Акадэмічны асяродак
Акадэмічны асяродак — беларускі патрыятычны рух у Акадэміі навук Беларусі, які характарызуюць дэмакратычныя перакананьні і спробы легальнай актыўнасьці ва ўмовах узмацненьня палітыкі гвалтоўнай русіфікацыі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Найбольш актыўна працэс русіфікацыі Беларусі пайшоў у 1960—1970-я гады. Шырокая дыскусія пра мэтады навучаньня расейскай мове ў рэспубліках СССР скончылася ў жніўні 1956 году міжрэспубліканскай канфэрэнцыі ў Ташкенце, дзе зазначалася, нібы расейская мова стала ўсім савецкім народам «другой роднай мовай» і сродкам узбагачэньня лексыкі нацыянальных моваў. Кампанія ўкараненьня расейскай мовы ўва ўсе сфэры жыцьця нацыянальных рэспублік, што разгарнулася па гэтым, сустрэла пратэст часткі нацыянальнай інтэлігенцыі, якая па XX зьезьдзе партыі пачала выказвацца вальней. Нават найвышэйшае кіраўніцтва БССР выказвалася з асуджэньнем маштабаў русіфікацыі. У студзені 1959 году на прыёме ў гонар 40-годзьдзя БССР, на які прыехаў Мікіта Хрушчоў, першы сакратар ЦК КПБ Кірыла Мазураў выступіў з прамовай на беларускай мове. Хрушчоў абурыўся, чаму выступ быў не па-расейску. Крыху пазьней ён выказаўся яшчэ больш вызначана[1]:
Чым хутчэй мы ўсе загаворым па-расейску, тым хутчэй збудуем камунізм. Арыгінальны тэкст (рас.)
Чем скорее мы все будем говорить по-русски, тем быстрее построим коммунизм.
|
||
Па гэтым пачалося выцісканьне беларускай мовы з тых пазыцыяў, якія яна пакуль яшчэ займала, і асабліва ўзмацнілася з прыходам на пасаду першага сакратара ЦК КПБ Пятра Машэрава ў 1965 годзе[2]. З гэтага часу ў БССР адзначалася ліквідацыя беларускага школьніцтва і беларускамоўнага пэрыядычнага друку, а айчынную літаратуру пачалі вывучаць паводле расейскіх перакладаў. Падобныя тэндэнцыі адзначаліся і ў Акадэміі Навук БССР, дзе дырэктар Інстытуту мовазнаўства ня ўмеў гаварыць па-беларуску, а дырэктары іншых навуковых інстытутаў не карысталіся беларускай мовай, навуковая літаратура з рэдкімі выняткамі друкавалася па-расейску. Тым часам прыём у асьпірантуру праходзіў камуністычную партыйную фільтрацыю, а значная частка супрацоўнікаў, асабліва зьвязаных зь беларусазнаўствам, былі агентурай савецкіх спэцыяльных службаў.
Гвалтоўная і ўсеагульная палітыка русіфікацыі выклікала пратэст беларускіх элітаў, у тым ліку акадэмічнай. Аднак выказваньне сваёй пазыцыі заставалася небясьпечным нягледзячы на г. зв. «хрушчоўскую адлігу». З пачатку 1960-х гадоў у асяродзьдзі маладых навукоўцаў і асьпірантаў пераважна гуманітарных навуковых інстытутаў пачала складвацца нефармальнае кола аднадумцаў (некаторыя ўдзельнікі руху не былі між сабою знаёмымі). Гэтыя людзі трапілі ў Менску ужо пераважна нацыянальна сьвядомымі асобамі. Большасьць зь іх паходзіла з захаду Беларусі, або пэўны час там працавала, што давала магчымасьць кантактаваць зь дзеячамі беларускага нацыянальна-вызвольнага руху і вывучаць даваенныя беларускія выданьні.
Удзельнікі руху мелі кантакты з аднадумцамі зь іншых арганізацыяў — з групоўкай студэнтаў філялягічнага факультэту БДУ, з аб’яднаньнем «На Паддашку», куды ўваходзілі пераважна менскія мастакі і мастацтвазнаўцы; з групоўкамі Гарадзеншчыны (Ларыса Геніюш, Алесь Белакоз), Маладэчна (Генадзь Каханоўскі, Мікола Ермаловіч), Баранавічаў, Наваполацку, некаторымі афіцэрамі і курсантамі ВІРТВ. Важную ролю ў патрыятычным руху адыгрывалі таксама забіты пры загадкавых абставінах у 1972 годзе мастак Лявон Баразна і асабліва Ўладзімер Караткевіч.
Рэпрэсіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1974—1975 гадох шэраг удзельнікаў руху звольнілі з працы як «нацыяналістаў»:
- Алесь Каўрус, старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту мовазнаўства
- Віктар Лапуць, загаднік аддзелу Інстытуту геалёгіі
- Сьцяпан Місько, старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру
- Зянон Пазьняк, асьпірант Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру
- Мікола Прашковіч, старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту літаратуры
- Валянцін Рабкевіч, старэйшы рэдактар Беларускай савецкай энцыкляпэдыі
- Міхась Чарняўскі, старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі
У дачыненьні да пэўных удзельнікаў савецкія ўлады абмежаваліся «прафіляктычнымі размовамі» і запалохваньнем[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ня трапіць у палон «русского мира». У Віцебску абмеркавалі лёс беларускай дзяржаўнасьці, Радыё Свабода, 6 студзеня 2019 г.
- ^ Коряков Ю. Б. Языковая ситуация в Белоруссии и типология языковых ситуаций. Диссертация на соискание ученой степени кандидата филологических наук. Научный руководитель — доктор филологических наук, профессор В. М. Алпатов. — Московский Государственный Университет им. М. В. Ломоносова. Филологический факультет. С. 39—40.
- ^ Дэмакратычная апазыцыя Беларусі (1956—1991). Пэрсанажы і кантэкст. Даведнік. — Менск, 1999.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Дэмакратычная апазыцыя Беларусі (1956—1991). Пэрсанажы і кантэкст. Даведнік / Пад рэд. А. Дзярновіча. — Менск: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999. — 181 с. ISBN 985-6374-08-1.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Арсень Ліс, мемуары. «Акадэмічны асяродак». Частка 3, Наша Ніва, 22.12.2017 г.