Сьледчы ізалятар КДБ Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Сьле́дчы ізаля́тар КДБ Белару́сі (нефармальна вядомы таксама як «Амэрыканка») — сьледчы ізалятар, разьмешчаны ва ўнутраным двары КДБ РБ па адрасе г. Менск, пр. Незалежнасьці, 17.

У СІЗА КДБ утрымліваюцца асобы, чые справы вядуць сьледчыя КДБ. Паводле артыкулу №182 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Беларусі да такіх адносяцца справы, датычныя дзяржаўных інтарэсаў. Асобы, затрыманыя супрацоўнікамі КДБ, таксама зьмяшчаюцца ў гэты ізалятар.

Мянушка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Назву «амэрыканка» ў народзе будынак ізалятару атрымаў за тое, што пабудаваны паводле амэрыканскага прынцыпу: усе камэры разьмяшчаюцца па коле, іх дзьверы выходзяць у адзіны замкнёны калідор-галерэю.

Яшчэ адной зь меркаваных прычынаў называюць тое, што плян турмы нагадвае разьметку табліцы рулеткі, а «амэрыканка» — адзін з варыянтаў гульні ў яе.

Будова і парадак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Будынак ізалятару круглы, двухпавярховы. На паўпадвальным паверсе некалькі кабінэтаў для допытаў. На першым паверсе душавы пакой, кухня, дапаможныя памяшканьні. Вязьні ўтрымоўваюцца на другім паверсе, які мае 18 камэраў, разьмешчаных па радыюсе.

Камэры разьлічаныя на розную колькасьць асобаў, максымум да 4 чалавек. Сумарная ўмяшчальнасьць ізалятару — 34 чалавекі. Двухмясцовыя камэры па форме нагадваюць труну, звужаючыся ля дзьвярэй і пашыраючыся да вакна. Шырыня камэры ля дзьвярэй 1,2 м, ля вакна — болей за два мэтры. Даўжыня камэры 5 мэтраў, вышыня — 3,5 м. Адна з камэраў абсталяваная пад карцар. Вокны закратаваныя, большасьць зь іх выходзяць на сьцены суседніх пабудоваў.

Сантэхнікі ў большасьці камэраў няма, за выняткам радыятара ацяпленьня. Вада знаходзіцца ў збане і зьліваецца ў вядро. У тых камэрах, дзе няма прыбіральні, вязьняў выводзяць з камэры на патрабаваньне. Ёсьць таксама урна для сьмецьця.

Па супрацьлеглых сьценах разьмешчаныя тумбачкі і нары, ля вакна маленькі стол і зэдлік.

Цэлы дзень вязьні ў камэрах знаходзяцца пад наглядам двух назіральнікаў, якія ходзяць вакол калідора, зазіраючы ў вочкі дзьвярэй. Каб іхнія крокі былі нячутныя, падлога засланая дываном, а на нагах назіральнікаў тапачкі. Абодва назіральнікі знаходзяцца пастаянна адзін насупраць другога. Калі адзін зь іх адчыняе камэру, другі мае магчымасьць бачыць, што адбываецца ўнутры, і пры неабходнасьці націснуць кнопку трывогі. Пры яе націсканьні выклікаецца група антытэрору «Альфа», а электразамкі ўсіх дзьвярэй турмы блякуюцца.

Для шпацыраў прызначаныя 5 унутраных дворыкаў, угары зацягнутых сеткай, адкуль за арыштантамі назірае надгляднік.

Для аказаньня мэдычнай дапамогі ўрач прыходзіць у камэры. Лячэньне зубоў адбываецца ў разьмешчаным побач мэдпункце КДБ, а ў выпадку неабходнасьці сур’ёзнай мэддапамогі — у шпіталі КДБ па вуліцы Макаёнка, 13.

Сустрэчы з адвакатамі адбываюцца ў асобных пакоях, дзе адвакаты і іхнія падабаронныя аддзеленыя двума шкламі з маленькімі адтулінамі, зрабіць перадачу празь якія немагчыма.

СІЗА КДБ адрозьніваецца лепшым узроўнем утрыманьня вязьняў у параўнаньні зь СІЗА МУС РБ («Валадаркай»), але і большай ізаляцыяй і пастаянным назіраньнем. Пасьля таго, як неабходнасьць у строгай ізаляцыі адпадае, арыштаваных могуць пераводзіць у СІЗА МУС.

Паводле вязьняў КДБ, катаваньні на допытах не практыкуюцца. Аднак некаторыя выказваліся пра «рэзкае зьмяненьне псыхічнага стану, жаданьне выгаварыцца» пасьля выпітае гарбаты, якая «мела незвычайны прысмак» (глядзіце таксама «сыроватка праўды»).

Вязьні «Амэрыканкі»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беларускія дзеячы, расстраляныя 29—30 кастрычніка 1937 г.[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Сьпіс дзеячоў Беларусі, расстраляных 29—30 кастрычніка 1937 году

Палітычныя вязьні часоў А. Лукашэнкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іншыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Замежнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]