Косаў
| Косаў лац. Kosaŭ | |||
| Населены пункт | |||
| |||
| Краіна | Беларусь | ||
|---|---|---|---|
| Вобласьць | Берасьцейская | ||
| Раён | Івацэвіцкі | ||
| Першыя згадкі | 1492 | ||
| Горад з | 1921 | ||
| Геаграфія | |||
| Вышыня НУМ | 164 м[1] | ||
| Часавы пас | |||
| Каардынаты | 52°45′ пн. ш. 25°09′ у. д.HGЯO | ||
| Насельніцтва | |||
| Колькасьць | 1832 чал. (2018)[2] | ||
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |||
| Тэлефонны код | +375 1645 | ||
| Паштовы індэкс | 225262 | ||
| СААТА | 1234510000 | ||
| Нумарны знак | 1 | ||
| Косаў на мапе Беларусі ± Косаў | |||
Ко́саў[3] — места ў Беларусі, на канале Руднянцы. Уваходзіць у склад Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 1832 чалавекі[2]. Знаходзіцца за 15 км ад Івацэвічаў, за 13 км ад чыгуначнай станцыі Косава-Палескае (лінія Берасьце — Баранавічы). Аўтамабільныя дарогі на Ружаны, Івацэвічы, Няхачава.
Косаў — даўняе мястэчка гістарычнай Слонімшчыны (частка Наваградчыны). Да нашага часу тут захаваліся драўляная Юр’еўская царква і палац Пуслоўскіх, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся палац Сапегаў, помнік архітэктуры XVIII ст. Суседняе ўрочышча Марачоўшчына — месца нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі, вайсковага і грамадзкага дзеяча Рэчы Паспалітай, нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Тапонім Косаў, імаверна, мае зьвязкі з асновай касы́ і вытворным прозьвішчам Косаў. Таксама магчыма, што пачатковае «к» мае пратэтычнае паходжаньне[4]. Паводле народнага паданьня, у XIII стагодзьдзі ў часе набегаў татараў каваль Каса рабіў зброю; мясцовыя жыхары абараняліся ад ворагаў, калі ішлі да каваля, казалі, што ідуць да Касога; месца, дзе ён жыў, паступова пачалі зваць Косавым. Згодна зь іншымі зьвесткамі, вакол Косава было шмат лугоў, якія ўвосень так гучна скашвалі, што стаяў моцны шум; адсюль і ўзьнікла назва.
Традыцыйная гістарычная назва паселішча — Косаў[5][6]. Форма Косава (рас. Коссово) пачала шырока ўжывацца ў выніку перайначваньня тапоніму на расейскі манер[7].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Першыя паселішчы на тэрыторыі Косава ўзьніклі ў X—XI стагодзьдзях. Захавалася гарадзішча X—XII стагодзьдзяў, якое дасьледавалі Юры Кухарэнка, Пётар Лысенка, Леанід Побаль і Павал Рапапорт. Аднак першы пісьмовы ўпамін пра Косаў зьмяшчаецца прывілеі вялікага князя Аляксандра, які перадаў яго маршалку І. Храптовічу, і датуецца 1494 годам[8]

Пазьней у розны час Косаў знаходзіўся ў валоданьні Флемінгаў і Чартарыйскіх. У 1510 годзе вялікі князь Жыгімонт Стары выдаў прывілей на правядзеньне ў мястэчку таргоў і кірмашоў. У гэты час Косаў стаў цэнтрам павету, аднак згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформай 1565—1566 гадоў увайшоў у склад Слонімскага павету Наваградзкага ваяводзтва. 11 траўня 1569 году мястэчка перайшло да Льва Сангушкі-Кашырскага. На 1597 год тут было 79 двароў і 2 вуліцы, дзеялі царква і касьцёл (з 1526 году), працавалі 27 корчмаў і шынок.
З 1611 году Косавам валодалі Сапегі. У 1626 годзе з фундацыі Льва Сапегі тут збудавалі новы касьцёл. У 1669 годзе сярод вернікаў Косаўскай парафіі ўпаміналася старалітва. У другой палове XVIII стагодзьдзя мястэчка перайшло да Пуслоўскіх, якія збудавалі ў ім суконную фабрыку, цагельню, гуту і бровар.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Косаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Слонімскім павеце Слонімскай, з 1797 году Літоўскай, з 1801 году ў Гарадзенскай губэрні. У 1825—1855 гадох у мястэчку працавала суконная мануфактура. У 1838 годзе граф Вандалін Пуслоўскі збудаваў тут палац. На 1845 год у Косаве існавала фабрыка дываноў і іншыя прадпрыемствы, на якіх налічвалася каля 200 работнікаў. У 1850-я гады працавала вінакурнае прадпрыемства. У 1861 годзе мястэчка стала цэнтрам воласьці.
За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) пад Косавым адбыўся бой паміж паўстанцамі і расейскімі карнымі войскамі. У 1865 годзе адкрылася расейская народная вучэльня. У 1867 годзе пачаў працаваць млын (у 1881 годзе абсталяваны паравым рухавіком). У 1868 годзе ў мястэчку збудавалі мураваную царкву Сьвятога Антонія, у 1878 годзе — Траецкі касьцёл. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — 431 будынкі, дзеялі 2 царквы, касьцёл і капліца, працавалі народная вучэльня, суконныя фабрыкі, гарбарня, пошта і 58 крамаў, штогод праводзілася па 8 кірмашоў. 15—16 кастрычніка 1900 году ў Косаве адбыліся хваляваньні навабранцаў (каля 900 чал.) у часе перастрэлкі з паліцыяй некалькіх чалавек застрэлілі.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Косаў занялі войскі Нямецкай імпэрыі; да восені 1918 году непадалёк стаяў фронт. Ад чыгуначнай станцыі Косаў-Палескі немцы правялі вузкакалейныя чыгункі ў лясныя масівы Гуліна і Міхаліна Ружанскай пушчы. Палац пацярпеў ад рабаваньняў, загінулі сад і аранжарэя[9].
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Косаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён ўвайшоў у склад Беларускай ССР[10]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Косаў апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе атрымаў статус места і стаў цэнтрам павету. За польскім часам тут працавалі міравы суд і паліцэйская камэндатура. З 1922 году дзеяў шпіталь на 930 ложкаў, у 1923 годзе адкрыўся лесапільны завод «Тартак». 3 лютага 1927 году ў Косаве адбылася дэманстрацыя працоўных, арганізаваная падпольным райкамам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі; паліцыя расстраляла дэманстрацыю, гэты дзень увайшоў у беларускую гісторыю пад назвай Косаўскага расстрэлу. У 1930-я гады ў месьце дзеяла электрастанцыя магутнасьцю 100 кВт.
У 1939 годзе Косаў увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе стаў цэнтрам раёну (з 20 верасьня 1947 году ў складзе Івацэвіцкага раёну). У наш час Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы вядзе расьсьледаваньне справы забойства 25 палякаў 17—20 верасьня каля Косава. У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 12 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. У 1942 годзе ў Косаве існавала гета; у часе партызанскай апэрацыі ўсіх жыдоў вызвалілі і схавалі ў лясох, але ў выніку нямецкай агітацыі, якая абяцала ім спакойнае жыцьцё ў гета, частка юдэяў вярнуліся зь лясоў, адразу ж усіх іх расстралялі. Да 17 верасьня 2013 году — цэнтар Косаўскага сельсавету[11].
- Места на старых здымках
- Палац Сапегаў
- Сядзіба Касьцюшкаў
- Вуліца Фабрычная
- Пачатак Фабрычнай ад Рынку
- Пачатак Слонімскай ад Рынку
- Пачатак Касьцельнай ад Рынку
- Брама палаца Пуслоўскіх
- Сынагога
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
- XIX стагодзьдзе: 1830 год — 578 муж., зь іх шляхты 7, духоўнага стану 2, мяшчанаў-юдэяў 408, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 150, жабракоў 2[12]; 1833 год — 741 чал.; 1860 год — 538 чал.; 1867 год — 1276 чал.; 1878 год — 2030 чал., у тым ліку 1279 юдэяў.[13]; 1897 год — 4143 чал.
- XX стагодзьдзе: 1905 год — 5067 чал.; 1921 год — 2433 чал.; 1938 год — 3708 чал.; 1959 год — 2,6 тыс. чал.; 1991 год — 2,8 тыс. чал.; 1997 год — 2675 чал.[14]; 1998 год — 2,7 тыс. чал.[15]
- XXI стагодзьдзе: 2002 год — 2,5 тыс. чал.; 2006 год — 2,4 тыс. чал.; 2008 год — 2,3 тыс. чал.; 2009 год — 2029 чал.[16] (перапіс); 2010 год — 2 тыс. чал.[17]; 2015 год — 1905 чал.[18]; 2016 год — 1850 чал.[19]; 2017 год — 1844 чал.[20]; 2018 год — 1832 чал.[2]
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У Косаве працуюць сярэдняя і музычная школы, дашкольная ўстанова.
Мэдыцына
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе меская лякарня.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дзеюць дом культуры, бібліятэка.
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]| Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
| 3 лютага вуліца | Слонімская вуліца[21] Фабрычная вуліца (паўднёвая частка) Доўгая вуліца (паўднёвая частка) Тадэвуша Касьцюшкі вуліца (паўднёвая частка)[22] |
| Горкага вуліца | Царкоўная вуліца |
| Леніна вуліца | Касьцельная вуліца |
| Савецкая вуліца | Кобрынская вуліца (заходняя частка) Пінская вуліца (усходняя частка) |
| Трынды вуліца | Надрэчная вуліца[21] |
| Чырвоных танкістаў плошча | Рынак пляц |
З урбананімічнай спадчыны Косава да нашага часу гістарычныя назвы захавалі Вясёлая (раней — Мізгіроўская[21]), Надрэчная і Польная вуліцы. У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаецца Шашэйная вуліца[23].
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай, харчовай прамысловасьці, камбінат бытавога абслугоўваньня насельніцтва.
- ААТ «Косаўскае мэблевае вытворчае аб’яднаньне»
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
- Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (1878, нэараманскі стыль); у драўляным касьцёле 1626 году, што стаяў на гэтым месцы, 12 лютага 1746 году быў ахрышчаны Тадэвуш Касьцюшка.
- Магіла ўдзельнікаў паўстаньня 1863—1864 гадоў (надмагільле пастаўленае ў 1928 годзе)
- Могілкі старыя каталіцкія; капліца (1859)
- Палац Пуслоўскіх (1838, нэаготыка); узьведзены паводле праекту архітэктара Францішка Яшчолда, у будаваньні палаца дапамагаў архітэктар У. Марконі. Фасад палаца складаў 120 мэтраў у шырыню. У міжваенны час тут разьмяшчалася сядзіба Косаўскага староства. У 1942 годзе быў спалены савецкімі партызанамі і цалкам закінуты, а прылеглы парк — высечаны (цяпер на гэтым месцы хваёвы бор). Частка руінаў палаца добра захавалася і ўражвае нават сёньня. У 2009 годзе палац Пуслоўскіх у Косаве ўлучылі ў інвэстыцыйную праграму турыстычных цэнтраў Беларусі (разам зь Мірскім замкам, Палацава-замкавым комплексам у Нясьвіжы і Старым Замкам у Горадні)[24]
- Помнік Тадэвушу Касьцюшку (2018; знаходзіцца ўва ўрочышчы Марачоўшчыне)
- Царква Сьвятога Юр’я (XVIII стагодзьдзе; Сьвяты Пасад, цяпер у валоданьні Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату)
- Царква Сьвятога Антонія (1868; мураўёўка)
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Палац Сапегаў (XVIII ст.)
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Краявіды места
- Магіла паўстанцаў
- Каталіцкая капліца
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Аўрам Ешаяў Карэліц (Хазон Іш) — адзін з найвядомейшых рабінаў XX стагодзьдзя
- Тадэвуш Касьцюшка (1746—1817) — вайсковы і грамадзкі дзяяч Рэчы Паспалітай, кіраўнік паўстаньня 1794 году; нарадзіўся ўва ўрочышчы Марачоўшчыне, за паўкілямэтру ад Косава
- Мікалай Трында — кіраўнік Косаўскага раённага антыфашысцкага камітэту ў Другую сусьветную вайну
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ GeoNames (анг.) — 2005.
- 1 2 3 Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 148—149.
- ↑ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 178.
- ↑ Іскурык В., Саўка З. (16.01.2011) Сапраўдныя назвы беларускіх гарадоў. Белсат ТВ. Праверана 9 чэрвеня 2011 г.
- ↑ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
- ↑ Вячорка В.. Не страляйце пад Лёзна! Скланяйма беларускія геаграфічныя назвы, Радыё Свабода, 31 ліпеня 2015 г.
- ↑ Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область, под ред. Марцелова С. В. — Минск: Белорусская Советская Энциклопедия, 1990. С. 208.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 3. Кн. 1. — Менск, 2006.
- ↑ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ↑ «Об изменениях в административно-территориальном устройстве Берёзовского, Ивацевичского, Малоритского, Пинского районов Брестской области». Решение Брестского областного Совета депутатов от 17 сентября 2013 г. № 305 (рас.)
- ↑ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 414.
- ↑ Sulistrowski F. Kossów // Słownik geograficzny... T. IV. — Warszawa, 1893. S. 473.
- ↑ ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 241.
- ↑ БЭ. — Мн.: 1999 Т. 8. С. 427.
- ↑ Перепись населения — 2009. Брестская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Дзяржкартгеацэнтр
- ↑ Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- 1 2 3 Плян Косава 1872 году
- ↑ Pinkas kehilat Kosov Poleski. — Jerusalem: Relief Organization of Former Residents of Kosov Poleski in Israel, 1956.
- ↑ Spis Abonentów Sieci Telefonicznej Okręgu Dyrekcji Poczt i Telegrafów w Wilnie na 1939 r. — Wilno, 1939. S. 30—31.
- ↑ Алесь Пятровіч. Косаўскі палац будзе ўзноўлены // Радыё «Нямецкая хваля», 7 жніўня 2008 г. Архіўная копія ад 7 жніўня 2008 г. Праверана 28 траўня 2016 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — 576 с. — ISBN 985-11-0144-3
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2006. — 528 с.: іл. ISBN 985-11-0373-X.
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Чыгрын С. Слоўныя скарбы Косаўшчыны // «Літаратура і мастацтва» №17, 2015.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
| ||||||||