Беларуска-польская адміністрацыя Менску

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Беларуска-польская адміністрацыя Менску
Flag of the Russian Soviet Federative Socialist Republic (1918–1937).svg
19—21 лютага 1918 году Flag of the German Empire.svg
Афіцыйная мова беларуская, ідыш, польская, расейская
Сталіца Менск
Форма кіраваньня
Кіраўнік ЦБВР
Польскі камэндант
двоеўладзьдзе, вайсковы ўрад
Кастусь Езавітаў
Ігнацы Матушэўскі

Беларуска-польская адміністрацыя Менску — пераходны пэрыяд у гісторыі Менску падчас І сусьветнай вайны, які працягваўся некалькі дзён, пачынаючы ад раззбраеньня бальшавіцкіх сілаў 19 лютага 1918 году да перадачы ўлады нямецкай адміністрацыі 21 лютага таго ж самага году; характэрызаваўся двоеўладзьдзем, у часе якога большая частка гораду знаходзілася пад кантролем польскіх добраахвотных вайсковых атрадаў, а меншая частка — беларускіх; у гэты пэрыяд упершыню на будынку дзяржаўнай адміністрацыі Менску зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг незалежнай Беларусі.

Гістарычны кантэкст[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пачатку ХХ ст. Менск уваходзіў у склад Расейскай імпэрыі. У 1914 годзе пачалася І сусьветная вайна, у якой апошняя змагалася супраць цэнтральных дзяржаваў. У 1917 годзе ў Расеі адбылася рэвалюцыя і пачалася ўнутраная барацьба за ўладу. Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі ад лістапада 1917 году Менск зьяўляўся адміністрацыйным цэнтрам бальшавіцкага Абласнога выканаўчага камітэту Заходняй вобласьці і фронту (АВКЗВіФ). Гэта было дзяржаўнае ўтварэньне, створанае бальшавікамі-вайскоўцамі з-за граніцаў Беларусі пад кіраўніцтвам армяніна Аляксандра Мясьнікяна. Сярод людзей, якія прычыніліся да стварэньня гэтых структураў, не было мясцовага цывільнага насельніцтва, а ў кіраўніцтве — ніводнага беларуса[1]. Адначасова ў горадзе ўтвараліся і дзейнічалі іншыя палітычныя і нацыянальныя рухі, якія імкнуліся да набыцьця ўлады — перадусім беларускія і польскія.

У сьнежні 1917 году ў Менску адбыўся Першы Ўсебеларускі Сход, у часе якога ў патаснай, патрыятычнай атмасфэры прадстаўнікі шматлікіх беларускіх арганізацыяў зьбіраліся прыняць рашэньні наконт будучыні краю[2]. Нягледзячы на легальнасьць з пункту гледжаньня бальшавіцкіх уладаў, Сход быў разагнаны войскамі, падпарадкаванымі АВКЗВіФ[3]. Тым ня меней, ён пасьпеў прыняць, між іншым, рашэньне наконт стварэньня беларускіх вайсковых атрадаў з дапамогай Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады (ЦБВР) пад кіраўніцтвам пар. Канстанціна Езавітава[4]. Зь лідэраў Сходу сфармавалася таксама Рада Ўсебеларускага Сходу, якая абвясьціла сябе выканаўчым арганам Сходу і прымала права рэпрэзэнтацыі беларускага руху. Радзе падпарадкоўваўся шэраг беларускіх арганізацыяў, у тым ЦБВР. Аднак яна ня мела рэальнай улады і дзейнічала ў апазыцыі да АВКЗВіФ, што трымаў пад кантролем Менск[5]. На пераломе студзеня-лютага 1918 году ЦБВР была распушчана бальшавікамі, а яе кіраўніцтва арыштаванае[6].

Паралельна зь беларускімі ў Менску разьвіваліся арганізацыі і структуры, зьвязаныя з польскім рухам. У траўні 1917 была створана Польская рада Менскай зямлі (ПРМЗ), якая згуртавала шматлікія польскія арганізацыі Меншчыны і мела задачу выконваць ролю органа самакіраваньня польскай супольнасьці. Спачатку Рада падтрымлівала нацыянальныя імкненьні беларусаў, выказвалася за аўтаномную Беларусь у складзе дэмакратычнай Расейскай рэспублікі, патрабуючы адначасова гарантыяў для правоў польскай меншасьці. Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі прызнала бальшавікоў галоўнай пагрозай і, ня бачачы шанцаў для стварэньня незалежнай беларускай дзяржавы, пачала выказвацца за ўлучэньне Меншчыны ў склад Польшчы[7]. Адначасова тут дзейнічалі польскія атрады і арганізацыі вайсковага характэру. Летам 1917 году быў створаны І Польскі корпус, які на пераломе 1917 і 1918 гадоў налічваў у Беларусі да 50 тысяч жаўнераў[8]. У Менску ад кастрычніка 1917 да студзеня 1918 году працавала створаная жыхарамі мілітарная Польская грамадзянская стража. Пасьля раззбраеньня яе бальшавікамі ПРМЗ вырашыла працягваць навучаньне яе ўдзельнікаў у падпольлі[9]. У горадзе дзейнічала таксама Польская вайсковая арганізацыя (ПВА)[10].

9 лютага 1918 цэнтральныя дзяржавы падпісалі ў Берасьці мірную дамову з Украінскай Народнай Рэспублікай і выдалі бальшавікам ультыматум, патрабуючы тэрміновага падпісаньня мірнай дамовы на іх умовах. Бальшавікі ўльтыматум адкінулі, у выніку чаго 18 лютага Нямеччына і Аўстра-Вугоршчына пачалі супраць іх наступ, хутка рушачы на ўсход[11]. Вечарам таго ж самага дня яны ўжо былі ў Маладэчне, якое знаходзіцца за 65 км ад Менску[12]. З увагі на блізкасьць фронту стала зразумела, што немцы дасягнуць гораду на працягу некалькіх дзён[13].

Ход падзеяў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эвакуацыя бальшавікоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беларускі камэндант Менску пар. Канстанцін Езавітаў

Пасьля таго, як навіна пра пачатак нямецкага наступу дайшла да бальшавікоў, яны пачалі прымаць захады да абароны ў Менску. Выканаўчы камітэт Рады Народных Камісараў Заходняга фронту, які меў уладу ў горадзе, заявіў, што будзе бараніць і ахоўваць цэласьць і бясьпеку народнай улады[13]. Бальшавіцкія войскі былі, аднак, здэмаралізаваныя праз дэмабілізацыю і пацыфістычную агітацыю, а іх кіраўнікі не былі здольныя зьмяніць сытуацыю[12]. У такіх умовах на паседжаньні ў ноч з 18 на 19 лютага Рада Народных Камісараў прыняла пастанову не даваць адпор[10][12] і эвакуявацца ў Смаленск[13]. Адыход бальшавікоў зь Менску адбываўся ў паніцы, хаосе і поўнай дэмаралізацыі. Сьведкі падзеяў пісалі пра бязвольны, бязумны перапалох вяртаючых войскаў: Зьяжджалі машынамі і санкамі (…), на лоб на шыю, ламалі транспартныя сродкі, губілі скрыні і мяхі і заміналі адзін аднаму[13]. Асаблівыя цяжкасьці з уцёкам мелі бальшавіцкія камісары, якіх яшчэ каля поўдня менскія чыгуначнікі вырашылі не выпускаць з гораду[12].

Сур’ёзны непакой апанаваў таксама жыхароў Менску. Уцёкі бальшавікоў нагадалі ім вяртаньне царскай арміі ў 1915 годзе, што асабліва палохала ваенных бежанцаў, якія жылі ў Менску. З другога боку баяліся іншых разбэшчаных бальшавіцкіх атрадаў, якія, ідучы на ўсход, палілі і рабавалі населеныя пункты, што знаходзіліся на іх зваротным шляху (так здарылася між іншым з Кайданавам). Зьявілася плётка, быццам бы да гораду набліжаюцца галодныя, дзікія і бязладныя групы бальшавіцкіх жаўнераў, пераможаных І Польскім корпусам пад Асіповічамі. Асаблівыя асьцярогі выказвалі палякі, якія жылі ў Менску, перакананыя, што бальшавікі разглядаюць іх як патэнцыйных ворагаў. Баяліся помсты зь іх боку за паразу ў барацьбе з І Польскім корпусам. У ноч з 18 на 19 лютага польскія выведнікі здабылі патрабаваньне кіраўніка Заходняга фронту Аляксандра Мясьнікяна, які заклікаў да змаганьня з праціўнікамі рэвалюцыйнай улады. 19 лютага кіраўнік менскага гарнізону Лысакоў выдаў сваё апошняе патрабаваньне, якое заклікала да канчатковай расправы з палякамі[13].

Падрыхтоўка беларусаў і палякаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Польскі камэндант Менску кпт. Ігнацы Матушэўскі «Топур»

19 лютага каля поўдня да шасьці зьняволеных сяброў ЦБВР дайшла навіна пра немцаў, што набліжаліся да Менску. Карыстаючыся агульным хаосам, яны здолелі зьбегчы з вартоўні, у якой былі ўвязьненыя, пасьля чаго каля 14 гадзіны сустрэліся ў доме А. Лявіцкага. Гадзінай пазьней пачалося надзвычайнае паседжаньне Выканаўчага камітэту ЦБВР. Яго ўдзельнікі прынялі рашэньне спрабаваць здабыць кантроль над горадам і перадаць уладу Радзе Ўсебеларускага сходу. Канстанцін Езавітаў, кіраўнік ЦБВР, быў прызначаны беларускім камэндантам гораду[10][12]. Незалежна ад беларусаў да дзеяньня рыхтаваліся палякі. А 16 гадзіне ў шаўца Дабрашчыца сустрэліся польскія вайсковыя дзеячы, зьвязаныя з ПВА і І Польскім корпусам. Спачатку гэта была група з 4 асобаў, у тым ліку кпт. Ігнацы Матушэўскі, да 19 гадзіны яе колькасьць павялічылася да сямі чалавек. Яны прынялі рашэньне правесьці наступальную акцыю супраць бальшавікоў. На пасаду польскага камэнданта гораду быў прызначаны кпт. Ігнацы Матушэўскі[12], які падпісваў патрабаваньні псэўданімам Топур[13].

Для беларускіх нацыянальных дзеячоў «вызваленьне Менску» мела асаблівае значэньне, таму што ён лічыўся галоўным палітычным цэнтрам краю і плянаванай сядзібай ураду іх будучай рэспублікі[10], палякі ў сваю чаргу лічылі бальшавіцкую ўладу пагрозай. Аднак на погляд польскага гісторыка Дар’юша Тарасюка, гэтыя акцыі мелі быць праведзеныя ў асноўным у прапагандысцкіх мэтах. Заахвочала да іх дэзарганізацыя бальшавікоў і факт, што ў той час у горадзе не было фактычна аніякай улады. Яны, аднак, вельмі рызыкавалі. Колькасная перавага бальшавікоў над беларускімі і польскімі вайсковымі атрадамі была значна большай. Бальшавікі мелі ў Менску каля 13 тысячаў добра ўзброеных жаўнераў, хаця большасьць зь іх знаходзілася на чыгуначных вакзалах і была занятая ўцёкамі, а другую частку складалі групы дэзарыентаваных груповак і дэзэрціраў, што заблукалі ў горадзе[13]. Палякі, найбольш верагодна, налічвалі 343 вайскоўцаў, узброеных 27 кулямётамі[12][13], хаця ў менш верагодных крыніцах падаваліся лічбы ад некалькіх дзясяткаў да 1600[13]. Беларусы маглі скарыстацца хутка сфармаванымі групамі вайскоўцаў і прафсаюзьнікаў, сярод якіх былі між іншым чыгуначнікі і тэлеграфісты[12]. Другім фактарам рызыкі для палякаў было тое, што акцыя не была ўзгодненая з кіраўніком І Польскага корпусу генэралам Юзэфам Доўбар-Мусьніцкім[13].

Вайсковыя дзеяньні 19 лютага[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

А 21 гадзіне на вуліцах Менску зьявіліся першыя беларускія і польскія атрады, якія дзейнічалі незалежна адзін ад аднаго. Іх першай мэтай было здабыцьцё зброі шляхам раззбраеньня прысутных у горадзе бальшавікоў. Тыя, нягледзячы на значную колькасную перавагу, давалі невялікі адпор жаўнерам, якія іх раззбройвалі. Паводле Мэльхіёра Ваньковіча, адбыўся выпадак, калі 5 палякаў раззброілі 150-асабовы бальшавіцкі атрад[13]. А 21 гадзіне палякі занялі склад зброі на Скабелеўскай вуліцы, што дала магчымасьць узброіць 200 польскіх добраахвотнікаў[10][12]. Хутка ў рукі беларусаў і палякаў патрапіла значная колькасьць зброі[13]. Адбываліся толькі невялікія сутычкі і перастрэлкі[10], а рэальны адпор далі толькі каля 100 чырвонагвардзейцаў[12]. Да беларускіх і польскіх фармаваньняў пачалі масава далучацца новыя добраахвотнікі[13]. Палякі пачалі ставіць пасты ў асноўных пунктах гораду, зарганізавалі таксама малыя, але мабільныя патрулі. Іх хуткае перамяшчэньне мела задачу стварыць уражаньне, што ў горад прыбылі шматлікія польскія войскі. Адначасова, з мэтай спалоханьня ворага, распаўсюджвалі плёткі пра ўваход у Менск атрадаў І Польскага корпусу[13]. У гэты ж час беларусы а 21:15 занялі арсэнал на Маскоўскай вуліцы, а 21:20 — Дом губэрнатара, а 21:25 уварваліся галоўным уваходам ў гатэль «Эўропа», дзе знаходзілася штаб-кватэра бальшавіцкага Выканаўчага камітэту Заходняй вобласьці, ЧК і штаб-кватэра Чырвонай гвардыі. З будынку праз заднія дзьверы зьбег Карл Ландэр і іншыя камуністычныя дзеячы высокага ўзроўню. Беларусы зрабілі яшчэ адну спробу захапіць іх на чыгуначнай станцыі з дапамогай чыгуначнікаў; нарэшце спрабавалі ўзарваць заняты імі цягнік, у выніку чаго два вагоны праваліліся, а вагон Карла Ландэра сышоў з рэйкаў[10][12]. Блякаваньне чыгуначнай лініі, аднак, прывяло да таго, што на станцыях пачалі зьбірацца ўсё большыя колькасьці бальшавіцкіх вайсковых адзінак, якія вярталіся з фронта і несупынна наплывалі ў Менск. Зьявілася пагроза, што жаўнеры ў роспачы могуць пакінуць транспарт і выйсьці ў горад альбо абстраляць станцыю з дапамогай артылерыі і кулямётаў. Таму чыгуначнікі пасьля поўначы разблякавалі рэйкі, а бальшавіцкія камісары здолелі эвакуявацца з гораду на ўсход[12]. А 22 гадзіне беларусы сабралі большасьць сваіх сілаў у навакольлі пляца Волі (раней Саборнай) і паслалі ў горад машыны з патрулямі, якія інфармавалі жыхароў пра здабыцьцё ўлады Выканаўчым камітэтам Рады Ўсебеларускага зьезду[12]. Гадзіну пазьней пачалі прыходзіць рапарты пра раззбраеньне беларускіх атрадаў і адзінкавых асобаў палякамі спосабам «скрайне абуральным»[12]. Каля поўначы польскія вайскоўцы адабралі ў беларусаў арсэнал на вул. Маскоўскай (паводле Мэльхіёра Ваньковіча, акцыяй кіравалі Вітольд і Мэльхіёр Ваньковічы)[10][12]. На вуліцы, нягледзячы на позьнюю пару, выйшлі тоўпы гараджанаў, каб назіраць за разьвіцьцём падзеяў[12].

Палітычныя дзеяньні 19 лютага[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беларускі сьцяг на Доме губэрнатара 19-22 лютага 1918

Адначасова зь мілітарнымі дзеяньнямі беларусы і палякі пачалі ствараць у Менску сваю адміністрацыю. Незалежна адзін ад аднаго былі створаныя Беларуская і Польская камэндантуры, якія нават канкуравалі паміж сабой і спрабавалі ўзаемна падпарадкаваць другога. Польская камэндантура заявіла, што яе мэтай зьяўляецца ахова парадку ў горадзе і ахова бясьпекі ня толькі палякаў, але ўсіх жыхароў. Таксама яна распаўсюдзіла заклік да расейскіх салдатаў, каб тыя мірна пакідалі горад. У ноч з 19 на 20 лютага праца была аднак хаатычнай і ня вельмі добра зарганізаванай. На погляд Стэфана Жарнэцкага, які ў той час знаходзіўся ў яе кватэры, панаваў там незвычайны балаган (…) не было з кім размаўляць[13]. Нашмат больш амбітныя палітычныя рашэньні прынялі ў той час беларусы. Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду, які раней выдаў патрабаваньне здабыць кантроль над горадам, зьбіраўся ператварыцца ва ўрад, які будзе рэпрэзэнтаваць усё грамадзтва беларускіх зямель. У сувязі з гэтым ён прыняў пастанову ўлучыць у свой склад 27 прадстаўнікоў Менску, 9 з правінцыі, па 10 прадстаўнікоў гарадзкіх радаў і земстваў, а таксама 15 прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў: 7 жыдоў, 4 палякаў, 2 расейцаў і па адным украінцы і летувісе[14]. А 22 гадзіне Дом губэрнатара быў заняты пад сядзібу Рады Ўсебеларускага зьезду[12], а на яго бальконе быў вывешаны бела-чырвона-белы сьцяг Беларусі. Гэта быў першы выпадак у гісторыі, калі гэты сьцяг патрапіў на будынак дзяржаўнай адміністрацыі ў Менску[15]. Выканаўчы камітэт праводзіў там паседжаньне ўсю ноч з 19 на 20 лютага[12].

Падзеі 20 лютага[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лібава-Роменскі вакзал, які знаходзіўся ў польскай зоне Менску

Разам з разьвіцьцём падзеяў адносіны паміж беларускімі і польскімі фармаваньнямі рабіліся ўсё больш і больш напружанымі, даходзіла да ўжываньня зброі[12][13]. Тым ня менш, бакі здолелі пазьбегнуць канфрантацыі, і 20 лютага адбылася фармальная дамова паміж Беларускай і Польскай камэндантурамі. Хутка зьявіўся супольны заклік аб’яднаных камэндантураў, які запавядаў супрацоўніцтва на карысьць увядзеньня парадку ў горадзе[13]. Менск быў падзелены на 2 зоны. Беларусы кантралявалі паўночна-заходнюю частку, у якой знаходзіўся мін іншым пляц Волі, Дом губэрнатара і гатэль «Эўропа», а палякі займалі паўднева-ўсходнюю частку[10]. Апошнія каля поўдня сьцісла занялі абшар у межах вуліцаў: Бабруйскай, Каломенскага завулку, Верхняй Ляхаўкі, Ніжнай Ляхаўкі, Паліцэйскай, Гандлёвай, Петрапаўлаўскай, Захараўскай ды Бабруйскай. А 15 гадзіне занялі Лібаўска-Роменскі (Віленскі) вакзал, а каля электрастанцыі, на Чыгуначным мосьце і на Казарменнай плошчы адбылося некалькі крывавых сутычак з бальшавікамі[12]. Беларусы вызначылі беларуска-польскую дэмаркацыйную лінію ўздоўж вуліцаў: Койданаўскі тракт — Маскоўская — Захараўская — Гомельскі тракт і надалі беларускім вайсковым атрадам больш арганізаваную структуру. Створаны быў І Беларускі полк пад кіраўніцтвам І. Рачкевіча, конныя атрады ўзначалілі Нямкевіч і Мядзьведзеў, а каманду міліцыі ўзяў Флярыян Ждановіч[10][12]. Аднак надалей як беларускія, так і польскія патрулі ў горадзе былі нешматлікімі. Дадаткова аслабляла іх стомленасьць, узьніклая ў выніку акцыі, якая трывала ўжо некалькі дзясяткаў гадзінаў, а таксама 12-градусавы мароз. Тым часам сярод мірнага насельніцтва панаваў энтузіязм, а жыцьцё адбывалася бязь зьменаў. Безь перашкодаў працавалі крамы, выпускаліся штодзённыя газэты[13].

Аднак, акрамя фармальнай беларуска-польскай дамовы, мелі месца рознага кшталту інцыдэнты, якія павялічвалі напружанасьць. Беларусы мелі выразна слабейшыя вайсковыя сілы, што заахвочвала палякаў да парушэньня дамовы і выцісканьня тых з занятых месцаў[13]. Іншай прычынай непаразуменьняў былі выпадкі, калі беларусы ўзбройвалі асобаў, якіх палякі раней вызналі бальшавікамі і раззброілі[13]. Паводле гісторыка Алега Латышонка, відаць, адбыліся нават простыя сутычкі паміж беларускімі і польскімі жаўнерамі[12]. Абодва бакі баяліся ўваходу ў горад іншых бальшавіцкіх атрадаў, што вярталіся на ўсход. Адначасова палякі чакалі надыходу падтрымкі з боку І Польскага корпусу, і што ён пасьпее ўвайсьці ў горад перад немцамі[13]. У ноч з 19 на 20 лютага польскі бок выдаў заяву, што будзе забясьпечваць парадак да часу прыходу войскаў ген. Доўбара-Мусьніцкага, а таксама выказаў чаканьне, што яму падпарадкуюцца ўсе нацыянальныя арганізацыі. Гэта выклікала абурэньне беларускага боку, які лічыў І Польскі корпус пагрозай. Беларусы выслалі палякам пытаньне наконт паўнамоцтваў іх дзеяньняў, адначасова паклікалі на дамапогу беларускія атрады зь Віцебску. І калі высьветлілася, што чакаць дапамогі не даводзіцца, паслалі чыгуначны эшалён да 4 КА з Румынскага фронту[10][12].

20 лютага 1918 року Рада Ўсебеларускага зьезду працягвала свае дзеяньні на карысьць утварэньня беларускіх дзяржаўных структураў у Менску. Пашыраны мінулага дня Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду абвясьціў сябе найвышэйшым органам улады ў Беларусі: Беларускім краёвым прадстаўніцтвам[16]. Пазьней ён абраў урад, якому далі назву Беларускі народны сакратарыят. Яго кіраўніком стаў 28-гадовы праўнік Язэп Варонка. Менскія палякі не прызналі новага беларускага ўраду. Польская рада Менскай зямлі цалкам ігнаравала ўсе беларускія арганізацыі[14].

Падзеі 21 лютага[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каля поўначы з 20 на 21 лютага да польскіх вайскоўцаў у Менску прыйша навіна, што кіраўніцтва І Польскага корпусу адаслала ім на дапамогу два афіцэрскія легіёны, якія налічвалі каля паўтысячы чалавек. Палякі адчулі, што іх пазыцыя ў горадзе ўзмацняецца, і 21 лютага а 4 гадзіне з раніцы занялі Варшаўскі (Аляксандраўскі) вакзал, які знаходзіўся на тэрыторыі беларускай зоны[10][12]. Аднак ані І Польскі корпус, ані беларускі 4 КА ня здолелі прыйсьці ў Менск перад немцамі. А 11 у горад увайшоў пад’езд нямецкіх кірас’ераў, а хутка пасьля яго іншыя войскі[12]. Рэакцыя на іх прыход была неадназначнай, пераважна асьцярожнай. Немцаў вітала асабліва шмат менскіх жыдоў. Польская рада Менскай зямлі прыняла пастанову прывітаць іх фармальна і халодна, без дэманстрацыі вялікай сымпатыі. Палякі разам з прадстаўнікамі беларускіх правых арганізацыяў сфармавалі прывітальную дэлегацыю, ў склад якой увайшлі Э. Івашкевіч, І. Віткевіч, і З. Нагурскі, а зь беларускага боку — Раман Скірмунт і Павал Аляксюк. Немцы сказалі ім, што прыходзяць на просьбу ген. Доўбар-Мусьніцкага. Беларуска-польскія дэлегаты палічылі гэта малаверагодным, аднак пасьля сумневаў вырашылі перадаць немцам уладу над горадам, а канчатковае рашэньне пакінулі кіраўніку І Польскага корпусу[13].

Наступствы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Здабыцьцё ўлады ў Менску беларускімі і польскімі вайсковымі атрадамі 19—21 лютага 1918 году мела асаблівае значэньне для беларускага нацыянальнага руху. Гэта быў адзін зь першых рэальных посьпехаў яго прадстаўнікоў. Палітычныя рашэньні, якія тады былі прынятыя — стварэньне першага беларускага ўраду, Беларускага народнага сакратарыяту — моцна дапамаглі народзінам і фармаваньню беларускай дзяржаўнасьці. Наступствам гэтага было абвяшчэньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году[17]. Гэта быў таксама адзін зь першых выпадкаў, калі беларускія вайсковыя фармаваньні выказалі ініцыятыву, прынялі барацьбу і выканалі свае абавязкі[12].

Зь іншага боку палякі, якія занялі большую частку Менску і вымусілі беларусаў да абароны[12], ня здолелі палітычна выкарыстаць гэтую акцыю. Частка зь іх выказвала задавальненьне прыходам немцаў і лічыла бальшавікоў нашмат большай пагрозай. Іншая частка меркавала, што новая акупацыя будзе чарговым ударам для польскай ідэнтычнасьці гэтай зямлі[18]. Страты па польскім баку ў выніку акцыі былі невялікімі — загінуў адзін афіцэр і некалькі жаўнераў, 17 чалавек атрымалі раненьні[13].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Zjazd Wszechbiałoruski. W: Białoruska Republika Ludowa…. S. 181.
  2. ^ Zjazd Wszechbiałoruski. W: Białoruska Republika Ludowa…. S. 204.
  3. ^ Zjazd Wszechbiałoruski. W: Białoruska Republika Ludowa…. S. 199—200.
  4. ^ Zjazd Wszechbiałoruski. W: Białoruska Republika Ludowa…. S. 197.
  5. ^ Zjazd Wszechbiałoruski. W: Białoruska Republika Ludowa…. S. 205—206.
  6. ^ Białoruski ruch narodowy po rozpędzeniu Zjazdu Wszechbiałoruskiego. W: Białoruska Republika Ludowa…. S. 223
  7. ^ Rada Polska Ziem Białoruskich. W: Między nadzieją a niepokojem…. S. 119—120.
  8. ^ Działalność wojskowa. W: Między nadzieją a niepokojem…. S. 137—138.
  9. ^ Działalność wojskowa. W: Między nadzieją a niepokojem…. S. 140.
  10. ^ а б в г д е ё ж з і к л Białoruski ruch narodowy po rozpędzeniu Zjazdu Wszechbiałoruskiego. W: Białoruska Republika Ludowa…. S. 224—226.
  11. ^ Traktat brzeski. W: Białoruska Republika Ludowa…. S. 215—216.
  12. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э ю Wyzwolenie Mińska 19/20 lutego 1918 r. przez oddziały białoruskie i polskie. W: Białoruskie formacje wojskowe…. S. 75-78.
  13. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц Działalność wojskowa. W: Między nadzieją a niepokojem…. S. 141—145.
  14. ^ а б W walce o prymat w kraju. W: Między nadzieją a niepokojem… s. 189.
  15. ^ Symbolika państwowa Białoruskiej Republiki Ludowej. W: Białoruska Republika Ludowa… s. 275.
  16. ^ Ogłoszenie niepodległości Białoruskiej Republiki Ludowej. W: Białoruska Republika Ludowa…. s. 229.
  17. ^ Ogłoszenie niepodległości Białoruskiej Republiki Ludowej. W: Białoruska Republika Ludowa… s. 236.
  18. ^ Działalność wojskowa. W: Między nadzieją a niepokojem… s. 146.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]