Першая Ўсебеларуская канфэрэнцыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Пе́ршая Ўсебелару́ская канфэрэ́нцыя, таксама Першая Ўсебеларуская палітычная канфэрэнцыя, Нацыянальна-палітычная нарада — сход прадстаўнікоў беларускіх арганізацыяў і партыяў Заходняй Беларусі, Нямеччыны, Латвіі, Летувы, Польшчы і Чэхаславаччыны. Адбылася 25—28 верасьня (паводле іншых крыніцаў 26—29 верасьня) 1921 году ў Празе.

У яе рабоце ўдзельнічалі 37 чалавек. Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянэраў прадстаўлялі С. Баран, К. Душэўскі (Дуж-Душэўскі), Л. Заяц, А. Карабач, В. Ластоўскі, Я. Мамонька, М. Шыла; Беларускую партыю сацыялістаў-фэдэралістаў — В. Захарка, К. Езавітаў, П. Крачэўскі, А. Цьвікевіч; Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю — Б. Тарашкевіч.

Канфэрэнцыя прыняла рэзалюцыю аб Слуцкім паўстаньні 1920, у якой перасьцерагала беларускі народ ад непажаданага праліцьця крыві. У рэзалюцыі аб дзейнасьці Б. Савінкава адзначалася, што ён «Беларускім Нацыянальным Штандарам прыкрывае авантуры польскай і расейскай рэакцыі», «ня мае ніякай сувязі зь беларускімі палітычнымі й нацыянальнымі арганізацыямі й зьяўляецца правакатарам беларускай дзяржаўнасьці й ворагам беларускага народу». У рэзалюцыі аб дзейнасьці С. Булак-Балаховіча сьцьвярджалася, што ён ня мае ніякай падтрымкі з боку беларускіх нацыянальных палітычных арганізацыяў і зьяўляецца «узурпатарам і авантурнікам». Асобная рэзалюцыя датычылася Рыскай мірнай дамовы 1921. У ёй канфэрэнцыя пацьвярджала вернасьць Трэцяй Устаўнай грамаце Рады БНР. У рэзалюцыі аб дзяржаўным будаўніцтве Беларусі канфэрэнцыя абвяшчала, што Беларусь — край працоўнага сялянства, рабочых і працоўнай інтэлігенцыі, а таму павінная быць «дзяржавай працоўнага народу»; пацьвярджаўся прынцып незалежнасьці й непадзельнасьці Беларусі. Канфэрэнцыя заявіла, што адзіным заканадаўчым органам Беларусі зьяўляецца Рада Беларускай Народнай Рэспублікі.

Супярэчнасьці ва ўрадзе БНР па пытаньні аб стаўленьні да БССР прывялі да правядзеньня Другой Усебеларускай канфэрэнцыі (Бэрлін, 1925).

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Сідарэвіч А. Першая Усебеларуская канферэнцыя // БЭ ў 18 т. Т. 12. Мн., 2001.