Перайсьці да зьместу

Белпошта

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 53°53′47″ пн. ш. 27°33′4″ у. д. / 53.89639° пн. ш. 27.55111° у. д. / 53.89639; 27.55111

«Белпошта» 
Выява лягатыпу
Тып унітарнае прадпрыемства
Дэвіз Хуткасьць, надзейнасьць, даступнасьць
Заснаваная 20 верасьня 1995 (30 гадоў таму)
Уласьнікі Савет міністраў Рэспублікі Беларусь
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Менск
Адрас Ленінскі раён, праспэкт Незалежнасьці, дом 10
Ключавыя фігуры Сьвятлана Юркевіч (гендырэктарка), Алена Драздовіч (1-я намесьніца)[1]
Галіна сувязь
Прадукцыя дастаўка лістоў, пасылак і бандэроляў, газэтаў і часопісаў
Лік супрацоўнікаў
Матчына кампанія Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі

«Белпо́шта» — беларускае дзяржаўнае прадпрыемства паштовай сувязі, утворанае ў верасьні 1995 году.

Займае паноўнае становішча на рынку паштовых паслуг краіны[3]. На 2010 год улучала 6 абласных падразьдзяленьняў, вузлы паштовай сувязі ў 117 раённых цэнтрах з 118 і 3744 аддзяленьні, амаль 3000 зь якіх знаходзіліся ў вёсках. Між імі курсавалі каля 1300 міжабласных, міжраённых і ўнутрыгарадзкіх паштовых самаходаў. Агульная колькасьць працаўнікоў складала каля 30 тысячаў чалавек[4]. Штогод дастаўляе каля 300 мільёнаў лістоў[5]. На 2011 год штодзень перасылала 650 тыс. лістоў і 10 тыс. пасылак, прымала 500 тыс. плацяжоў і 23,5 тыс. грашовых пераводаў, распаўсюджвала 1,2 млн асобнікаў друкаваных сродкаў масавай інфармацыі[6]. На 2012 год дзель справавой перапіскі ў адпраўленьнях складала 2/3[7].

Тэрмінал чаргі ў аддзяленьні «Белпошты» з інтэрфэйсам на беларускай мове (2025 год)

Прадпрыемства ажыцьцяўляе прыём, апрацоўку, перавозку, дастаўку і ўручэньне ўнутрыкраёвых і міжнародных адпраўленьняў паштовак, лістоў, бандэроляў, пасылак, пакетаў і мяшкоў з друкаванымі выданьнямі, у тым ліку з паведамленьнем аб уручэньні і аплачаным адказам. Таксама ажыцьцяўляецца продаж і гашэньне знакаў паштовай аплаты, продаж міжнародных адказных купонаў і пасылачных скрыняў, прыём падпіскі, дастаўка пэрыядычных выданьняў і пэнсіяў, пераадрасаваньне выпісаных выданьняў, паштовая рэкляма і лічбавая сувязь (сеціўны гандаль, тэлеграма, тэлефанаваньне, факс, электронная пошта). Суправаджальныя паслугі ўлучаюць упакоўваньне, аздабленьне і захоўваньне адпраўленьняў, праверку складу пасылкі паводле вопісу, захоўваньне даверанасьцяў на атрыманьне адпраўленьняў, запаўненьне адраса і вопіса да адпраўленьня, пісьмовае паведамленьне аб зьмене адраса, захоўваньні, дасылцы і вяртаньні адпраўленьня, рамонт і даваньне ў карыстаньне паштовых скрыняў.

Паштовая скрыня «Белпошты»

20 верасьня 1995 году стварылі дзяржаўнае аб’яднаньне «Белпошта»[8]. У 1996 годзе ўкаранілі дастаўку факсімільных паведамленьняў з пунктаў Бюрофакс, а таксама паштовую рэкляму, ксэракапіяваньне і продаж газэтаў праз паштовыя аддзяленьні. У 1997 годзе ўвялі дастаўку кветак і падарункаў. У 1998 годзе ўкаранілі навагодняе віншаваньне. У 1999 годзе пашырылі страхаваньне праз аддзяленьні. У 2000 годзе пачалі ўжываньне пісьмовай карэспандэнцыі першай клясы і камэрцыйнай карэспандэнцыі з аплачаным адказам. Пачалася распрацоўка электроннага гандлю ў Сеціве[9].

У 2001 годзе сталі аказваць банкаўскія паслугі ў паселішчах, дзе адсутнічалі аддзяленьні «Беларусбанку». У 2002-м пачалі прадаваць блянкі строгай справаздачнасьці прадпрыемстваў Беларусі. У 2003 годзе наладзілі электронныя грашовыя пераводы па Беларусі і ўкаранілі прыём электроннай аплаты сотавай сувязі. 15 сьнежня 2003 году зацьвердзілі Закон Беларусі «Аб паштовай сувязі», што вызначыў «Белпошту» ў якасьці краёвага пастаўніка паштовых паслугаў. У студзені 2004 году раённыя вузлы паштовай сувязі перайшлі на безбалянсавы бухгальтарскі ўлік. 7 ліпеня 2004 году міністар сувязі Беларусі Ўладзімер Ганчарэнка падпісаў Загад № 190, якім даччыныя прадпрыемствы «Белпошты» пераўтварылі ў філіі, якімі былі Берасьцейская, Віцебская, Гарадзенская, Гомельская, Магілёўская і Менская, аўтабаза і вузел спэцыяльнай сувязі. 1 жніўня 2004 году «Белпошту» пераўтварылі ва ўнітарнае прадпрыемства. У філіях і раённых вузлах паштовай сувязі ўвялі адзінае апраграмаваньне, што дазволіла аўтаматызаваць разьлік заробкаў і ўлік паказьнікаў, а таксама скласьці адзіны плян рахункаў і бухгальтарскія праводкі. Прадпрыемства стала ўпаўнаважаным прадаўцом сотавых паслугаў ад пастаўнікоў «Мабільныя тэлесыстэмы», «Вэлком» і «Белсел». Адкрылі абмен міжнароднымі грашовымі пераводамі і наладзілі абслугоўваньне па банкаўскіх картках. Пачалі пастаянны нагляд за якасьцю міжнароднай службы сумесна зь Міжнародным бюро Сусьветнага паштовага зьвязу (Швайцарыя). У 2005 годзе стварылі сетку аплатна-даведкавых тэрміналаў. Распрацавалі сеткавае апраграмаваньне для паштовых касавых тэрміналаў, што дазволіла аплачваць жыльлёвыя паслугі, электраэнэргію, тэлефонную стацыянарную і сотавую сувязь у паштовым аддзяленьні. Распрацавалі фірмовую ўпакоўку з гофракардону, што дазволіла ўпакоўваць паштовыя адпраўленьні без сургучу і шпагату[9].

У 2006 годзе распрацавалі імгненную інтэрнэт-аплату. У 2006 годзе раённыя цэнтры падлучылі да сеткі імгненнай аплаты паслугаў. Пачалі дастаўку замежных пасылак на дом, а таксама ўручэньне пошты ў офісе паводле заяўкі адпраўніка. У 2007 годзе ў паштовых аддзяленьнях увялі афармленьне пазыкаў ад «Белгазпрамбанку» і «Прыёрбанку». Таксама ўкаранілі ўручэньне гібрыднай пошты. Стварылі сетку сачэньня за паштовымі адпраўленьнямі празь Сеціва. У 2008 годзе скончылі аўтаматызацыю паштовых аддзяленьняў. «Белпошта» стала паўнапраўных сябрам аб'яднаньня «Пошта Эўропы» (Бэльгія). У 2009 годзе ўтварылі сетку перасоўных паштовых аддзяленьняў на самаходах для вёсак. Па маршрутах паштовай сеткі ў Беларусі хадзіла каля 1300 самаходаў. У 2009 годзе «Белпошта» атрымала ўзнагароду «Залатая літара» у намінацыі «Распаўсюджваньне друку». У 2010 годзе ўвялі каталёжны гандаль таварамі беларускіх вытворцаў[9]. На 2010 год прадпрыемства налічвала 30 тыс. супрацоўнікаў.

У 2011 року Белпошта прызнана Сусьветным паштовым саюзам адной з найлепшых паштовых службаў у сьвеце па ўзроўні разьвіцьця паштовых паслуг, заняўшы другое месца. У 2012 годзе прадпрыемствам прапанавалі абслугоўваньне ў цэнтрах «Бізнэс-пошта». Укаранілі ўручэньне газэтаў і лістоў паштовым кур’ерам у пазначаны час у дзень прыёму заяўкі. У 2013 годзе закупілі лістасартавальную машыну, каб сартаваць лісты да даставачнага ўчастка. Таксама ўвялі паслугу кароткага паведамленьня адпраўніку ў дзень атрыманьня ліста адрасатам. Сярод іншага, увялі перасылку буйнагабарытных адпраўленьняў для прадпрыемстваў. Укаранілі правядзеньне апытаньняў паштальёнамі. У 2013 годзе «Белпошта» атрымала залаты мэдаль на Сусьветнай выставе паштовых марак у Тайляндзе за «Каталёг паштовых марак Рэспублікі Беларусь. 2008-2012». У 2014 годзе пашырылі атрыманьне пэнсіі на ўсе аддзяленьні. Увялі доступ да Агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сыстэмы (ААІС). Укаранілі перасылку дамовы і накладной з афармленьнем і вяртаньнем падпісанымі. Таксама ўвялі абанэмэнт «Паштовы кур’ер кожны дзень» для прадпрыемстваў. У 2015 годзе на ўчастку авіяпошты пры лётнішчы «Менск» адчынілі міжнародны паштовы абмен. Стварылі інтэрнэт-краму беларускіх тавараў з дастаўкай паводле месцазнаходжаньня. Узьнікла магчымасьць аплачанай дастаўкі ўвечары. У Менскім паштамце ўсталявалі першую прыладу самаафармленьня лістоў. Пры лётнішчы «Менск» адчынілі склад міжнароднай пошты. У Беларусі дзейнічала 949 аплатна-даведкавых тэрміналаў (АДТ), зь іх 186 у Менску, якія дазвалялі аплачваць паслугі гатоўкай і банкаўскай карткай. Вэб-бачына «Белпошты» дазваляла падпісацца на газэты анлайн і выклікаць паштовага кур’ера на дом[10].

У 2016 годзе адчынілі 5 гарадзкіх і адно сельскае паштовае аддзяленьне, а таксама 4 гарадзкія паштовы пункты. У паштовых аддзяленьнях усталявалі 41 прыладу самаадпраўкі заказных пасылак вагой да 2-х кг па Беларусі. Укаранілі дастаўку кур’ерам тавараў вагой да 7 кг па абласных цэнтрах за 3 гадзіны. Таксама ўвялі бесканвэртнае адпраўленьне і бязадрасную рассылку рэклямы на пэўнай вуліцы або ў пэўным квартале. Пачалі дастаўляць тавары поштай сумесна зь беларускімі інтэрнэт-крамамі. Уласная інтэрнэт-крама прадавала тавары ад 210 мясцовых вытворцаў. Таксама адкрылі абмен тэрміновымі грашовымі пераводамі з «Укрпоштай». Увялі грашовы перавод між аплатнымі карткамі «Майстаркард» і «Маэстра» ад банкаў Беларусі. У 2017 годзе ўкаранілі дастаўку пакупак на дом з крамаў паштовымі кур’ерамі па Беларусі. Уласная інтэрнэт-крама пашырыла замовы на Казахстан, Расею і Ўкраіну. У 2018 годзе адчынілі 3 гарадзкія і перасоўнае паштовае аддзяленьне, па гарадзкім і сельскім паштовым пункце, а таксама падразьдзяленьне «Бізнэс-пошта». Увялі 20 кругласодневых паштаматаў для міжнародных адпраўленьняў. У аддзяленьнях усталявалі 24 тэрміналы электроннай чаргі. Таксама ўвялі аплату жыльлёвых паслугаў па кодзе хуткага адказу (ХА-код). Замовы ва ўласнай інтэрнэт-краме пышырылі на тавары ад 285 беларускіх вытворцаў зь іх афармленьнем з ЗША, 8 краінаў Эўразьвязу і 4-х краінаў Азіі. У 34-х аддзяленьнях адчынілі кабінкі для прымеркі замоўленых тавараў. Сярод іншага, падпісалі пагадненьні аб паветранай перавозцы пошты з «Каралеўскім лётніцкім таварыствам» (Нідэрлянды) і «Паштовымі лініямі» (Расея), а таксама пратаколы аб супрацы ў складзкой справе з «Брэмінай груп» (Ворша) і «Яндэкс Маркетам» (Расея). У 2019 годзе адчынілі 2 гарадзкія і сельскае паштовае аддзяленьне, а таксама 2 паштовыя пункты і адно бізнэс-падразьдзяленьне. У 2019 годзе замовы ва ўласнай інтэрнэт-краме пашырылі на Канаду, Эгіпет, на 7 краінаў Азіі, у тым ліку на Індыю і Кітай, а таксама на 9 краінаў Эўропы. На 2019 год «Белпошта» дастаўляла тавары з 7900 інтэрнэт-крамаў. У Маладэчанскім і Мядзельскім раёнах увялі прыём заявак ад вяскоўцаў на лекі ад «Менскай Фармацыі». У Аршанскім раёне паштальёнаў аснасьцілі мабільнымі прыладамі для аказаньня паштовых паслугаў на даму анлайн. У паштовых аддзяленьнях пачалі адкрываць укладныя рахункі ў «Беларусбанку», афармляць аплатныя карткі і выдаваць пазыкі на картку[10].

11 чэрвеня 2020 году запрацавала паштовае аддзяленьне ў індустрыяльным парку «Вялікі Камень» (Смалявіцкі раён). 17 чэрвеня ў Астрашыцкім Гарадку (Менскі раён) адчынілі дзіцячы аздараўленчы летнік «Сяброўства» каля вадасховішча Вяча. 3 студзеня 2021 году запрацавала Нацыянальная паштовая электронная сыстэма (НПЭС) для электроннага ліставаньня. 10 чэрвеня 2021 году заключылі пагадненьне аб дастаўцы тавараў з расейскай інтэрнэт-крамы «Азон». У лютым 2024 году мабільны дастасунак «Белпошты» пад «Андроід» і «айОС» займеў магчымасьць анлайн-афармленьня пасылак[11].

  1. Васіль Бакаеў (4—22 сьнежня 1995)
  2. Георгі Ігнатовіч (3 студзеня 1996 — 2 студзеня 2003)
  3. Аляксандар Худалей (13 студзеня 2003 — 21 ліпеня 2005)
  4. Аляксандра Чарняк (8 лістапада 2005 — 3 сакавіка 2009)
  5. Юры Комар (9 сакавіка 2009 — 31 жніўня 2011)
  6. Ірына Саксонава (1 верасьня 2011 — 30 жніўня 2016)
  7. Уладзімер Матусевіч (19 сьнежня 2016 — 21 жніўня 2019)
  8. Сьвятлана Юркевіч (ад 16 верасьня 2019 году)[12]
  1. ^ Кіраўніцтва // УП «Белпошта», 2025 г. Праверана 31 жніўня 2025 г.
  2. ^ https://belpost.by/by/okompanii (белар.) — 2025.
  3. ^ Марына Носава. «Белпошта» ўключаная ў Дзяржрэестар суб’ектаў гаспадараньня, якія займаюць дамінавальнае становішча на таварных рынках Беларусі // БелаПАН, 14 сакавіка 2011 г. Праверана 30 сьнежня 2013 г.
  4. ^ Валянціна Доўнар. «Хуткасьць, надзейнасьць, даступнасьць» — гэта ня проста словы // Зьвязда : газэта. — 9 кастрычніка 2010. — № 198 (26806). — С. 1, 3. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ Натальля Кузьміцкая. «Белпошта» прэзэнтавала вытворчае ноў-хаў // Белтэлерадыёкампанія, 19 сьнежня 2013 г. Праверана 30 сьнежня 2013 г.
  6. ^ У Беларусі павысіліся тарыфы на міжнародныя паштовыя адпраўленьні // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 1 лістапада 2011 г. Праверана 30 сьнежня 2013 г.
  7. ^ Яўген Пуставой. Сёньня беларускія паштальёны адзначаюць сваё прафэсійнае сьвята // Белтэлерадыёкампанія, 9 кастрычніка 2012 г. Праверана 30 сьнежня 2013 г.
  8. ^ Этапы разьвiцьця беларускай пошты // УП «Белпошта», 2025 г. Праверана 31 жніўня 2025 г.
  9. ^ а б в Пэрыяд станаўленьня беларускай пошты ў 1995 – 2010 гг. // УП «Белпошта», 2025 г. Праверана 31 жніўня 2025 г.
  10. ^ а б Разьвіцьцё беларускай пошты ў 2011—2017 гг. // УП «Белпошта», 2025 г. Праверана 31 жніўня 2025 г.
  11. ^ Сучаснае разьвіцьцё беларускай пошты // УП «Белпошта», 2025 г. Праверана 31 жніўня 2025 г.
  12. ^ Гістарычная даведка пра кіраўнікоў // УП «Белпошта», 2025 г. Праверана 31 жніўня 2025 г.

Глядзіце таксама

[рэдагаваць | рэдагаваць]

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць]