Леанід Пранчак
Леанід Пранчак лац. Leanid Prančak | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 12 лістапада 1958 (66 гадоў) в. Пранчакі, Ляхавіцкі раён, Берасьцейская вобласьць, Беларуская ССР, СССР |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | журналіст |
Гады творчасьці | з 1972 году |
Жанр | паэзія |
Мова | беларуская |
Дэбют | газэта «Піянэр Беларусі» (1972 год) |
Значныя творы | кніга «Беларуская Амэрыка» (1994), альбом песьняў «Цік-так, ходзікі» (1999), рок-опэры «Беларушчына» і «Максім» |
Леані́д Іва́навіч Пранча́к (1958, в. Пранчакі, Ляхавіцкі раён, Берасьцейская вобласьць, цяпер Беларусь) — беларускі паэт.
Аўтар кнігі «Беларуская Амэрыка» (1994). Звыш 200 ягоных вершаў паклалі на музыку[1], найбольш славутымі зь якіх былі «Даставай, Язэп, гармонік» і «Пад зоркаю Пагоні».
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1972 годзе пачаў друкаваць вершы ў газэце «Піянэр Беларусі». У 1981 годзе скончыў факультэт журналістыкі БДУ і пачаў працаваць рэдактарам Магілёўскага абласнога радыё. З 1983 году — у Рэспубліканскім штабе студэнцкіх атрадаў. Навучаўся ў асьпірантуры Інстытуту сусьветнай літаратуры Акадэміі навук СССР. Пазьней працаваў у тэатры-студыі «Верасы» і Дзяржаўным канцэртным аркестры Беларусі. У 1988 годзе выдаў 2 зборнікі вершаў «Першапутак» і «Ясак любові». У 1989 годзе стаў сябрам Саюзу пісьменьнікаў СССР. У 1993 годзе выдаў дзіцячы зборнік «Дзяўчынка-беларуска». У 1994—1995 гадах быў карэспандэнтам газэты «Рэспубліка» ў ЗША. Тамсама ў 1994 годзе напісаў кнігу «Беларуская Амэрыка», што складалася зь інтэрвію з музыкамі, пісьменьнікамі і прадпрымальнікамі зь ліку беларускай дыяспары. З 1997 году быў мастацкім кіраўніком Тэатру-студыі беларускай эстрады. У 1998 годзе выдаў 2 зборнікі вершаў «Біблія для каханай» і «Вольны птах», кампакт-дыск «Галоўныя словы» і альбом песьняў «Талака». У 1999 годзе скончыў Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт і выдаў 2 альбомы песьняў «Цік-так, ходзікі» і «Пяшчота», а таксама дзіцячы зборнік «Пра дзядулю, пра бабулю і пра іх унучку Юлю». У 2000 годзе выпусьціў альбом песьняў «Між Нью-Ёркам і Менскам» і дзіцячы зборнік «Цар-царэвіч зь Івацэвіч». Напісаў лібрэта для 2 рок-опэраў «Беларушчына» паводле Янкі Купалы і «Максім» паводле Максіма Багдановіча. Яго вершы прасягнутыя замілаваньнем жаночай прыгажосьцю і любоўю да Бацькаўшчыны[2].
У сьнежні 2003 году Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы паставіў дзіцячы мюзыкл «Афрыка» паводле паэмы Пранчака «Афрыканская вандроўка», пакладзенай на музыку Ўладзімера Кандрусевіча. За 2010—2018 гады паэт падаў звыш 50 позваў супраць выдавецтваў, газэтаў («Беларуская ніва», «Наша ніва») і радыёстанцыяў, Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага мастацкага музэю Рэспублікі Беларусь за выкарыстаньне ягоных вершаў бяз выплаты ганарару. Гэтак газэта «Советская Белоруссия» выплаціла 1800 беларускіх рублёў ($880) за 6 вершаў, надрукаваных у 2000-х гадах[3].
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Першапутак / маст. В.І. Бондар. — Менск: Юнацтва, 1988. — 78 с.
- Дзяўчынка-беларуска. — Менск: Юнацтва, 1993. — 27 с.
- Беларуская Амэрыка. — Менск: Полымя, 1994. — 414 с. — ISBN 5-345-00628-8
- Біблія для каханай / афарм. Дз. Мілаванаў. — Менск: Полымя, 1998. — 302 с. — ISBN 985-07-0281-8
- Вольны птах. — Менск: Дом прэсы, 1998. — 63 с. — (Бібліятэка часопіса «Маладосьць»).
- Пра дзядулю, пра бабулю і пра іх унучку Юлю / маст. Н. Кубліцкая. — Менск: Юнацтва, 1999. — 127 с. — ISBN 985-05-0303-3
- Цік-так, ходзікі / маст. В.В. Дударэнка. — Менск: Юнацтва, 2001. — 334 с. — (Школьная бібліятэка). — ISBN 985-05-0403-X
- Цар-царэвіч зь Івацэвіч / маст. А. Папоў. — Менск: Вожык, 2001. — 47 с. — (Бібліятэка часопіса «Вожык»).
- Мама, тата і Агата / маст. Р.М. Цімохава. — Менск: Мастацкая літаратура, 2002. — 127 с. — ISBN 985-05-0471-4
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 12 лістапада 2013. — № 212 (27577). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ^ Янка Саламевіч. Пранчак // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — С. 13. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0216-4
- ^ Браніслаў Юрэвіч. 50 справаў Леаніда Пранчака // «Наша ніва», 20 чэрвеня 2018 г. Праверана 17 лютага 2020 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Леанід Пранчак // Вершы.ru, 2009 г. Праверана 17 лютага 2020 г.
- Леанід Пранчак // Стіхі.ru, 2000 г. Праверана 17 лютага 2020 г.