Беларускі Народны Фронт Адраджэньне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
БНФ «Адраджэньне»
Лідэр арганізацыі Зянон Пазьняк
Заснавальнік «Мартыралёг Беларусі»
Дата заснаваньня 24 чэрвеня 1989 (29 гадоў таму)
Штаб-кватэра Менск, вул. Чарнышэўскага, д. 3, пам. 48а
Саюзьнікі і блёкі Дэмакратычны клюб
Ідэалёгія Дэмакратыя
Моладзевая арганізацыя Малады фронт
Колькасьць 40 тыс. (2012)[1]
Колькасьць дэпутатаў
· Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь
37 / 345
(Апазыцыя БНФ; 19911995)
Орган партыйнага друку Навіны БНФ «Адраджэньне»
Гімн «Магутны Божа»
Дэвіз Жыве Беларусь!

Беларускі народны фронт «Адраджэньне» (БНФ) — грамадзкае аб’яднаньне Беларусі, заснаванае на ўстаноўчым зьезьдзе 24—25 чэрвеня 1989 г. у Вільні (Летувіская ССР, СССР). Стаўся першай альтэрнатывай камуністычнай партыі ў БССР і ўзьнік на хвалі выкліканага Перабудовай нацыянальнага ўздыму.

Грамадзка-палітычная дзейнасьць БНФ, актыўнасьць фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце БССР 12 скліканьня адыгралі важную ролю ў працэсе набыцьця Беларусьсю незалежнасьці ў 1990—1991 гг. БНФ ачольваў масавыя дэманстрацыі ў падтрымку дэмакратычных рэформаў, ініцыяваў прыняцьце шэрагу ключавых законадаўчых актаў на раньнім этапе існаваньня Беларусі ў якасьці сувэрэннай дзяржавы, у тым ліку аб вяртаньні дзяржаўнай сымболікі часоў Беларускай народнай рэспублікі, наданьні беларускай мове статуса адзінай дзяржаўнай.

30 траўня 1993 г. БНФ утварыў для ажыцьцяўленьня сваёй праграмы шляхам удзелу ва ўтварэньні ўстановаў дзяржаўнай улады Беларусі парлямэнцкую Партыю БНФ, якая на 4-м зьезьдзе 26 верасьня 1999 г. зьмяніла назоў на Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ[2]. У выніку расколу партыі, што адбыўся на тым зьезьдзе, частка сябраў стварыла асобную партыю пад старым назовам.

Кіраваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Зьезд. Зьбіраецца аднойчы на 3 гады. Зацьвярджае праграму і абірае на 3 гады зь ліку сябраў аб’яднаньня старшыню і яго намесьнікаў, Сойм і Рэвізійную камісію. Ухваляе пастановы большасьцю галасоў пры наяўнасьці прынамсі паловы прадстаўнікоў.
  • Сойм. Налічвае прынамсі 12 асобаў. Склікаецца прынамсі аднойчы на 2 месяцы. Вызначае парадак прадстаўніцтва на Зьезьдзе і выконвае праграму. Ладзіць перадвыбарчую агітацыю і вылучае прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. Ладзіць назіраньне за ходам і вынікамі выбараў. Прымае і выключае зь ліку сябраў. Утварае Ўправу.
  • Управа. Выконвае пастановы Зьезду і Сойму. Вядзе зносіны зь іншымі ўстановамі. Вядзе ўлік суполак і надае ім статус юрыдычнай асобы.
  • Рэвізійная камісія. Складаецца прынамсі з 3 сябраў. Праводзіць пасяджэньні прынамсі штогод. Правярае грашовую справаздачнасьць аб’яднаньня. Аб выніках праверак паведамляе толькі Зьезду[3].

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

26 красавіка 1989 г. БНФ адзначыў трэцюю гадавіну Чарнобыльскай катастрофы Гадзінай смутку і маўчаньня, што ў наступныя гады ператварылася ў штогадовую Асамблею народаў «Чарнобыльскі шлях» з шэсьцем і жалобным набажэнствам. Таксама сталі ладзіцца экспэдыцыі ў Прапойскі і Чэрыкаўскі раёны (Магілёўская вобласьць). Штогод БНФ ладзіць ушанаваньне Дня незалежнасьці Беларусі 25 сакавіка, Дня памяці продкаў Дзяды і ўгодкі перамогі пад Грунвальдам. Ладзіць навукова-практычныя канфэрэнцыі і ўзгадняе дзейнасьць з асноўнымі асяродкамі беларускай дыяспары, у тым ліку зь Беларускім дэмакратычным аб’яднаньнем у Беластоку (Падляшша, Польшча). Мае замежныя суполкі ў Вільні (Летува), Маскве (Расея) і Рызе (Латвія)[4].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Утварэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

гістарычны герб «Пагоня», узноўлены ў якасьці дзяржаўнага герба Беларусі праз намаганьні БНФ

3 чэрвеня 1988 году ў газэце «Літаратура і мастацтва» друкуецца артыкул З. Пазьняка і Я. Шмыгалёва аб масавых расстрэлах ва ўрочышчы Курапаты. 19 чэрвеня праходзіць дэманстрацыя, у якой бяруць удзел каля 10 000 чалавек; улады вымушаныя стварыць камісію па расьсьледваньні курапацкіх расстрэлаў.

19 кастрычніка 1988 адбываецца ўстаноўчы сход беларускага гістарычна-асьветнага таварыства памяці ахвяраў сталінізму «Мартыралёг Беларусі», заснавальнікамі якога выступілі Саюз пісьменьнікаў, Саюз кінэматаграфістаў, Саюз мастакоў і рэдакцыя газэты «Літаратура і мастацтва». На гэтым сходзе з прапановы З. Пазьняка ствараецца аргкамітэт БНФ «Адраджэньне», канцэптаванага як грамадзка-палітычны рух за дэмакратычнае рэфармаваньне грамадзтва і адраджэньне беларускай нацыі, у якім могуць браць удзел як асобныя грамадзяне, так і грамадзкія аб’яднаньні. У якасьці абрашчыка для БНФ бачыліся аналягічныя рухі ў Прыбалтыйскіх рэспубліках СССР: Саюдзіс, Народны фронт Латвіі, Народны фронт Эстоніі.

Арганізацыйны камітэт апублікаваў праграмную заяву, у якой акрэсьліў скіраванасьць руху на дэмакратычныя рэформы, рэальны сувэрэнітэт Беларусі, нацыянальнае адраджэньне, абарону правоў чалавека. Сярод асобаў, што ўвайшлі ў склад Арганізацыйнага камітэту, былі Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў, Міхась Дубянецкі, Зянон Пазьняк, Міхась Ткачоў, Юры Хадыка[4] і Алесь Бяляцкі.

Устаноўчы зьезд БНФ, на якім прысутнічала каля 400 дэлегатаў, адбыўся 24—25 чэрвеня 1989 у Вільні, бо правесьці яго ў Менску не дазволіў Прэзыдыюм ВС БССР. Зьезд абраў Сойм, ухваліў Статут, праграму і пастановы аб кірунках і спосабах дзейнасьці: «Аб палітычным плюралізме», «Аб беларускай нацыянальнай сымболіцы», «Аб дзяржаўнасьці беларускай мовы», «Аб пераадоленьні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы» і «Аб праекце Канстытуцыі БССР»[4]. За савецкім часам для аблягчэньня афіцыйнага ўліку поўны назоў улучаў выраз «за перабудову» — Беларускі народны фронт за перабудову «Адраджэньне»[5].

Здабыцьцё незалежнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мітынг Беларускага народнага фронта ва ўрочышчы Курапаты ў 1989 г.

Напачатку БНФ уяўляў сабой аб’яднаньне нефармальных культурніцкіх суполак, арганізацый і грамадзянаў, якія выступалі найперш за адраджэньне беларускай мовы і культуры. Пытаньне выхаду Беларусі са складу СССР спачатку публічна не ўздымалася: зьезд ухваліў статут руху, у якім сьцьвярджалася, што дзейнасьць БНФ будзе адбывацца ў рамках Канстытуцыі БССР. На пасаду старшыні БНФ быў абраны Зянон Пазьняк.

БНФ, як першая шырокая дэмакратычная арганізацыя, адразу робіцца галоўным выказьнікам і арганізатарам дэмакратычных настрояў беларускага грамадзтва. Яшчэ аргкамітэтам БНФ 19 лютага 1989 быў арганізаваны першы дазволены ўладамі апазыцыйны мітынг у Беларусі. Мітынг, які праходзіў пад гістарычнымі бел-чырвона-белымі нацыянальнымі сьцягамі, сабраў каля 40 000 чалавек; прынятая на мітынгу рэзалюцыя патрабавала скасаваць замацаваную ў Канстытуцыі кіруючую ролю камуністычнай партыі.

У тым жа годзе шэраг дэмакратычных кандыдатаў пры падтрымцы БНФ абіраюцца ў Вярхоўны Савет СССР. У 1990 годзе БНФ бярэ ўдзел у выбарах у прадстаўнічыя органы ўлады БССР. 25 лютага 1990 на арганізаваны БНФ мітынг пратэсту супраць недэмакратычнага правядзеньня выбараў прыйшло каля 100 000 чалавек. Пасьля выбараў у Вярхоўным Савеце ўтвараецца фракцыя БНФ — 37 чалавек з 345 дэпутатаў. Агулам праз сугучнасьць праграмы БНФ з настроямі шырокіх слаёў грамадзтва пры фронтаўскай падтрымцы абралі 60 дэпутатаў[4]. Гэтыя суадносіны наўрад ці адлюстроўваюць рэальную папулярнасьць БНФ на той час з прычыны шматлікіх фальсыфікацыяў падчас выбараў.

23-24 сакавіка 1991 г. ІІ зьезд БНФ выклаў задачы ў праграмнай заяве «Свабода — Незалежнасьць — Адраджэньне»: дэкамунізацыя(en), канстытуцыйнае разьвіцьцё, рэформа парадку ўлады, стварэньне грамадзянскай супольнасьці, пераход да рынкавых дачыненьняў, грамадзкая палітыка, адраджэньне культуры і народнай сьвядомасьці[4]. Фракцыя БНФ у парлямэнце, дзе пераважная бальшыня дэпутатаў была камуністамі, утварыла ядро дэмакратычнай апазыцыі. Сябры фракцыі БНФ ініцыююць прыняцьцё Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі, наданьне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай мовы, абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі. Нягледзячы на колькасную перавагу камуністаў у парлямэнце, пасьля паразы жнівеньскага путчу ў Маскве дэпутатам ад БНФ нават удалося дабіцца часовага прыпыненьня дзейнасьці Камуністычнай партыі Беларусі.

Адзначаючы посьпехі БНФ пачатку 1990-х, трэба сказаць, што яны сталі магчымымі ў першую чаргу дзякуючы разьвіцьцю падзеяў у іншых краінах былога СССР. Шлях Беларусі да незалежнасьці паўтараў шлях да незалежнасьці Летувы, Латвіі, Эстоніі, Украіны — са спазьненьнем і зь меншай інтэнсіўнасьцю падзеяў.

Заснаваньне партыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1993 годзе адбылася юрыдычная рэструктурызацыя дзейнасьці БНФ. Была зарэгістраваная Партыя БНФ, якая ўзяла на сябе палітычныя функцыі БНФ. За Грамадзкім аб’яднаньнем БНФ «Адраджэньне» як шырокім грамадзкім фронтам павінны былі застацца Культурніцкія функцыі. Адылі рэальнага арганізацыйнага адмежаваньня партыі ад фронту не адбылося.

У 1992 годзе БНФ зазнае першую паразу. БНФ ініцыяваў збор подпісаў за датэрміновыя выбары новага Вярхоўнага Савету, але нягледзячы на тое, што было сабрана больш за 450 000 подпісаў грамадзянаў, Вярхоўны Савет адмаўляецца прыняць адпаведную пастанову. Прыкладна ад гэтага часу ўплыў БНФ пачынае аслабляцца. 29-30 траўня 1993 г. ІІІ зьезд БНФ ухваліў праграму, што вызначыла спосаб утварэньня і дзеяньня рынкавай гаспадаркі, канстытуцыйныя асновы, будову ўлады, асновы зьнешняй палітыкі і геапалітычныя перавагі Рэспублікі Беларусь[4].

Пасьля рэваншу намэнклятуры на чале з В. Кебічам — адстаўкі С. Шушкевіча з пасады старшыні парлямэнту — улады пачынаюць у падкантрольных ім сродках масавай інфармацыі маштабную кампанію па дыскрэдытацыі ня толькі БНФ і ягоных лідэраў, але і саміх мэтаў і гістарычных ідэалаў нацыянальна-дэмакратычнага руху.

Эміграцыя кіраўніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З абраньнем А. Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта ў 1994 гэтая кампанія па дыскрэдытацыі народнага фронта ўзмацняецца яшчэ больш. У траўні 1995 году на выбарах у Вярхоўны Савет Беларусі 13 скліканьня ня трапіў ніводзін кандыдат ад БНФ. Як і ў часе папярэдніх выбараў, і нават у большай ступені, кандыдаты ад БНФ сутыкаліся зь вялікімі перашкодамі з боку ўладаў; але гэтым разам няўдалыя для БНФ вынікі выбараў тлумачацца яшчэ і ўзмацненьнем настальгічных прасавецкіх настрояў у грамадзтве ў зьвязку з пагаршэньнем эканамічнага становішча.

БНФ прапанаваў лібэральную эканамічную праграму, пэрспэктыўны балта-чарнаморскі вэктар вонкавай эканамічнай палітыкі, але ня здолеў прапанаваць нічога прывабнага для масавай сьвядомасьці постсавецкага беларускага грамадзтва. У цэлым па краіне БНФ атрымаў каля 10% галасоў выбарцаў, адылі стойкія прыхільнікі БНФ становяць у краіне так званую структурную меншыню, якая пры мажарытарнай выбарчай сыстэме ня мае шанцаў на рэпрэзэнтацыю сваіх інтарэсаў у прадстаўнічых органах улады.

8 ліпеня 1995 г. адбыўся IV зьезд БНФ[4]. Ад 1995 году БНФ перастае быць адзінаасобным лідэрам дэмакратычных сілаў Беларусі — у парлямэнце гэтыя сілы прадстаўленыя фракцыяй «Грамадзянскае дзеяньне», аснову якой складаюць сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

У 1996 годзе роля БНФ у палітычным жыцьці краіны зноў павялічваецца. Рэжым Лукашэнкі ўсталёўвае жорсткі кантроль над электроннымі СМІ і дзяржаўнай прэсай, дэмакратычныя сілы вымушаны зьвяртацца да грамадзкасьці праз улёткі, праз масавыя вулічныя акцыі пратэсту. БНФ была адзінай на той момант палітычнай партыяй, якая мела досьвед арганізацыі такіх акцыяў, досьвед супраціву таталітарнаму рэжыму. У гэтым жа годзе рэзка ўзрастае значнасьць і вядомасьць моладзевай фракцыі БНФ — «Маладога фронту», — сябры якога найбольш актыўна ўдзельнічаюць у вулічных акцыях.

У 1996 годзе старшыня БНФ Зянон Пазьняк быў вымушаны зьехаць зь Беларусі, бо, па ягоных сьцьверджаньнях, існавала пагроза ягонаму жыцьцю, якая зыходзіла з боку ўладаў. Пры гэтым намінальна ён заставаўся кіраўніком БНФ, а на пасаду выканаўцы абавязкаў старшыні ў Беларусі быў прызначаны Лявон Баршчэўскі.

Раскол у партыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зянон Пазьняк, лідэр БНФ

З прычыны нездавальняючых для БНФ вынікаў парлямэнцкіх выбараў 10 чэрвеня 1995 году на сойме БНФ падалі ў адстаўку В. Вячорка — старшыня палітычнай камісіі БНФ, У. Анцулевіч — старшыня выбарчай камісіі БНФ, і Л. Баршчэўскі — сябра палітычнай камісіі БНФ. На тым жа сойме Ю. Хадыка, намесьнік старшыні БНФ, прапанаваў больш выразна разьдзяліць партыю і рух. На думку Хадыкі, партыя мусіла мець большую свабоду дзеяньняў, актыўна супрацоўнічаць зь іншымі дэмакратычнымі партыямі. Ён прыпускаў, што партыя і рух могуць мець кожны свайго лідэра, і што партыя нават можа зьмяніць імя. В. Вячорка яго падтрымаў, выказаўшы меркаваньне аб тым, што БНФ мусіць заставацца носьбітам нацыянальнай ідэі як грамадзкі рух, а партыя павінна стаць выяўна палітычнай сілай з кансэрватыўнай ідэалёгіяй. Гэтыя прапановы не былі падтрыманыя лідэрам фронту З. Пазьняком і не былі прынятыя. Рознасьць паглядаў у кіраўніцтве БНФ, якая яскрава выявілася на тым сойме, урэшце прывяла да расколу Фронту.

У наступныя некалькі гадоў рознасьць поглядаў кіраўнікоў БНФ перарастае ў сапраўдны канфлікт паміж «палітыкамі сумленьня», якія былі рэзка супраць дапасаваньня рыторыкі БНФ да рэальных умоваў, і «палітыкамі адказнасьці», гатовых да пэўных кампрамісаў зь іншымі апазыцыйнымі сіламі дзеля ўсталяваньня дэмакратычнага ладу ў краіне.

Гэты канфлікт дасягае свайго апагею падчас і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 16 траўня 1999 году. Кандыдатамі ў прэзыдэнты на гэтых выбарах былі Зянон Пазьняк і Міхаіл Чыгір, а разгалінаваная рэгіянальная структура БНФ выкарыстоўвалася для стварэньня выбарчых камісіяў на месцах. Арганізаваць паўнавартыя дэмакратычныя выбары ўва ўмовах дыктатуры было немагчыма. Фактычна гэта была своеасаблівая мабілізацыйная акцыя, акцыя грамадзкага непадпарадкаваньня, якая мусіла паказаць, што вялікая колькасьць грамадзянаў не падтрымлівае і ня лічыць легітымнай уладу А. Лукашэнкі. Выбары канчаткова губляюць сэнс пасьля таго, як З. Пазьняк здымае сваю кандыдатуру на падставе «шматлікіх парушэньняў» з боку кіраўніка Цэнтральнай Выбарчай камісіі Віктара Ганчара ў цягу падрыхтоўкі і ходзе выбараў. Частка лідэраў БНФ рэзка крытыкуе гэтае рашэньне, іншая частка падтрымлівае яго і заклікае сяброў выбарчых камісіяў зь ліку БНФ выходзіць зь іх складу і сабатаваць іх працу. БНФ апынаецца на мяжы расколу.

31 ліпеня 1999 г. пачалася 1-ая сэсія VI Зьезду БНФ, на якой старшыня мандатнай камісіі Яўген Каролік абвясьціў аб прызнаньні паўнамоцтваў 325 прадстаўнікоў і адмове прызнаць траіх за парушэньне парадку іх вылучэньня (325/328; 99,1%)[6]. 1 жніўня ў апошнім дні 1-ай сэсіі VI Зьезду ўзялі ўдзел 313 улічаных прадстаўнікоў (з 325; 96,3%). За і супраць пераабраньня Пазьняка старшынёй БНФ прагаласавалі па 156 прысутных (49,8%). Другое месца заняў Вінцук Вячорка з 152 галасамі (48,6%) за і 160 супраць (51,1%). 2-ую сэсію Зьезду прызначылі на верасень[7]. Такім чынам, Пазьняка пераабралі старшынёю БНФ.

Пасьля 1-ай сэсіі зьезду Сойм БНФ і Сойм Партыі БНФ прынялі рэзалюцыю аб недапушчальнасьці расколу. 14 верасьня 1999 г. Пазьняк прызначыў замест Леаніда Баршчэўскага выканаўцам абавязкаў старшыні БНФ у Беларусі Юрыя Беленькага.

26 верасьня 1999 г., у нядзелю, у адпаведнасьці з рашэньнем Сойму партыі ад 19 чэрвеня, адбыўся Зьезд Партыі БНФ, які зьмяніў поўны назоў на Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя — БНФ, пераабраў Пазьняка старшынём партыі, прызначыў яго новых намесьнікаў і абраў новы склад Сойму з 45 сябраў[8]. На тым зьезьдзе старшыня мандатнай камісіі Яўген Каролік абвясьціў аб прысутнасьці 141 прадстаўніка звыш дастатковага кворуму ў 137 чалавек (141/137; 103%)[9].

3 кастрычніка ў парушэньне Статуту, паводле якога Сойм партыі склікаў старшыня, яго былыя намесьнікі на чале зь Вінцуком Вячоркам сабралі частку былога Сойму і прызначылі новы зьезд з новым вылучэньнем прадстаўнікоў, у тым ліку ня сябраў партыі. Таксама тыя непераабраныя намесьнікі прызначылі ўласную Ўправу.

30 кастрычніка 2-ая сэсія VI Зьезду БНФ пачалася ў складзе 242 (73%) з 330 прадстаўнікоў 1-ай сэсіі (кворум 220). Намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка сышоў са сваімі прыхільнікамі ў іншую залю ў адказ на адмову большасьці прысутных абраць яго, Баршчэўскага і Вячорку весьці Зьезд. Абраны вядоўцам Юры Беленькі правёў далейшае галасаваньне 135 прадстаўнікоў (56% ад улічаных 242), на якім абралі 3 намесьнікаў старшыні і Сойм БНФ у складзе 49 асобаў[10].

Частка (меншая) дэлегатаў VI зьезда БНФ не прызнала вынікі зьезда партыі 26 верасьня і абрала старшынём новай Партыі БНФ Вінцука Вячорку.

26 сьнежня 1999 г., у нядзелю, Сойм партыі на чале зь Вячоркам ухваліў скарочаны назоў Партыя БНФ у якасьці асноўнага[11].

Абедзьве часткі БНФ афармляюцца ў самастойныя партыі, якія абвяшчаюць сябе пераемнікамі Беларускага народнага фронту і ставяць пад сумнеў легальнасьць адна адной. «Малады Фронт», які дагэтуль лічыўся моладзевым крылом БНФ, ад гэтага часу пачынае дзейнічаць як самастойная арганізацыя.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Як стваралі псеўда-апазіцыю (24-я хвіл.) // InterPolit-TV, 27 кастрычніка 2012 г. Праверана 27 студзеня 2015 г.
  2. ^ Статут Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі — БНФ // Народная партыя, 2011 г. Праверана 16 кастрычніка 2014 г.
  3. ^ Статут ГА БНФ «Адраджэньне» // Партыя БНФ, 2012 г. Праверана 16 кастрычніка 2014 г.
  4. ^ а б в г д е ё Леанід Яўменаў, Аляксандар Дзьмітрук. Беларускі народны фронт «Адраджэньне» // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 2. — С. 450-451. — 480 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0061-7
  5. ^ Праграма Беларускага народнага фронту за перабудову «Адраджэньне» (1989 г.) // Беларуская лічбавая бібліятэка, 16 верасьня 2005 г. Праверана 16 кастрычніка 2014 г.
  6. ^ Юры Дракахруст. Навіны 02 жніўня 1999 г. (эфір 31 ліпеня) // Радыё «Свабода», 2 жніўня 1999 г. Праверана 17 кастрычніка 2014 г.
  7. ^ Юры Дракахруст. Навіны 02 жніўня 1999 г. (эфір 1 жніўня) // Радыё «Свабода», 2 жніўня 1999 г. Праверана 17 кастрычніка 2014 г.
  8. ^ Юры Дракахруст. Навіны 27 верасьня 1999 г. // Радыё «Свабода», 27 верасьня 1999 г. Праверана 17 кастрычніка 2014 г.
  9. ^ Міхал Пяткевіч. Чым вузейшае кола, тым даўжэйшая назва // Наша Ніва : газэта. — 27 верасьня 1999. — № 24 (145). — С. 1, 3. — ISSN 1819-1614.
  10. ^ Юрась Карпаў. Кастрычнік 1999 // Свойскае агенцтва навінаў і аргумантаў «Вітінфармбюро», 30 кастрычніка 1999 г. Праверана 17 кастрычніка 2014 г.
  11. ^ Альгерд Невяроўскі. Навіны 29 сьнежня 1999 г. // Радыё «Свабода», 29 сьнежня 1999 г. Праверана 17 кастрычніка 2014 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]