Народны сакратарыят БНР

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Склад Сакратарыяту на 8(21).2.1918
НС замежных справаў Язэп Варонка БСГ, цэнтар
НС унутраных справаў Іван Макрэеў ПС-Р, украінец
НС асьветы Аркадзь Смоліч БСГ, правы
НС юстыцыі Яфім Бялевіч ПС-Р, левы
НС народнай гаспадаркі Янка Серада беспартыйны
НС шляхоў зносін Віктар Рэдзька ПС-Р
НС фінансаў Гелій Белкінд ПС-Р, жыд
НС сацыяльнай апекі Палута Бадунова БСГ, левая, «бястужаўка»
НС вялікарускіх справаў Павел Злобін ПС-Р, правы, расеец
НС пошты і тэлеграфу А. Карабач БСГ, цэнтар
НС кантролю П. Крачэўскі БСГ, цэнтар
НС земляробства Тамаш Грыб БСГ, левы
НС ваенных справаў Кастусь Езавітаў БСГ
НС без партфелю Мойша Гутман жыдоўская партыя С. С. і Е. С.
Кіраўнік справамі Лявон Заяц народны сацыяліст

Беларускі Народны Сакратарыят — выканаўчы орган, створаны ў Менску Выканаўчым Камітэтам Рады Першага Ўсебеларускага зьезду. Стварэньне Сакратарыяту было абвешчана ў 1-й Устаўнай грамаце да народаў Беларусі. Народны сакратарыят быў утвораны 20 лютага 1918 і прыступіў да выкананьня абавязкаў 21 лютага. Пасада, раўназначная пасадзе міністра, называлася народны сакратар.

Магчымасьць скліканьня такога органу зьявілася пасьля эвакуацыі Аблвыканкамзаху ў ноч на 19 лютага 1918, пасьля пераходу ў наступленьне нямецкага войска. Сакратарыят абвясьціў сябе вярхоўнай уладай у краі да «скліканьня на дэмакратычных асновах Устаноўчага Сходу Беларусі».

Сакратарыят быў першым урадам БНР і, фактычна, першым уласна беларускім урадам, аднак ён ня быў фармальна прызнаны як паўнамоцны орган ані савецкай уладай у Маскве, ані нямецкай акупацыйнай уладай. У кастрычніку 1918 году перайменаваны ў Раду народных міністраў БНР.

Першы Старшыня — Язэп Варонка, зь ліпеня 1918 — Раман Скірмунт, з кастрычніка 1918 — Антон Луцкевіч.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Сідарэвіч А. Урады БНР і кабінэт Рамана Скірмунта // ARCHE Пачатак. №4, 2008.
  • Турук Ф. Белорусское движение. — М., 1921.