Слонімскі павет

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Слонімскі павет
Navahradak. Наваградак (1720).jpg
Агульныя зьвесткі
Краіна Вялікае Княства Літоўскае
Статус павет[d]
Адміністрацыйны цэнтар Слонім
Дата ўтварэньня 1507
Дата скасаваньня 1795
Старосты Старосты слонімскія
Насельніцтва гл. Дэмаграфія
Час існаваньня 1507—1795
Месцазнаходжаньне Слонімскага павету
Слонімскі павет на мапе
Commons-logo.svg   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Сло́німскі паве́т — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Наваградзкага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага. Сталіца — места Слонім.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1413 годзе папярэднік Слонімскага павету — аднайменнае намесьніцтва — увайшло ў склад Троцкага ваяводзтва[1].

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў павет атрымаў акрэсьленыя межы і ўвайшоў у склад Наваградзкага ваяводзтва. У XVI ст. на Слонімшчыне пачаў дзейнічаць Жыровіцкі манастыр базылянаў.

Сярод вернікаў некалькі парафіяў Слонімскага павету ўпамінаецца старалітва, якую крыніцы зьвязваюць з русінамі: Шылавічы (1645 год), Косаў, Альшэва (абодва 1669 год)[2], Новы Двор (1692 год)[3].

У выніку Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) тэрыторыя павету апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі.

Сымболіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Павятовая харугва, XVII ст.

Павятовая харугва была чырвонага колеру з выяваю Пагоні ў цэнтры[4].

Мескія гербы атрымалі Жыровічы, Ружаны і Слонім.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Знак Слонімскай паштовай станцыі

На поўначы межаваў з Гарадзенскім паветам Троцкага ваяводзтва і Лідзкім паветам Віленскага ваяводзтва, на ўсходзе — з Наваградзкім паветам Наваградзкага ваяводзтва, на поўдні — зь Пінскім і Берасьцейскім паветамі Берасьцейскага ваяводзтва, на захадзе — з Ваўкавыскім паветам Наваградзкага ваяводзтва.

Мяжа з Ваўкавыскім паветам ішла ракою Зальвянка, з Наваградзкім — сьпярша праходзіла ракою Моўчадзь, далей праставала да Пінскага павету паміж Сталавічамі, Палонкай, Уславічамі з аднаго боку і Бусяжам, Быценем і Слонімам зь іншага[5].

У склад Слонімскага павету ўваходзіла тэрыторыя Слонімскага гродавага, Моўчадзкага, Зьдзітаўскага і Сакалоўскага старостваў (дзяржаўных воласьцяў), а таксама прылеглыя прыватнаўласьніцкія маёнткі.

На тэрыторыі павету знаходзіліся месты і мястэчкі: Азярніца, Бусяж, Быцень, Бялавічы, Вязавец, Дзярэчын, Жыровічы, Зьдзецел, Зьдзітаў, Івацэвічы, Казлоўшчына, Косаў, Луконіца, Моўчадзь, Палонка, Раготна, Ружаны, Саколаў, Слонім. Магдэбурскае права мелі Жыровічы (1652), Ружаны (30.06.1637) і Слонім (20.01.1532).

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Панарама Жыровічаў

У сярэдзіне XVII ст. налічваў 11 022 дымоў. Паводле сучасных падлікаў, да вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) колькасьць насельніцтва складала каля 77 тыс. чал., па вайне яно скарацілася да 63 тыс. чал.[6]

На 1775 год павет налічваў 11 803 дымоў.

Ураднікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Старосты слонімскія

Павятовы соймік праходзіў у Слоніме, тамака ж месьціліся падкаморскі, земскі і гродзкі суды. Слонімская шляхта абірала двух паслоў на Вальны сойм і двух дэпутатаў на Галоўны Трыбунал.

На Гарадзенскім сойме 12 студзеня 1793 году дзеля павелічэньня колькасьці сэнатараў ад Вялікага Княства Літоўскага намінавалі кашталяна слонімскага шляхам павышэньня да кашталянскай годнасьці мясцовага павятовага маршалка, якім на той момант быў Ян Казімер Макавецкі. 24 студзеня 1793 году ён прысягнуў у Горадні і атрымаў прывілей 26 кастрычніка 1793 году, але ўжо ў сьнежні таго ж году новая адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа Рэчы Паспалітай скасавала слонімскую кашталянію. У выніку, кашталян слонімскі захаваў свой тытул, але ўжо ня меў сэнатарскіх паўнамоцтваў.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Драўляная[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На тэрыторыі Слонімшчыны склалася даўняя традыцыя драўлянага дойлідзтва.

Мураваная[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У XVII ст. у мураваную архітэктуру Слонімшчыны прыйшла стылістыка барока, у XVIII ст. — віленскага барока і клясыцызму.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Насевіч В. Слонімскі павет // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 586.
  2. ^ Ališauskas V. Baltų religijos ir mitologijos reliktai Lietuvos Didžiojoje Kunigaikštystėje (XIV—XVIII a.). — Vilnius: Lietuvių katalikų mokslo akademija, 2016. P. 26.
  3. ^ Ališauskas V. Baltų religijos ir mitologijos reliktai Lietuvos Didžiojoje Kunigaikštystėje (XIV—XVIII a.). — Vilnius: Lietuvių katalikų mokslo akademija, 2016. P. 264.
  4. ^ Насевіч В. Слонімскі павет // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 340.
  5. ^ Jelski A. Powiat słonimski // Słownik geograficzny... T. V. — Warszawa, 1894. S. 340.
  6. ^ Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]