Сьвяты Юры
Сьвяты Юры | |
Сьвяты | |
---|---|
Нарадзіўся | 275 |
Памёр | каля 23 красавіка 303 |
Дзень памяці | 23 красавіка[1] і Bright Week[d] |
Сьвяты Юры[2] (Пераможца, таксама Георгі, грэц. Γεώργιος, лац. Georgious) — хрысьціянскі сьвяты, заступнік ваяроў. Ушаноўваецца 6 траўня паводле грыгарыянскага календару (23 красавіка паводле юліянскага). Мае знак крыж Сьвятога Юрыя. Адзін зь сьвятых апекуноў Беларусі, які ўвасобіўся ў беларускім нацыянальным гербе Пагоні[2].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся каля 280 году ў Палестыне ў сям’і грэка-хрысьціяніна. У войску Рымскай імпэрыі здабыў высокую вайсковую годнасьць. Аднак калі імпэратар пачаў перасьлед хрысьціянаў, пакінуў вайсковую службу і стаў прапаведнікам, за што па цяжкіх муках каля 303 году яму адсеклі галаву ў Нікамэдыі (цяпер места Ізьмір, Турэччына).
Паводле «Залатой Легенды» Якуба Варагінскага, вызваліў горад Сылену ў Лібіі ад цмока, забіўшы яго і тым уратаваўшы каралёву дачку Сабру ад прынясеньня ў ахвяру цмоку (у хрысьціянскім дыскурсе — мэтафара перамогі хрысьціянства над паганствам)[2].
Ушанаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]26 лістапада 1051 году ў Кіеве асьвяцілі царкву Сьвятога Юрыя пры Юр’еўскім манастыры, заснаваным вялікім князем кіеўскім Яраславам Мудрым. Гэты дзень стаў царкоўным сьвятам і атрымаў назву Юр’еў дзень.
У 1222 годзе Оксфардзкі сабор абвясьціў Юрыя нацыянальным сьвятым Ангельшчыны[4]. У каталёнскіх рыцараў быў баявы спокліч «Sant Jordi! Firam! Firam!», у ангельскіх — «by George!»[2].
У Вялікім Княстве Літоўскім тытул Сьвятога Юрыя атрымалі шматлікія цэрквы і касьцёлы. Тым часам кавалерыя ВКЛ карысталася сьцягам Сьвятога Юрыя (чырвоны крыж на белым палотнішчы), які, з усяго відаць, стаў прататыпам бел-чырвона-белага сьцяга[5]. Найбольш раньняе дакумэнтальна засьведчанае выкарыстаньне войскам ВКЛ сьцяга Сьвятога Юрыя ўзыходзіць да 1444 году — бітвы пад Варнай з войскам Асманскай дзяржавы[6].
У беларускай міталёгіі вобраз Сьвятога Юрыя атрымаў асобныя рысы Ярылы.
Іканаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На абразах выяўляецца юнаком на белым кані, які забівае дзідай цмока. Пры гэтым часта мае белыя шаты або срэбныя дасьпехі, на гербах — у чырвоным полі. Адпаведна на сьцягах і харугвах гэтыя колеры перадаюцца паводле вэксылялягічных правілаў: колер асноўнай эмблемы становіцца колерам палотнішча сьцягу, а колер геральдычнага шчыта — колерам дадатковага элемэнту. Такім чынам узьніклі сьцягі Ангельшчыны, Генуі, Грузіі — чырвоны сьвятаюраўскі крыж на белым полі. Бела-чырвона-белыя колеры Сьвятога Юрыя суадносяцца з нацыянальнымі колерамі і, адпаведна, нацыянальным бел-чырвона-белым сьцягам беларусаў[2].
На Русі выява Сьвятога Юрыя традыцыйна зьмяшчалася на пячатках і манэтах. Уплыў грэцка-хрысьціянскага культу Сьвятога Юрыя стаў адным з чыньнікаў ўзьнікненьне гербу Пагоні і замацаваньне яго на старажытных землях Вялікага Княства Літоўскага[7]. З XIV ст. выяву Сьвятога Юрыя зьмясьцілі на эмблеме Масквы, якая пазьней увайшла ў мескі герб і дзяржаўны герб Расеі.
На сюжэт бітвы з цмокам існуюць рэльеф Мішэля Калёмба, статуя Данатэльлё, карціны Альбрэхта Дурэра, Віторэ Карпача, Люкаса Кранаха Старэйшага, Рафаэля і іншыя творы сусьветнага мастацтва[8].
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Calendarium Romanum (лац.): Ex decreto Sacrosancti Œcumenici Concilii Vaticani II instauratum auctoritate Pauli PP. VI promulgatum. Editio typica — Civitas Vaticana: Typis Polyglottis Vaticanis, 1969. — С. 25.
- ^ а б в г д Вячорка В. «Георгиевская ленточка» ня мае дачыненьня ані да сьвятога Георгія, ані да Беларусі, Радыё Свабода, 8 траўня 2019 г.
- ^ Вячорка В. Бел-чырвона-белы сьцяг над Крымам і мяжа Эўропы, Радыё Свабода, 13 траўня 2014 г.
- ^ Драбовіч Л. Георгій // БЭ. — Мн.: 1997 Т. 5. С. 164.
- ^ Ткачев М. Национальные символы: народ и история // Гербовед. № 9 (21), 1997 г.
- ^ Скобла М. Мікола Купава: «Бел-чырвона-белы сцяг непадсудны, гэта прызнаны народам нацыянальны сімвал» // Народная Воля. № 8, 2 лютага 2021. С. 2.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларусі. — Менск: МФЦП, 2010. С. 98.
- ^ Драбовіч Л. Георгій // БЭ. — Мн.: 1997 Т. 5. С. 165.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — 576 с. — ISBN 985-11-0090-0