Мы, беларусы
Мы, беларусы | |
![]() | |
Аўтар словаў | Міхась Клімковіч, 1944 (1956) Уладзімер Карызна, 2002 |
---|---|
Кампазытар | Несьцер Сакалоўскі, 1944 (1949) |
Краіна | Беларуская ССР і Рэспубліка Беларусь |
Зацьверджаны | 24 верасьня 1955 2 ліпеня 2002 |
Мы, беларусы ў Вікісховішчы |
Гімны Беларусі | |
---|---|
![]() | |
![]() | |
![]() | |
![]() ![]() | |
![]() | |
Іншыя гімны: | |
Магутны Божа (неафіцыйны, 1943) | |
Беларуская Марсэльеза (рэвалюцыйная песьня, 1906) |
«Мы, белару́сы» — неафіцыйная назва[a] гімну рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. Мадыфікацыя гімну БССР, створанага за часамі кіраваньня Сталіна і афіцыйна зацьверджанага 24 верасьня 1955 году. Па распадзе СССР выконвалася толькі музыка гімну. У 2002 годзе Лукашэнка сваім указам[1] зацьвердзіў гімн БССР з мадыфікаваным тэкстам у якасьці фактычнага дзяржаўнага гімну. Тэкст аўтарства Міхася Клімковіча (хоць нашчадкі паэта выступалі катэгарычна супраць вяртаньня гэтага тэксту ў хоць-якім выглядзе[2]) перапрацаваў Уладзімер Карызна, які прыбраў спасылкі на Леніна і камуністычную партыю[3].
Складае адно цэлае з чырвона-зялёным сьцягам і афіцыйным гербам[4], разам зь якімі не супадае з нацыянальнымі сымбалямі беларусаў і асацыюецца найперш з асобай Лукашэнкі і той палітычнай і сацыяльна-эканамічнай мадэльлю, якую ён увасабляе[3].
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
БССР[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Асноўны артыкул: Гімн Беларускай ССР
Да Другой сусьветнай вайны БССР ня мела ўласнага гімну, афіцыйным гімнам усяго СССР быў Інтэрнацыянал, перакладзены на расейскую мову. У 1943 годзе ва ўмовах ваенных дзеяньняў дзеля умацаваньня міжнароднай супрацы Сталін надумаў адмовіцца ад Інтэрнацыяналу, які асацыяваўся з плянамі сусьветнай рэвалюцыі. Вынікам чаго стала зацьверджаньне 15 сакавіка 1944 году новага гімну СССР.
Патрэба ў асобным гімне БССР зьявілася ў зьвязку з утварэньнем ААН, дзе апроч СССР, прадстаўніцтва таксама атрымалі БССР і УССР. У красавіку 1944 году ў Маскве пачалася праца над стварэньнем гімнаў савецкіх рэспублік, у тым ліку БССР. 9 красавіка 1945 году ў Менску прайшоў конкурс, у якім удзельнічала 11 паэтаў і 14 кампазытараў[5]. Перамагла песьня «Шуміць наша слава» кампазытара Анатоля Багатырова і паэтаў Кандрата Крапівы і Петруся Броўкі, якую накіравалі на зацьверджаньне ў Маскву. Аднак зь нявысьветленых прычынаў разгляд гэтага пытаньня зацягнуўся на дзесяцігодзьдзе[6]. Тым часам першая вэрсія песьні «Мы — беларусы», напісаная ў 1944 годзе, не прайшла ў фінал конкурсу, імаверна, зь дзьвюх прычынаў: аўтар тэксту Міхась Клімковіч афіцыйна ня ўдзельнічаў у працы над стварэньнем дзяржаўнага гімну, бо знаходзіўся на акупаванай Трэцім Райхам тэрыторыі, а аўтар музыкі Несьцер Сакалоўскі ня меў вышэйшай музычнай адукацыі. У 1949 годзе кампазытар стварыў другі варыянт музыкі песьні[6]. Неўзабаве ўлады СССР канчаткова адмовіліся ад пачатковага пераможцы конкурсу, а 24 верасьня 1955 году прадстаўнікі савецкай адміністрацыі ў Беларусі афіцыйна зацьвердзілі ў якасьці гімну тэкст Клімковіча і музыку Сакалоўскага. У 1956 годзе адмысловая камісія перарабіла тэкст, прыбраўшы зь яго згадкі пра Сталіна.
Першы куплет і прыпеў гімну БССР:
- Мы, беларусы, з братняю Русьсю
- Разам шукалі к шчасьцю дарог.
- У бітвах за волю, у бітвах за долю
- Зь ёй здабылі мы сьцяг перамог!
- Нас аб’яднала Леніна імя,
- Партыя к шчасьцю вядзе нас у паход.
- Партыі слава! Слава Радзіме!
- Слава табе беларускі народ!
Рэспубліка Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У 1991 годзе пры аднаўленьні ў якасьці дзяржаўных сымбаляў беларускіх нацыянальных бел-чырвона-белага сьцяга і гербу Пагоні ўлады Беларусі не зацьвердзілі новы дзяржаўны гімн. Афіцыйна тлумачылася, што сьпярша трэба вызначыць кірунак разьвіцьця дзяржавы. Тым часам у якасьці дзяржаўнага гімну выкарыстоўваўся гімн БССР у інструмэнтальным выкананьні.
У 1995 годзе Аляксандар Лукашэнка пры правядзеньні рэфэрэндуму з пытаньняў вяртаньня савецкай сымболікі і дзяржаўнага статусу расейскай мове ўсталяваў у Беларусі аўтарытарны палітычны рэжым і засьведчыў аднаўленьне прымусовай палітыкі русіфікацыі, што вызначыла кірунак распрацоўкі новага гімну. Абвяшчэньне конкурсу на новы гімн адбылося 3 студзеня 2002 году. У склад журы ўвайшлі прадстаўнікі адміністрацыі рэжыму Лукашэнкі, а таксама лаяльныя да яго навукоўцы, музыкі і кампазытары. Старшынём журы стаў намесьнік кіраўніка ўраду Ўладзімер Дражын. Першапачаткова з прапановай перарабіць тэкст гімну БССР зьвярнуліся да сваякоў Міхася Клімковіча, але яны выступілі катэгарычна супраць[2].
У конкурсе ўдзельнічала пяць патэнцыйных гімнаў, пры гэтым тры зь іх былі мадыфікацыямі старога гімну БССР. 10 чэрвеня 2002 году журы абвясьціла пераможцу конкурсу — мадыфікацыю гімну БССР аўтарства Ўладзімера Карызны, які прыбраў з тэксту Міхася Клімковіча спасылкі на Леніна і камуністычную партыю[3]. 2 ліпеня 2002 году Лукашэнка падпісаў указ[1], які фармальна зацьвердзіў мадыфікаваны гімн БССР у якасьці фактычнага дзяржаўнага гімну.
Тэкст[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Тэкст: Міхась Клімковіч, Уладзімер Карызна
Музыка: Несьцер Сакалоўскі
- Мы, беларусы — мірныя людзі,
- Сэрцам адданыя роднай зямлі,
- Шчыра сябруем, сілы гартуем
- Мы ў працавітай, вольнай сям’і.
- Слаўся, зямлі нашай сьветлае імя,
- Слаўся, народаў братэрскі саюз!
- Наша любімая маці-Радзіма,
- Вечна жыві і квітней, Беларусь!
- Разам з братамі мужна вякамі
- Мы баранілі родны парог,
- У бітвах за волю, бітвах за долю
- Свой здабывалі сьцяг перамог!
- Слаўся, зямлі нашай сьветлае імя,
- Слаўся, народаў братэрскі саюз!
- Наша любімая маці-Радзіма,
- Вечна жыві і квітней, Беларусь!
- Дружба народаў — сіла народаў —
- Наш запаветны, сонечны шлях.
- Горда ж узьвіся ў ясныя высі,
- Сьцяг пераможны — радасьці сьцяг!
- Слаўся, зямлі нашай сьветлае імя,
- Слаўся, народаў братэрскі саюз!
- Наша любімая маці-Радзіма,
- Вечна жыві і квітней, Беларусь!
Музыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
![]() |
|
||||
Патрэбная дапамога па праслухоўваньні гэтага файла? Зьвярніцеся да старонкі дапамогі. |
![]() |
|
||||
Патрэбная дапамога па праслухоўваньні гэтага файла? Зьвярніцеся да старонкі дапамогі. |
Крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Беларускія мовазнаўцы неаднаразова адзначалі моўныя хібы тэксту афіцыйнага гімну. У прыватнасьці націск на «і» ў слове «імя» ў прыпеве і немілагучнае спалучэньне «радасьці сьцяг» у адным з куплетаў[7].
Паводле кампазытара Ігара Лучанка, тэкст афіцыйнага гімну зьмяшчае паэтычную памылку, якая крыецца ў наяўнасьці залішняга складу ў адным з радкоў: кожны другі радок трох строфаў верша мае па дзевяць складоў з выняткам радка Сэр-цам ад-да-ны-я род-най зям-лі, які складаецца зь дзесяці складоў[8].
Музыказнаўца Кірыл Насаеў лічыць, што афіцыйны гімн маральна састарэў. Абраны ў конкурсе тэкставы варыянт не кладзецца на мэлёдыю і цяжка запамінаецца. Гімн ня мае ідэі і душэўнасьці, у ім адсутнічае спалучэньне паэзіі з змаганьнем[9]. На састарэласьць афіцыйнага гімну таксама паказвае кампазытар Андрэй Фралоў: тэкст новага гімну складаецца з камбінацыі трывіяльных сьцьверджаньняў, якія спрабуюць пакласьці на штучную і патасную савецкую музыку. Разам з афіцыйнымі сьцягам і гербам афіцыйны гімн складае адно цэлае, якое беспасярэдне належыць да камуністычнага мінулага Беларусі[4].
Унук аўтара словаў гімну БССР Максім Клімковіч назваў новы, перароблены Ўладзімерам Карызнам тэкст, некарэктным, бо нашчадкі і сваякі Міхася Клімковіча выступалі катэгарычна супраць вяртаньня яго тэксту ў хоць-якім выглядзе. Сам гімн ён назваў «пераходным» і выказаўся за прыняцьце іншага дзяржаўнага гімну[2].
Выкарыстаньне пры катаваньнях[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Паводле сьведчаньняў жыхароў Берасьця, у жніўні 2020 году супрацоўнікі сілавых структураў рэжыму Лукашэнкі прымушалі непаўналетніх, затрыманых пры здушэньні пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў, гвалту і беззаконьня, сьпяваць афіцыйны гімн, а калі хто ня ведаў словаў — зьбівалі нагамі і дручкамі[10].
- Паводле сьведчаньня 16-гадовага жыхара Менску Цімура Міцкевіча, па затрыманьні яго таксама прымушалі сьпяваць афіцыйны гімн, пры гэтым засоўвалі дручок у горла, нагой пхалі ўсярэдзіну. У выніку Цімур трапіў у рэанімацыю, дзе яго ўводзілі ў стан штучнай комы, каб падлучыць да апарату ШВЛ[11].
- Паводле сьведчаньня жыхара Менску, які накіраваў зварот у Сьледчы камітэт, па затрыманьні яго таксама прымушалі сьпяваць афіцыйны гімн — лежачы на падлозе тварам уніз, пры гэтым моцна зьбівалі дручкамі, а таксама засоўвалі дручок у задні праход. У лякарні хуткай дапамогі дактары зафіксавалі разрыў кутніцы траўматычнага характару, што адзначаецца ў мэдычным заключэньні[12]
Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Паводле першых словаў тэксту, афіцыйная назва — «Дзяржаўны гімн Беларусі»
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ а б Лукашэнка А. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 ліпеня 2002 г. № 350 «Аб Дзяржаўным гімне Рэспублікі Беларусь» // Зьвязда : газэта. — 5 ліпеня 2002. — № 155-156. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б в Максім Клімковіч: Павінен быць іншы гімн, Беларускае Радыё Рацыя, 2020 г.
- ^ а б в Шаланда А. Кароткі нарыс гісторыі беларускай нацыянальнай і дзяржаўнай сімволікі // Герольд Litherland. № 21, 2019. С. 10.
- ^ а б Старая мелодия Государственного гимна с новыми словами вполне соответствуют переживаемому страной трагическому периоду отечественной истории, считает изветный музыкант А. Фролов, БелаПАН, 11.06.2002 г.
- ^ Скалабан В., Крапивин С. Гимн, раскрывшиися в оттепель // Советская Белоруссия. 13.09.2005 г.
- ^ а б Крапивин С. Почему создание и утверждение Государственного гимна БССР растянулось на 11 лет, TUT.BY, 24.10.2015 г.
- ^ Ярашонак А. Якія песні былі гімнамі Беларусі ў розныя часы (Відэа), Рэгіянальная газета, 26 жніўня 2020 г.
- ^ Лободенко Г. Игорь ЛУЧЕНОК: В Государственном гимне Беларуси четыре ошибки!, Комсомольская прадва, 27.10.2007 г.
- ^ Насаеў К., Воршыч А., У гэтым гімне няма крыві // Наша Ніва. № 25 (287), 5 ліпеня 2002 г.
- ^ «Прымушалі сьпяваць гімн, хто ня ведаў — зьбівалі». У Берасьці вызвалены зь міліцыі падлетак заявіў пра катаваньні, Радыё Свабода, 13 жніўня 2020 г.
- ^ «Пхалі дубінку ў горла, білі ў вочы». Школьнік трапіў у кому пасьля нападу АМАПу. ВІДЭА, Радыё Свабода, 15 жніўня 2020 г.
- ^ «Разрэзалі шорты ззаду нажом». Мянчук расказаў аб згвалтаваньні АМАПам падчас затрыманьня. ВІДЭА, Радыё Свабода, 21 верасьня 2020 г.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Міхась Клімковіч, Уладзімер Карызна. Тэкст дзяржаўнага гімна // Прэс-служба прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Праверана 18 траўня 2013 г.
- Несьцер Сакалоўскі. Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь (музычная рэдакцыя) // Прэс-служба прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Праверана 18 траўня 2013 г.
- Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь // Зьвязда Праверана 18 траўня 2013 г.