Перайсьці да зьместу

Пятро Сакол

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пятро Сакол
лац. Piatro Sakoł
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1 (14) ліпеня 1905
Памёр 6 ліпеня 1985(1985-07-06) (79 гадоў)
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, перакладнік, пісьменьнік, фальклярыст
Мова беларуская мова[1][1], расейская мова[1][1] і латыская мова[1][1]

Пятро Сакол (сапр. Пётар Аляксандравіч Масальскі, інш. псэўд. Пятрусь; 14 ліпеня 1905, м. Пасінь, Люцынскі павет, Віцебская губэрня, цяпер Пасіенская воласьць, Зілупскі край, Латвія6 ліпеня 1985, Рыга) — беларускі паэт і перакладнік.

У 1922—1923 вучыўся ў Люцынскай беларускай гімназіі, у 1925—1926 — на Беларускіх 2-гадовых настаўніцкіх курсах у Рызе. У 1927 атрымаў месца настаўніка-практыканта ў Дзьвінскай беларускай гімназіі. Удзельнік Латгальскага рабочага прафсаюзу і Партыі незалежных сацыялістаў, сябар культурна-асьветнага таварыства «Бацькаўшчына» і «Таварыства беларускіх вучыцеляў» у Латвіі. У 1928 за ўдзел у левым радыкальным руху пазбаўлены права выкладаньня, жыў пад наглядам паліцыі. З 1929 да 1936 атрымліваў толькі часовую работу ў Ліепаі і Рызе (быў таксама карэктарам-перакладнікам часопіса «Беларуская школа ў Латвіі»). З 1936 працаваў бухгальтарам на фанэрнай фабрыцы[2].

У час нацысцкай акупацыі ў 1942-44 гадах карэктар-перакладнік часопіса «Новы шлях». Складаў картатэку беларуска-латыскага слоўніка. Арыштаваны савецкімі ўладамі ў 1945 годзе. У 1945—1947 гадах праходзіў «фільтрацыю» ў Хабараўскім краі, у Ніжнеамурскім папраўча-працоўным лягэры МУС СССР. Вярнуўся ў Рыгу ў сакавіку 1947 году. З 1947 г. да 1948 г. працаваў дворнікам у Рыскім гарадзкім дзіцячым доме № 7. Потым да 1951 г. працаваў дарожным майстрам і адначасова выконваў абавязкі нарміроўніка рамонтных працаў у Дарожна-маставой эксплюатацыйнай канторы[3].

Памёр 6 ліпеня 1985 г. Пахаваны на могілках Лачупэс (Lāčupes kapi)[3].

Друкаваўся з 1923 году. У Люцынскай беларускай гімназіі выдаваў на шапірографе штомесячнік вучнёўскай творчасьці і фальклёрных запісаў «Ластаўка» (выйшлі 9 нумароў). Вершы, прасякнутыя духам пратэсту супраць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту, зьмяшчаў у газэце «Голас беларуса», часопісах «Беларуская школа ў Латвіі», «Студэнцкая думка»[2].

Пісаў пад псэўданімамі Пятро Сакол, Пятрусь[3].

Аўтар: зборніка вершаў “На сьвітаньні” (1929); вершаў – “Люцынскі замак” (1922), “Беларускі сьцяг” (1923), “Я вольны сын неба” (1923), “Вочы” (1925), “Адвечныя рабы” (1927) і інш., зборнік перакладаў латыскіх народных песень “Дайны” (пасьмяротнае выданьне, 1987)[2].

Перакладаў творы латышскіх, рускіх, украінскіх паэтаў, латышскія народныя казкі і песні на беларускую мову. Таксама пераклаў розу Я. Порукса і паэзію Райніса[2].

Асабісты архіў Пятра Сакола захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музэі літаратуры і мастацтва ў Менску[3].

  • На сьвітаньні. Рыга. 1929.
  • Дайны: Латыскія народныя песьні / З латыскай. Мн., 1987.
  • Выбраныя творы / Пятро Сакол, Валянціна Казлоўская; Мінск: Кнігазбор, 2016, 179 с.
  1. ^ а б в г д е Sakol, Pjatro // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  2. ^ а б в г Крывіцкія руны: Беларускія пісьменнікі Латвіі / Укл. i прадм. С. Панізьніка / - Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2003, с. 218-219.
  3. ^ а б в г Пятро Сакол (Масальскі Пётр Аляксандравіч) Паэт, Пераклачык, ФОНД № 392 ВОПІС № 1, Мінск, Установа “БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ АРХІЎ-МУЗЕЙ ЛІТАРАТУРЫ І МАСТАЦТВА”, https://web.archive.org/web/20241215124631/https://bdamlm.by/images/opisi/f.392_pyatro_sakol_masalski_vopis_1.pdf
  • Беларускія пісьменьнікі: Біябібліягр. слоўнік. Т. 5. Мн., 1995;
  • Кекелева Т. Беларускі пясьняр з-пад Люцына // Спадчына. 2000. № 1;
  • Ліс А. Два перакладчыкі з Латвіі // Далягляды. Мн., 1979;
  • Маракоў Л. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія i культурныя дзеячы Беларусі. 1794—1991;
  • Панізнік С. Вяртаньне голасу // Дайны. Мн., 1987.