Станіслаў Булак-Балаховіч
Станіслаў Булак-Балаховіч лац. Stanisłaŭ Bułak-Bałachovič | |||||||||||||
10 (22) лютага 1883 або 1883[2] — 10 траўня 1940[1] або 1940[2] | |||||||||||||
Балаховіч у польскай форме | |||||||||||||
Мянушка | Бацька | ||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Месца нараджэньня | маёнтак Мэйшты(lt), Відзаўская воласьць, Новааляксандраўскі павет, Ковенская губэрня, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя | ||||||||||||
Месца сьмерці | Варшава, Генэрал-губэрнатарства для акупаваных польскіх земляў, Трэці Райх | ||||||||||||
Прыналежнасьць | Расейская імпэрыя (1914—1917) Расейская рэспубліка (1917) РСФСР (1918) Белы рух (1918—1919) БНР (1919—1921) Польшча (1921—1940) | ||||||||||||
Гады службы | 1914—1940 | ||||||||||||
Званьне | Генэрал-лейтэнант | ||||||||||||
Бітвы/войны | Першая сусьветная вайна, Вайна за незалежнасьць Эстоніі, польска-савецкая вайна (Варшаўская бітва (1920)), Другая сусьветная вайна (Абарона Варшавы (1939)) | ||||||||||||
Узнагароды | | ||||||||||||
Сувязі | брат Язэпа Булак-Балаховіча | ||||||||||||
Станісла́ў Була́к-Балахо́віч (па-расейску: Станислав Булак-Балахович, па-польску: Stanisław Bułak-Bałachowicz; 22 лютага [ст. ст. 10 лютага] 1883, в. Мэйшты, цяпер Ігналінскі раён, Летува — 10 траўня 1940, Варшава, цяпер Польшча) — беларускі, польскі й расейскі вайсковы дзеяч. Афіцэр кавалерыі Расейскай імпэратарскай арміі, генэрал-маёр Белай арміі, генэрал Асобнага атраду БНР, камандзір дабраахвотніцкіх атрадаў польскай арміі ў 1920 годзе, удзельнік грамадзянскай вайны ў Гішпаніі на баку генэрала Франка. Таксама вядомы як Бацька Булак-Балаховіч.
Брат Язэпа Булак-Балаховіча.
Раньнія гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзяцінства. Паходжаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 22 лютага (па старым стылі — 10 лютага) 1883 году ў Мэйштах Новааляксандраўскага павету, Ковенскай губэрні Расейскай імпэрыі ў сялянскай каталіцкай сям’і[3]. Бацька — Нікадзім Міхал, беларус, быў кухарам Мэйштовічаў з Мэйштаў. Маці — Юзэфа з дому Шафранаў, полька, была пакаёўкай Малгажаты Мэйштовічавай (з дому Корвін-Мілеўскай) і дачкой кухара Корвін-Мілеўскіх[4]. Пасьля жаніцьбы, разам з братам Людвікам, пры дапамозе ўзятай у Мэйштовічаў пазыкі, Нікадзім купіў маёнтак Юдуцыны пад Шаркоўшчынай, а ў 1887 годзе прадаў гэты маёнтак графу Лапацінскаму, падзяліўшы з братам інвэнтар. Пасьля продажу маёнтку бацька ўзяў у доўгатэрміновую арэнду ад Мэйштовічаў маёнтак Стакапіёва Браслаўскага павету[5].
Нікадзім і Юзэфа Балаховічы мелі 9 дзяцей: трох сыноў і шэсьць дачок. Найстарэйшай была дачка Марыя, наступны — Станіслаў[6]. Ягоныя браты былі намнога малодшыя за яго: Язэп нарадзіўся ў 1894, Мечыслаў — у 1899. Малодшых сясьцёр звалі: Паўліна, Людміла, Вераніка, Ганна й Стэфанія[6]. Бацька Балаховіча быў сьвядомым беларусам. Маці варожа ставілася да беларускага пытаньня. Дома Балаховічы гаварылі па-беларуску. Станіслаў ведаў таксама расейскую, польскую (даволі дрэнна), летувіскую й нямецкую мовы[3][7].
Паводле мужчынскай і жаночай лініі сваякамі Балаховічаў зьяўляліся сем’і Карловічаў, Лапінскіх, Ясінскіх, Лаўрыновічаў, Рабэльчышаў, Эйсмантаў, Рудзінскіх і Балаховічаў. Усе яны жылі на Браслаўшчыне й Сьвянцяншчыне[6].
Сваё імя Станіслаў, першы сын Балаховічаў, атрымаў па хросным бацьку Станіславе Незабытоўскім. Хроснаю маці была Марыя Мэйштовічыха[6].
«Булак» — уласнабеларускае слова, якое азначае «воблака». Праўдападобна, гэта мянушка аднаго з шматлікіх адгалінаваньняў Балаховічаў[8].
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Хатнім настаўнікам, які даў першую навуку, быў стрыечны брат Юліюш Ясінскі. Пачатковую адукацыю атрымаў у павятовай школе ў Новааляксандраўску Ковенскага павету[5]. Пасьля вучыўся ў чатырохгадовай прыватнай польскай гімназіі Сьв. Станіслава ў Пецярбургу, пад апекай кс. Ксавэрыя Ясінскага, ягонага дзядзькі па маці, у якога й жыў[9].
Пажаданьнем сям’і было, каб Станіслаў паступіў у духоўную сэмінарыю. Паколькі яму было тады толькі 16 гадоў, то ён адбыў дзеля гэтага гадавую практыку ў маёнтку Міхала Мэйштовіча,пасьля чаго адмовіўся ад духоўнай кар’еры й прайшоў 4-гадовыя практычна-агранамічныя курсы ў маёнтку Броэль—Плятэраў у Бяльмонтах[9].
Праца
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З 1902 году пачаў самастойна зарабляць на сябе. У 1903 годзе працаваў як бугальтар пры пабудове чыгункі на Наваградчыне. Зіму правёў на Каўказе ў свайго швагра, загадчыка чыгуначных складоў. З сакавіка 1904 году да пачатку Першай сусьветнай вайны займаў пасаду ўпаўнаважанага адміністратара маёнтку Гарадзец-Лужкі на Дзісеншчыне, які належаў графам Зыберк-Плятэрам. У маёнтку й мястэчку Балаховіч арганізаваў добраахвотную пажарную каманду, якую ўзначальваў да вайны[6].
Вайсковая служба
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пачатак Першай сусьветнай вайны. Імпэратарская армія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З пачаткам Першай сусьветнай вайны, 20 жніўня 1914 году з групай дабраахвотнікаў зь Дзісеншчыны й братам Язэпам на ўласных конях, экіпіраваны й узброены, адправіўся дабраахвотнікам на фронт[10]. Паводле ягоных словаў, зрабіў гэта пасьля адозвы вялікага князя Мікалая Мікалаевіча да палякаў ад 1 жніўня[10], у якой той заявіў «Хай сатруцца граніцы, якія разадралі на часткі рускі народ. Ды ўзьяднаецца ён разам пад скіпэтрам рускага цара. Пад скіпэтрам гэтым адродзіцца Польшча, вольная ў сваёй веры, мове й самакіраваньні»[11]. Быў накіраваны на перападрыхтоўку ў 53 батальён у Полацку.
20 жніўня 1914 году прыбыў і залічаны ў сьпісы 2-га Лейб-уланскага Курляндзкага палка (на 1910 полк быў разьмешчаны ў горадзе Кальварыя). Службу адбываў у 5-м эскадроне, 3-м зьвязе[10]. Паказаў сябе на службе добра, атрымаў мэдаль сьв. Георгія 4-й, 3-й і 2-й ступені, два срэбныя й адзін залаты. Быў паранены ў баі пад Ваўрам[10]. 9 чэрвеня 1915 году быў паранены ў плячо падчас бою ля вёскі Сярдыкі пад Коўнам[12]. Быў акружаны выведвальным атрадам немцаў, аднак прарваўся й своечасова папярэдзіў рэзэрву пра напад, які рыхтаваўся. Паранены, браў удзел у адбіцьці начной атакі і быў за мужнасьць прадстаўлены да афіцэрскага чыну.
9 ліпеня 1915 году атрымаў першы афіцэрскі чын за мужнасьць, са старшынствам з 9 чэрвеня[12]. За захоп нямецкага абозу 17 ліпеня атрымаў першую афіцэрскую ўзнагароду, стужку сьв. Ганны за адвагу і падвышэньне да камандзіра 3-га зьвязу 5-га эскадрону. 30 жніўня падчас контратакі на вёску Лепалаты ў Ковенскай губэрні быў кантужаны цяжкім снарадам і лекаваўся ў Кейданах[12].
2-ая кавалерыйская дывізія была перакінутая на Дынабурскі фронт. Балаховіч вызначыўся падчас адступленьня, камандуючы ўзводам каля Фрыдрыхштату й Якабштату, яму атрымалася 2 тыдні абараняць гэтую пазыцыю[12].
У лістападзе 1915 году быў камандзіраваны ў партызанскі атрад адмысловай важнасьці пры штабе Паўночнага фронту ў якасьці камандзіра эскадрону. Пад камандаваньнем Леаніда Пуніна гэты атрад дзейнічаў супраць немцаў у раёне Рыгі[13]. За сталыя дзёрзкія вылазкі ў тыл немцаў пунінскія партызаны былі празваныя «рыцарамі сьмерці»[13]. 23 студзеня 1916 году падчас бітвы пад Тукумам быў паранены карабіннай куляй у левае плячо[14]. Быў эвакуяваны ў Петраград у Ангельскі шпіталь, у красавіку вярнуўся на фронт і атрымаў Крыж сьв. Станіслава II ступені й прызначэньне камандзірам эскадрону[14]. Пазьней быў прызначаны камандзірам 2-га эскадрону Пуніна й прадстаўлены на атрыманьне чыну паручніка. У жніўні 1916 году быў адкамандзіраваны з 2-м эскадронам са 120 людзьмі ў 6-ы сыбірскі корпус у распараджэньне начальніка штабу генэрала Ярашэвіча. Тут дабіўся посьпеху й атрымаў намінацыю на памочніка камандзіра атраду Пуніна й прадстаўлены да чыну ротмістра, а таксама атрымаў падзяку корпусу й XII арміі ў загадзе. 25 сьнежня 1917 падчас наступленьня быў цяжка паранены куляй у сківіцу й галаву. Паранены давёў атаку да канца[15].
У чэрвені 1917 году быў абраны салдацкім камітэтам камандзірам эскадрону і ў сувязі з гэтым пераведзены ў паручнікі ваенным камісарам Часовага ўраду. Пасьля знаходзіўся на лячэньні ў Петраградзе[16]. На момант кастрычніцкага перавароту знаходзіўся ў Лузе (Санкт-Пецярбурская губэрня), дзе меў атрад і кантраляваў ваколіцы[16].
Служба ў Чырвонай арміі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Бальшавікі, ня маючы рэальных сілаў у раёне дысьлякацыі атраду Балаховіча, вырашылі легалізаваць яго[16]. У лютым 1918 прызначаны камандзірам I Лускага партызанскага кавалерыйскага палка IV Петраградзкай дывізіі Чырвонай Арміі, які пазьней быў перайменаваны ў 3-і Петраградзкі кавалерыйскі полк[16][17]. Загадам Льва Троцкага частка не падлягала кантролю ваеннага камісара. Балаховіч выкарыстаў гэта, не дапускаючы набору камуністамі й запаўняючы шэрагі беларусамі, палякамі ды расейцамі[17].
У ліпені 1918 году партызанскі атрад займаўся задушэньнем сялянскіх антыбальшавіцкіх паўстаньняў у Лускім павеце і ў Стругах Белых, якія былі выкліканыя дзеяньнямі прадатрадаў[13][16]. Пазьней старшыня Пскоўскага губвыканкаму дакладваў пра задушэньні на зьезьдзе наступнае: «Атрад вёў відавочна правакацыйную працу ў вёсцы. На ягоныя зьверскія "рэквізыцыі" й наогул ягоную манеру ад сялянаў увесь час даводзілася чуць скаргі. Калі з прычыны гэтага паднімалася сялянскае паўстаньне, Балаховіч ехаў і ўціхамірваў яго са страшнай жорсткасьцю…»[16].
На 25 кастрычніка 1918 году колькасьць палка складала 1121 чалавек (38 — камандны склад, 883 — у страі і 200 па-за строем)[13].
З узмацненьнем белага руху й адначасовым ростам рэпрэсіяў з боку органаў ЧК Булак-Балаховіч прыйшоў да высновы пра неабходнасьць перайсьці на бок белых[16]. У сярэдзіне кастрычніка 1918-га ў Пскове, які заставаўся ў руках немцаў, зьявіліся два афіцэры-балахоўцы, якія ўсталявалі кантакт з штабам белага Добраахвотніцкага корпусу, які фармаваўся ў гэтым горадзе[17]. 17 кастрычніка было распрацаванае пагадненьне паміж Балаховічам і начальнікам выведкі Пскоўскага корпусу. Згодна зь ім, Балаховіч меўся перайсьці на бок белых у пачатку лістапада. Але ягоны I эскадрон пад камандаваньнем падэсаула Пярмікіна перайшоў да белых ужо 26 кастрычніка, праз што Балаховіч апынуўся ў складанай сытуацыі[17]. Намесьнік камісара Паўночнай камуны Багацін выклікаў Балаховіча да сябе, пагражаючы ў выпадку няяўкі Рэвалюцыйным трыбуналам[17].
У Петраград паехаў пераапрануты ў Балаховіча ягоны ардынарац, татарын Куба Хасяневіч, які перад канцом падарожжа пераапрануўся й зьбег[17]. Балаховіч у гэты час пераканаў вайсковага камісара Гдоўска-Тарошынскага раёну Яна Фабрыцыюса ў сваёй адданасьці савецкай уладзе й паабяцаў адпомсьціць Пярмікіну[17]. Пасьля гэтага сфабрыкаваў загад ваеннага Рэўкаму, паводле якога яму прадпісвалася наступаць на Пскоў, ды пачаў зьбіраць свае падразьдзяленьні ў раёне станцыі Белыя Стругі. Тут як «атаман сялянскіх партызанскіх атрадаў» ён выдаў адозву да сялянства з заклікам змагацца з бальшавікамі ды пачаў прасоўвацца ў бок Тарошына[18].
У Пскоў Булак-Балаховіч са сваімі паплечнікамі (каля 800 шабель) прыбыў 2 лістапада 1918 году. Атраду была абвешчаная амністыя, афіцэрам былі захаваныя іх ранейшыя чыны, а Булак-Балаховічу — нададзенае званьне ротмістра[13].
У Белай арміі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сярэдзіне лістапада Булак Балаховіч і ягоныя афіцэры дабіліся адхіленьня генэрал-маёра Аляксея Вандама ад камандаваньня й паспрабавалі правесьці на пасаду самога Балаховіча, аднак камандаваньне корпусам прыняў Г. Нэф[13].
25 сьнежня 1918 году часткі Паўночнай арміі падпарадкаваліся ўладзе незалежнай Эстоніі. Армія была пераўтвораная ў Паўночна-Заходні корпус, які быў падзелены на дзьве групы ў апэратыўных адносінах. Адна група дзейнічала ў раёне Нарвы, другая — на пскоўскім напрамку[19].
У студзені 1919 году за пасьпяховае адступленьне ад Пскову быў прызначаны падпалкоўнікам[13]. У лютым атрад увайшоў у склад Паўночнага корпусу генэрала Радзянкі[18].
У канцы лютага Булак-Балаховіч прапанаваў камандаваньню зрабіць набег на бальшавікоў. Балаховіч павінен быў з востраву Парысара зайсьці ў тыл, выставіўшы заслону для прыкрыцьця левага флянгу атраду палкоўніка Вятрэнкі[13]. Наступленьне павінна было пачацца а 4-й гадзіне раніцы, але а 1-й гадзіне ночы Балаховіч папрасіў адкласьці набег да наступнага дня. Гэтую просьбу ён матываваў зьяўленьнем трэшчынаў на лёдзе Чудзкага возера, па якім меўся ісьці партызанскі атрад. Адмяніць прыказ Радзянка ўжо ня мог, бо іншыя часткі выступілі ўжо ўвечары мінулага дня й сувязі зь імі не было. У выніку атрад Вятрэнкі атрымаў неапраўданыя страты[13]. Пасьля гэтага няўдалага набегу, з мэтай пераўтварэньня партызанскага атраду ў страявую частку, камандаваньне скасавала штаб атраду Булак-Балаховіча як залішні, а сам конны атрад быў пераназваны ў Конны полк Булак-Балаховіча[13].
Вясной полк дзейнічаў на беразе Чудзкага возера ў раёне вёскі Мэхікарм і вострава Пірысар, адкуль рабіў пірацкія напады ў тыл частак Чырвонай Арміі, у тым ліку на Талабскія астравы[18]. 5 красавіка Балаховіч заняў Гдоў, дзе яму ўдалося захапіць казначэйства, кулямёты й вялікую колькасьць рыштунку[13][18].
Да Вялікдня 1919 году Булак-Балаховіч атрымаў званьне палкоўніка і, паводле хадайніцтва генэрала А.Радзянкі, прызначаны інспэктарам кавалерыі корпусу. Паводле словаў Радзянкі, зрабіў ён гэта з мэтай «адцягнуць яго ад партызанаў ягонага атраду й гэтым спыніць у корпусе імкненьне да партызаншчыны»[13]. У гэты час ён знаходзіўся ў Нарве[18]. Камандаваньне палком атрымаў Язэп Балаховіч[18].
Не пазьней за красавік 1919 палкоўнік летувіскай арміі Мікас Гядгаўдас прапанаваў Станіславу Булак-Балаховічу перайсьці са сваім атрадам у склад летувіскай арміі, на што той пагадзіўся. У лісьце прадстаўніку Летувы Балаховіч выказаўся, што ён «здаўна выношваў мару прыбыць на чале добра ўзброенага атраду для абароны межаў на сваю Радзіму»[20]. Ён сказаў, што гатовы стварыць у Эстоніі атрад у некалькі соцень жаўнераў летувіскай арміі, але для гэтага «неабходна некаторая маральная й матэрыяльная падтрымка з боку Летувы». 10 траўня прадстаўнік атраду Балаховіча жаўнер Галкін перадаў летувіскім прадстаўнікам пісьмовае прашэньне аб залічэньні ў летувіскае войска «Балаховіча зь летувісамі». 15 траўня летувіскі міністар загадвае маёру Аляксандрасу Шумскасу выехаць у Эстонію й арганізаваць перапраўку атраду Балаховіча ў Летуву, на што летувіскім урадам было выдзелена 10 000 аўксінаў. Балаховіч, прыняўшы летувіскія грошы, адкладвае высылку жаўнераў на пазьнейшы час[21]. У лісьце ад 15 чэрвеня Балаховіч абавязваецца ў хуткім часе ажыцьцявіць ускладзеныя на яго задачы, але адзначае пра складанасьць збору летувісаў. 14 чэрвеня на летувіскі фронт быў высланы невялікі атрад пад камандаваньнем Паўлоўскага. Аднак неўзабаве, пасьля некалькіх баёў на баку летувісаў, празь небаяздольнасьць і харчовае ды фінансавае пытаньне атрад быў высланы назад. 27 ліпеня камандуючы летувіскай арміяй Сыльвестрас Жукаўскас загадаў перадаць прадстаўніку Балаховіча наступнае: «Паведаміце, што мы яго не чакаем і што хай атрымлівае забесьпячэньне ад латвійскага насельніцтва…»[22].
У канцы красавіка, падчас падрыхтоўкі да наступленьня, Станіслаў атрымаў назад камандаваньне зыходнай групай[23]. 15 траўня ягоны атрад пераправіўся на караблёх праз Чудзкае возера й заняў Гдоў. Гэты манэўр дапамог эстонцам заняць 25 траўня Пскоў. За гэтыя дзеяньні Балаховіч падвышаны да палкоўніка[23].
29 траўня часткі Балаховіча ўступілі ў Пскоў, ужо заняты на той час часткамі 2-й эстонскай дывізіі[16]. Тут Балаховіч гаспадарыць як вайсковы камэндант Пскоўска-Гдоўскага раёну. З часам гаспадараньня Балаховіча зьвязаныя публічныя павешаньні на ліхтарах, якія праходзілі днём. Пакараньні праходзілі амаль штодзённа ў прысутнасьці самога Балаховіча[13][19][23]. У ліпені, пасьля пратэсту прадстаўнікоў саюзьнікаў, пакараньні сьмерцю ў цэнтры гораду былі спыненыя[13]. Балаховіч таксама прымяняў сьмяротныя пакараньні ў дачыненьні да прадаўцоў нюхацельнага какаіну, таксама за некаторыя злоўжываньні расстраляў некалькі байцоў сваёй сотні[13]. За 10 месяцаў было павешана агулам каля 120 чалавек[23]. Таксама Балаховічам практыкаваўся прымусовы збор з «заможных элемэнтаў» (у асноўным жыдоў) на ўтрыманьне частак Белай арміі[13].
У ліпені 1919 году, на бок Булак-Балаховіча перайшоў пяхотны полк Чырвонай Арміі[19].
У кіраўніцтве белай арміі насьпяваў канфлікт паміж белымі генэраламі Мікалаем Юдзенічам і Аляксандрам Радзянкам, манархістамі, якія складалі большасьць у палітычным і вайсковым кіраўніцтве Паўночна-Заходняй арміі, і рэвалюцыйна-дэмакратычнай групай у гэтай арміі на чале з Булак-Балаховічам, які быў на левым, эсэраўскім, крыле гэтай групы[19].
У жніўні, па просьбе генэрала Арсеньнева, Балаховіч быў прызначаны генэрал-маёрам. Падставай для падвышэньня стаў пераход частак Балаховіча й эстонцаў у контарнаступленьне супраць бальшавікоў, якія блізка падышлі да Пскова[13][19]. Прыкладна ў той жа час абвінавачаны ў друкаваньні фальшывых грошай, так званых керанак. Па патрабаваньні Балаховіча Тэшнэр вырабіў клішэ для 40-рублёвых керанак, якія друкаваліся ў доме Камэрцыйнага банку пад памяшканьнем раённай камэндатуры[13][16].
У Пскове Балаховіч актыўна кантактаваў з прадстаўнікамі Антанты й эстонскага войска, у выніку чаго прадстаўнікі саюзьнікаў 19 жніўня 1919 году адхілілі генэрала Арсеньнева з пасады камандзіра 2-га корпусу й прызначылі на ягонае месца Балаховіча[16].
22 жніўня 1919 году галоўнакамандуючы Мікалай Юдзеніч аддаў загад палкоўніку Б. Перамыкіну заняць Пскоў, арыштаваць Булак-Балаховіча й аддаць яго пад ваенны суд за беззаконныя дзеяньні[19]. 23 жніўня Булак-Балаховіч быў зьняты з пасады камандуючага корпусам[19]. Булак-Балаховічу з дваццацьцю коньнікамі зь ягонай асабістай сотні ўдалося ўцячы ў Гдоў, дзе ён падпарадкаваўся Юдзенічу[19]. Балаховіч фармальна здаў камандаваньне, але ягоны атрад прыняў брат Язэп Балаховіч[24]. 26 жніўня праз пагаршэньне стасункаў між эстонцамі й Паўночнай-Заходняй арміяй з прычыны арышту Балаховіча эстонцы пакінулі Пскоў, у выніку чаго той быў заняты бальшавікамі[24]. Юдзеніч не пераймаўся стратай Пскова, ягонай галоўнай мэтай было наступленьне на Петраград[24].
У хуткім часе Балаховіч уцёк з-пад хатняга арышту. 25 жніўня Балаховіч зь невялікім атрадам сышоў у кірунку станцыі Могліна, дзе прыняў удзел у баі з бальшавікамі[13]. Працягваў партызанскую барацьбу пры эстонскай падтрымцы ў раёне Пскову[13].
Пасьля паразы Паўночна-Заходняй арміі пад Петраградам у лістападзе 1919 году сярод яе камандаваньня ўзмацніліся рознагалосьсі. Яны абвастрыліся пасьля адыходу Паўночна-Заходняй арміі на тэрыторыю Эстоніі й пачатку мірных перамоваў паміж Савецкай Расеяй і Эстоніяй. Расейская Паўночна-Заходняя армія павінная была быць інтэрнаваная й падлягала ліквідацыі[19].
На баку БНР
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Рада БНР зьвярнула ўвагу на Булак-Балаховіча яшчэ восеньню 1918 году, адразу пасьля ягонага пераходу на бок белых. Усталяваньне кантакту было немагчымым праз адсутнасьць беларускага прадстаўніцтва ў Эстоніі. Акрамя гэтага, нямецкія акупацыйныя ўлады не пагаджаліся на арганізацыю беларускага войска[25]. Праз год, 18 кастрычніка 1919 году, шэф Беларускай вайскова-дыпляматычнай місіі ў Латвіі й Эстоніі палкоўнік Кастусь Езавітаў устанавіў кантакт з Балаховічам. «Бачыўся з прадстаўнікамі Атрада Ген. Балаховіча. Балаховіч цяперака зусім вольны чалавек… Хацеў бы быць бліжэ да Бацькаўшчыны (Вільня). Лічыў адзін раз сябе літвіном, але цяпер даведаўся аб беларусах і сам ня ведае хто ён. Трэба, кажэ, добра пазнаёміцца з картай, рухам і гісторыяй.» — так адзначыў першую завочную сустрэчу Кастусь Езавітаў. Далей Езавітаў зазначыў: «Я прапанаваў запытаць яго: Ці ведае ён беларускую (простую) мову; ці ведае мову літоўскую; ці ведае што фамілія его зусім беларуская; па літоўску была б Балаховічунас; як ён адносіцца да нацыянальных пытаньняў і ці прызнае ён незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі»[26]. Празь некалькі дзён прадстаўнікі генэрала ізноў сустрэліся зь Езавітавым. «Яны прыйшлі да мяне і паведамілі, што Балаховіч беларускую мову ведае і Беларускую Народную Рэспубліку прызнае і гатоў бараніць». Для свайго пераходу Балаховіч запрасіў 400 тысячаў марак, якія была патрэбныя на ўтрыманьне атраду[26].
14 лістапада 1919 году Балаховіч падаў афіцыйную дэклярацыю аб беларускім грамадзянстве й прыняцьці яго на беларускую службу[25]. Атрад атрымаў афіцыйную назву «Асобны аддзел войскаў БНР у Балтыі». Не пазьней за 24 лістапада Балаховіч атрымаў ад Клаўдзія Дуж-Душэўскага й Кастуся Езавітава беларускую форму, пячаткі й штамп Асобнага атраду[27].
26 лістапада — «Асобны аддзел», паводле дамовы беларускіх дыпляматаў Клаўдзія Дуж-Душэўскага й Езавітава з урадам Эстоніі, прыняты на часовае ўтрыманьне Эстоніі, фінансавыя выдаткі залічаныя ў якасьці дзяржаўнай пазыкі БНР[25]. Не ўдалося дабіцца згоды эстонцаў на павялічэньне атраду шляхам мабілізацыі беларусаў, якія знаходзіліся на тэрыторыі Эстоніі, а таксама атрымаць дапамогу з боку дзяржаваў Антанты. Амэрыканская місія перадала балахоўцам палявы шпіталь і мэдыкамэнты[28].
У лістападзе — сьнежні 1919 году «Асобны аддзел» займаў частку антыбальшавіцкага фронту каля Ізборску, паміж эстонскай і латыскай арміямі[25]. З прычыны эстонска-савецкіх перамоваў Езавітаў зрабіў у Рызе прапанову прыняць атрад Балаховіча пад латыскае камандаваньне, на што атрымаў адмову. Магчыма, адной з прычынаў адмовы сталі беларускія прэтэнзіі на Дзьвінск[28].
У пачатку студзеня 1920 году Латвія выказала згоду прыняць частку атраду на сваёй тэрыторыі, у населеным пункце Марыенбург, аднак адмовілася прыняць яго пад сваё камандаваньне[28].
22 студзеня 1920 году «Асобны аддзел» юрыдычна ўключаны Радаю БНР (урад А. Луцкевіча) у склад беларускага войска[29].
У ноч на з 27 на 28 студзеня 1920 году Балаховіч арыштаваў галоўнакамандуючага Паўночна-Заходняй арміі Мікалая Юдзеніча. Арышт Юдзеніча быў зьдзейсьнены Булак-Балаховічам нібыта для «разьлікаў» на ўтрыманьне рэшткаў Паўночна-заходняга войска. Юдзеніч быў вызвалены эстонскімі ўладамі[29].
8 лютага 1920 году Езавітаў зьвярнуўся зь лістом да Пілсудзкага, у якім, спасылаючыся на ягоны дэкрэт аб фармаваньні беларускага войска, прасіў выдзеліць атраду генэрала Булак-Балаховіча ўчастак фронту на левым флянгу польскіх войскаў. Гэты ліст прадстаўніку Польскай рэспублікі ў Рызе, Б. Боўфалу ўручыў сакратар беларускай місіі Янка Чарапук. Боўфал адмовіўся рабіць нейкія крокі ў гэтай справе, сьцьвярджаючы што Езавітава й Душэўскага адклікаў іхны ўласны ўрад, якога Польшча не прызнае[29].
Пад польскім камандаваньнем. Польска-савецкая вайна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Палякамі былі распачатыя сакрэтныя перамовы з Балаховічам пры пасярэдніцтве ягонага брата Язэпа ў канцы студзеня 1920.
17 лютага 1920 году Балаховіч выказаў згоду на пераход пад польскае камандаваньне (у дзень прыняцьця ў склад беларускага войска ўрадам Антона Луцкевіча), адпаведнае пагадненьне было падпісанае ў Рызе 23 лютага[30]. Паводле ўспамінаў Зінаіды Гіпіюс, сам Булак-Балаховіч у канцы сакавіка 1920 году так тлумачыў абставіны пераходу свайго атраду з Эстоніі ў Польшчу[31]:
Эстонія выпусьціла толькі адзін мой атрад узброеным. Мае людзі ў гэтым атрадзе адмовіліся раззброіцца. У красавіку я павінен зь імі ізноў ісьці супраць бальшавікоў […] Палякі прымуць мяне. Мой атрад ужо у Брэст-Літоўску. Я сустрэнуся зь Пілсудзкім і пакіну яго неадкладна, каб узьяднацца з атрадам […] Я беларус і каталік, але я змагаўся за Расею і буду падтрымліваць расейскую справу. | ||
26 лютага атрад (налічваў каля 800 байцоў) пераведзены ў Берасьце (у Берасьцейскую крэпасьць) для падмацаваньня й перафармаваньня[30][32]. Адзіным папаўненьнем атраду былі няпоўныя 200 жаўнераў, дастаўленыя з Эстоніі й Латвіі 21 чэрвеня 1920[30]. Толькі кожны пяты жаўнер быў беларусам[30].
Атрад генэрала Булак-Балаховіча быў адасланы на фронт у ваколіцы Кіева 9 чэрвеня 1920. 10 чэрвеня польскія войскі пачалі адступленьне з глыбіню польскіх пазыцыяў ува Ўкраіне, выкліканае прарывам арміі Сямёна Будзённага. У сярэдзіне ліпеня часткі Балаховіча абараняюць лінію Стыры й выхады з палескіх абшараў. У канцы ліпеня атрад адступіў на Стаход. У хуткім часе, атрад, падмацаваны арэнбурскімі казакамі правёў пасьпяховы бой за Любешаў, аднак для прыкрыцьця пяхоты адступіў да Камень-Кашырскага. 3 жніўня генэрал пакінуў і Камэнь-Кашырскі. Празь некалькі дзён Балаховіч перайшоў Буг і перайшоў у Людвінаў. На гэты час ягоны атрад складаў ня больш за 700 чалавек[33].
У сярэдзіне жніўня, у пераломны момант Варшаўскай бітвы, у складзе 3-й арміі прыкрываў манэўр польскіх войскаў з-над Вяпра. 15 жніўня аддаў прыказ сканцэнтраваць свае сілы ў Лэнчнай, які выкананы на наступны дзень. У гэты дзень атрад налічваў 1000 штыхоў і 400 шабляў. Пасьля камбінаванай пасьпяховай атакі на Пухачаў рушыў у напрамку Ўладавы (17 жніўня)[34].
У верасьні польскія войскі пачалі наступленьне на фронце ад мяжы з Румыніяй да Берасьця. 13 верасьня група генэрала Балаховіча ўзяла Камень-Кашырскі. 26 верасьня Балаховічам ўзяты Пінск, гэтым расьсек 4-ю савецкую армію. Апэрацыя па захопу самога Пінску сталася адной з самых удалых вайсковых апэрацыяў групы Балаховіча за час ваенных дзеяньняў на бальшавіцкім фронце. 30 верасьня група генэрала Булак-Балаховіча была замененая 18-й ПД, завяршыўшы свой удзел у польска-савецкай вайне[35].
Палескі паход
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Перадумовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У той час, калі вяліся перамовы пра перавод Балаховіча на польскі бок, Пілсудзкі шукаў хаўрусьнікаў з боку Расеі. Пілсудзкі знайшоў паплечніка ў асобе Барыса Савінкава. 16 студзеня, сярод іншага, ён пагадзіўся на правядзеньне плебісцыту на тэрыторыі Летувы й Беларусі. Савінкаў атрымаў ад Пілсудзкага дазвол на стварэньне расейскага вайсковага фармаваньня на тэрыторыі Польшчы[36].
27 жніўня 1920 году паміж Савінкавым і Булак-Балаховічам была складзеная дамова, паводле якой Савінкаў абавязваўся правесьці кандыдатуру генэрала на пост галоўнакамандуючага расейскімі ўзброенымі сіламі на тэрыторыі Польшчы, а Булак-Балаховіч згаджаўся прызнаць палітычнае кіраўніцтва Савінкава й ягонага Расейскага палітычнага камітэту (РПК)[13].
Булак-Балаховіч назваў сваю групу Расейскай народнай дабраахвотніцкай арміяй, а над ягоным штабам у Пінску лунаў расейскі сьцяг[37].
Восеньню 1920 зьявіўся Беларускі палітычны камітэт. Створаны, хутчэй за ўсё, каб стварыць палітычную шыльду для далейшага беларускага паходу[38].
У пачатку кастрычніка Пілсудзкі прымае рашэньне пра паход Жалігоўскага на Вільню, у выніку якога пазьней была створаная марыянэткавая дзяржава Сярэдняя Літва. Верагодна, паход Балаховіча павінен быў быць працягам паходу Жалігоўскага.
12 кастрычніка 1920 году ў Рызе падпісаная папярэдняя польска-савецкая мірная дамова. Гэтая дамова абавязвала польскі бок выдаліць са сваёй тэрыторыі або раззброіць антысавецкія ўзброеныя фармаваньні да 2 лістапада. Польскае камандаваньне прапанавала Балаховічу далей весьці барацьбу самастойна або пакінуць тэрыторыю Польшчы са зброяй у руках, у выніку чаго той вырашыў перайсьці польска-савецкую мяжу[38]. 12 кастрычніка Балаховіч падпісаў пагадненьне зь Беларускім палітычным камітэтам. БПК абавязваўся дапамагаць генэралу ў арганізацыі беларускай арміі, а Балаховіч павінен быў перадаць уладу на занятай ім тэрыторыі[39].
Баявыя дзеяньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Армія генэрала Булак-Балаховіча ў пачатку лістапада 1920 году налічвала каля 20 тысячаў чалавек. Яна складалася з 1, 2 і 3-й ПД, Пешай сялянскай брыгады, 1-й кавалерыйскай дывізіі (КД), палка данскіх казакоў, Тубыльскага кавалерыйскага палка (КП), асабістых сотняў братоў Балаховічаў, палка цяжкай артылерыі, чыгуначнага палка, самалётнай эскадрыльлі, а таксама штабных і тылавых частак. На баявыя часткі прыпадала каля 15 тыс. У баях ня бралі ўдзел некаторыя часткі, якія не пасьпелі прыбыць альбо былі інтэрнаваныя польскім бокам (полк цяжкай артылерыі). Полк данскіх казакоў ухіліўся ад баявых дзеяньняў. У бой уступілі каля 11 тыс. жаўнераў[40].
Плян прадугледжваў заняцьце лініі Оўруч — Мазыр — Жлобін, а затым удар на поўнач, на Бабруйск і Барысаў, і вызваленьне Беларусі. Хутчэй за ўсё, плян быў распрацаваны самім Пілсудзкім[41]. Плян быў разьлічаны на заняцьце Менску польскімі войскамі, што й адбылося 15 кастрычніка. Аднак Балаховіч прамарудзіў з ударам, а польскія войскі вымушаныя былі пакінуць Менск 17 кастрычніка, выконваючы пагадненьне аб замірэньні.
Балаховіч аддаў загад аб наступе ад Турава на Мазыр 5 лістапада 1920 году. 8 лістапада войскі Булак-Балаховіча занялі Петрыкаў, 9 лістапада — мястэчка Скрыгалаў і вёску Скрыгалаўская Слабада. 10 лістапада ў другой палове дня часткі палкоўніка Мацьвеева (1-я КД) узялі Мазыр[42].
Апоўдні 12 лістапада ў Мазыр прыбыў генэрал Булак-Балаховіч. З гэтай нагоды былі вывешаныя беларускія сьцягі. 16 лістапада Балаховіч заявіў, што не прызнае ўрадаў Луцкевіча й Ластоўскага, а БПК ператварыўся ва ўрад БНР. Гэты ўрад прысвоіў Балаховічу тытул Начальніка Беларускай Дзяржавы[43].
Ноччу з 17 на 18 лістапада пасьля бальшавіцкага наступу, войска Балаховіча пакінула горад Мазыр. У выніку адступленьня 29 лістапада Балаховіч адступіў у нэўтральную зону, створаную раней між Польшчай і СССР. 30 лістапада ён перайшоў мяжу і на наступны дзень накіраваўся ў Варшаву зь дзеячамі БПК[44]. Атрад пазьней быў раззброены польскімі войскамі.
Міжваенны пэрыяд. Другая сусьветная вайна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля савецка-польскай вайны быў прызнаны генэралам, але не залічаны ў склад польскага войска як чынны генэрал.
У лютым 1921 году Балаховіч арганізаваў сустрэчу прадстаўнікоў Беларускага палітычнага камітэту й «Зялёнага Дубу» дзеля падрыхтоўкі да партызанскай вайны ў Беларусі на выпадак польска-савецкай вайны. Але ў хуткім часе штаб Зялёнага Дубу ў Лунінцы быў ліквідаваны расейскім Саюзам абароны Радзімы й свабоды. Пры падтрымцы Балаховіча й на польскія грошы была ўтвораная новая арганізацыя Беларускіх беспартыйных актывістаў, але вялікіх посьпехаў яна не дабілася[45].
27 красавіка 1921 году склаў дамову зь Дзяржаўным камітэтам БНР у асобе часткі дэлегацыі БНР у Парыжы палкоўніка Яўгена Ладнова й сакратара прэзыдыюму камітэту БНР Браніслава Тарашкевіча, паводле якой камітэт прызнаваў генэрала Булак-Балаховіча «вярхоўным камандуючым над усімі ўзброенымі сіламі Беларусі»[13]. Ён быў уведзены ў склад камітэту з правам вырашальнага голасу, аднак неўзабаве гэты камітэт распаўся й большасьць ягоных сяброў распачала антыпольскую дзейнасьць[45].
Булак-Балаховіч займаўся сельскай гаспадаркай, разводзіў коней; на лясных работах у Белавескай пушчы былі заняты яго былыя партызаны. Агенты АДПУ арганізавалі на Булак-Балаховіча некалькі замахаў, але ўсе яны скончыліся няўдала, у выніку аднаго зь іх 11 чэрвеня 1923 году быў застрэлены малодшы брат Язэп[46].
Займаўся вэтэранскай дзейнасьцю. Але з 1937 да 1939 году ўдзельнічае ў грамадзянскай вайне ў Гішпаніі на баку генэрала Франка, дзе дапамагае арганізоўваць выведку ў тыле рэспубліканцаў[46].
Пасьля акупацыі Польшчы Трэцім Райхам спрабаваў арганізаваць партызанскі атрад для барацьбы з нацысцкімі акупантамі, удзельнічаў у абароне Варшавы. Быў забіты ў Варшаве 10 траўня 1940 году нямецкім патрулём. Месца ягонага пахаваньня невядомае[46].
Сымбалічная магіла генэрала Станіслава Булак-Балаховіча месьціцца на варшаўскіх Камунальных, былых вайсковых, могілках.
У Варшаве на будынку праваслаўнай духоўнай сэмінарыі ў раёне Саска-Кэмпа знаходзіцца памятная дошка ў памяць пра Булак-Балаховіча.
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1905 годзе ажаніўся першы раз з дачкой лекара з Лужкоў Марціна Гарбэля, Генрыетай. У гэтым шлюбе ў 1907 годзе ў іх нарадзілася дачка Алена, а ў 1910 годзе сын Мэдард, у 1911 годзе сын Генрык. Зь першай жонкай жыў асобна з 1913 году, яна мела ўнутраны рак і памерла ў 1915 годзе[10].
Другім шлюбам (1918/9) жанаты з Гертай фон Герхард. У шлюбе дочкі: Зоф’я й Марыя.
Трэцім шлюбам жанаты зь Янінай Карэчкай. У шлюбе дочкі: Данута й Барбара.
Літаратурная дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выпусьціў дзьве кнігі пра магчымасьць вайны зь Нямеччынай: «Wojna bedzie czy nie bedzie» («Вайна, будзе ці ня будзе», 1931) і «Precz z Hitlerem czy niech zyje Hitler» («Далоў Гітлера ці хайль Гітлер?», 1933).
Вядомыя два вершы, якія ён напісаў па-беларуску: «Покліч бацькі» (1919) і «Шарак ці брысь» (1927)[19].
Музыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да постаці С.Булак-Балаховіча зьвярталіся ў сваіх песьнях бард Андрэй Мельнікаў ("Сынкі мае", "Вяртаньне Булак-Балаховіча") і гурт Dzieciuki ("Хлопцы-балахоўцы").
Крыніцы й заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Stanisław Bałachowicz-Bułak // Польскі біяграфічны інтэрнэт-слоўнік (пол.)
- ^ а б в https://www.marxists.org/glossary/people/comintern/index.htm#Bulak-Balakhovich-Stanislaw
- ^ а б Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 234.
- ^ Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 243.
- ^ а б Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 235.
- ^ а б в г д Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 241.
- ^ Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 242.
- ^ Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 255.
- ^ а б Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 236.
- ^ а б в г д Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 237.
- ^ Детище мировой войны (рас.) Праверана 26 кастрычніка 2014 г.
- ^ а б в г Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 238.
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х Станислав Булак-Балахович (рас.) Русский обще-воинский союз. rovs.atropos.spb.ru. Праверана 26 кастрычніка 2014 г.
- ^ а б Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 239.
- ^ Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 240.
- ^ а б в г д е ё ж з і Корявцев П. М. «Батька»: история одного предателя (рас.) Праверана 27 кастрычніка 2014 г.
- ^ а б в г д е ё Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 249.
- ^ а б в г д е Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 250.
- ^ а б в г д е ё ж з і Анатоль Грыцкевіч Станіслаў Булак-Балаховіч (1883—1940). jivebelarus.net. Праверана 27 кастрычніка 2014 г.
- ^ Балахоўцы… С. 74.
- ^ Балахоўцы… С. 75.
- ^ Балахоўцы… С. 77.
- ^ а б в г Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 251.
- ^ а б в Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 253.
- ^ а б в г Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 132.
- ^ а б Балахоўцы… С. 19.
- ^ Балахоўцы… С. 105
- ^ а б в Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 133.
- ^ а б в Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 134.
- ^ а б в г Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 135.
- ^ Балахоўцы… С. 149
- ^ Балахоўцы… С. 22.
- ^ Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 137.
- ^ Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 138.
- ^ Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 139.
- ^ Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 141.
- ^ Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 142.
- ^ а б Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 144.
- ^ Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 145.
- ^ Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 153—154.
- ^ Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 152.
- ^ Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 155.
- ^ Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 156.
- ^ Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 160.
- ^ а б Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 265.
- ^ а б в Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 266.
- Заўвагі
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Авторский коллектив. Гражданская война в России: энциклопедия катастрофы / Составитель и ответственный редактор: Д. М. Володихин, научный редактор С. В. Волков. — 1-е. — М.: Сибирский цирюльник, 2010. — С. 301. — 400 с. — ISBN 978-5-903888-14-6.
- Алег Латышонак Жаўнеры БНР. — 3-е. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 373 с. — 500 ас. — ISBN 978-5-00076-003-1
- Балахоўцы: Сведчанні, дакументы, даследаванні / пераклад, прадмова, каментары А. Вашкевіча, А. Чарнякевіча, Ю. Юркевіча. — 2. — Смаленск: Інбелкульт. — 470 с. — 750 ас. — ISBN 978-5-9904531-9-7
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Станіслаў Булак-Балаховіч — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Інфармацыя і фота пра Асобны атрад войск БНР у Эстоніі
- А. Латышонак — Штурм Рэчыцы войскамі генерала Станіслава Булак-Балаховіча ў лістападзе 1920 году
- А. Грыцкевіч — Станіслаў Булак-Балаховіч
- Ю. Віцьбіч (9 лютага 2008) Асобны Дабравольны Народны Аддзел БНР Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі. Жыве Беларусь. Бібліятэка гістарычных артыкулаў. Праверана 20 красавіка 2009 г.
- Вершы С. Булак-Балаховіча
- „Генерал няскончанай вайны”, 1. рэж. Сяргей Ісакаў, д/ф 2009 г. Беларусь на YouTube
- „Генерал няскончанай вайны”, 2. рэж. Сяргей Ісакаў, д/ф 2009 г. Беларусь на YouTube
- Нарадзіліся 22 лютага
- Нарадзіліся ў 1883 годзе
- Памерлі 10 траўня
- Памерлі ў 1940 годзе
- Кавалеры ордэна Сьвятога Ўладзімера 4 ступені
- Кавалеры ордэна Сьвятой Ганны 3 ступені
- Кавалеры ордэна Сьвятой Ганны 4 ступені
- Узнагароджаныя ордэнам Сьвятога Станіслава 2 ступені
- Узнагароджаныя ордэнам Сьвятога Станіслава 3 ступені
- Кавалеры знаку ордэна Сьвятога Георгія
- Беларускія генэралы
- Вайскоўцы Расейскай Імпэрыі
- Савецкія вайскоўцы
- Вайскоўцы БНР
- Польскія вайскоўцы
- Удзельнікі Першай сусьветнай вайны
- Удзельнікі Грамадзянскай вайны ў Расеі
- Удзельнікі Грамадзянскай вайны ў Гішпаніі
- Удзельнікі Другой сусьветнай вайны
- Антыкамуністы
- Памерлі ў Варшаве
- Пахаваныя ў Польшчы