае гаспадаркі
- Станіслаў Грынкевіч - Міністар унутраных справаў
- Францішак Кушаль - Міністар вайсковых справаў
- Аляксандар Орса - Міністар культуры і веравызнаньняў
- Антон Адамовіч - Міністар прэсы і інфармацыі
- Лявон Галяк - Міністар юстыцыі
- Лявон Рыдлеўскі - Міністар працы і сацыяльнага забесьпячэньня
- Гіпаліт Паланевіч - Дзяржаўны сакратар
У пачатку жніўня 1948 г. прыйшло паведамленьне аб адмове В. Тумаша ад пасады, і 15 жніўня яе заняў Аўген Калубовіч.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1., у 2-х кн. / Уклад. С. Шупа. — Вільня; Нью-Ёрк; Менск; Прага. 1998.
- Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917—1920 гг.) / У.Ф. Ладысеў, П.І. Брыгадзін. — Мінск : БДУ, 1999. — 128 с.
- Сідарэвіч, А. Урады БНР і кабінэт Рамана Скірмунта / А. Сідарэвіч // ARCHE Пачатак. — 2008. — №4.
- Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці / Нав. рэд. С. Рудовіч; пер. з польск. А. Пілецкі. — Смаленск : Інбелкульт, 2015. — 496 с.
- Цвикевич, А. Беларусь: политический очерк (перевод с белорусского) / А. Цвикевич. — Берлин : Издание Чрезвычайной дипломатической миссии БНР, 1919. — 33 с.