Грунвальдзкая бітва

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Грунвальдзкая бітва
Дата: 15 ліпеня 1410
Месца: Поле між вёскамі Грунвальд (Грунэфэльдэ), Стэнбарк (Танэнбэрг), Ульнова (Фаўлен) і Ладвігова (Людвігздорф)
Вынік: Вызначальная перамога войска ВКЛ і Польшчы
Супернікі
Вялікае Княства Літоўскае
Каралеўства Польскае
Літоўска-польскія васалы, хаўрусьнікі і найміты:[1]
Рутэнія,[2] Мазовія,[3] Малдавія,[4] Татары,[5] Чэхія, Багемія,[1] Маравія,[1] Валахія[6]
Тэўтонскі Ордэн, іншыя крыжакі і найміты з Заходняй Эўропы
Камандуючыя
Вітаўт Вялікі, літоўскі і польскі камандуючы [7]
Уладзіслаў II Ягайла,
фармальна галоўны камандуючы, ня ўдзельнічаў у бітве[1]
Лугвен
Джэлал ад-Дзін
Вялікі магістар Ульрых фон Юнгінген
Колькасьць
16 000 — 39 000[8]11 000 — 27 000[8]
Страты
4000—5000 загінулых
8000 параненых[9]
8000 загінулых
14 000 палонных
200—400 братоў Ордэну забітых

Гру́нвальдзкая бітва, Бітва пад Гру́нвальдамлетапісе 1446 годуДубро́венская бітва, у гістарычнай літаратуры — Танэнбэ́рская бітва[10]; польск. Bitwa pod Grunwaldem, лет. Žalgirio mūšis, укр. Грюнвальдська битва, ням. Schlacht bei Tannenberg) — вызначальная бітва Вялікай вайны 1409—1411 гадоў, якая адбылася 15 ліпеня 1410 году паміж саюзным літоўска-польскім і тэўтонскім войскамі. Саюз Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства пад кіраўніцтвам вялікага князя Вітаўта і адпаведна караля Ўладзіслава II Ягайлы здабыў вызначальную перамогу над войскам Тэўтонскага ордэну, якое кіравалася вялікім магістрам Ульрыхам фон Юнгінгенам. Большасьць крыжацкіх рыцараў была забітая або ўзятая ў палон. Нягледзячы на паразу, крыжакі вытрымалі аблогу сваёй сталіцы ў Марыенбургу (цяпер Мальбарк) і пацярпелі толькі мінімальныя тэрытарыяльныя страты ў выніку Торунскай дамовы 1411 году. Тэрытарыяльныя спрэчкі працягваліся да складаньня Мельнскага міру 1422 году. Тым ня менш, крыжакі не былі здольныя аднавіць ранейшую сілу Ордэну, і фінансавы цяжар рэпарацыяў прычыніўся да нутраных канфліктаў і эканамічнага спаду на крыжацкіх землях. Грунвальдзкая бітва пераразьмеркавала балянс сілаў ва Ўсходняй Эўропе і зазначыла ўзыход саюза Польшчы і ВКЛ да ўзроўню дамінуючай палітычна-вайсковай фармацыі ў рэгіёне.

У Грунвальдзкай бітве ад Літвы бралі ўдзел віленская, наваградзкая, берасьцейская, ваўкавыская, віцебская, гарадзенская, дарагічынская, кіеўская, ковенская, крамянецкая, лідзкая, медніцквая, мельніцкая, пінская, полацкая, троцкая, тры смаленскія, старадубская ды іншыя харугвы. Разам, з 40 літоўскіх харугваў, 28 былі з этнічнай тэрыторыі беларусаў[11][12]. Усе яны выступілі пад гербам Пагоняй, апрача 10 вялікакняскіх, якія выступілі пад гербам Калюмнамі[13].

Грунвальдзкая бітва была адной з найбуйнейшых бітваў Сярэднявечнай Эўропы і разглядаецца за найважнейшую перамогу ў гісторыі Польшчы і Літвы[14]. Бітву атачалі рамантычныя легенды і нацыяналістычная прапаганда, якая рабіла яе яскравым сымбалем змаганьня супраць захопнікаў і крыніцай нацыянальнай гордасьці. Цягам XX стагодзьдзя бітва выкарыстоўвалася нацысцкай і савецкай прапагандамі. Толькі ў апошнія дзесяцігодзьдзі гісторыкі наблізіліся да непрадузятай, навуковай ацэнкі бітвы, узгадняючыся з папярэднімі гістарычнымі крыніцамі, якія ў кожнай нацыі моцна адрозьніваюцца.

Назвы і крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Назвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бітва мела месца на тэрыторыі манаскай дзяржавы Тэўтонскага ордэну паміж трыма вёскамі: Грунвальд (на захад), Танэнбэрг (на паўночны ўсход) і Ладвігова (на поўдзень). Ягайла ўзгадваў гэтае месца па-лацінску як «in loco conflictus nostri, quem cum Cruciferis de Prusia habuimus, dicto Grunenvelt»[15]. Пазьнейшыя польскія летапісцы інтэрпрэтавалі слова «Grunenvelt» як «Grünwald» (Грунвальд), што па-нямецку азначае «зялёны лес». Летувісы пасьледвалі за традыцыяй і пераклалі гэтую назву як «Žalgiris». Немцы назвалі бітву Танэнбэрскай ад назвы вёскі Tannenberg (ням. піхтавы ўзгорак). Літоўскі летапіс 1446 году называе бітву Дубровенскай — па назьве бліжэйшага гораду Дуброўна[16] (польск. Dąbrówno}.

Такім чынам, існуюць некалькі асноўных назваў гэтае бітвы: бел. Дубровенская бітва, ням. Schlacht bei Tannenberg, польск. Bitwa pod Grunwaldem, лет. Žalgirio mūšis. Назвы бітвы ў мовах іншых народаў, якія ўдзельнічалі ў бойцы, уключаюць укр. Грюнвальдська битва, рас. Грюнвальдская битва, чэск. Bitva u Grunvaldu, рум. Bătălia de la Grünwald.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ананімны ліст, датычны Вялікай Бітвы (датаваны паміж 1411 і 1413), зьяўляецца адной зь нешматлікіх тагачасных крыніцаў

Існуе няшмат надзейных крыніцаў датычна Грунвальдзкай бітвы, і большасьць зь іх польскія. Самай важнай і дакладнай крыніцай па гэтай тэме зьяўляецца «Cronica conflictus Wladislai regis Poloniae cum Cruciferis anno Christi 1410», якая была напісаная не пазьней як праз год пасьля бітвы ейнай сьведкай[17]. Аўтарства хронікі застаецца нявысьветленым, але на месца аўтара ўжо былі прапанаваныя такія кандыдатуры, як польскі канцлер Мікалай Труба і сакратар Ягайлы Зьбігнеў Алясьніцкі[18]. Хоць арыгінальная «Cronica conflictus» не дайшла да нашых дзён, з XVI стагодзьдзя захаваўся кароткі пераказ хронікі. Другой асноўнай гістарычнай крыніцай пра падзеі Грунвальдзкай бітвы зьяўляецца «Historia Poloniae» польскага гісторыка Яна Длугаша (1415—1480)[18]. Гэта дэтальны і ўсебаковы даклад, напісаны празь некалькі дзесяцігодзьдзяў пасьля бітвы. Пэўнасьць крыніцы церпіць ня толькі ад вялікага прамежку часу паміж падзеямі і датай напісаньня самой хронікі, але і ад прадузятага стаўленьня Длугаша да літоўцаў[19]. Дадатковай гістарычнай крыніцай зьяўляецца «Banderia Prutenorum» — летапіс XV стагодзьдзя з выявамі і лацінскімі подпісамі крыжацкіх штандараў падчас бітвы, адлюстраванымі ў Вэвэльскім саборы. Іншыя польскія крыніцы ўключаюць у сябе два лісты, напісаных Ягайлам сваёй жонцы Ганьне Цэльскай і познанскаму біскупу Войцэху Ястшэмбцу, а таксама лісты Ястшэмбца да палякаў у Сьвятым Прастоле[19]. Нямецкія крыніцы ўключаюць у сабе невялікую згадку ў хроніцы Ёгана фон Пасілге. Ананімны ліст, які апісвае важныя дэталі літоўскіх манэўраў, напісаны паміж 1411 і 1413 гадамі, быў знойдзены швэдзкім гісторыкам Свэнам Экдахлем[20][21].

Гістарычны кантэкст[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літоўскі паход і літоўска-польская унія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літвіны змагаюцца з Тэўтонскімі рыцарамі. Фрэска сярэдзіны 14 стагодзьдзя з замку ў Мальбарку
Тэрыторыя Дзяржавы Тэўтонскага ордэну паміж 1260 і 1410; месцы і даты буйнейшых бітваў, уключаючы Грунвальдзкую бітву, пазначаныя перакрыжаванымі чырвонымі мячамі

У 1230 годзе тэўтонскія рыцары, крыжацкі ваенны ордэн, перамясьціліся ў Кульмэрлянд і распачалі Прускі крыжовы паход супраць паганскіх прускіх кланаў. Пры падтрымцы Папы і імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі тэўтоны заваявалі і перавялі ў хрысьціянства большасьць прусаў да 1280 году, пасьля чаго зьвярнулі сваю ўвагу на паганскае Вялікае Княства Літоўскае. Амаль на працягу ста гадоў крыжакі рабілі набегі на літоўскія землі, асабліва Жамойць, бо яна аддзяляла тэўтонаў ад іх адгалінаваньня ў Лівоніі. Прыгранічныя рэгіёны пераўтварыліся ў незаселеныя пустэчы, але крыжакі дамагліся толькі нязначных тэрыторыяў. Літоўцы ўпершыню адмовіліся ад Жамойці ў часы Грамадзянскай вайны ў ВКЛ 1381—1384 гадоў паводле Дубіскай дамовы.

У 1385 годзе вялікі князь літоўскі Ягайла паводле ўмоваў Крэўскай уніі ўзяў шлюб з польскай каралевай Ядзьвігай Анжуйскай. Ягайла прыняў хрост і быў каранаваны каралём польскім, тым самым стварыўшы дынастычную унію паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польскім Каралеўствам. Афіцыйная хрысьціянізацыя Літвы пазбавіла Ордэн рацыянальнага абгрунтаваньня сваіх дзеяньняў у рэгіёне[22]. Тэўтонскі вялікі магістар Конрад Цёльнэр фон Ротэнштайн пры падтрымцы вугорскага караля Жыгімонта Люксэмбурскага выступіў публічна, ставячы пад сумнеў шчырасьць Ягайлавага пераходу ў хрысьціянства. Тэрытарыяльныя дыспуты наконт Жамойці, якая ўжо была ў руках крыжакоў з часоў Рацёнскага дагавору 1404 году, працягнуліся і далей. Польшча таксама вяла тэрытарыяльныя спрэчкі з Ордэнам наконт Добжынскай зямлі і Данцыга (Гданьска), але ў цэлым дзьве дзяржавы знаходзіліся ў перамір’і паводле Каліскага міру 1343 году[23]. Канфлікт таксама тлумачыўся гандлёвымі меркаваньнямі: крыжакі кантралявалі калены трох буйных рэк (Нёмана, Віслы і Дзьвіны) у Польшчы і Літве[24].

Вайна, перамір'е і падрыхтаваньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У траўні 1409 году выбухнула паўстаньне на падуладнай тэўтонам Жамойці. Літва падтрымала паўстаньне, а крыжакі, у сваю чаргу, пагразілі ўварваньнем. Польшча абвясьціла аб сваёй падтрымцы пазыцыі Літвы і ў адказ пагразіла ўварваньнем у Ордэн. Як толькі прускія войскі эвакуяваліся з Жамойці, тэўтонскі вялікі магістар Ульрых фон Юнгінген 6 жніўня 1409 году абвясьціў вайну Польскаму Каралеўству і Вялікаму Княству Літоўскаму[25]. Крыжакі спадзяваліся перамагчы Польшчы і Літву паасобку і пачалі з набегаў на Вялікую Польшчу і Куявію, захопліваючы палякаў без папярэджаньня[26]. Крыжакі спалілі замак у Добжыну (Добжын-над-Віслай), захапілі Баброўнікі пасьля чатырнаццацідзённай аблогі, заваявалі Быдгашч і некалькі невялікіх мястэчак[27]. Палякі арганізавалі контрнаступленьне і вярнулі сабе Быдгашч[28]. Жмудзіны атакавалі Мэмэль (Клайпеда)[26]. Зрэшты, ніводны з бакоў ня быў гатовы да поўнамаштабнай вайны.

Рымскі кароль Вацлаў IV пагадзіўся ўрэгуляваць канфлікт. Мірнае пагадненьне было падпісанае 8 кастрычніка 1409 году тэрмінам да 21 чэрвеня 1410 году[29]. Абодва бакі выкарысталі гэты час для падрыхтаваньня да наступнай бітвы, зьбіраючы войскі і займаючыся дыпляматычнымі манэўрамі. Абодва бакі дасылалі лісты і дыпляматычныя місіі ў краіны хрысьціянскага сьвету, абвінавачваючы адзін аднаго ў шматлікіх парушэньнях і пагрозах. Вацлаў IV, атрымаўшы ад крыжакоў дарунак у 60 000 флёрынаў, абвясьціў, што Жамойць паўнапраўна належыць крыжакам, і толькі Добжынская зямля мусіць быць вернутая Польшчы[30]. Крыжакі таксама заплацілі 300 000 дукатаў імпэратару Сьвятой Рымскай імпэрыі Жыгімонту, які меў погляды на Малдаўскае княства, за яго вайсковую падтрымку[30]. Жыгімонт паспрабаваў разьбіць літоўска-польскі альянс, прапаноўваючы Вітаўту каралеўскую карону; прыняцьце Вітаўтам такой прапановы парушыла б умовы Востраўскага пагадненьня і выклікала б літоўска-польскія рознагалосьсі[31]. Адначасова Вітаўт здолеў дамагчыся перамір’я зь Лівонскім ордэнам.

Да сьнежня 1409 году Ягайла і Вітаўт дамовіліся наконт агульнай стратэгіі: іхнія арміі мусілі аб’яднацца ў адну буйную сілу і рушыць у напрамку да Марыенбургу (Мальбарк), сталіцы Тэўтонскага ордэну[32]. Крыжакі, узяўшы абарончую пазыцыю, не чакалі супольнай літоўска-польскай атакі і пачалі рыхтавацца да падвойнага наступленьня — з боку палякаў, уздоўж Віслы ў напрамку да Данцыгу (Гданьск), і з боку літвінаў, уздоўж Нёману ў напрамку да Рагніту (Неман)[3]. Каб процістаяць гэтай пагрозе, Ульрых фон Юнгінген засяродзіў свае сілы ў Швэцы (Сьвэце), у цэнтральным пункце, адкуль тэўтонскія войскі маглі даволі хутка зрэагаваць на ўварваньне зь любога боку[33]. Вялікія гарнізоны былі пакінутыя ва ўсходніх замках Рагніту, Рэйна (Рын) каля Лётцэна (Гіжыцка) і Мэмэля (Клайпеда)[3]. Дзеля таго, каб трымаць свае пляны ў сакрэце, Ягайла і Вітаўт арганізавалі некалькі набегаў на памежныя тэрыторыі, тым самым прымушаючы крыжакоў трымаць іхнія войскі на месцы[32].

Падрыхтоўка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пры канцы 1409 году Вітаўт зь Ягайлам на таемнай нарадзе ў Берасьці выпрацавалі дэталёвы плян будучых ваенных дзеяньняў. Усю зіму і вясну ішла падрыхтоўка. У пушчах ладзіліся паляваньні, каб назапасіць мяса дзічыны для шматтысячных войскаў. А ў канцы траўня 1410 году ў Горадні пачалі зьбірацца харугвы з усяго Вялікага Княства — зь Беларусі, паўночнай Украіны і Жмудзі. Да іх далучыліся загоны татарскіх вершнікаў, аддзелы іншых хаўрусьнікаў[34].

Сілы бакоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Розныя падлікі сілаў бакоў[8]
Гісторык Літоўскі Польскі Тэўтонскі
Карл Хэвэкер і
Ганс Дэльбрук
16 500 11 000
Яўген Разін[35] 16 000 — 17 000 11 000
Макс Оэхлер 23 000 15 000
Ежы Охманскі 22 000 — 27 000 12 000
Свэн Экдахл 20 000 — 25 000 12 000 — 15 000
Анджэй Надольскі 10 000 20 000 15 000
Ян Дамброўскі 8000 — 11 000 15 000 — 18 000 19 000
Зыгмант Кіяўпа[36] 11 000 18 000 15 000 — 21 000
Марыян Біскуп 10 000 — 11 000 19 000 — 20 000 21 000
Дэніел Стоўн[22] 11 000 27 000 21 000
Стэфан Кучынскі 39 000 27 000

Складана вызначыць дакладную колькасьць жаўнераў, якія прымалі ўдзел у бітве[5]. Ніводная з тагачасных гістарычных крыніцаў не зьмяшчае дакладнага вайсковага ліку бакоў. Ян Длугаш у сваіх працах пералічвае колькасьць харугваў, асноўных адзінак кожнай кавалерыі: 51 у тэўтонаў, 50 у палякаў і 40 у літоўцаў[37]. Зрэшты, так і не зразумела, колькі чалавек было пад кожнай харугвай. Структура і колькасьць пяхотных войскаў (лучнікаў, арбалетчыкаў і ўзброеных пікамі), як і артылерыйскіх войскаў, невядома таксама. Колькасныя падлікі, зробленыя рознымі гісторыкамі, часта неаб’ектыўныя з-за палітычных і нацыянальных прадузятых меркаваньняў[5]. Нямецкія гісторыкі маюць тэндэнцыю да паказу меншых вайсковых лічбаў, тым часам як польскія гісторыкі схіляюцца ў бок перавышаных падлікаў[8]. На канчатковы прафэсійны падлік польскага гісторыка Стэфана Кучынскага ў 39 000 літоўска-польскіх 21 000 тэўтонскіх рыцараў[37] заходняя літаратура спасылаецца ў якасьці «агульнапрызнанага»[5][6][38].

Саюзныя войскі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасная рэканструкцыя адзеньня і брані, якую насіла літоўская цяжкая пяхота ў XIV—XV ст.

Аснову войска Вялікага Княства складалі 40 харугваў, у большасьці зь якіх пераважалі продкі сучасных беларусаў[39]: Амсьціслаўская, Аршанская, Берасьцейская, Ваўкавыская, Віленская, Віцебская, Гарадзенская, Дарагічынская, Лідзкая, Магілёўская, Медніцкая, Наваградзкая, Пінская, Полацкая, Слуцкая, Смаленская, Старадубская, Троцкая і інш.[39] Трыма харугвамі са Смаленскскай зямлі (Смаленская, Амсьціслаўская і няпэўнай прыналежнасьці) камандаваў брат Ягайлы Лугвен[40]. З этнічна летувіскіх зямель у гістарычных крыніцах згадваецца адна Ковенская харугва, з украінскіхКіеўская, Крамянецкая, Луцкая, Ратненская, Уладзімерская[39]. У склад літоўскага войска таксама ўваходзіў кантынгент татараў Заладой Арды пад камандаваньнем мірзы Джэлал ад-Дзіна[2].

Польскае войска складалася з 51 харугвы. У ім былі сем харугваў з Галіцкай Украіны і харугвы наймітаў з Багеміі і Маравіі. З чэхаў складаліся дзьве паўнавартасныя харугвы пад камандаваньнем Яна Сокала з Ламберка[1]. Адным са служачых сярод чэскага войска быў Ян Жыжка, будучы кіраўнік гусіцкага руху. Аляксандар I Добры камандаваў малдаўскімі войскамі[4].

Галоўным камандуючым літоўска-польскага войска фармальна быў названы кароль Ягайла; тым ня менш, ён ня ўдзельнічаў у бітве, таму як быў заняты малітвамі. Літоўскія рыцары кіраваліся выключна вялікім князем Вітаўтам, які зьяўляўся намесьнікам галоўнага кіраўніка і дапамагаў у распрацоўцы галоўнай стратэгіі кампаніі. Вітаўт актыўна ўдзельнічаў у самой бітве, кіруючы як літоўскімі, так і польскімі войскамі[7].

Войска Тэўтонскага Ордэну[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Міхал Андрыёлі. «Крыжакі», 1895.

З 27 тысячаў воінаў кіраўніцтва Ордэну сфармавала 51 тактычнае падразьдзяленьне — харугвы («знамёны»)[41]. Тэарэтычна, сярэдняя колькасьць адной — 530 чалавек, але практычна ў адных набіралася да тысячы байцоў, тады як у іншых — ня больш за 300[41]. Будучы ў колькаснай меншасьці, тэўтонскае войска мела перавагі ў дысцыпліне, ваенным падрыхтаваньні і пераўзыходзячай вайсковай амуніцыі[35]. Іхняя цяжкая кавалерыя была адной з найлепшых у Эўропе. Тэўтонскае войска аснашчалася бамбардамі, якія маглі страляць сьвінцовымі і каменнымі ядрамі[35]. Літоўска-польскі і тэўтонскі бакі складаліся з войскаў розных краінаў і земляў, уключаючы шматлікіх наймітаў; напрыклад, багемскія рыцары змагаліся на кожным з бакоў[42]. Тэўтоны таксама запрашалі добраахвотных воінаў. Прадстаўнікі дваццаці двух розных народаў, у пераважнай большасьці германскіх і розных частак Сьвятой Рымскай імпэрыі, далучыліся да тэўтонскага боку[43]. Крыжацкія рэкруты прадстаўлялі сабой жаўнераў з Вэстфаліі, Фрызіі, Аўстрыі, Швабіі[42] і Штэтына (Шчэцін)[44] пад началам князя Казімера Шчэцінскага. Наёмныя аддзелы крыжакоў фармаваліся з чэхаў, мараваў, швайцарцаў. Вугорскія дваране надаслалі для тэўтонаў 200 воінаў[45], але падтрымка з боку імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі Жыгімонта была неістотнай[46].

Вялікі маршал Фрыдрых фон Валенродэ кіраваў левым флянгам ордэнскага войска (супраць войска ВКЛ), правым флянгам кіраваў вялікі комтур Куна фон Ліхтэнштайн (супраць войска Польшчы)[47]. На галоўнай харугве Ордэну быў адлюстраваны чорны крыж з арлом у цэнтры на белым полі.

Ваенны паход у Прусію[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мапа ваенных перамяшчэньняў у Грунвальдзкай кампаніі

Паводле першага этапу Грунвальдзкай кампаніі ўсе літоўска-польскія войскі сабраліся пад Чэрвінскам, у вызначаным месцы за 80 км ад прускай мяжы, дзе саюзнае войска перайшло празь Віслу па пантонным мосьце[48]. Гэты манэўр, які патрабаваў строгай вызначанасьці і імпэту сярод поліэтнічнага літоўска-польскага войска, быў выкананы прыкладна за тыдзень з 24 чэрвеня па 30 чэрвеня 1410 году[3]. Польскія салдаты зь Вялікай Польшчы сабраліся ў Познані, а салдаты з Малой Польшчы — у Вольбужы. 24 чэрвеня 1410 году Ягайла і чэскія найміты прыбылі ў Вольбуж[3]. Праз тры дні польскае войска ўжо знаходзілася ля вызначанага месца пад Чэрвінскам.

Літоўскае войска выступіла зь Вільні 3 чэрвеня 1410 году. Пазьней да яго далучыліся русінскія палкі ў Гародні[3]. Яны прыбылі ў Чэрвінск у той самы дзень, калі палякі перасяклі раку. Пасьля перасячэньня да літоўска-польскага войска далучыліся мазавецкія войскі Земавіта IV і Януша Варшаўскага[3].

3 ліпеня 1410 году масіўная армія пачала свой рух на поўнач у напрамку да Марыенбургу (Мальбарк), сталіцы Прусіі. 9 ліпеня пруская мяжа была перасечаная[48].

Пераход празь Віслу заставаўся тайнай для крыжакоў, пакуль вугорскія дыпляматычныя прадстаўнікі, якія спрабавалі дамовіцца аб перамір’і, не раскрылі гэты факт вялікаму тэўтонскаму магістру[49], у які той спачатку не паверыў[50]. Аб’яднаньне войскаў Вітаўта і Ягайлы стала для магістра поўнай нечаканасьцю[50]. Магістар зьвярнуўся да вугорскіх паслоў са словамі:

Гэта лухта, і ўсё, што адважыўся распавесьці гэты чалавек, вельмі падобна на выдумку. Бо надзейныя нашы віжы прынесьлі вестку, што польскі кароль знаходзіцца і разьяжджае каля Віслы і спрабуе, праўда, але не ў сілах пераправіцца цераз яе. Ужо шмат яго вояў пры спробе перайсьці яе ўброд загінула ў хвалях: Вітаўт жа стаіць каля ракі Нараў і не асьмеліцца перайсьці яе[51].

Як толькі Ульрых фон Юнгінген пераканаўся ў літоўска-польскіх намерах, ён пакінуў 3000 рыцараў у Шэвэцы (Сьвэце) пад камандваньнем Генрыха фон Пляўэна[52] і адаслаў асноўнае войска арганізоўваць абарончую лінію на рацэ Дрвэнца каля Кужэтніку[53]. Пераход праз раку быў умацаваны астрогам[54].

11 ліпеня 1410 году пасьля паседжаньня ваеннага савету[55] Ягайла выступіў супраць пераходу праз раку ў такім моцна абароненым месцы. Замест гэтага войска мусіла абысьці пераход праз раку, паварочваючы на ўсход, у напрамку да вытокаў Дрвэнцы па дарозе паміж Пінскай пушчай і Аструдзкімі азёрамі[56], дзе больш ніякіх буйных рэк не аддзяляла яго войска ад Марыенбургу[53]. Рушэньне працягнулася на ўсход у напрамку да Дзялдава безь ніякіх спробаў захапіць горад[57]. Тэўтонскае войска ішло па Дрвэнцы на поўнач, перасякло яе каля Любавы і пасьля рушыла на ўсход паралельна літоўска-польскаму войску. Апошняе ўжо спустошыла вёску Гільгенбург (Дуброўна)[58]. Фон Юнгінген быў настолькі разьюшаны жорсткасьцю саюзных войскаў, што пакляўся перамагчы захопнікаў у бітве[59].

Хада бітвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Перад бітвай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На золку 15 ліпеня 1410 году абодва войскі сустрэліся на тэрыторыі, якая займае прыкладна 4 км² паміж вёскамі Грунфэльд (Грунвальд), Танэнбэрг (Стэнбарк), Людвігздорф (Людвігава)[60] і Фаўлен (Ульнова)[16]. Тутэйшыя пакатыя пагоркі вышынёй больш як 200 м над узроўнем мора падзяляліся даволі шырокімі далінамі. З трох бакоў месца бітвы было акружана лясамі. Хохмайстар, дакладна вылічыўшы маршрут ворага, першы прыбыў сюды з войскамі і прыняў меры для ўмацаваньня пазыцыі. Былі выкапаныя і замаскаваныя «воўчыя ямы»-пасткі, расстаўлены гарматы, арбалетчыкі і лучнікі. Ульрых фон Юнгінген разьлічваў затрымаць варожую коньніцу каля перашкодаў, засыпаць яе стрэламі з гармат, арбалетаў і лукаў. Адбіўшы такім чынам атаку і нанёсшы ворагу страты, кінуць у бой сваю коньніцу. Хохмайстар слушна імкнуўся такімі тактычнымі хітрасьцямі неяк кампэнсаваць перавагу саюзных войскаў у колькасьці.

Абодва войскі выстраіліся ў процілежныя лініі ўздоўж паўночна-ўсходняй восі. Літоўска-польскае войска разьмясьцілася сьпераду і з усходу ад Людвігздорфу і Танэнбэргу[61]. Польская цяжкая кавалерыя ўтварыла левы флянг, літоўская лёгкая кавалерыя ўтварыла правы, шматлікія наёмніцкія войскі разьмясьціліся па цэнтры.

Перад пачаткам бою войскі сталі ў тры баявыя лініі. Першая — авангард, другая — вальны гуф, дзе знаходзіліся галоўныя сілы, трэцяя — вальны гуф з рэзэрвам. Харугвы разьмясьціліся баявым клінам зь лепшымі ваярамі ў цэнтры і па бакох. Кожная баявая лінія складалася з 15—16 харугваў[62].

Войска крыжакоў разьмясьцілася ў дзьве баявыя лініі. Трэцяя лінія засталася з магістрам фон Юнгінгенам у рэзэрве. Тэўтонскія рыцары сканцэнтравалі сваю элітную цяжкую кавалерыю пад камандаваньнем грандмаршала Фрыдрыха фон Валенродэ супраць літоўцаў[60]. Яна разьмясьцілася ля мястэчка Танэнбэрг. Правае крыло разьмяшчалася насупраць польскага войска, яго ўзначаліў вялікі комтур Куна фон Ліхтэнштэйн[63].

«Уладзіслаў Ягайла i Вітаўт моляцца перад бітвай» Ян Матэйка

Крыжакі, якім удалося першымі падрыхтаваць сваё войска да бітвы, спадзяваліся справакаваць палякаў і літоўцаў атакаваць першымі. Іхнія палкі, апранутыя ў цяжкую браню, мусілі стаяць пад пякучым сонцам па некалькі гадзінаў, чакаючы нападзеньня[64]. У адной хроніцы дапушчалася, што войскі мелі шурфы («воўчыя пасткі»), у якія нападаючае войска мусіла ўпасьці[65]. Яны таксама спрабавалі выкарыстаць гарматную зброю, але імжысты дождж увільгатніў порах, і ў выніку было зроблена толькі два гарматныя стрэлы[64]. Ягайла не сьпяшаўся пачынаць атаку і саюзнае войска чакала сымбалічнай каманды. Польскі кароль у той час маліўся ў паходнай капліцы (ён адстаяў дзьве імшы запар) і, як піша Длугаш, увесь час плакаў[66]. Скончыўшы маліцца, Ягайла ўзьехаў на ўзгорак, спусьціўся да яго падножжа і пачаў рукапалагаць у рыцары некалькі сотняў маладых воінаў. Неўзабаве пасьля Ягайлавай прамовы новапаложаным рыцарам ад Ордэну прыбылі два герольда[66]. У аднаго на грудзі быў знак Сьвятой Рымскай імпэрыі — чорны арол на залатым полі, у іншага — герб князёў Шэцінскіх: чырвоны грыф на белым полі. Герольды прынесьлі два аголеных мяча — ад вярхоўнага магістра Юнгінгена каралю Ўладзіславу і ад вялікага маршала Валенрода вялікаму князю Вітаўту — і на словах перадалі выклік на бітву. Мячы мусілі азначаць абразу і правакацыю[67] ў бок літоўскага і польскага манархаў. Гэткі дзёрзкі выклік меў мэтай пабудзіць саюзьнікаў першымі пайсьці ў наступленьне[66]. Вядомыя як «Грунвальдзкія мячы», яны сталіся аднымі з нацыянальных сымбаляў Польшчы як аплаканыя самім польскім каралём.

Пачатак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Не дачакаўшыся загаду Ягайлы, Вітаўт адразу пасьля таго, як крыжакі адкрылі агонь з бамбардаў, паслаў у наступленьне татарскую коньніцу, якая знаходзілася на правым флянгу[68]. Першая лінія літоўскага войска, якая складалася зь цяжкіх конных воінаў (так званых вершнікаў) з клічам «Вільня!» рушылі ўсьлед за татарамі[68]. Частка татарскіх коньнікаў зь першых шэрагаў правалілася ў «воўчыя пасткі», дзе яны загінулі або атрымалі сур’ёзныя раненьні, аднак дзякуючы разгорнутаму шэрагу большасьць коньнікаў прамінулі ваенныя шурфы[69]. Вершнікі ВКЛ атакавалі харугвы вялікага маршала Фрыдрыха фон Валенрода і, каб уклініцца ў баявыя шэрагі крыжакоў зь цяжкімі дасьпехамі, мусілі скідваць суперніка з каня альбо забіваць яго адразу. З гэтай мэтай татары выкарыстоўвалі арканы, а вершнікі — дзіды з круччамі[70].

Прыкладна праз гадзіну баявога сутыкненьня маршал Валенрод загадаў сваім рыцарам ісьці ў контрнаступленьне[71]. Каб пазьбегнуць разгромнай атакі цяжкаўзброеных нямецкіх рыцараў, татары і вершнікі адарваліся ад суперніка і рушылі ў кірунку на паўночны-захад ад Танэнбэрга[71]. Пачалося літоўскае адступленьне.

Дасьледчыкі ацэньваюць гэты ход неадназначна[72]. Адныя (збольшага польскія і расейскія аўтары) разглядаюць адступленьне літоўцаў як уцёкі, іншыя (пераважна літоўска-беларускія і летувіскія аўтары) кажуць аб тактычным манэўры Вітаўта, якому той навучыўся ў татараў пасьля бітвы на Ворскле[72].

Адступленьне войска ВКЛ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адступленьне літоўскага войска
Міхал Андрыёлі. «Паварот літвінаў», 1892. Нацыянальны музэй Варшавы.

Апынуўшыся на пэўны час сам-насам з крыжакамі, пад іх націскам частка літоўскіх аддзелаў пачала адступаць. Ян Длугаш апісаў гэтую падзею поўным зьнішчэньнем усяго літоўскага войска. Паводле Длугаша, крыжакі палічылі, што перамога ўжо іхняя, таму яны кінуліся ў неарганізаваную пагоню за адступаючымі літоўцамі, расьцярушыўшы свой баявы парадак, каб захапіць болей трафэяў перад тым, як вярнуцца на поле бою дзеля працягу змаганьня з польскімі палкамі[73]. Аднак ён не зрабіў ніякай згадкі пра тых літоўцаў, якія вярнуліся на поле бою. Такім чынам, Ян Длугаш адлюстраваў Грунвальдзкую бітву, як перамогу Польшчы без староньняй дапамогі[73]. Гэты погляд быў аспрэчаны сучаснымі гісторыкамі. Яны выказалі меркаваньне, што адступленьне было сплянаваным, стратэгічным манэўрам, пазычаным у Залатой Арды[73]. Такое ж аблуднае адступленьне выкарыстоўвалася ў бітве пад Воркслай у 1399 годзе, дзе літоўскае войска пацярпела разгромнае паражэньне, і Вітаўт ледзьве ўцёк жывым[74]. Такое меркаваньне абапіраецца на нямецкі ліст, знойдзены і апублікаваны швэдзкім гісторыкам Свэнам Экдахлам у 1963 годзе[75]. Ліст раіў новаму вялікаму магістру сачыць за аблуднымі адступленьнямі накшталт тых, які выкарыстоўваліся ў Вялікай Бітве[21]. Стэфэн Торнбул сьцьвярджаў, што літоўскае адступленьне не зусім падпадала пад формулу аблуднага адступленьня, якое ўжо прымянялася. Такое адступленьне звычайна ставіцца адной ці дзьвюма вайсковымі часьцямі (у процілегласьць усяму астатняму войску), якое хутка перацякае ў контратаку[76].

Частка крыжацкіх войскаў, што пагналася за ўцекачамі, была акружаная і зьнішчаная каля літоўскага табару («вагенбургу»). Паводле загаду Вітаўта, князь Лугвен Альгердавіч зь яго чатырма харугвамі (Мсьціслаўскай, Наўгародзкай, Аршанскай і Смаленскай), якія знаходзіліся непадалёк ад правага флянгу польскага войска, павінен быў любымі сродкамі ўтрымаць сваю пазыцыю, каб прыкрыць палякаў ад удару ў бок і сьпіну[77]. Тры вялікалітоўскія палкі і наўгародзкія найміты выканалі гэтую задачу, панесшы значныя вайсковыя страты, а адзін зь іх быў зьнішчаны цалкам[77].

Польска-тэўтонская бітва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Правафлянгавая літоўска-польская атака

У той час, як літоўскія войскі выконвалі адступаючы манэўр, пачалася буйная бітва паміж польскімі і тэўтонскімі сіламі. Крыжакі пад камандаваньнем вялікага комтура Куны фон Ліхтэнштайна сканцэнтраваліся на правым польскім флянгу. Шэсьць харугваў фон Валенрода не пабеглі ўвасьлед за літоўцамі, а далучыліся да атакі на польскія харугвы[36]. Надзвычай каштоўным трафэем зьяўлялася каралеўская харугва Кракава. Здавалася, што крыжакі ўжо пачынаюць атрымліваць тактычную перавагу, і ў адзін момант каралеўскі каронны харунжы Марцін з Врацімавіцаў нават выраніў кракаўскую харугву[78] з выявай белага арла. Аднак яна тут жа была падхопленая ізноў. Тэўтоны ўспрынялі гэтае падзеньне як божы знак і пачалі сьпяваць велікодны гімн «Christ ist erstanden von der Marte alle...»[79] (бел. Хрыстос уваскрэсе пасьля ўсіх пакутаў).

Польская цяжкая кавалерыя пранікае ўнутар

Нечакана пакінулі поле бою найміты з Чэхіі і Маравіі. Кіраўнік чэскіх і мараўскіх наймітаў Ян Сарноўскі быў паранены ў галаву. Пасьля гэтага яго ваяры (каля 300 чалавек) адыйшлі ад поля бою і спыніліся ў лесе[79]. Толькі пасьля таго, як каралеўскі падканцлер Мікалай Тромба прысароміў іх, воі вярнуліся ў бітву[80].

Ягайла разгарнуў свае рэзэрвовыя войскі — другую лінію яго арміі[36]. У магістра Ордэну Ульрыха фон Юнгінгена ў падмацаваньні знаходзіліся яшчэ 16 харугваў (прыкладна траціна крыжацкага войска), і на пятай гадзіне бойкі, убачыўшы, што літоўцы адступаюць, вырашыў, што зь імі ўсё скончана, і павёў свой рэзэрв у тыл палякам[81].

Ягайла разгарнуў свае апошнія сілы, трэцюю лінію яго арміі[36]. Рукапашны бой дайшоў да польскага камандваньня, і адзін крыжак, пазьней ідэнтыфікаваны як Люпольд ці Дэпольд Кёкерыц, кінуўся напрасткі да караля Ягайлы[82]. Сакратар Ягайлы Зьбігнеў Алясьніцкі выратаваў каралю жыцьцё. Атрымаўшы каралеўскую ласку, пазьней ён стаў адным з самых уплывовых людзей у Польшчы[22].

Акружэньне рыцарскага войска[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Грунвальдзкая бітва. Гравюра Марціна Бельскага з хронікі «Хроніка ўсяго сьвету», 1554 г.

У гэты час войскі вялікага князя ВКЛ Вітаўта, зьнішчыўшы крыжакоў, што прарваліся да ягонага абозу, перастроіліся і прыйшлі на дапамогу палякам, ударыўшы па крыжаках з тылу і флянгу[83]. Пасланыя ў абход польскія аддзелы пачалі акружаць правы флянг крыжакоў з захаду. Ударная група хохмайстра і правы флянг ордэнскай арміі акружаліся паасобку. Некаторы час яны яшчэ вытрымлівалі націск, але ўрэшце былі поўнасьцю акружаныя і разьбітыя. Спрабуючы прабіцца скрозь літоўскія шэрагі, быў забіты Ульрых фон Юнгінген[83]. Паводле Cronica conflictus, Дабеслаў з Алешніцы прабіў сваёй дзідай шыю вялікага магістра[83]. Длугаш сьцьвярджаў, што забойцам быў Мшчуй са Скрынна.

Атачоная і пакінутая без камандзіра, частка тэўтонскіх войскаў пачала адступаць да свайго лягеру. Здаліся рыцары Хэлмінскай зямлі. У бязвыхадным становішчы аддалі сваю харугву замежныя «госьці» — у жывых засталіся толькі 40 рыцараў. Урэшце перасталі супраціўляцца і астатнія з тых, хто застаўся жывым.

Геройскую сьмерць на полі бітвы прынялі амаль усе саноўнікі Тэўтонскага ордэну. Акрамя хохмайстра Ульрыха фон Юнгінгена загінулі ў акружэньні вялікі комтур Куна фон Ліхтэнштэйн, вялікі маршал Фрыдрых фон Валенрод, вялікі шатны, скарбнік, хэлмінскі, бежглоўскі, пакжыўніцкі, грудзяцкі, гнеўскі, нешаўскі, астродзкі, папоўскі, радзынскі і іншыя комтуры[80].

Канчатковая фаза[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Грунвальдзкая бітва. Гравюра з Бэрнэрскай хронікі Дыбалда Шылінга, 1474—1483 гг.

Адступленьне ацалелых тэўтонцаў да свайго лягера абярнулася супраць саміх крыжакоў, калі цывільныя найміты, якія сьледвалі разам з крыжацкім войскам, павярнуліся супраць сваіх гаспадароў і далучыліся да аблавы[84]. Пасьля тэўтоны збудавалі таборы: імі атачылі ўвесь лягер, што служыла імправізаваным умацаваньнем[84]. Зрэшты, абарона была хутка зьнішчаная, і лягер быў спустошаны. Паводле Cronica conflictus, больш рыцараў памерла там, чым на полі бою[84]. Бітва доўжылася цягам дзесяці гадзінаў[84]. Да ночы працягвалася пагоня за ўцекачамі. Усю ноч з 15 на 16 ліпеня войскі вярталіся з пагоні, везьлі палонных, захопленыя харугвы і здабычу.

Назаўтра, у сераду 16 ліпеня, на полі бою былі адшуканыя целы хохмайстра і яго паплечнікаў. Целы Ульрыха фон Юнгінгена і некалькіх галоўных кіраўнікоў ордэна адправілі для пахаваньня ў Мальбарк. Астатніх забітых, сваіх і чужых, пахавалі на месцы.

Тэўтонскія рыцары сьпісалі паражэньне на здраду Мікалаюс фон Рэніс (Мікалая з Рынска), камандзіра хэлмінскай харугвы, які пазьней быў абезгалоўлены без суда[85]. Ён быў заснавальнікам і лідэрам «Зьвязу Яшчаркі» — групы крыжакоў, што сымпатызавалі Польшчы. Паводле меркаваньня тэўтонаў, фон Рэніс апусьціў сваю харугву, што было прынятае за сыгнал да здачы і прывяло да пярэпалашнага адступленьня[86]. Легенда пра тое, што крыжакоў «ударылі нажом у сьпіну», адгукнулася пасьля Першай сусьветнай вайны ў легендзе пра ўдар нажом у сьпіну і перадвызначыла нямецкі гістарыяграфічны погляд на бітву ўсутыч да 1945 году[85].

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Людзкія страты і ваеннапалонныя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карціна бітвы з Бэрнэрскай хроніцы Шылінга Салятурна

Параза тэўтонскіх рыцараў сталася сэнсацыйнай. Каля 8000 тэўтонскіх воінаў былі забітыя[87] і яшчэ 14 000 былі ўзятыя ў палон[88]. Паводле тэўтонскай плацёжнай ведамасьці толькі 1427 чалавек адрапартавалі ў Марыенбург, каб атрымаць сваю грашовую выплату[88]. З 1200 чалавек, адасланых з Данцыгу, вярнуліся толькі 300. Паводле розных крыніцаў, ад 200 да 400 братоў Ордэну былі забітыя, уключаючы большасьць тэўтонскага камандаваньня — вялікага магістра Ульрыха фон Юнгінгена, вялікага маршала Фрыдрыха фон Валенродэ, вялікага комтура Куна фон Ліхтэнштайна, вялікага скарбніка Томаса фон Мэргайма, маршала забясьпечваючых войскаў Альбрэхта фон Швартцбурга і дзесяці комтураў[89]. Трое вяльможаў ордэна — Марквард фон Сальзбах, комтур брандэрбурскі, Юрген Маршалк, зброеносец вялікага магістра, і Генрых Шаўмбург, фогт ордэнскай правінцыі Самбія, былі пакараныя пасьля бітвы паводле загаду Вітаўта[88]. Пра забойства Шаўмбурга і Маршалка паведамляецца, што прычынай быццам бы паслужылі іх дзёрзкія паводзіны[90]. Марквард фон Зальцбах, яшчэ будучы паслом, абразіў Вітаўта[90]. Вітаўт, убачыўшы яго сказаў па-нямецку «Du bist hi Markward...» («Ты тут, Марквард...»)[90]. На гэта крыжак рэзка адказаў: «Так, і спакойна прыму тое, што мне прызначыў учорашні дзень. А табе, князь, тое ж можа прынесьці дзень сёньняшні ці заўтрашні, бо не ў тваёй сіле вызначыць лёс!»[90]. Разьюшаны Вітаўт падаў знак, комтура адвялі ў жыта і абезгаловілі, нягледзячы на пярэчаньні караля Ягайлы[90].

Целы фон Юнгінгена і іншых высокапастаўленых кіраўнікоў Ордэну былі перавезеныя для пахаваньня ў Марыенбурскі замак 19 ліпеня 1410 году[91]. Целы падначаленых афіцыйных асобаў Ордэну і дванаццаці польскіх рыцараў былі пахаваныя ў Танэнбэрскай царкве[91]. Астатніх памерлых пахавалі ў некалькіх брацкіх магілах. Адзіным прадстаўніком вышэйшага тэўтонскага камандаваньня, які ўцёк з поля бою, быў Вэрнэр фон Тэтынгер, комтур элбінскі (Эльблёнг)[88].

Літоўскія і пльскія сілы ўзялі некалькі тысячаў ваеннапалонных. Сярод іх былі князі Конрад VII Белы з Алесьніцы і Казімер V з Памяраніі[92]. Большасьць паспалітых жаўнераў і наймітаў былі вызваленыя неўзабаве пасьля бітвы на ўмове іх прыбыцьця ў Кракаў 11 лістапада 1410 году[93]. Толькі тыя, ад якіх можна было чакаць выплаты выкупу, заставаліся ў зьняволеньні. Былі адзначаныя істотныя выкупы: напрыклад, найміт Гольбрахт фон Лёйм мусіў заплаціць «шэсцьдзясят разоў суму ў 150 праскіх грошай», або больш за 30 кіляграмаў срэбрам[94].

Далейшая кампанія і мір[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля бітвы Марыенбурскі замак, які служыў сталіцай Тэўтонскага ордэну, быў у няўдалай двухмесячнай аблозе літоўска-польскімі войскамі

Пасьля бітвы пераможныя літоўска-польскія войскі адклалі сваю атаку на тэўтонскую сталіцу ў Марыенбургу (Мальбарку), застаўшыся на полі боя яшчэ на тры дні, і толькі пасьля рушылі да сталіцы Тэўтонскае дзяржавы, адольваючы ў сярэднім па 15 км за дзень[95]. Асноўныя саюзныя сілы прыбылі толькі 26 ліпеня 1410 году. Гэтая затрымка дала Генрыху фон Пляўэну дастаткова часу для фармаваньня абароны. Ягайла таксама адсылаў свае палкі да іншых тэўтонскіх замкаў, якія звычайна здаваліся без супраціву[96], уключаючы такія буйныя гарады, як Данцыг (Гданьск), Торн (Торунь) і Эльбінг (Эльблёнг)[97]. Толькі восем замкаў засталіся ў руках тэўтонцаў[98]. Асаджаючыя войскі чакалі капітуляцыі свайго ворага і не былі падрыхтаваныя да доўгатэрміновага бою з-за нястачы амуніцыі, баявога духу і церпячы разрослую эпідэмію дызэнтэрыі[99]. Крыжакі зьвярнуліся па дапамогу да сваіх саюзьнікаў. Імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі Жыгімонт, кароль рымскі і чэскі Вацлаў IV і Лівонскі ордэн паабяцалі фінансавую падтрымку і ваеннае падмацаваньне[100]. Аблога была зьнятая 19 верасьня 1410 году. Зрэшты, літоўска-польскія войскі пакінулі гарнізоны ў захопленых раней замках і вярнуліся дамоў. Неўзабаве крыжакі адваявалі гэтыя замкі. Да канца кастрычніка пад польскім кантролем засталіся толькі чатыры крыжацкія замкі[101]. Ягайла сабраў новае войска і нанёс чарговую паразу крыжакам у бітве пад Карановам 10 кастрычніка 1410 году. Пасьля невялікіх іншых бітваў абодва бакі пагадзіліся на перамовы.

Торунскі мір быў падпісаны ў 1411 годзе. Паводле яго ўмоваў крыжакі саступалі Добрынскую (Добжынскую) зямлю Польшчы і пагаджаліся пакінуць свае прэтэнзіі на Жамойць цягам жыцьця Ягайлы і Вітаўта[102], нягледзячы на тое, што дзьве іншыя вайны — Галодная вайна 1414 году і Голубская вайна 1422 году — будуць праведзеныя да падпісаньня Мельнскага міру, які назаўжды вырашыць тэрытарыяльныя спрэчкі[103]. Палякі і літвіны не былі здольныя пераўтварыць сваю ваенную перамогу ў тэрытарыяльную і дыпляматычную выгаду. Зрэшты, Торунскі мір наклаў цяжкі фінансавы цяжар на крыжакоў, ад якога яны так і не акрыялі. Крыжакі мусілі сплочваць кантрыбуцыі срэбрам. Іхняя сума складала, паводле падлікаў, дзесяцікротны гадавы даход караля Ангельшчыны, разьбіты па чатырох гадавых выплатах[102]. Каб пакрыць гэтыя выплаты, крыжакі пачалі інтэсіўна пазычаць грошы, канфіскоўваючы золата і срэбра з цэркваў і павышаючы падаткі. Два найбуйнейшыя прускія гарады, Данцыг (Гданьск) і Торн (Торунь), паднялі паўстаньне супраць павышэньня падаткаў[104]. Паражэньне пад Грунвальдам пакінула тэўтонскіх рыцараў без дастатковага ваеннага кантынгента, каб абараніць нават тыя тэрыторыі, якія засталіся. Ад часу, калі Польшча і Літва сталі хрысьціянскімі краінамі, тэўтоны мелі моцныя цяжкасьці з рэкрутаваньнем новых добраахвотных крыжацкіх рыцараў[105]. Тады вялікія магістры былі вымушаныя спадзявацца на наёмніцкія войскі, што моцна паменшыла і без таго вычарпаны бюджэт. Нутраныя канфлікты, эканамічны заняпад і павышэньне падаткаў прывялі да нестабільнасьці краіны і заснаваньня Прускай канфэдэрацыі ў 1441 годзе. Пазьней гэта прывяло да шэрагу канфліктаў, якія выліліся ў Трынаццацігадовую вайну 1454—1466 гадоў[106].

Значэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Марка Беларусі, выпушчаная да 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы

Паводле мірнай дамовы 1411 году Ордэн траціў частку польскіх земляў і выплочваў вялізную кантрыбуцыю. Да Вялікага Княства вярталася Жамойць. Праз паўстагодзьдзя крыжакі вымушаныя былі прызнаць вяршэнства польскага караля, а ў сярэдзіне XVI стагодзьдзя пад уладную руку Вільні папрасіліся і землі Лівонскага ордэну[34].

Грунвальдзкая бітва ўвайшла ў гісторыю як вялікая. Вялікая таму, што ніводная зь бітваў Сярэднявечча не зьбірала такой колькасьці воінаў — некалькі дзясяткаў тысячаў, і таму, што яна прадвызначыла далейшае разьвіцьцё многіх эўрапейскіх народаў і стала фіналам страшнага, больш чым двухсотгадовага супрацьстаяньня дзьвюх магутных сіл — славян і крыжацкіх заваёўнікаў.

Як прызнаў нямецкі гісторык Е. Войгт:

« Адзін дзень Грунвальда зьнішчыў хвалу і сілу Ордэна. Быў той дзень яго найвялікшай славы, рыцарскае мужнасьці, гераічнага духу, але разам з тым апошні дзень велічы, моцы і шчасьця. З ранку таго дня пачаўся ягоны заняпад на ўсе вякі »

—Е. Войгт, http://www.polska.ru/polska/historia/grunwald.html (рас.)

Грунвальдзкая бітва разьвеяла ўяўленьні аб нязломнасьці і непераможнасьці Тэўтонскага Ордэну. Яго палітычная і ваенная моц была зломленая. Удар для тэўтонцаў быў настолькі ашаламляльны, што землі ўсходніх славян пяць стагодзьдзяў ня ведалі нямецкай агрэсіі. Разгром крыжакоў павысіў аўтарытэт ВКЛ і Польшчы ў Заходняй Эўропе.

Нацыянальныя рэцэпцыі бітвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Грунвальдзкая бітва лічыцца адной з найважнейшых бітваў у польскай, літоўскай і летувіскай гісторыі[38]. Бітва зьяўлялася крыніцай нацыянальнага гонару ў часы рамантычнай эпохі і натхненьнем да супраціву германізацыйнай і русіфікацыйнай палітык нямецкай і расейскай імпэрыяў. Крыжакі маляваліся крыважэрнымі захопнікамі, а Грунвальд — заслужанай перамогай, якую дасягнула маленькая прыгнечаная нацыя[38].

У зводцы амэрыканскага гісторыка Ўільяма Урбана адзначана, што амаль на ўсе згадкі пра Грунвальдзкую бітву да 1960-х гадоў больш паўплывалі рамантычныя легенды і нацыяналістычная прапаганда, чым цьвярозы сэнс. З таго часу гісторыкі зрабілі значны ўклад у напрамку да непрадузятага навуковага падыходу і ўзгадненьня шматлікіх нацыянальных згадак пра бітву[107].

Польскае ўспрыманьне бітвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнік 1902 году, прысьвечаны бітве пад Грунвальдам, на пляцы Матэйкі ў Кракаве

Бітва пад Грунвальдам належыць да шэрагу найважнейшых нацыянальных сымбаляў польскай гісторыі. На працягу 123 гадоў, пакуль польская нацыя ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай была разьдзеленая паміж суседнімі Расейскай імпэрыяй, Аўстрыяй, і Прусіяй/Нямецкай Імпэрыяй, гісторыя перамогі аб’яднаных літоўска-польскіх войскаў над захопнікамі з Тэўтонскага ордэна дапамагала супрацьстаяць палітыкам русіфікацыі і германізацыі падзеленых земляў і захаваць уласную культурную ідэнтычнасьць.[108][109]

Карціна бітвы Яна Матэйкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асаблівае значэньне тут занялі створаныя ў 1872—1878 гадох карціны Яна Матэйкі. У Кракаве, які на той час належаў Аўстра-Вугоршчыне, Матэйка скарыстаўся адноснай свабодай параўнальна лібэральнай культурнай палітыкі.[110] У сваіх працах Матэйка абапіраўся на ўплывовае выкладаньне гісторыі львоўскага гісторыка Караля Шайнохі «Ягайла і Ядвіга ад 1374 да 1413 гадоў», якое зьявілася ў 1855 годзе і цягам усяго 19 стагодзьдзя стварала «абавязковую крыніцу зьвестак» для ўсіх польскіх успамінаў пра бітву.[111] Ягоная манумэнтальная праца памерам 4,26 x 9,87 мэтраў ахоплівала разам тры розныя сцэны бою: у правым верхнім куце рыцары Ордэну цярпелі паразу ад караля Ягайлы, зьлева зьнізу быў паказаны захоп лягеру рыцараў Ордэну напрыканцы бітвы, а ў цэнтры карціны — сьмерць Ульрыха фон Юнгінгена. Апроч гэтага, у цэнтры карціны можна ўбычыць вялікага князя літоўскага Вітаўта з узьнятым мячом і зусім без дасьпехаў. Матэйка прадставіў яго як камандзіра польскага войска. Паводле сапраўднай стратэгіі бітвы Ягайла меў другасную ролю і падпарадкоўваўся Вітаўту, але Матэйка кіраваўся апісаньнем падзеяў паводле Яна Длугаша. Ян Длугаш быў летапісцам, бацька якога таксама змагаўся ў Грунвальдзкай бітве, а чый сын некалькімі гадамі пазьней апісаў падрабязнасьці бітвы.

«Бітва пад Грунвальдам», гістарычная карціна Яна Матэйкі, палатно, алей, 1872–1878, Нацыянальны музэй Варшавы

Мастак надаў гэтай «па-вар’яцку намаляванай»[111] карціне ўплыў уласнага бачаньня: можна ўбачыць састарэлыя ўзбраеньні і дасьпехі; для таго, каб іншыя славянскія нацыі маглі адчуць перамогу над Тэўтонскім ордэнам, Матэйка пазьней дадаў у сваю карціну чэскага кіраўніка гусітаў Яна Жыжку. Насамрэч Жыжка ня можа быць аднесены ў шэраг удзельнікаў Грунвальдзкай бітвы. Апроч гэтага, сёньняшнія дасьледнікі гісторыі выказваюць сумневы, што Вялікі магістар Тэўтонскага ордэну мог быць забіты звычайным жаўнерам.[112]

Помнік Грунвальдзкай бітве паўстаў у Кракаве ў гонар 500-годзьдзя Грунвальду. Ён быў зьнішчаны падчас Другой сусьветнай вайны і адноўлены ў 1976 годзе

Матэйка ўвасобіў сьмерць Ульрыха фон Юнгінгена моцным сымбалічным мастацкім спосабам, калі ён адзін паміж двух салдатаў, якія яго атакуюць, адзін зь якіх паказаны ў вобразе ката з чырвоным капюшонам і сякерай для катаваньняў, а другі прадстаўлены ў вобразе паўголага паганца ў парыве нанясеньня ўдару кап’ём Лангіна. Гэтым мастак хацеў падкрэсьліць распаўсюджаную тэзу, што Тэўтонскі ордэр здрадзіў сваім перакананьням, калі яшчэ вайной у 14 стагодзьдзі хацеў навязаць Хрысьціянства ліцьвінам-паганцам Вялікага Княства; адначасова Ордэн адрокся ад пагадненьняў нямецка-польскага сяброўства, сымбалем якога было кап’ё, якое кайзэр Ота III у 1000 годзе падараваў польскаму каралю Балеславу I Храбраму. Таму вярхоўны магістар, як найвышэйшы прадстаўнік Ордэну, быў пакараны сьмерцю. Карціну дапаўняюць іншыя сымбалі кшталту сьцягоў Тэўтонскага ордэну, якія падаюць долу, і постаць кракаўскага сьвятога мучаніка Станіслава Шчапаноўскага лунае ў аблоках над месцам падзеяў.

Карціна Матэйкі была цёпла прынятая публікай. З гэтай прычыны мастак 29 кастрычніка 1878 году атрымаў ад кракаўскага гарадзкога саветніка ганаровы скіпэтар як «Кароль мастакоў». Нават болей, карціна была таксама надрукаваная ў часопісах, на паштоўках, у школьных падручніках гісторыі, і такім чынам яна старае ўяўленьне палякаў пра Грунвальдзкую бітву да сёньняшняга дня. Падчас Другой сусьветнай вайны карціна была схаваная ад Вэрмахту і СС, якія яе хацелі канфіскаваць і зьнішчыць. У часы сацыялізму карціна таксама мела павагу, бо ідэя таго, што Вялікі магістар Тэўтонскага ордэну мог быць забіты простым селянінам, выдатна адпавядала сьветаўспрыманьню сацыялізму і мадэлі клясавай барацьбы. Сёньня карціна знаходзіцца ў Нацыянальным музэі ў Варшаве. Менавіта там у сакавіку 2005 году польскі палітык Лех Качынскі сымбалічна перад карцінай Матэйкі зрабіў заяву пра сваё вылучэньне ад імя партыі Права і справядлівасьць на пасаду прэзыдэнта Польшчы.[113]

Гістарычны раман Сянкевіча «Крыжакі»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Генрык Сянкевіч

Праца Матэйкі таксама зрабілася вядомым літаратурным сюжэтам гістарычнага раману «Крыжакі» будучага ляўрэата Нобэлеўскай прэміі Генрыка Сянкевіча. У рамане ў чорна-белай манэры апісаная позьнесярэднявечная сутычка паміж палякамі і немцамі ў выглядзе барацьбы дабра са злом. У падтэксьце раману можна яскрава ўбачыць кальтурна-палітычныя спрэчкі, якія адбываліся ў правінцыі Позэн, дзе жыў Сянкевіч. Нягледзячы на сваю простую аснову, раман атрымаўся вельмі пасьпяховым і стварыў прыклад для шматлікіх народных расповедаў вакол Грунвальдзкай бітвы.[108] У 1960 годзе рэжысэр Аляксандар Форд стварыў фільм паводле сюжэту раману.[114] Падчас панаваньня Вэрмахта ў час Другой сусьветнай вайны шматлікія жаўнеры Арміі Краёвай узялі сабе псэўданімы з раману Сянкевіча.[115]

Набыцьцё Польшчай незалежнасьці на пачатку 20 стагодзьдзя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню ў 1902 годзе гадавіна бітвы зрабілася нацыянальным сьвятам, прычым скандальнае жорсткае абыходжаньне зь дзецьмі падчас дзіцячага страйку ва Вжэсьці супраць насаджэньня нямецкай мовы стаў спускавым мэханізмам. На сьвяткаваньні 500-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы, якія адбыліся 15—17 ліпеня 1910 году не на грунвальдзкім полі, якое на той час уваходзіла ў склад Прусіі, а ў Кракаве, прыйшлі 150 тысячаў[116] палякаў з усіх частак краіны, а таксама з-за мяжы — больш, чым колькасьць насельніцтва самога Кракава. Асноўным пунктам праграмы нацыянальнага сьвяткаваньня падчас агульнага падзелу краіны стала сьвяточнае адкрыцьцё помніка Грунвальдзкай бітве скульптара Антоні Вівульскага, які прафінансаваў вядомы польска-амэрыканскі піяніст Ігнацы Ян Падэрэўскі. Стварэньне вялікай колькасьці разнастайных тэкстаў — ад патрыятычных песень да навукова-гістарычных працаў, а таксама памятных сувэніраў садзейнічалі ўзмацненьню працяглага пачуцьця нацыянальнай салідарнасьці супраць Прусіі-Нямеччыны.[117]

Успрыманьне бітвы ў новы час і сучаснасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Абэліск на ўзгорку памяці на грунвальдзкім полі пад Стэнбаркам

Пасьля аднаўленьня польскай незалежнасьці ў 1918 годзе падтрыманьне памяці пра бітву пад Грунвальдам узяла на сябе дзяржава. Бітва зрабілася цэнтральным пунктам выкладаньня гісторыі: амаль кожны польскі горад цяпер мае вуліцу Грунвальдзкую (па-польску: ulica Grunwaldzka) або пляц Грунвальдзкі (па-польску: plac Grunwaldzki).

Пасьля сканчэньня Другой сусьветнай вайны і амаль шасьцігадовай акупацыі Вэрмахтам Польшчы «Трыюмф з Грунвальду» набыў новую моц: у 1945 годзе польскі графік Тадэўш Трапкоўскі (1914—1954) на сваім плякаце асацыяваў бітву пад Грунвальдам зь бітвай за Бэрлін у пачатку 1945 году, у якой таксама ўдзельнічаў польскі кантынгент.[118] Такімі адміністратыўна пастаўленымі захадамі, побач з распальваньнем варажнечы да нямецкага народу, мусіла выцясьняцца памяць польскага народу пра ўварваньне савецкіх войскаў на тэрыторыю Крэсаў у 1939 годзе і гвалтоўнае перасяленьне палякаў з тэрыторыі Ўкраіны.

Рэканструкцыя бітвы на грунвальдзкім полі ў 2003 годзе: кароль Ягайла з рыцарам Янам Зындрамам з Машковіц

У сучасным польскім грамадзтве безумоўнае ўслаўленьне бітвы зьмякчаецца, пераймаючы погляды ўльтранацыяналістычных колаў, усё больш разнастайныя, ажно да іранічнага бачаньня падзеяў. Гэта не ў апошнюю чаргу зьвязанае з аспэктам усё большага з году ў год схіленьня ў камэрцыйны бок гістарычнага спэктаклю бітвы на ўсё тым жа полі. З 1990-х гадоў успаміны пра бітву ўвайшлі ў сьвядомасьць у першую чаргу як вялікая «інсцэніроўка», а таксама выступы традыцыйных ансамбляў на фоне гістарычна афармленых сцэнаў бітвы. На тле гэтых штогадовых адзначэньняў, адзін польскі часопіс улетку 1998 году іранічна адзначыў: «Рыцары Тэўтонскага ордэну, на жаль, заўжды мусяць цярпець паразу, і таму хочацца ў наступным годзе дазволіць ім перамагчы»[119]

У выніку таго, што такі спосаб бачаньня нацыянальнага гонару ў выніку бітвы ня можа быць пераменшаны, утварыўся шэраг спартовых суполак, названых паводле месца бітвы; напрыклад, такім чынам узьнік спартовы клюб у Познані WKS Grunwald Poznań. На месцы бітвы былі збудаваныя мэмарыялы, помнікі і музэй[120]. Апроч гэтага, Грунвальдзкая бітва таксама дала сваё імя ваенным узнагародам («Крыж Грунвальду») і шэрагу арганізацыяў.

Памяць пра бітву 1410 году існуе дагэтуль і, з дапамогай падсьвядомых намёкаў, можа перарасьці ў антынямецкую варажнечу. Так адбылося на Чэмпіянаце Эўропы па футболе 2008 году перад адборачнай гульнёй паміж нацыянальнымі зборнымі Нямеччыны і Польшчы, калі разнастайныя польскія бульварныя мэдыі прыгадвалі пра паразу Тэўтонскага ордэну ў Грунвальдзкай бітве.[121]

У чэрвені 2010 году на афіцыйнае запрашэньне ад прэзыдэнта Польшчы ў гістарычную вобласьць пад Стэнбаркам дзейны вялікі магістар Тэўтонскага ордэну Бруна Плятэр у межах сьвяткаваньня 600-годзьдзя Грунвальдзькай бітвы зрабіў прамову і ўсклаў вянок.[122] Сьвяткаваньне 600-й гадавіны бітвы сабрала 200 000 гледачоў, якія назіралі за 2 200 удзельнікамі інсцэніроўкі. Арганізатары фэсту вераць, што гэтая падзея стала найбуйнейшай інсцэніроўкай сярэднявечнай бітвы ў Эўропе[123].

Успрыманьне бітвы ў Летуве[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У спалучэньні з маладой гісторыяй гэтай дзяржавы, позьняе сярэднявечча разглядаецца як «вялікі час» Летувы і атаясамляецца з найвышэйшым палітычным і ваенным уздымам Вялікага Княства. Гэтае бачаньне ў першую чаргу заснаванае на тым, што Вялікае Княства Літоўскае валодала вялікай тэрыторыяй ва Ўсходняй Эўропе ў 14 стагодзьдзі, а таксама, што дзяржава пераможна выйшла ў першым дзесяцігодзьдзі 15 стагодзьдзя з пакаленьняў працяглых вайсковых канфліктаў з Тэўтонскім ордэнам. Зьвяз Польшчы і Вялікага Княства, насупраць, у літоўскіх меркаваньнях заўжды сустракаў недавер. Нягледзячы на тое, што Вялікае Княства ў 15 і 16 стагодзьдзях уваходзіла ў зьвяз з Польшчай, утвараючы вялікую ўсходнеэўрапейскую дзяржаву, яно таксама адчула на сабе заняпад польскай нацыі ў 17 стагодзьдзі. Схаванае спаборніцтва Вялікага Княства з сваімі польскімі саюзьнікамі паказала сябе акурат у ацэнках Грунвальдзкай бітвы. Летапісцы Вялікага Княства адзначаюць, што Польшча не ажыцьцяўляла захадаў для дапамогі.[124] У выніку гэтага, у Летуве пашыранае меркаваньне, што ўвага да войскаў Вялікага Княства, а таксама роля вялікага князя Вітаўта ў бітве пад Грунвальдам відавочна недаацэненая.[125]

Такая пазыцыя трымаецца да цяперашняга часу. Пацьверджаньнем гэтаму служыць тое, што дагэтуль ідуць здымкі мастацкага фільма пра бітву з-за таго, што прысутнасьць войскаў Вялікага Княства ў фільме Аляксандра Форда «Крыжакі» 1960 году зьменшаная да ўзроўню нязначных герояў, удзельнікаў масавых сцэнаў.

Нескароны гонар летувісаў за перамогу над Тэўтонскім ордэнам у Грунвальдзкай бітве падкрэсьліваецца таксама перайменаваньнем летувіскага футбольнага клюбу ў «Жальгірыс» у 1962 годзе.

Успрыманьне бітвы з пруска-нямецкай пэрспэктывы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гайнрых фон Трайчке

Нямецкі ордэн у пратэстанцкай Прусіі не ў апошнюю чаргу з-за вайсковых сутыкненьняў з прускімі гарадамі ў сярэдзіне 15 стагодзьдзя разглядаўся дыстанцыйна. Немцы звычайна лічылі крыжакоў гераічнымі і дабрадзейнымі манахамі, якія прынесьлі хрысьціянства і цывілізацыю на ўсход[38]. Толькі ў сярэдзіне 19 стагодзьдзя, дзякуючы значнай дзейнасьці гісторыка Гайнрыха фон Трайчке, у грамадзкай думцы наступае пералом: Ордэн пачынае разглядацца як «нямецкая місія на ўсходзе» і атрымлівае ў гісторыі ролю «носьбіта культуры для славянаў».[126] У выніку гэтага, як перагляд гістарычнай карціны, Грунвальдзкая бітва замест нэўтральнай ацэнкі атрымала выгляд трагічнай паразы. Такое бачаньне выразна адлюстраванае ў рамане Эрнста Віхетра «Гайнрых фон Пляўэн» (па-нямецку: Heinrich von Plauen), дзе мужны і гераічны Ульрых фон Юнгінген супрацьпастаўляецца свайму суперніку — хітраму і брыдкаму Ягайлу.

Канец 19 стагодзьдзя прайшоў пад уплывам адноўленай польскім бокам ацэнкі бітвы пад Грунвальдам, калі польскім сьвяткаваньням гадавінаў бітвы супрацьпастаўляўся «нямецкі складнік». Як вынік, праз нацыяналістычныя колы ў вільгельмаўскай Прусіі, Нямецкі ордэн стаў безумоўна ўспрымацца як «Калянізатар нямецкага ўсходу».

Постэр Нямецкай нацыянальнай народнай партыі ад 1920 году (Выратуй Усход — галасуй за Нямеччыну нацыянальную) люструе крыжацкага рыцара, якому пагражае паляк і сацыяліст

Да сёньняшніх дзён рэгулярна, але ў невялікіх маштабах, адбываюцца сьвяткаваньні вынікаў другой Грунвальдзкай бітвы (бітвы пад Танэнбэргам), якая адбылася ў жніўні 1914 году, калі нямецкія кайзэраўскія войскі падчас Першай сусьветнай вайны зьнішчылі Другую расейскую армію пад камандаваньнем генэрала Аляксандра Самсонава. Немцы ўсьвядомілі прапагандны патэнцыял гэтае падзеі, і назвалі бітву 1914 году бітвай пад Танэнбэргам[127] (нямецкая назва Грунвальдзкай бітвы). Тагачасны галоўнакамандуючы Паўль фон Гіндэнбург выказаў жаданьне перад кайзэрам Вільгельмам II аддаліць месца бітвы на 15 кілямэтраў, каб назваць яе бітвай пад Танэнбэргам і такім чынам выкараніць памяць пра «ганьбу 1410 году».[128] Бітва 1914 году мусіла стаць помстай за літоўска-польскую перамогу 504 гады таму. Нацыская Нямеччына пазьней скарыстала гэты вобраз, прадстаўляючы сваю палітыку па засяленьні германскімі народамі тэрыторыі Ўсходняй Эўропы працягам гістарычнай місіі крыжакоў[107]. Аднак, створаны ў 1901 годзе каменя Юнгінгена, а таксама манумэнтальны Танэнбэрскі мэмарыял, які быў пабудаваны ў 1927 годзе і мусіў атаясамляць сабой перамогу ў бітве 1914 году, спадкавалі ў сваёй архітэктуры традыцыі сярэднявечнага крыжацкага замка,[129] і мусілі ў першай палове 20 стагодзьдзя з памяцьцю пра паразу ў Першай сусьветнай вайне абапірацца на ўяўную непарыўнасьць гісторыі.

Пасьля 1933 году ў першую чаргу пад бітвай разумелася бітва, што адбылася ў час Першай сусьветнай вайны, хаця Нямецкі Ордэн у бачаньні дактрыны Нацыянал-сацыялізму атрымаў ацэнку «народу бязь месца» (па-нямецку: Volk ohne Raum). Адольф Гітлер ужо ў 1924 годзе ў ягонай кнізе «Mein Kampf» услаўляў нямецкую экспансію на ўсход. Найвышэйшым пунктам размаху нацыяналістычнага ўслаўленьня бітвы 1914 году было пахаваньне на тэрыторыі Танэнбэрскага мэмарыялу райхспрэзыдэнта Паўля фон Гіндэнбурга, які памёр у 1934 годзе.

Пасьля Другой сусьветнай вайны разам з стратай захопленых на ўсходзе земляў абедзьве бітвы выйшлі з-пад увагі грамадзкай цікаўнасьці.

Расейскае бачаньне бітвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З прычыны ўдзелу ў бітве трох смаленскіх палкоў расейцы лічылі бітву літоўска-польска-расейскай кааліцыяй супраць нямецкіх захопнікаў. Летапісец Ян Длугаш хваліў смаленскія харугвы, якія змагаліся сьмела і былі адзінымі палкамі Вялікага Княства Літоўскага якія не адступілі. У савецкай гістарыяграфіі бітва пад Грунвальдам стылізавалася пад расісцкую барацьбу паміж славянамі і германцамі[130]. Тэўтонскія рыцары маляваліся ў якасьці сярэднявечных папярэднікаў гітлераўскай арміі, а сама бітва разглядалася, як сярэднявечны аналяг Сталінградзкай бітвы[38][130].

Сьвяткаваньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Сьвяткаваньне 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы

Буйныя і вельмі пашыраныя сьвяткаваньні 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы адзначаліся і ў Беларусі. Асноўныя сьвяткаваньні арганізоўваліся ў Наваградку, Лагойску (Сілічы), Дудутках, Гальшанах і часткова ў Менску. Самае відовішнае адзначэньне адбылося ў былой сталіцы Вялікага Княства Літоўскага Наваградку 26—27 чэрвеня.

У сьвяткаваньні прынялі ўдзел каля 400 прадстаўнікоў 41 клюбу з 11 гарадоў Беларусі, Украіны, Летувы, Чэхіі, Расеі і Польшчы. У рве пад Замкавай гарой былі арганізаваныя інсцэніроўкі рыцарскіх баёў на мячах. У конным турніры прынялі ўдзел 11 вершных рыцараў. На тэрыторыі замку правялі тэатралізаваныя паядынкі за сэрца прыгожых дам. Ключавой імпрэзай тыдню стала інсцэніроўка Грунвальдзкай бітвы, у «бугурце» якой удзельнічала па 15 рыцараў, 3 вершнікі і 5 лучнікаў з кожнага боку.

Рэканструкцыя бітвы ў Дудутках. 2010 год. Забойства вялікага магістра Ульрыха фон Юнгінгена. У чырвонай кашулі, зь мячом i шыракаполым шлеме — кароль Ягайла

Эфэктнае сьвяткаваньне прайшло ў Дудутках з 31 ліпеня па 1 жніўня. На працягу ўсіх дзён кожны, хто меў ахвоту, мог паспрабаваць сябе ў стральбе з луку ці арбалету, кіданьні сякеры альбо дзіды, а таксама навучыцца старажытнаму танцу. Быў зладжаны адборачны турнір зброяносцаў, пасьля якога прайшоў конкурс гістарычнага касьцюму, адборачны турнір пешых мечнікаў і конкурс танцавальных калектываў. Прайшоў відовішчны конны рыцарскі турнір, які прыцягнуў да сябе шмат гледачоў-заўзятараў. Удзельнічалі чатыры конныя рыцары зь Беларусі, што ўяўлялі сабою Вялікае Княства, Францыю і Нямеччыну (крыжацкі ордэн). Пасьля турніру адбылася галоўная падзея фэсту — рэканструкцыя Грунвальдзкай бітвы. Былі зладжаны турнір лучнікаў, конкурс трукавых тэатраў, пешы рыцарскі турнір, танцавальная, тэатральная і канцэртная праграмы, пешы камандны турнір і бугурты.

Рэканструкцыя бітвы ў Дудутках. 2010 год.

У Менску сьвяткаваньне адзначылася правядзеньнем мастацкіх выставаў з карцінамі адпаведнай тэматыкі. У Нацыянальным гістарычным музэі Рэспублікі Беларусь з 16 траўня 2010 году праводзілася выстава «Абразы мінулага», а ў літаратурным музэі Максіма Багдановіча з 9 ліпеня 2010 году ладзілася выстава «Грунвальд за смугою часу».

У Сілічах 24 красавіка 2010 году былі прадстаўлены масавыя рыцарскія баталіі, турніры, спаборніцтва лучнікаў, навучаньне сярэднявечным танцам, рамёствам (кавальства, ткацтва, чаканка, ганчарства), старажытныя конкурсы і забавы. Увечары адбыўся штурм крыжацкага замку і сярэднявечная дыскатэка.

У Гальшанах 21 жніўня 2010 году сьвяткаваньне прымеркаванае ня толькі да падзеі 600-годзьдзя перамогі пад Грунвальдам, але таксама да 400-годзьдзя заснаваньня Гальшанскага замку, 730-годзьдзя заснаваньня Гальшанаў і 605-годзьдзя з дня нараджэньня Соф’і Гальшанскай. Мерапрыемствы фэсту — бугурты (масавыя бітвы рыцараў у фармаце 10 на 10); турнір лучнікаў; пешы рыцарскі турнір; конны турнір; конкурсы (стральба з лука, кіданьне дзідаў, бой на мячах, апрананьне ў рыцарскі дасьпех, сэрсо, п’яны кат); сувэніры і народныя рамёствы; катаньне на кані; канцэрт старадаўняй музыкі.

Летува[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

10—11 ліпеня ў Віленскім раёне Летувы, у замку Меднікі, сабраліся рыцары ў дасьпехах, лучнікі, фокусьнікі, ганчары, кавалі, кухары, скурадзелы, ювэліры, майстры па вырабе старажытнай адзёжы, гурты старажытных песень і танцаў. Адбыўся тэатралізаваны паказ з удзелам рыцараў, каралём Ягайлам і князем Вітаўтам. У Медніцкім касьцёле адбылася ўрачыстая імша. Адбылося агнявое шоў і іншыя мерапрыемствы. У фінале турніру — узнагароджаньне пераможцаў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д Turnbull 2003, p. 26
  2. ^ а б Turnbull 2003, p. 28
  3. ^ а б в г д е ё Jučas 2009, p. 75
  4. ^ а б Urban 2003, p. 138
  5. ^ а б в г Turnbull 2003, p. 25
  6. ^ а б Davies 2005, p. 98
  7. ^ а б Jučas 2009, p. 64
  8. ^ а б в г Jučas 2009, pp. 57–58
  9. ^ Turnbull 2003, p. 73
  10. ^ Цярохін 1994, с. 157
  11. ^ Грыцкевіч А. Знешняя палітыка Вітаўта: заходні накірунак // Наш радавод. Кн. 2, 1990. С. 173.
  12. ^ Русіновіч К. Шлях на Грунвальд, Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 9 ліпеня 2010 г.
  13. ^ Воюш І. Пратаформы інфармацыйна-камунікацыйнай дзейнасці падчас княжання Вітаўта (другая палова XIV — пачатак XV ст.) // Журнал Белорусского государственного университета. Журналистика. Педагогика. № 1, 2017. С. 9.
  14. ^ Turnbull 2003, p. 92
  15. ^ Ekdahl 2008, с. 175
  16. ^ а б Тарас 2010, с. 70
  17. ^ Jučas 2009, с. 8
  18. ^ а б Jučas 2009, с. 9
  19. ^ а б Jučas 2009, с. 10
  20. ^ Jučas 2009, с. 11
  21. ^ а б Ekdahl 1963
  22. ^ а б в Stone 2001, p. 16
  23. ^ Urban 2003, p. 132
  24. ^ Kiaupa 2000, p. 137
  25. ^ Turnbull 2003, p. 20
  26. ^ а б Ivinskis 1978, p. 336
  27. ^ Urban 2003, p. 130
  28. ^ Kuczynski 1960, p. 614
  29. ^ Jučas 2009, p. 51
  30. ^ а б Turnbull 2003, p. 21
  31. ^ Kiaupa 2000, p. 139
  32. ^ а б Turnbull 2003, p. 30
  33. ^ Jučas 2009, p. 74
  34. ^ а б Чарняўскі 2004
  35. ^ а б в Разин 1999, p. 486
  36. ^ а б в г Kiaupa 2002
  37. ^ а б Ivinskis 1978, p. 338
  38. ^ а б в г д Johnson 1996, p. 43
  39. ^ а б в Цярохін 1994, с. 159
  40. ^ Бохан 2005, с. 555
  41. ^ а б Тарас 2010, с. 72
  42. ^ а б Turnbull 2003, p. 29
  43. ^ Разин 1999, pp. 485—486
  44. ^ Jučas 2009, p. 56
  45. ^ Urban 2003, p. 139
  46. ^ Christiansen 1997, p. 227
  47. ^ Тарас 2010, с. 78
  48. ^ а б Turnbull 2003, p. 33
  49. ^ Urban 2003, p. 141
  50. ^ а б Тарас 2010, с. 67
  51. ^ Чаропка 1994, с. 410
  52. ^ Urban 2003, p. 142
  53. ^ а б Turnbull 2003, p. 35
  54. ^ Jučas 2009, p. 76
  55. ^ Jučas 2009, p. 63
  56. ^ Тарас 2010, с. 68
  57. ^ Turnbull 2003, p. 36
  58. ^ Turnbull 2003, pp. 36-37
  59. ^ Urban 2003, pp. 148—149
  60. ^ а б Jučas 2009, p. 77
  61. ^ Turnbull 2003, p. 44
  62. ^ Грюнвальдская битва (рас.) История Польши. Польша.руПраверана 13 ліпеня 2010 г.
  63. ^ Цярохін 1994, с. 158
  64. ^ а б Turnbull 2003, p. 45
  65. ^ Urban 2003, p. 149
  66. ^ а б в Тарас 2010, с. 90
  67. ^ Turnbull 2003, p. 43
  68. ^ а б Тарас 2010, с. 91
  69. ^ Тарас 2010, с. 92
  70. ^ Тарас 2010, с. 92—93
  71. ^ а б Тарас 2010, с. 93
  72. ^ а б Тарас 2010, с. 94
  73. ^ а б в Jučas 2009, p. 78
  74. ^ Sužiedėlis 1976, p. 337
  75. ^ Urban 2003, pp. 152—153
  76. ^ Turnbull 2003, pp. 48-49
  77. ^ а б Тарас 2010, с. 96
  78. ^ Jučas 2009, p. 83
  79. ^ а б Тарас 2010, с. 99
  80. ^ а б Краўцэвіч 1993
  81. ^ Turnbull 2003, p. 53
  82. ^ Turnbull 2003, p. 61
  83. ^ а б в Turnbull 2003, p. 64
  84. ^ а б в г Turnbull 2003, p. 66
  85. ^ а б Urban 2003, p. 168
  86. ^ Turnbull 2003, p. 79
  87. ^ Urban 2003, p. 157
  88. ^ а б в г Turnbull 2003, p. 68
  89. ^ Jučas 2009, pp. 85-86
  90. ^ а б в г д Тарас 2010, с. 107
  91. ^ а б Jučas 2009, p. 87
  92. ^ Turnbull 2003, p. 69
  93. ^ Jučas 2009, p. 88
  94. ^ Pelech 1987, pp. 105—107
  95. ^ Urban 2003, p. 162
  96. ^ Urban 2003, p. 164
  97. ^ Stone 2001, p. 17
  98. ^ Ivinskis 1978, p. 342
  99. ^ Turnbull 2003, p. 75
  100. ^ Turnbull 2003, p. 74
  101. ^ Urban 2003, p. 166
  102. ^ а б Christiansen 1997, p. 228
  103. ^ Kiaupa 2000, pp. 142–144
  104. ^ Turnbull 2003, p. 78
  105. ^ Christiansen 1997, pp. 228–230
  106. ^ Stone 2001, pp. 17–19
  107. ^ а б Johnson 1996, p. 44
  108. ^ а б Christoph Mick: „Den Vorvätern zum Ruhm – den Brüdern zur Ermutigung“. Variationen zum Thema Grunwald/Tannenberg. In: zeitenblicke 3 (2004), Nr. 1 (ням.)
  109. ^ Feliks Szyszko: The Impact of History on Polish Art in the Twentieth Century. (ням.)
  110. ^ Understanding Matejko's painting The Battle of Grunwald (анг.)
  111. ^ а б Witold Molik, Polen. „Noch ist Polen nicht verloren.“ In: Monika Flacke (Hrsg.): Mythen der Nationen. Ein europäisches Panorama. Köhler und Amelang, München und Berlin 1998, S. 303
  112. ^ Sven Ekdahl: Die Schlacht bei Tannenberg 1410 Quellenkritische Untersuchungen. Bd. 1: Einführung und Quellenlage. Duncker & Humblot, Berlin 1982
  113. ^ Adam Krzemiński: Die mythische Schlacht. In: Die Zeit vom 1. Juli 2010 (online), Zugriff am 8. Juli 2010
  114. ^ Візуальныя сцэны бітвы пад Танэнбэргам з польскага мастацкага фільма Крыжыкі 1960 году
  115. ^ Adam Krzemiński: Die mythische Schlacht. In: Die Zeit vom 1. Juli 2010 (online), Zugriff am 8. Juli 2010
  116. ^ Dabrowski 2004, pp. 164—165
  117. ^ Witold Molik: Polen. „Noch ist Polen nicht verloren.“ In: Monika Flacke (Hrsg.): Mythen der Nationen. Ein europäisches Panorama. Köhler und Amelang, München und Berlin 1998, S. 304f
  118. ^ Polnisches Propagandaplakat von 1945
  119. ^ A. Matałowska: Pod Grunwaldem. // Polityka №30, 25 ліпеня 1998 г.
  120. ^ Ekdahl 2008, p. 186
  121. ^ Annette Langer: Beenhakker köpft Ballack. Polnische Zeitung eröffnet Fußball-Medienschlacht. // Spiegel-Online, 4 чэрвеня 2008 г.
  122. ^ Bericht auf der Website des Deutschen Ordens
  123. ^ Fowler 2010
  124. ^ Mečislovas Jučas: Žalgirio mūšis. [Die Schlacht von Grunwald], S. 98
  125. ^ Mečislovas Jučas: Žalgirio mūšis. [Die Schlacht von Grunwald], S. 234
  126. ^ Wolfgang Wippermann: Der Ordensstaat als Ideologie. Das Bild des Deutschen Ordens in der deutschen Geschichtsschreibung und Publizistik. Volker Spieß, Berlin 1979, S. 155–174
  127. ^ Burleigh 1985, p. 27
  128. ^ Holger Afflerbach (Bearb.): Kaiser Wilhelm II. als Oberster Kriegsherr im Ersten Weltkrieg. Quellen aus der militärischen Umgebung des Kaisers 1914–1918. Verlag Oldenbourg, München 2005, S. 148
  129. ^ Walter u. Johannes Krüger: Das Tannenberg-National-Denkmal. Eine Erläuterung von den Erbauern. Südostpreußisches Verkehrsbüro, Allenstein o. J. [1928]
  130. ^ а б Davies 2005, p. 99

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]