Зьміцер Вайцюшкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Зьміцер Вайцюшкевіч
Зьміцер Вайцюшкевіч на сольным канцэрце ў філярмоніі. Віцебск, 2010
Дата нараджэньня 20 ліпеня 1971(1971-07-20) (52 гады)
Месца нараджэньня Сьцяг Беларускай ССРБярозаўка, Лідзкі раён Гарадзенскае вобласьці
Грамадзянства Беларусь
Месца вучобы
Занятак сьпявак, кампазытар, музыка
Навуковая сфэра музыка[1]
Жанры аўтарская песьня[d], рок-музыка і фолк-рок[d]
Інструмэнты клярнэт[d], гітара, флейта і голас[d]
Псэўданімы Тодар
Гурты «Палац» (1992—1998),
KRIWI (1997—2001),,
«WZ-Orkiestra» (з 2001)
Сайт todar.net

Зьміцер Вайцюшке́віч (нарадзіўся 20 ліпеня 1971 у мястэчку Бярозаўка Лідзкага раёну) — беларускі сьпявак і музыка[2]. Вядомы таксама пад псэўданімам Todar.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 1978 па 1986 гад вучыўся ў спэцыялізаванай школе з паглыбленым вывучэньнем ангельскай мовы, па яе канчатку, у 1986 годзе паступае ў музычную школу ў горадзе Ліда, якую канчае ў 1990 годзе з адзнакаю.

Такім чынам, пасьля канчатка музычнай школы па клясу клярнэту, Вайцюшкевіч пачынае сур’ёзна задумвацца пра працяг музычнай адукацыі й у тым жа годзе паступае ў Інстытуце Культуры, дзе да 1995 году працягвае вывучаць клярнэт. З 1993 па 1995 гады вучыцца вакалу ў менскай вучэльні імя Глінкі.

Жанаты з Галінай Казіміроўскай, дырыгенткай Concordia Chor. Маюць сына Язэпа і дачку Стэфанію[3].

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1992 — Зьміцер становіцца ўдзельнікам знакамітага беларускага гурту «Палац». Гэты калектыў выконвае рок-музыку, якая замешана на традыцыйным беларускім фольку. Зьміцер Вайцюшкевіч і Алег Хаменка цалкам падзялялі музычныя погляды адзін аднаго.

З «Палацам» Вайцюшкевіч запісвае такія вельмі пасьпяховыя альбомы, як «Палац» (1995) і «Дарожка» (1997), аднак у 1998 годзе ён усё-ткі прымае рашэньне сысьці з гурту.

Наступным яго прыстанкам становіцца гурт «KRIWI», зь якім дасьледаваньні ў вобласьці нацыянальнага фольку працягваюцца да 2001 году.

1997 — супольны музычны праект «Narodny albom», у запісы якога прынялі ўдзел лепшыя беларускія выканаўцы й музыканты. Зборам і апрацоўкай тэкстаў займаўся рок-паэт Міхал Анемпадыстаў. Для праекту Вайцюшкевіч выканаў «Аргентынскае танга» й падыграў на флейце й клярнэце.

2000 — супольны музычны праект «Я нарадзіўся тут». Аўтарам ідэі выступіў Алесь Суша. Ён прапанаваў музыкам перарабіць ці распрацаваць беларускія вайсковыя песьні, гімны й маршы часоў БНР, «партызанкі», савецкіх часоў і эмігранцкага асяродку. Ідэя трансфармавалася ад ваярства да своеасаблівага габэлену жыцьця беларусаў ад 1918 году й да нашых часоў. Былі апрацаваныя творы на вершы Я. Купалы, Н. Аляксеевай, Л. Геніюш ды іншых. Вайцюшкевіч сьпяваў, а таксама граў на клявішах, джамбі, мандаліне, клярнэце й сапілцы. Адзін з трэкаў стаў сапраўды культавым — «Я нарадзіўся тут». Яе музыкі выконвалі на дзьвюх мовах разам з гуртом «Louise attaque» падчас іх менскага канцэрту.

2001 — Вайцюшкевіч засноўвае гурт «WZ-Orkiestra» (Усход-Захад Аркестар), зь якой запісаў вялікую колькасьць гітоў. З гэтага моманту Зьміцер Вайцюшкевіч, песьні якога ўжо цікавяць багата слухачоў, пачынае адзін за адным запісваць пасьпяховыя альбомы. Першы альбом «WZ-Orkiestra» зваўся «Цацачная крама» (Крама цацак).

У гэтым жа годзе Зьміцер атрымлівае шэраг узнагарод, такіх у прыватнасьці, як прэмія «Рок-каранацыя-2001» у катэгорыі традыцыі ды сучаснасьць. Таксама выступае кампазытарам фільму «Сьвежына з салютам» 2001 году[4].

Гурт выконвае музыку ў стылі world music, рэтра, гарадзкі шансон, рок, аўтарская песьня. Супрацоўнічае зь вядомымі беларускімі й замежнымі паэтамі. Ляўрэат фэстывалю EBU (European broadcasting Union, Фэрдэ, 2003) у Нарвэгіі. Гурт пасьпяхова выступаў ў Польшчы, Украіне, Нямеччыне, Швэцыі, Францыі, Італіі, Расеі, Славеніі, Казахстане, Эстоніі, Літве, Латвіі. На Беларусі WZ-Orkiestra маюць ля пяцідзесяці канцэртаў штогод.

2002 — беларускі трыб’ют гурту Depeche Mode — «Personal Depeche». Для праекту Тодар зрабіў кавэр на песьню DM «I want you now».

WZ-Orkiestra шмат супрацоўнічае з польскімі музыкамі — «Todar & Cheremshina», «Todar & Kvartet YORGI», «WZ-Orkiestra & Verhovyna».

Такія альбомы, як «Паравіны году» (2003), «Паравоз каханьня» (2004), «Месяц і сонца» (2005) некалькі адышлі ад фатальнага гучаньня. Тут можна знайсьці й шансон, і традыцыйны беларускі фольк[5].

У лютым 2008 году Тодар даў некалькі канцэртаў разам зь мясцовым гуртом Dreydel[6] у Японіі[7].

У 2009 годзе з удзелам Ганны Хітрык, Яна Маўзэра, Сьвятланы Бенькі, Яўгеніі Лятун, Алеся Зайцава, Насты Някрасавай, Сержука Трухановіча, Галіны Казіміроўскай ды іншых запісаў і выдаў супольны музычны праект «Мой сябра анёлак» [8].

У 2010 годзе выйшла кніга «Беларускае слова ад сьпеву», выдавецтве «Кнігазбор». Пра беларускую музыку й Вайцюшкевіча ў прыватнасьці агулам разважаюць палітык Аляксандар Мілінкевіч, народны паэт Рыгор Барадулін, паэт Генадзь Бураўкін, мастак Алесь Пушкін, бард Алесь Камоцкі, рок-сьпявак Лявон Вольскі ды іншыя[9].

21 ліпеня 2022 году Зьміцер Вайцюшкевіч выпусьціў музычны альбом «Вецер», які запісаў з аркестрам «Усход-Захад». Альбом быў даступны для праслухоўваньня на музычным партале «Эпл» і складаўся з 8 песьняў, у тым ліку такіх, як «25 сакавіка», «Свабода», «Ты і я», «Мадагаскар», «Ты дзе», «Лепш разам» і «Калі мяне ня стане»[10].

На сёньняшні дзень Зьміцер Вайцюшкевіч мае вялікую колькасьць розных музычных узнагарод, рэгулярна ўдзельнічае ў розных фолькавых праектах, разам зь іншымі сваімі калегамі.

Фота[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дыскаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Альбомы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Супольныя праекты й складанкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]