Полк імя Кастуся Каліноўскага
| Полк імя Кастуся Каліноўскага лац. Połk imia Kastusia Kalinoŭskaha | |
| | |
| Гады існаваньня | 9 сакавіка 2022 году — наш час |
|---|---|
| Краіна |
|
| Падпарадкаваньне | Узброеныя сілы Ўкраіны |
| Колькасьць | ~ 300[1][2] |
| Мянушка | Каліноўцы[3] |
| Заступнік | Кастусь Каліноўскі |
| Дэвіз | За нашу і вашу свабоду! |
| Колеры |
Бел-чырвона-белы сьцяг |
| Войны | Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну |
| Удзел у | |
| Дзейны камандзір | Рада Камандзіраў |
| Вядомыя камандзіры |
|
Полк імя Кастуся Каліноўскага — беларуская вайсковая фармацыя ў складзе Ўзброеных Сіл Украіны, якая была створана ў сакавіку 2022-га году пад час расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, названая ў гонар Кастуся Каліноўскага — лідара беларускага паўстаньня 1863-1864 гадоў на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага.
Сваёй галоўнай мэтай падразьдзяленьне ставіць вызваленьне Беларусі праз вызваленьне Ўкраіны[4]. Адна зь некалькіх фармацыяў беларускіх добраахвотнікаў, што абараняюць Украіну.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Беларускія добраахвотнікі бяруць удзел у расейска-ўкраінскай вайне зь вясны 2014 году. Група беларусаў брала ўдзел у баях за Пяскі, каля Данецкага аэрапорту ў ліпені 2014 году. Таго ж году ўтварыўся аддзел «Пагоня», а ў чэрвені 2015 году — тактычная група «Беларусь», якая брала ўдзел у баях за Аўдзееўку, Пяскі, Валнаваху, Мар’інку.
Па адкрытым нападзе Расеі на Ўкраіну 2 сакавіка 2022 году ва Ўкраінскім войску ўтварылася першая рота, якая складалася зь іншаземцаў, а менавіта зь беларусаў. Паводле зьвестак Радыё Свабода, на 4 сакавіка ў яе ўвайшлі каля 40 чалавек[5]. Сярод першых ваяроў — удзельнікі тактычнай групы «Беларусь», сябры Белага Легіёну і Маладога Фронту[6]. 4 сакавіка 2022 году ў абарончых баях ва Ўкраіне загінуў беларускі добраахвотнік Ільля «Ліцьвін»[7]. Паводле зьвестак на 5 сакавіка, Украіну абараняла 200 беларускіх добраахвотнікаў, яшчэ 300 беларусаў, гатовых далучыцца да Замежнага легіёну, знаходзілася ў Польшчы[8].
9 сакавіка 2022 году беларускія добраахвотнікі заявілі пра аб’яднаньне ў батальён імя Кастуся Каліноўскага[9]. Асноўнай сваёй задачай ваяры Батальёну бачаць «сёньня бараніць Украіну, заўтра — вызваліць Беларусь»[10][11].
18 сакавіка 2022 году ў Кіеве зьявіліся білборды «Разам — назаўжды» з выявай добраахвотніка батальёну імя Кастуся Каліноўскага, каб прадэмастраваць, што беларусы з Батальёну разам з украінскім народам паўсталі на абарону Ўкраіны супраць агрэсара[12].
25 сакавіка 2022 году батальён імя Кастуся Каліноўскага ўвайшоў у склад Узброеных сілаў Украіны.
21 траўня 2022 году Батальён абвясьціў пра стварэньне Беларускага палку імя Кастуся Каліноўскага, у які ўвойдуць батальёны «Ліцьвін» і «Волат»[13].
4 чэрвеня 2022 году галоўная ўправа выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны адзначыла байцоў палку імя Кастуся Каліноўскага ўзнагародамі «За бойові заслуги» і «Україна — понад усе!» — за неймаверную мужнасьць, праяўленую падчас выкананьня баявых заданьняў[14]. 17 чэрвеня байцы палку Каліноўскага атрымалі дзяржаўныя ўкраінскія ўзнагароды «За бойові заслуги», а таксама «Україна понад усе»[15].
У ліпені 2022 году зьявілася інфармацыя пра трэці батальён палку — «Тэрор»[16].
9 жніўня 2022 году ў Віленскай катэдры адбылася ўрачыстая беларуская імша, на якой палку імя Кастуся Каліноўскага перадалі асьвечаны сьцяг, зроблены віленскімі беларусамі. У выкананьні мужчынскага хору «Унія» прагучалі гімны Пагоня і Магутны Божа. Зачыталі зварот да байцоў ад старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвілы: «Я захопленая вашаю адвагаю і вашай верай у найбольшую чалавечую каштоўнасьць, якою ёсьць Свабода. Бароніце вы яе для ўсіх нас. Змагаецеся сёньня з самым лютым ворагам ня толькі Ўкраіны, але і беларускага народу. Гэты вораг — расейская імпэрыя, якая стагодзьдзямі зьнішчала імкненьне народаў да свабоды, да волі, да незалежнасьці. Пасьля ўсіх страшных бедаў, якія перажыло чалавецтва за мінулае стагодзьдзе, Расея зноў разьвязала крывавую вайну, імкнучыся рабаваць і забіваць сваіх суседзяў… Малю Ўсемагутнага за нашую агульную перамогу і каб апекаваўся кожным і кожнай з вас, пакуль ня вернемся ўсе разам у сваю родную Беларусь. Памажы вам Божа! Жыве Беларусь! Слава Ўкраіне!». На цырымоніі ўручэньня сьцягу была Сьвятлана Ціханоўская, сябры створанага ёю Аб’яднанага пераходнага кабінэту і ўдзельнікі канфэрэнцыі «Новая Беларусь»[17].

У жніўні 2022 году пастановай Галоўнай управы выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны камандзіра роты выведкі Паўла Волата, які стаяў каля вытокаў утварэньня палку і загінуў 15 траўня ў час выкананьня баявой задачы на поўдні Украіны, пасьмяротна прадставілі да ўзнагароды: мэдаля «Україна понад усё!». У палку правялі воінскі рытуал перадачы ўзнагароды загінулага камандзіра. Мэдаль Паўла Волата перадалі яго маці Натальлі Суславай[20].
У верасні 2022 году МУС Беларусі прызнала інтэрнет-рэсурсы палка экстрэмісцкім фармаваньнем[21].
У лістападзе 2022 году полк імя Кастуся Каліноўскага ўзяў удзел у вызваленьні Херсону. Папярэдне вайскоўцы палка з дапамогай мінамётнага разьліку ўтрымлівалі пазыцыю каля сяла Аляксандраўка на поўдні Баштанскага раёну Мікалаеўскай вобласьці, што за 40 км на поўнач ад Херсону[22]. 6 сьнежня 2022 году намесьнік камандзіра палка імя Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук паведаміў, што ў склад штабу палка ўвайшла прэс-сакратарка групы беларускіх хакераў «Кібэрпартызаны» Юльяна Шаметавец[23][24].
4 студзеня 2023 году сябры Руху «Вольная Беларусь» перадалі для дабраахвотніцкага палка імя Кастуся Каліноўскага баявы бесьпілётнік «Кажан Е 630» і лекі. Бесьпілётнік папярэдне набылі на ўкраінскім заводзе за сродкі, сабраныя за кошт ахвяраваньняў ад беларускай дыяспары ЗША і Польшчы[25]. 26 студзеня каардынатар Руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазьняк сустрэўся з байцамі палку Каліноўскага ў Кіеве (Украіна). Тамсама Пазьняк і сябра Сакратарыяту Руху Павал Вусаў сустрэліся з дэпутатамі Вярхоўнай Рады Ўкраіны, што ўваходзілі ў міжфракцыйную групу «За дэмакратычную Беларусь»[26]. 30 студзеня Зянон Пазьняк прыехаў на фронт расейска-ўкраінскай вайны ў Бахмут (Данецкая вобласьць), дзе сустрэўся з шырэйшым колам ваяроў палка Каліноўскага[27]. Яго суправаджалі Павал Вусаў і лекар Зьміцер Шчыгельскі ад «Кібэрпартызанаў». 4 лютага 2023 году Рух «Вольная Беларусь» паставіў на ўлік у Польшчы Фундацыю «Вольная Беларусь», каб працягваць збор ахвяраваньняў на падтрымку палку Каліноўскага[28].
25 верасьня 2023 году стала вядома, што Полк Каліноўскага стварае новы батальён Western. У яго склад ужо ўвайшлі афіцэры краін НАТО і прафэсійныя іншаземцы з баявым досьведам[29].
У верасьні 2024 году Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь прызнаў Полк Каліноўскага тэрарыстычнай арганізацыяй[30].
У 2025 годзе пецярых удзельнікаў Палка Каліноўскага беларускія ўлады завочна прыгаварылі да працяглых турэмных тэрмінаў і буйных штрафаў[31]. У 2026 годзе падобныя завочныя прысуды вынесьлі яшчэ пецярым байцам палка, у тым ліку Паўлу Шурмею, Дзянісу Прохараву ды Вадзіму Кабанчуку[32].
Структура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]На момант ліпеня 2022-га году падрозьдзел складаўся з батальёнаў «Волат» і «Тэрор», якія знаходзіліся пад кіраўніцтвам камандзіра палка. У дачыненьні намесьніка камандзіра палка былі выведвальная дывэрсійная рота, інжынэрны ўзвод, група БПЛА, мэдыцынская і камэнданцкая служба, сувязь і выведка палка, інструктары і вучэбная рота. Начальнік штаба палка адказваў за мабілізацыйны цэнтар, службу бясьпекі, кадравую службу і міжнародную сувязь. Намесьнік камандзіра палка па тылавой частцы ў сваю чаргу быў адказаны за арсэнал, харчовы і рэчавы склады, фінансавую службу, службу зьнешніх сувязяў, у яго дачыненьні знаходзіліся ўзвод тэхнічнага забесьпячэньня і валанцёры. У стадыі фармаваньня знаходзіўся новы баявы падрозьдзел — батальён «Літвін»[33].
У жніўні 2022-га году стала вядома, што батальён «Тэрор» выйшаў са складу Палка Каліноўскага, у будычыню ён стане асноваю новага беларускага падрозьдзела — Беларускага Дабраахвотніцкага Корпуса. У сьнежні таго ж году да палка прыядналася хакерская група «Кібэрпартызаны».
К сьнежню 2023-га году структура палка выглядала падобным чынам[34]:
Баявыя падразьдзяленьні:
- Батальён «Волат»
- Батальён «Літвін»
- Батальён «Western» (ён жа батальён «Касьцюшка»)
- Мэханізаваная рота
- Мэдыцынская рота
- Падразьдзяленьне БПЛА імя Мікіты Крыўцова
- Іншыя падразьдзяленьні
Тылавыя і грамадзянскія службы:
- Мабілізацыйны цэнтар
- Вучэбны цэнтар
- Кадравая служба
- Служба ваярскай дапамогі Каліноўскага
- Прэс-служба
- Гарнізонная служба
- Узвод матэрыяльнага забесьпячэньня
- Узвод тэхнічнга забесьпячэньня
- Іншыя структуры
Прысяга
[рэдагаваць | рэдагаваць код]25 сакавіка 2022 году ў Дзень Волі (Дзень Незалежнасьці Беларусі) беларускія добраахвотнікі батальёну імя Кастуся Каліноўскага прынялі прысягу — увайшлі ў склад Узброеных сілаў Украіны. Тэкст самой прысягі быў на беларускай мове, з шматлікімі спасылкамі на гісторыю Беларусі і заканчваўся словамі «Жыве Беларусь!»[35].
Беларусь, маці мая Радзіма. Клянуся вызваляць і бараніць цябе там дзе знаходжуся зараз і куды прывядзе мяне лёс твайго вызваленьня. Біцца да перамогі за тваю свабоду. Як біліся нашыя продкі з ардынскім прыгнётам маскавітаў пад Воршай, Смаленскам, Палонкай. Бязьлітасна гнаць бязродных апрычнікаў зь зямель тваіх. Як гналі ваяры Вялікага Княства Літоўскага і беларускай шляхты, касінеры Касьцюшкі і паўстанцы Каліноўскага, жаўнеры Народнай Рэспублікі і партызаны Супраціву. Бараніць кроў тваёй нацыі, моц тваёй зямлі і Боскі дух твайго існаваньня. У шэрагах вольных братоў і ў палоне. На Айчыне і ў выгнаньні. І ў баі і ў падпольлі. Няхай рукі мае сьціскаюць зброю, пакуль шыбеніцы ня скончаць сьціскаць шыі сыноў Тваіх. Няхай лязгат майго затвору не сьціхае, пакуль чутны лязгат кратаў за сьпінамі герояў тваіх. Няхай хопіць мне жыцьця, каб адпомсьціць за ўсіх закатаваных, згвалтаваных і забітых дзяцей Тваіх. Да астатняга пляску рэк Тваіх у маіх вачах. Пакуль будзе чутны тупат «Пагоні» ў сэрцы маім. Жыць з табою, памерці за цябе, і адрадзіць веліч тваю. Жыве Беларусь! Жыве вечна!
Вядомыя ўдзельнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Аляксей Скобля — Герой Украіны (2022)
- Дзяніс Урбановіч — беларускі грамадзкі дзяяч, старшыня Маладога Фронту (на дадзены момант ваюе ў БДК)
- Павал Шурмей — беларускі вясьляр
- Яўген Міхасюк — беларускі грамадзкі дзяяч, экс-старшыня Рады Задзіночаньня беларускіх студэнтаў[36]
- Сяргей Бяспалаў — беларускі блогер
Страты
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Загінулыя ваяры
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Ільля «Літвін» Хрэнаў — баец беларускай роты тэрабароны пры палку «Азоў», памёр 3-га сакавіка ў баі пад Бучай[37].
- Аляксей «Тур» Скобля — камандзір групы батальёна імя Кастуся Каліноўскага, загінуў 13-га сакавіка 2022-га году пад Кіевам[37].
- Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч — баец батальёна імя Кастуся Каліноўскага, загінуў 26-га сакавіка 2022-га году каля места Ірпень[38].
- Павал «Волат» Суслаў — камандзір роты батальёна імя Кастуся Каліноўскага, загінуў 16 траўня 2022 году пад час апэрацыі па вызваленьню ўкраінскай вёскі[39].
- Іван «Брэст» Марчук — камандзір батальёна «Волат» палка імені Кастуся Каліноўскага, загінуў 26-га чэрвеня 2022-га году ў баях пад Лісічанскам[37].
- Васіль «Сябро» Парфянкоў — баец батальёна «Волат», загінуў 26-га чэрвеня 2022-га году ў баях пад Лісічанскам[37].
- Васіль «Атам» Грудовік — баец батальёна «Волат», загінуў 26-га чэрвеня 2022-га году ў баях пад Лісічанскам[37].
- Вадзім «Папік» Шатроў — баец батальёна «Волат», загінуў 26-га чэрвеня 2022-га году ў баях пад Лісічанскам[37].
- Міраслаў «Мыш» Лазоўскі — адзін з заснавальнікаў «Белага Легіёна», баец батальёна «Волат», загінуў 16-га траўня 2023-га году ў баях пад Бахмутам[37].
- Аляксандр «Лыч» Серада — баец палка Каліноўскага, загінуў у сакавіку 2025-га году ў баях на поўдні Ўкраіны[37].
- Васіль «Дзір» Рапіцкі — баец батальёна «Волат», загінуў 4 сакавіка 2026-га году пад час выкананьня баевой задачы[40].
А таксама 18 загінулых вайскоўцаў, імёны якіх не раскрываюць па розным прычынам[41][42][43][44][45][46][47][48].
Палонныя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Ян «Тромблі» Дзюрбейка — баец батальёна «Волат», патрапіў у палон 26-га чэрвеня 2022-га году ў баю пад Лісічанскам[49].
- Сяргей «Клешч» Дзёгцеў — баец батальёна «Волат», патрапіў у палон 26-га чэрвеня 2022-га году ў баю пад Лісічанскам[49].
Небаявыя страты
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Мікалай «МММ» Молакаў — інструктар палка Каліноўскага, памёр 10-га лістада 2023-га году на палігоне ад астаноўкі сэрца ва ўзросьце 71 год[50].
Памяць і ўшанаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У сакавіку 2022 году Юры Стыльскі з гурту «Дай Дарогу!» напісаў песьню, прысьвечаную беларускім добраахвотнікам з батальёну імя Кастуся Каліноўскага, аўтар тэксту — каліновец Радзівон Батулін[51].
28 красавіка 2022 году пастановай 16-й сэсіі мескай рады Хмяльніцкага вуліцу Пушкіна перайменавалі ў гонар палеглага ваяра батальёну імя Кастуся Каліноўскага Героя Ўкраіны Аляксея Скоблі[52].
У чэрвені 2022 году беларуская сьпявачка Маргарыта Ляўчук выпусьціла песьню «Прайду няўхільна цяжкі шлях», прысьвечаную ваярам-каліноўцам[53]. У аснове песьні вершы Радзівона Батуліна, аўтар музыкі — Канстанцін Яськоў, рэжысэр кліпа — Арцём Лобач.
Шэраг байцоў Палка Каліноўскага маюць узнагароды ад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі:
- Міраслаў Лазоўскі[54], Настасься Махамет, Дзяніс Урбановіч[55] і Павал Шурмей[56] і яшчэ больш як 20 байцоў узнагароджаныя Мэдалём БНР за баявыя заслугі.
- Аляксей Скобля, Іван Марчук, Васіль Парфянкоў, Васіль Грудовік, Зьміцер Апанасовіч, Вадзім Шатроў пасьмяротна ўзнагароджаныя Мэдалём Ордэну Пагоні.
- Міраслаў Лазоўскі таксама пасьмяротна ўганараваны тытулам кавалера Ордэну Жалезнага рыцара[57].
- Дзяніс Прохараў і Вадзім Кабанчук узнанароджаныя Мэдалём Ордэну Пагоні 24 сакавіка 2024 году[58].
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Колькі беларускіх добраахвотнікаў ваюе ва Ўкраіне і дзе. Абноўлены гайд па ўсіх фармаваньнях, Радыё Свабода
- ↑ Участник полка Калиновского рассказал, сколько белорусов воюет на стороне ВСУ, Точка
- ↑ За што змагаюцца Каліноўцы // Добраахвотніцкі полк імя Кастуся Каліноўскага, 4 чэрвеня 2022 г. Праверана 10 сьнежня 2022 г.
- ↑ Аб палку // Добраахвотніцкі полк імя Кастуся Каліноўскага, 2022 г. Праверана 10 сьнежня 2022 г.
- ↑ «Не рабіцеся злачынцамі!» — беларускі дабраахвотнік «Курган» зьвяртаецца да беларускіх вайскоўцаў Радыё Свабода
- ↑ «Верым, што пераможам Расею, а пасьля вызвалім Беларусь». У беларускую роту тэрабароны Ўкраіны запісаліся сямёра маладафронтаўцаў Радыё Свабода
- ↑ У баях ва Ўкраіне загінуў беларускі добраахвотнік Радыё Свабода
- ↑ Пракоп’еў: 200 беларусаў ужо ваюе на баку Украіны, яшчэ 300 гатовыя Наша Ніва
- ↑ Орлова В. (9 сакавіка 2022) Білоруси створили батальйон для оборони Києва (відео) УНІАН
- ↑ «Сёння мы баронім Украіну, заўтра — вызвалім Беларусь» | Беларусы на войне за Украину, Белсат, 7 сакавіка 2022 г.
- ↑ Europe’s last dictator: Lukashenko’s fate depends on Ukraine [Апошні дыктатар Эўропы: лёс Лукашэнкі залежыць ад Украіны], The Spectator, 9 красавіка 2022 г.
- ↑ У Кіеве з’явіліся беларускія банеры ФОТА] Наша Ніва
- ↑ Батальён Кастуся Каліноўскага абвясьціў аб стварэньні аднайменнага палка Радыё Свабода
- ↑ Байцы палку Каліноўскага атрымалі ўкраінскія ўзнагароды Радыё Свабода
- ↑ Байцы палку Каліноўскага атрымалі ўкраінскія дзяржаўныя ўзнагароды. Фотафакт Радыё Свабода
- ↑ У палку Каліноўскага заявілі, што фармуюць трэці батальён — «Літвін» Радыё Свабода
- ↑ Палку Каліноўскага ўручылі сьцяг ад імя Рады БНР Радыё Свабода
- ↑ Білоруси створили в Україні "Білоруський Добровольчий Корпус" (укр.) Мілітарний Праверана 2022-12-26 г.
- ↑ В Україні з’явився «Білоруський Добровольчий Корпус» (ВІДЕО) (укр.) ШоТам Праверана 2022-12-26 г.
- ↑ Маці загінулага ва Ўкраіне беларуса, якая прыняла за яго ўзнагароду, гэта вядомая гомельская выкладчыца, якую рэпрэсавалі Радыё Свабода
- ↑ МВД признало экстремистскими формированиями ресурсы Полка Калиновского, телеграм-каналы «Движ» и «Баста!» (рас.)
- ↑ «Калі людзі даведваліся, што мы беларусы, то любоў іх проста перапаўняла» // Радыё Свабода, 14 лістапада 2022 г. Праверана 10 сьнежня 2022 г.
- ↑ Аб'яднаньне палка Каліноўскага і Кібэрпартызан // Добраахвотніцкі полк імя Кастуся Каліноўскага, 6 сьнежня 2022 г. Праверана 10 сьнежня 2022 г.
- ↑ Полк Каліноўскага і «Кібэрпартызаны» заявілі пра аб’яднаньне // Радыё Свабода, 6 сьнежня 2022 г. Праверана 10 сьнежня 2022 г.
- ↑ Баявы дрон на ўзбраеньні палка Каліноўскага // Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ, 7 студзеня 2023 г. Архіўная копія ад 9 студзеня 2023 г. Праверана 12 студзеня 2023 г.
- ↑ Зянон Пазьняк сустрэўся з Палком Каліноўскага і палітыкамі ў Кіеве // Радыё Свабода, 26 студзеня 2023 г. Архіўная копія ад 30 студзеня 2023 г. Праверана 9 лютага 2023 г.
- ↑ Зянон Пазьняк прыехаў у Бахмут разам з ваярамі палка Каліноўскага // Партал «Новы час», 30 студзеня 2023 г. Праверана 9 лютага 2023 г.
- ↑ Нацыянальна-вызвольны рух «Вольная Беларусь» зарэгістраваў Фундацыю «Вольная Беларусь» // Партал «Беларуская Салідарнасьць», 4 лютага 2023 г. Праверана 9 лютага 2023 г.
- ↑ Полк Каліноўскага стварае новы батальён Western Беларускае Радыё Рацыя Архіўная копія ад 2023-09-26 г.
- ↑ Анетт Абрамова У Білорусі полк Калиновського, який воює за Україну, визнали «терористичною організацією» (укр.) Hromadske.TV
- ↑ От 12 до 20 лет — в Беларуси заочно вынесли приговоры добровольцам полка Калиновского (рас.) Reform.news(be)
- ↑ Пятерым калиновцам вынесли пригороворы от 12 до 25 лет колонии (рас.) Reform.news(be)
- ↑ Навіны тыдня: навіны з фронту, структура Палка Каліноўскага | Новости Полка Калиновского | YouTube
- ↑ Як стаць байцом Палка Каліноўскага? | YouTube
- ↑ Батальён беларускіх добраахвотнікаў імя Каліноўскага ўвайшоў у склад Узброеных сіл Украіны Радыё Свабода
- ↑ «Украінцы жартуюць: не хвалюйцеся, зараз вызвалім сябе, пойдзем ратаваць вас». Пагутарылі з беларусам, які запісаўся ў тэрытарыяльную абарону Украіны Наша Ніва
- 1 2 3 4 5 6 7 8 In memoriam. Беларусы, погибшие за Украину | Belsat
- ↑ Загінуў баец батальёна Кастуся Каліноўскага Радыё Свабода
- ↑ На вайне ва Ўкраіне загінуў Павал «Волат» — камандзір атраду, шосты беларускі баец з пачатку паўнамаштабнага ўварваньня Расеі Радыё Свабода
- ↑ Ва Украіне загінуў яшчэ адзін беларускі дабраахвотнік | Беларускае Радыё Рацыя
- ↑ Еще один беларусский доброволец погиб в Украине | Reform.news
- ↑ Погиб еще один боец Полка Калиновского | Наша Ніва
- ↑ Полк Каліноўскага развітаўся байцом, які загінуў 7 лістапада | Эўрарадыё
- ↑ Полк Каліноўскага расказаў падрабязнасці, як загінулі іх байцы | Эўрарадыё
- ↑ Полк Каліноўскага паведамляе пра гібель чатырох байцоў | Эўрарадыё
- ↑ В Украине погибли двое белорусских добровольцев из полка имени Кастуся Калиновского | Polskie Radio
- ↑ Погибли два воина полка Калиновского | Belsat
- ↑ Ва Украіне загінулі яшчэ трое каліноўцаў – пра іхную смерць не абвяшчалі год | Belsat
- 1 2 Клещ и Тромбли. Что известно о двух попавших в плен беларусах из полка Калиновского | Медиазона Беларусь
- ↑ «Мікалай быў для нас вельмі важнай фігурай» | kalinouski.org
- ↑ Юрый Стыльскі напісаў песню, прысвечаную беларускім добраахвотнікам Эўрапейскае радыё для Беларусі
- ↑ Олена Кошарська, Ланову, Гастелло та Пушкіна: на чию честь перейменували вулиці Хмельницького, vsim.ua, 23 траўня 2022 г.
- ↑ Маргарыта Ляўчук выпусціла кліп, прысвечаны героям нашага часу, Хартыя’97, 7 чэрвеня 2022 г.
- ↑ Міраслаў Лазоўскі Рада Беларускай Народнай Рэспублікі
- ↑ «Зноў зьбіраюся на фронт». Вялікая размова зь Дзянісам Урбановічам Радыё Свабода
- ↑ Мэдаль БНР за баявыя заслугі Рада Беларускай Народнай Рэспублікі
- ↑ Рада БНР пасьмяротна ўзнагародзіла Міраслава Лазоўскага ордэнам Жалезнага рыцара Радыё Свабода
- ↑ Рада БНР узнагародзіла журналістку Свабоды Алену Радкевіч і іншых дзеячоў за заслугі перад беларускім народам Радыё Свабода
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Кантакты // Добраахвотніцкі полк імя Кастуся Каліноўскага, 2022 г. Праверана 10 сьнежня 2022 г.
- Połk Kalinoŭskaha / Полк Каліноўскага, Telegram
- «Ёсьць шанец адсекчы расейскай імпэрыі галаву»: беларус тлумачыць, чаму ваюе на баку Кіева Радыё Свабода
- Дзьмітры Гурневіч (22 сакавіка 2022 году) «Гэта будзе армія, якая пазьней вызваліць Беларусь». Былы беларускі АМАПавец стаў добраахвотнікам ва Ўкраіне Радыё Свабода
- Valerie Hopkins, Belarusian Exiles in Ukraine Join the Fight Against a Common Foe: Russia, The New York Times, 24 сакавіка 2022 году
- «Як вызвалім Украіну, пойдзем вызваляць Мінск». Wall Street Journal апублікаваў вялікі артыкул пра добраахвотнікаў ва Украіне Наша Ніва
- How Belarusian Fighters in Ukraine Evolved Into Prominent Force Against Russian Invasion (анг.) Голас Амэрыкі