Сельская гаспадарка Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ураджайнасьць збожжа па раёнах Беларусі (2013 год, цэнтнэр/гектар).

     >50

     45—50

     40—45

     35—40

     30—35

     25—30

     <25

Се́льская гаспада́рка Белару́сі — галіна вытворчасьці Беларусі, што забясьпечвае вырошчваньне расьлінаў і гадоўлю жывёлы дзеля харчаваньня і прамысловай сыравіны.

Асноўнымі галінамі ёсьць мяса-малочная жывёлагадоўля, бульбаводзтва, ільнаводзтва і сьвінагадоўля. Паўсюдна разьвітыя збожжавая гаспадарка і вырошчваньне тэхнічных расьлінаў. Вылучаюць 5 зонаў адмыслоўваньня. У Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцях, а таксама на паўднёвым захадзе Менскай і ўсходзе Гомельскай вобласьцяў мелі пашырэньне пасевы пшаніцы. На пяшчанай і супяшчанай глебах Палесься часьцей сеялі жыта і кармавы лубін. У Віцебскай, Магілёўскай і Менскай абласьцях былі найбольшыя плошчы аўса і ячменю. На поўначы і паўночным усходзе сеялі лён-даўгунец. Пасевы цукровых буракоў засяроджваліся вакол 4 цукровых заводаў (Гарадзейскі, Жабінкаўскі, Скідзельскі і Слуцкі). У Лідзкім і Петрыкаўскім раёнах вырошчалі этэраалейныя расьліны. У Берасьцейскай, Гомельскай і Менскай абласьцях было больш пасеваў бульбы. У Менскім раёне было разьвіта агародніцтва. У Гомельскім і Менскім раёнах вылучалася садоўніцтва. Птушкагадоўля была найбольш аўтаматызаванай галіной жывёлагадоўлі. Буйнейшымі птушкафабрыкамі былі Аршанская, Баранавіцкая, Кобрынская, Менская і Смалявіцкая. На захадзе і поўдні больш разьвітая сьвінагадоўля. Сярод іншых галінаў жывёлагадоўлі разьвіцьцё атрымалі рыбаводзтва, зьверагадоўля і пчалярства[1].

Галіны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пагалоўе буйной рагатай жывёлы (2018 год)

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пры канцы 5-га тысячагодзьдзя да Н.Х. у Беларусі зьявіліся нэалітычныя сельскагаспадарчыя прылады[1]. З IV стагодзьдзя да Н.Х. пачалі вырошчваць проса. У І тысячагодзьдзі земляробы выкарыстоўвалі драўлянае прамаградзільнае рала з полазам. У ІХ стагодзьдзі на землях Беларусі зьявілася 2-зубая драўляная саха з 2 мэталічнымі сашнікамі, якая стала асноўнай ворнай прылада з X стагодзьдзя. Таксама выкарыстоўвалі драўляныя рыдлёўкі з мэталічнымі акоўкамі і мэталічныя матыгі. Ураджай зьбіралі мэталічнымі сярпамі зь лязом даўжынёй 25-30 см. Зерне малацілі драўлянымі цапамі. Лён і каноплі апрацоўвалі на ільнамялках ды часалі драўлянымі грабянямі. Зерне малолі на муку каменнымі жорнамі дыямэтрам да 30 см. Крупы выраблялі ў ручных і нажных ступах. З X стагодзьдзя вядомы лён. З ХІ стагодзьдзя азімае жыта стала вядучай зернявой культурай і стала вядомай грэчка. Трэцяе месца пасьля пшаніцы займаў ячмень. Сярод бабовых сустракаліся сачавіцы. Сярод гародніны былі вядомыя капуста, рэпа, цыбуля, буракі і агуркі. У папарным земляробстве прымянялі двух- і трохпольле. Паўсюдна разводзілі курэй і гусей, а таксама кароў і сьвіней[3]. У XIII стагодзьдзі землеўладаньне падзялілася на сялянскае і шляхецкае. Асноўнай галіной сельскай гаспадаркі было расьлінаводзтва. Вырошчвалі жыта, авёс, грэчку, гарох, лён-даўгунец і каноплі. Часткай сельскай гаспадаркі заставаліся такія промыслы, як пчалярства, рыбалоўства, паляваньне і рамяство. У XV стагодзьдзі зьявіліся фальваркі, скіраваныя на таварную вытворчасьць. У 1557 годзе вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст зацьвердзіў Уставу на валокі, якая прывяла да дакладнага ўліку земляў і аднастайнасьці сялянскіх павіннасьцяў. Сельская гаспадарка Беларусі стала асабістай праз падворнае землекарыстаньне. У выніку далучэньня да Расейскай імпэрыі ў канцы XVIII стагодзьдзя ў Беларусі пашырыліся пасевы бульбы, канопляў і льну. Сельскагаспадарчы крызіс 1880-х гадоў прывёў да пераўтварэньня малочнай жывёлагадоўлі ў асноўную галіну сельскай гаспадаркі Беларусі замест вытворчасьці збожжа. Важнымі кірункамі сталі авечкагадоўля і льнаводзтва. У 1906 годзе расейскі прэм’ер Пётар Сталыпін правёў зямельную рэформу, што пашырыла асабістае сялянскае землекарыстаньне. У 1913 годзе каля 75% насельніцтва Беларусі займалася сельскай гаспадаркай, якая дала 67,5% нацыянальнага прыбытку[1]. За мяжу ў асноўным пастаўлялі масла (Дзісенскае масла), мяса, лён і пяньку[2].

У 1925 годзе сельскагаспадарчая вытворчасьць Беларускай ССР аднавілася да ўзроўню 1913 году ў выніку новай эканамічнай палітыкі. У 1929 годзе пачалася калектывізацыя, што суправаджалася раскулачваньнем. Да 1935 году ў калгасы перайшло 92,3% пасяўных плошчаў і 85,6% гаспадарак. Сялянства прымусілі да адчужэньня ад вынікаў працы і сродкаў вытворчасьці, а таксама да неэквівалентнага абмену з горадам[1]. Таксама сялянаў адміністрацыйна прымацавалі без пашпартоў да калектыўных гаспадарак (дэ-факта вярнулі прыгоннае права). У 1940 годзе на долю калгасаў і саўгасаў у Беларускай ССР прыпадала 65% нарыхтовак збожжа, 77% — ільновалакна, 73% — малака, 46% — бульбы і 23% — мяса[2]. Налічвалася 10 000 калгасаў, 92 саўгасы і 36 машынна-трактарных станцыяў. Пасьля 1945 году калектывізацыю правялі ў Заходняй Беларусі[1]. У 1951 годзе сельскагаспадарчую вытворчасьць аднавілі да ўзроўню 1940 году. У 1950-я гады правялі мэліярацыю без належнага гаспадарчага і прыродаахоўнага абгрунтаваньня, а таксама мэханізацыю і электрыфікацыю калгасаў[2]. У 1970-я гады саўгасы сталі далучаць да харчовых прадпрыемстваў. У 1980-я гады заніжаныя заробкі ў сельскай гаспадарцы прывялі да скарачэньня долі сельскага насельніцтва да 35%[1]. У выніку Чарнобыльскай катастрофы 1986 году з гаспадарчага абароту выйшла 1/5 частка ўгодзьдзяў. З 1990 году праз стратнасьць паменшыўся збор ураджаю і пагалоўе жывёлы, што выклікала спад вытворчасьці мяса, малака і яек[2].

Са здабыцьцём незалежнасьці ў 1991 годзе пашырыліся асабістыя гаспадаркі і акцыянэрныя таварыствы. Аднак перавага адзяржаўленай уласнасьці калгасаў працягвала адахвочваць сялянства ад выніковасьці ў працы. Таксама заніжаныя ўрадам цэны на сельскагаспадарчую сыравіну перашкаджалі разьвіцьцю галіны[1]. У 1993 годзе ў сельскай гаспадарцы выкарыстоўвалі 123,1 тыс. трактароў, 70 400 грузавікоў, 25 500 збожжаўборачных, 10 000 сіласаўборачных, 8400 бульбаўборачных і 4000 ільноўборачных камбайнаў, а таксама 10 000 зернеачышчальных машынаў. Машыны дазвалялі мэханізаваць палявыя працы і жывёлагадоўлю. У 1994 годзе на сельскую гаспадарку прыпадала 26,3% асноўных фондаў краіны і 19,5% нацыянальнага даходу. Каля 34% валавай вытворчасьці далі асабістыя дапаможныя гаспадаркі калгасьнікаў і супрацоўнікаў саўгасаў, а таксама садова-агародніцкія таварыствы: 90% гародніны, 80% бульбы, 37% яек, 27% воўны, 24% малака і 13% мяса. У дзяржаўных закупках яны склалі 14% па воўне і 10% па бульбе. За 1990—1994 гады вытворчасьць у асабістых гаспадарках вырасла ў больш як 1,5 разы. Каля 3/4 пасеваў збожжа ў Беларусі складалі жыта і ячмень. Астатнюю плошчу займалі авёс, пшаніца, грэчка, кукуруза (на зерне) і проса. Зь зернебабовых вырошчвалі кармавы лубін, гарох, віку і фасолю. Ураджай харчовай бульбы забясьпечваў унутраныя патрэбы і пастаўляўся на вываз. Тэхнічныя расьліны займалі каля 5% пасяўной плошчы. Найбольш зь іх вырошчвалі лён-даўгунец, менш — цукровыя буракі. Таксама пачалі вырошчваць рапс, бо дагэтуль у Беларусі адсутнічала ўласная сыравіна для атрыманьня алею. Сенажаці і паша займалі 1/3 угодзьдзяў. Кармавыя расьліны займалі каля 40% пасяўных плошчаў: канюшына, люцэрна, кармавыя буракі, кукуруза і рапс на сілас, турнэпс і кармавы лубін. На корм жывёле ішло каля 70% валавога збору збожжа і зернебабовых, а таксама 40% бульбы. Агародніцтва было разьвіта вакол буйных гарадоў. Сярод 30 відаў пашыранай у Беларусі гародніны найбольшае значэньне мелі капуста, агуркі, таматы, буракі, радыска, рэдзька, цыбуля, часнок, салата, морква, пятрушка і кроп. З пладовых і ягадных культураў вырошчалі яблыні, сьлівы, грушы, вішні, чарэшні, парэчкі, агрэст, маліны і клубніцы. Асноўнай галіной жывёлагадоўлі заставалася разьвядзеньне буйной рагатай жывёлы зь перавагай мяса-малочных і малочных пародаў. Другой паводле значнасьці была сьвінагадоўля. Большасьць пагалоўя сьвіней знаходзілася ў сьвінагадоўчых комплексах, пабудаваных у 1970—1980-я гады. Птушкагадоўля засяроджвалася вакол вялікіх гарадоў, дзе месьціліся птушкафабрыкі, кшталту Менскай. Авечкагадоўля ператварылася ў дапаможную галіну жывёлагадоўлі, на якой адмыслоўваліся асобныя калгасы і саўгасы. Конегадоўляй займаліся адмысловыя конныя заводы, найбольшымі сярод якіх былі ў пасёлку Ратамка (Менскі раён), Амсьціслаўскім і Веткаўскім раёнах. Большасьць коней у асабістую ўласнасьць набывалі сяляне. Зьверагадоўляй займалася больш як 10 зьверагаспадарак, дзе гадавалі норак, серабрыста-чорных лісоў, пясцоў і нутрыяў. Пчалярства было пашырана ў пчолагадавальніках, на пчаліных фэрмах у калгасах і саўгасах ды сярод аматараў[2].

Расьлінаводзтва Беларусі (млн тонаў)[4]
Год Бульба Збожжа Цукровыя буракі Гародніна Садавіна Ільно-
валакно
1913 4,1 2,6 0,0328
1940 11,9 2,7 0,673 0,0365
1960 10,6 2,2 0,383 0,843 0,221 0,0844
1980 9,3 4,1 1,122 0,733 0,414 0,061
1990 8,6 7 1,479 0,749 0,373 0,052
1995 9,5 5,5 1,472 1,031 0,383 0,06
2000 8,7 4,5 1,474 1,379 0,299 0,037
2010[5] 7,831 6,189 3,773 2,335 0,799 0,037
2018 5,865 5,814 4,806 1,746 0,954 0,04

На 1 студзеня 1995 году налічвалася 2951 асабістая гаспадарка, 1862 калгасы і 658 саўгасаў. На аснове шэрагу калгасаў і саўгасаў узьніклі акцыянэрныя таварыствы, таварыствы з абмежаванай адказнасьцю і агракамбінаты. У сярэднім на калгас прыпадала 3058 га ўгодзьдзяў, зь іх 1979 га ворнай зямлі. На саўгас — 2988 га ўгодзьдзяў, зь іх 2001 га ворнай зямлі. Асабістыя гаспадаркі мелі 60 900 га зямлі (609 км², 17,7 га на гаспадарку), 3032 трактары і 909 грузавікоў. На 1996 год большасьць калгасаў і саўгасаў заставалася стратнай і некалькі гадоў не набывала трактароў, угнаеньняў і гэрбіцыдаў. Іх пасяўныя плошчы скараціліся празь нястачу сродкаў на паліва. Адток вяскоўцаў у горад прывёў да перавагі ў сельскім насельніцтве пэнсіянэраў. Сярод працаздольных вяскоўцаў пашырэньне набыў алькагалізм. У Беларусі выкарыстоўвалі 9,3 млн гектараў (93 000 км²) угодзьдзяў, якія складалі 46% земляў Беларусі. Ворныя землі налічвалі 6,2 млн га (62 000 км²) зь іх (2/3). Прыродныя ўмовы Беларусі ўлучалі раўнінную паверхню, сярэднеўрадлівыя глебы, дастатак у цеплыні і вільгаці, а таксама ў працоўных рэсурсах. Сельскія гаспадаркі атрымлівалі большасьць прыладаў і мінэральных угнаеньняў ад мясцовых прамыслоўцаў: колавыя трактары, збожжаўборачныя камбайны, грузавікі і хімікаты супраць пустазельля і шкоднікаў. Большасьць сельскагаспадарчай сыравіны перапрацоўвалі мясцовыя прадпрыемствы харчовай і лёгкай прамысловасьці. Адмыслоўцаў для сельскай гаспадаркі рыхтавалі 4 ВНУ (Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках, Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўнівэрсытэт, Віцебская дзяржаўная акадэмія вэтэрынарнай мэдыцыны і Гарадзенскі дзяржаўны аграрны ўнівэрсытэт), 28 тэхнікумаў і 2 каледжы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Рэспублікі Беларусь па 60 спэцыяльнасьцях. У сельскагаспадарчых ВНУ дадалі 8 спэцыяльнасьцяў: 1) камэрцыйная дзейнасьць; 2) міжнародныя гаспадарчыя дачыненьні; 3) фінансы і крэдыт; 4) улік, аналіз і аўдыт; 5) прававое забесьпячэньне бізнэсу; 6) прамысловае рыбаводзтва, 7) радыялёгія, 8) вырошчваньне вострапрыпраўных і лекавых расьлінаў. На дзяржаўным узроўні склалі глебавыя мапы Беларусі і мапаграмы, правялі баніцоўку і мэліярацыю, праклалі міжгаспадарчыя дарогі і лініі высакавольнай электраперадачы. Дзейнічала Акадэмія аграрных навук Рэспублікі Беларусь, чые навукова-дасьледчыя інстытуты (Інстытут глебазнаўства і аграхіміі, Інстытут пладаводзтва) праз досьледныя гаспадаркі пастаўлялі сартавое насеньне і племянную жывёлу, а таксама ўкаранялі перадавыя прыёмы вытворчасьці[2]. У 2000 годзе сельская гаспадарка займала 16,5% у асноўных фондах пры 14,1% занятых, 12,7% у СУП і 6,7% укладаньняў у асноўны капітал. Налічвалася 2500 асабістых гаспадарак, 1730 калгасаў і 617 саўгасаў. Стратнымі былі 48,8% дзяржаўных прадпрыемстваў[1].

Вырабы жывёлагадоўлі Беларусі[4]
Год Яйкі, млн Малако, млн тонаў Мяса (у забойнай вазе),
тыс. тонаў
1913 413 1,4 219,3
1940 611,8 2 274,7
1960 867,8 3,2 401,8
1980 3035 6,1 857
1990 3657 7,5 1187
1995 3373 5,1 657
2000 3288 4,5 598
2010[6] 3536 6,624 971
2018 3363 7,345 1226
Пагалоўе птушкі і жывёлы (млн галоваў)[7]
Год Птушка Буйная рагатая жывёла зь іх каровы Сьвіньні Авечкі і козы Коні
1913 2,293 1,61 2,444 1,483 2,05
1941 14,7 2,843 1,956 2,52 2,578 1,17
1961 18,6 3,666 2,021 3,164 1,213 0,519
1980 37,3 6,735 2,748 4,437 0,564 0,234
1990 49,8 7,166 2,439 5,204 0,51 0,219
1996 40,1 5,054 2,137 3,895 0,262 0,229
2000 30,1 4,221 1,845 3,566 0,174 0,217
2010[8] 37,5 4,151 1,478 3,887 0,124 0,113
2018 51,2 4,341 1,498 2,841 0,151 0,043

На 1 студзеня 2018 году сельскагаспадарчыя землі Беларусі налічвалі 8501,6 тыс. гектараў (85 016 км²), што складала 40% земляў краіны. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы налічвалі каля 294 000 супрацоўнікаў і мелі 40 400 трактароў і 9500 збожжаўборачных камбайнаў. Прадпрыемствы трымалі 50,7 млн птушак, 4,4 млн буйной рагатай жывёлы (кароваў) і 3,2 млн сьвіней[9]. У 2018 годзе сельская гаспадарка дала каля 7% сукупнага ўнутранага прадукту Беларусі і забясьпечыла звыш 8% занятасьці ў краіне. Абсяг вытворчасьці перавысіў 18,8 млрд рублёў ($9,214 млрд), зь якога 56% ($5,3 млрд, +6,2%) паставілі за мяжу. Найбольш паставілі ў: Расею — каля 80%, Казахстан — 5,9%, Украіну — 2,3%, Летуву — 1,8% і Кітай — 1,6%[10].

На лістапад 2019 году 25 гаспадарак Беларусі займаліся арганічным земляробствам[11].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е ё ж Генадзь Смалякоў. Сельская гаспадарка // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 14. — С. 313-314. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0238-5
  2. ^ а б в г д е ё Беларусь (Сельская гаспадарка) // Беларуская энцыкляпэдыя / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 3. — С. 32-35. — 511 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0068-4
  3. ^ Тацяна Каробушкіна. Сельская гаспадарка ў X—XIII стст. // Бібліятэка «Жыве Беларусь», 19 сакавіка 2010 г. Праверана 14 студзеня 2020 г.
  4. ^ а б Табліца 1. Вытворчасьць асноўных відаў с.-г. прадукцыі ў Беларусі // Беларуская энцыкляпэдыя / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 14. — С. 314. — 512 с.
  5. ^ 6.21. Валавыя зборы асноўных сельскагаспадарчы культураў // Сельская гаспадарка Рэспублікі Беларусь: статыстычны зборнік = Сельское хозяйство Республики Беларусь: статистический сборник / гал.рэд. І.В. Мядзьведзева. — Менск: Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь, 2019. — С. 83. — 212 с. — 41 ас. — ISBN 978-985-7184-72-9
  6. ^ 7.7. Вытворчасьць асноўных відаў прадукцыі жывёлагадоўлі ў гаспадарках усіх катэгорыяў // Сельская гаспадарка Рэспублікі Беларусь: статыстычны зборнік / гал.рэд. І.В. Мядзьведзева. — Менск: Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь, 2019. — С. 147. — 212 с.
  7. ^ Табліца 2. Пагалоўе жывёлы і птушкі ў Беларусі // Беларуская энцыкляпэдыя / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 14. — С. 314. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0238-5
  8. ^ Пагалоўе жывёлы і птушкі (рас.) // Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 14 студзеня 2020 г.
  9. ^ Сельская гаспадарка Беларусі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 15 лістапада 2018 г. Праверана 12 студзеня 2020 г.
  10. ^ Беларусь знаходзіцца сярод сусьветных лідэраў па вырошчваньні льновалакна, жыта і журавінаў // БелТА, 15 лістапада 2019 г. Праверана 12 студзеня 2020 г.
  11. ^ Тацяна Ступакевіч. Анатоль Анатольевіч Амельчанка – доктар, які лечыць зямлю // Газэта «Дзяньніца» (Шчучын), 8 лістапада 2019 г. Праверана 20 сьнежня 2022 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]