Мікалай Карпянкоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мікалай Карпянкоў
Намесьнік міністра ўнутраных справаў Беларусі
19 лістапада 2020 — цяперашні час
Прэзыдэнт: Аляксандар Лукашэнка
Прэм’ер-міністар: Раман Галоўчанка
Папярэднік: Юры Назаранка
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 6 верасьня 1968(1968-09-06) (55 гадоў)
Адукацыя: Менская сувораўская вайсковая вучэльня (1985), Ульянаўская танкавая вучэльня (1989), Акадэмія МУС Беларусі (2003)
Узнагароды:
юбілейны мэдаль «65 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» ордэн «За службу Радзіме» III ступені За асабістую мужнасьць мэдаль „За адзнаку ў вайсковай службе“ мэдаль «За бездакорную службу» I ступені мэдаль «За бездакорную службу» II ступені мэдаль «За бездакорную службу» III ступені юбілейны мэдаль «100 год міліцыі Беларусі» юбілейны медаль «90 год міліцыі Беларусі»

Мікала́й Мікала́евіч Карпянко́ў (нар. 6 верасьня 1968, Менск) — дзяяч рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі.

Намесьнік міністра ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь — камандуючы Ўнутранымі войскамі Беларусі (з 2020 г.). Генэрал-маёр (2021). З чэрвеня 2021 году ўнесены ў санкцыйныя сьпісы ЭЗ, ЗША, шэрагу іншых краінаў.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Скончыў Менскую сувораўскую вучэльню (1985 г.), танкавую вучэльню ў расейскім Ульянаўску (1989 г.), пасьля чаго служыў у савецкім і беларускім войску. З 1993 г. працаваў у структурах МУС Беларусі. Быў камандзірам баявой групы спэцпадразьдзяленьня Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі «Беркут» (1992—1994), на базе якога ў 1994 годзе было створана спэцпадразьдзяленьне «Алмаз»[1].

З 1995 па 2003 год служыў на розных пасадах у Службе бясьпекі А. Лукашэнкі. У 2003 г. скончыў Акадэмію МУС Беларусі. З 2003 па 2010 гг. зноў камандаваў аддзелам «Алмазам» МУС. На гэтай пасадзе ўдзельнічаў у палітычных рэпрэсіях і ціску на праціўнікаў прэзыдэнта А. Лукашэнкі, у прыватнасьці, падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2006 г.[2][3][4] Супрацоўнікі «Алмаза» ўдзельнічалі ў разгоне акцыі пратэсту 19—20 жніўня 2010 году. Кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева асабіста зьбіваў камандзір «Алмазу» Мікалай Карпянкоў[5].

З 2011 па 2012 год займаў розныя кіраўнічыя пасады ў МУС Беларусі. З кастрычніка 2012 году па 2014 год быў начальнікам управы наркакантролю і супрацьдзеяньня гандлю людзьмі (УНСГЛ) МУС Беларусі[6]. 15 ліпеня 2013 году выступіў за ўхваленьне Дэкрэту прэзыдэнта Беларусі аб спагнаньні за распаўсюд опійнага маку ў памеры ад 1-й да 8 тысячаў эўра і канфіскацыі самахода, гаража і кватэры, якія выкарыстоўвалі пры яго распаўсюдзе[7]. Пад яго загадам за 2013 год улік спажыўцоў курыльных сумесяў вырас з 8% да 65%. Доля спайсу сярод канфіскаваных дурманаў павялічылася да 70%[8]. 6 траўня 2014 году прапанаваў унесьці ў Закон Беларусі «Аб наркатычных рэчывах, прэкурсорах і іх аналягах» панятак «базавай структуры», каб скараціць час залічэньня новых дурманаў у аналягі да некалькіх дзён. Дзеля гэтай самай задачы прапанаваў стварыць антынаркатычную камісію з удзелам 3-х ведамстваў — Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў Беларусі, Міністэрства аховы здароўя Беларусі і Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі. Сярод іншага, прапанаваў зьмяніць Указ прэзыдэнта ад 1 лютага 2010 году № 60 «Аб захадах удасканаленьня выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт» з тым, каб забараніць доступ да сеціўных крамаў, якія прадаюць дурманы. Таксама Карпянкоў прапанаваў увесьці адміністрацыйную адказнасьць за ўжываньне дурманаў. Урэшце Карпянкоў адзначыў: «На мой погляд, барацьба супраць наркотыкаў павінна весьціся ў 4-х кірунках:

З 2014 г. па 19 лістапада 2020 г. кіраваў Галоўнай управай па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС Беларусі. 19 лістапада 2020 г. прызначаны намесьнікам міністра ўнутраных справаў Беларусі, які загадвае Ўнутранымі войскамі Беларусі[10]. 30 сьнежня 2020 году быў адным з амаль 50 вайскоўцаў 5 ведамстваў, якім А. Лукашэнка уручыў узнагароды на базе Атраду міліцыі асаблівага прызначэньня ГУУС Менскага гарвыканкаму за супрацьстаяньне «ў тыя жнівеньскія дні» пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Узнагароды разам з Карпянковым атрымалі прадстаўнікі Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, Міністэрства абароны Беларусі, МУС Беларусі, Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі і Службы аховы прэзыдэнта Беларусі[11]. 4 сакавіка 2021 году ў Палацы незалежнасьці ў Менску атрымаў ад А. Лукашэнкі пагоны генэрал-маёра[12].

Падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020—2021 гг.[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падчас масавых мірных пратэстаў у Менску грамадзянаў, ня згодных з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў, Мікалай Карпянкоў быў заўважаны сярод сілавікоў, якія займаліся непасрэдным разгонам пратэстаў і зьбіцьцём грамадзянаў.

6 верасьня 2020 г. Карпянкоў разьбіў дручком шкляныя дзьверы ў кавярню «O’Petit»[13]. Паводле афіцыйнае інфармацыі, міліцыянты перасьледвалі актыўных удзельнікаў пратэстаў, якія іх правакавалі, а потым паспрабавалі схавацца ў кавярні[14].

Паводле сьведчаньняў аднаго з пацярпелых, 29 верасьня 2020 году ў РУУС Першамайскага раёну Менску Карпянкоў камандаваў групаю сілавікоў, якая выбівала ілжывыя паказанні, пасьля паказаныя па канале «Беларусь 1», ад групы схопленых ГУБАЗіК людзей, якіх зьбіцьцём і пагрозамі прымушалі сказаць на камэру, што ім нібыта заплацілі каардынатары[15]. Відавочца запомніў, што Карпянкоў здымаў відэа асабіста, а яму пагражаў 16 гадамі турмы, калі той ня скажа, што атрымаў тысячу даляраў ад каардынатара[15].

Паводле сьведчаньняў, 13 кастрычніка 2020 г. Карпянкоў разам зь іншымі сілавікамі выкраў на вуліцы грамадзяніна М. Харошына, даставіў яго ў Першамайскі РАУС Менску, дзе прымяніў да Харошына катаваньні[16].

У лістападзе 2020 году Сьвятлана Ціханоўская абвясьціла пра запуск працэсу міжнароднага прызнаньня ГУБАЗіК, якім да таго часу кіраваў Карпянкоў, і АМАП тэрарыстычнымі арганізацыямі ў сувязі з учыненымі імі злачынствамі ў час падаўленьня пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту з боку рэжыму Лукашэнкі[17].

20 лістапада 2020 г. Карпянкоў быў унесены ў санкцыйныя сьпісы Латвіі і Эстоніі[18].

15 студзеня 2021 г. незалежныя СМІ апублікавалі аўдыёзапіс, на якім чалавек, апазнаны як Мікалай Карпянкоў, зрабіў некалькі скандальных выказваньняў наконт пратэстаў. Паводле аналізу зьместа запісу, ён мог быць зроблены ў кастрычніку 2020 г.

На запісе Карпянкоў абразьліва адгукаўся аб пратэстоўцу Аляксандры Тарайкоўскім, застрэленым сілавікамі:


« Тарайкоўскі, так, п’яніца і дэбіл. Ён памёр, канечне, ад гумовай кулі, якая прыляцела яму ў грудзі. Ён стаяў там у ціштоцы, і, я думаю, з зваротнага боку цішоткі яна не застране[19]. »

Спасылаючыся на прыказы Лукашэнкі, Карпянкоў на запісе заахвочваў сілавікоў выкарыстоўваць зброю супраць пратэстоўцаў, у тым ліку забіваць іх:


« прэзыдэнт казаў, што калі прэ на цябе, выкарыстоўвай зброю, нелетальную. Ва ўпор: па нагах, у жывот, па яйках. Каб зразумеў, што ён нарабіў, калі ачуняе. Ну нанясіце яму нешта такога кшталту: ці пакалечыць, ці зьнявечыць, ці забіць. Прымяняць зброю яму наўпрост у лоб, у твар, туды, пасьля чаго ён ужо ніколі ня вернецца ў той стан, у якім ён быў.

Адкачаюць, дык адкачаюць. Ня будзе мець паловы галаўнога мозгу, ну, так яму і трэба. Бо ў асноўным усе тыя, хто выходзіць на вуліцы на дадзены момант паўдзельнічаць у рэйкавай вайне, хто блякуе дарогі, атакуе міліцыянтаў, кідае «кактэйлі Молатава», — тыя ж тэрарысты. Гэта лішнія людзі ў нашай краіне. І гэтаму было прысьвечана сёньня вельмі-вельмі шмат, на той невялікай нарадзе, якую праводзіў галава дзяржавы. ...

Мы з усіх бакоў прыкрытыя галавой дзяржавы ў пляне выкарыстаньня зброі[19].

»

Карпянкоў таксама паведаміў пра намер уладаў стварыць канцэнтрацыйны лягер для ўдзельнікаў пратэстаў:


« Ствараецца база зьвестак. У гэтай базе зьвестак, хто патрапіў другі раз, той павінен там і застацца. Сказана распрацаваць, зрабіць лягер, не для ваеннапалонных, не для інтэрнаваных нават, а лягер для асабліва востракапытных, такі для адсяленьня. І паставіць калючы дрот, атрымліваецца, па пэрымэтры. Два памяшканьні зрабіць, топка — паверх, карміць — паверх, каб працавалі. Але іх там трымаць, пакуль усё не супакоіцца[19]. »

2 лютага 2021 году TUT.BY атрымаў вынікі фанаскапічнае экспэртызы запісу, апублікаванага BYPOL, які мае «велізарнае грамадзскае значэньне» й які выклікаў рэзананс ня толькі ў Беларусі, але й за яе межамі. У аўдыёзапісе гаворка ідзе пра забойства Аляксандара Тарайкоўскага, ужываньне смяротнае зброі й «лагеры для востракапытных». Экспэртыза пацьвердзіла, што голас на запісе належыць Мікалаю Карпянкову, і ня выявіла прыкметаў мантажу[20].

Санкцыі ЭЗ, ЗША, іншых краінаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карпянкоў станавіўся суб’ектам забароны на паездкі й замарожваньня актываў Эўрапейскім Зьвязам як частка сьпісу беларускіх чыноўнікаў, адказных за палітычныя рэпрэсіі, падтасоўку вынікаў галасаваньня й прапаганду[21]. Згодна з рашэньнем Эўрапейскай рады(be) ад 21 чэрвеня 2021 году як кіраўнік ГУБАЗіК Карпянкоў «нясе адказнасьць за бесчалавечнае й прыніжаючае годнасьць абыходжаньне з грамадзянамі, якія ўдзельнічалі ў мірных пратэстах»: іх адвольныя затрыманьні, зьбіцьцё групаю пад яго камандаваньнем, пагрозы прымяненьня агнястрэльнае зброі, у тым ліку на прыкладзе інцыдэнту ў кавярні «O’Petit» і апублікаванага аўдыёзапісу, — сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека, зьвязаныя з прыгнётам грамадзянскае супольнасьці й дэмакратычнай апазыцыі[22]. 6 ліпеня да чэрвеньскага пакету санкцый ЭЗ далучыліся Альбанія, Ісьляндыя, Ліхтэнштайн, Нарвэгія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя[23].

21 чэрвеня 2021 году Карпянкоў быў уключаны і ў Сьпіс спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў ЗША, за асабістае кіраўніцтва супрацоўнікамі ГУБАЗіК па перасьледу й зьбіцьцю мірных дэманстрантаў і аўдыёзапіс з абмеркаваньнем будаўніцтва лягеру для затрыманых і рэкамэндацыям сілавікам страляць пратэстоўцам у твар і геніталіі, які прасачыўся[24][25]. Акрамя таго, Карпянкова ў свае санкцыйныя сьпісы ўключылі Вялікабрытанія[26], Канада[27], Швайцарыя[28].

Погляды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лічыцца, што спавядае расейскі фашызм[Крыніца?]. Сярод іншага, у час сьвяткаваньня 100-годзьдзя беларускай міліцыі зачытваў даклад, дзе пра беларускую старонку ў гісторыі міліцыі не было ані слова. Паводле сьведчаньня былога начальніка другога аддзелу трэцяй управы ГУБАЗіКу Аляксандра Азарава, «Для яго Беларусь і Расея — гэта адзінае цэлае. Украінцаў ён лічыць фашыстамі, а супраціўнікаў рэжыму — маргіналамі, праплачанымі Захадам»[29].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Полковник милиции Карпенков Николай Николаевич (рас.). mnsvu.org (3-1-2019). Праверана 24-1-2021 г.
  2. ^ Казулін патрабуе вызваліць Радзівіла — Радыё Свабода, 10.03.2006
  3. ^ «Спачатку ім плацілі штодня, але ўжо няма грошай». Былы намесьнік камандзіра баявой групы «Алмаза» аб працы сілавікоў — Радыё Свабода, 11.11.2020
  4. ^ Козулина избивали бойцы спецподразделения по борьбе с терроризмом [[[Аляксандар Казулін|Казуліна]] зьбівалі байцы спэцадзелу па барацьбе з тэрарызмам] — Белорусский партизан, 29.05.2006
  5. ^ Борис Пастернак. (21-12-2020) Площадь-2010 (рас.). Беларускі партызанПраверана 24-1-2021 г. Архіўная копія ад 24-1-2021 г.
  6. ^ Сьвятлана Барысенка. «Выпадкі сьмерці ад наркотыкаў мы расцэньваем як тэракт супраць моладзі» // Зьвязда : газэта. — 12 сакавіка 2014. — № 45 (27655). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  7. ^ Сьвятлана Барысенка. За ўжываньне наркарэчываў давядзецца адказаць // Зьвязда. — 16 ліпеня 2013.
  8. ^ Уладзіслаў Кулецкі. Рэальная пагроза // Зьвязда. — 22 сакавіка 2014. — № 53 (27663). — С. 2.
  9. ^ Юры Царык. Супраць наркотыкаў — адзіным фронтам // Зьвязда. — 7 траўня 2014. — № 83 (27693). — С. 4.
  10. ^ Вольга Мядзьведзева, Марыя Дадалка. Прэзыдэнт зрабіў шэраг кадравых прызначэньняў // Газэта «Зьвязда», 19 лістапада 2020 г. Праверана 30 чэрвеня 2021 г.
  11. ^ Вольга Мядзьведзева. «Наш абавязак перад цяперашнім і будучымі пакаленьнямі — захаваць краіну» // Зьвязда. — 31 сьнежня 2020. — № 255 (29369). — С. 2.
  12. ^ Марыя Дадалка. «Нацыя можа разьвівацца толькі на пазытыўных ідэях і справах» // Зьвязда. — 5 сакавіка 2021. — № 42 (29411). — С. 2.
  13. ^ Надзея Бужан. Кіраўнік ГУБАЗіКа Карпянкоў дубінкай разносіць вітрыну кафэ // Партал «Наша ніва», 6 верасьня 2020 г. Праверана 30 чэрвеня 2021 г.
  14. ^ Видео жесткого задержания в кофейне O’Petit: силовики в гражданском разбили дверь и достали людей [Відэа жорсткага затрыманьня ў кавярні O’Petit: сілавікі ў цывільным разьбілі дзьверы і дасталі людзей]
  15. ^ а б Фігурант «справы 11-ці ўдзельнікаў чата»: Карпянкоў асабіста здымаў «пакаяльнае відэа» на камэру // Праваабарончы цэнтар «Вясна», 29 чэрвеня 2021 г. Праверана 30 чэрвеня 2021 г.
  16. ^ МАТЕРИАЛЫ ПО ЗАЯВЛЕНИЮ О ПРЕСТУПЛЕНИИ № 7352-6073-4883-8822 — Похищение и применение пыток к Хорошину М. Л. [Матэрыялы па заяве аб злачынстве № 7352-6073-4883-8822 — выкраданьне і катаваньне Харошына М. Л.] — Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў(ru)
  17. ^ Сьвятлана Ціханоўская запускае працэс прызнаньня ГУБАЗіК і АМАП тэрарыстычнымі арганізацыямі, Радыё Свабода, 20 лістапада 2020 р.
  18. ^ Латвия, Литва и Эстония добавили более 20 беларусов в санкционный список [Латвія, Летува і Эстонія дадалі больш за 20 беларусаў у санкцыйны сьпіс] — Мэдыязона, 20.11.2020
  19. ^ а б в Карпянкоў: «Мы створым лягеры для пратэстоўцаў» (рас.) // «Аб’яднаньне сілавікоў Беларусі» (Польшча), 15 студзеня 2021 г. Праверана 30 чэрвеня 2021 г.
  20. ^ Кто говорил про «лагерь для острокопытных» на слитой аудиозаписи? Мы получили результаты экспертизы (рас.). TUT.BY (2021-02-02). Праверана 2021-02-02 г. Архіўная копія ад 2021-02-02 г.
  21. ^ МГ. Эўразьвяз зацьвердзіў новы пакет санкцыяў супраць прадстаўнікоў Беларусі // Тэлеканал «Белсат», 21 чэрвеня 2021 г. Праверана 30 чэрвеня 2021 г.
  22. ^ COUNCIL IMPLEMENTING REGULATION (EU) 2021/997 — EUR-Lex(en), 21.06.2021
  23. ^ Declaration by the High Representative on behalf of the European Union on the alignment of certain third countries with the Council Decision (CFSP) 2021/1002 concerning restrictive measures in view of the situation in Belarus (анг.). Рада Эўрапейскага зьвязу (2021-07-06). Праверана 2021-09-10 г.
  24. ^ Treasury and International Partners Condemn Ongoing Human Rights Abuses and Erosion of Democracy in Belarus — Міністэрства фінансаў ЗША, 21.06.2021
  25. ^ OFAC Sanctions List Search, Міністэрства фінансаў ЗША
  26. ^ CONSOLIDATED LIST OF FINANCIAL SANCTIONS TARGETS IN THE UK (анг.). Office of Financial Sanctions Implementation HM Treasury (2021-06-25).
  27. ^ Consolidated Canadian Autonomous Sanctions List. Міністэрства міжнародных справаў Канады(en) (2015-10-19). Праверана 2021-06-29 г.
  28. ^ Searching for subjects of sanctions
  29. ^ «Запоем чытаў навіны „русского мира“ і крычаў, што на Кіеў трэба скінуць ядзерную бомбу». Што за людзі кіруюць ГУБАЗіКам, Радыё Свабода, 25 траўня 2022 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]