Таталітарызм
Таталітары́зм (усеўладзьдзе; лац. totus — «увесь») — дзяржаўны лад, пры якім паноўныя вярхі цалкам падпарадкуюць жыцьцё грамадзтва сваёй уладзе. Асноўныя рысы: манапалізаваньне ўлады адной палітычнай партыяй і безумоўная ўлада яе правадыра, усеахопнае кіраваньне дзяржавы ўсімі галінамі грамадзкага жыцьця, апора ўраду на ніжэйшыя(en) і безмаёмныя слаі насельніцтва, шырокае выкарыстаньне гвалту і запалохваньня ў якасьці сродкаў захаваньня і ўмацаваньня ўсеўладнага ўраду, ваенізаваньне гаспадаркі і грамадзкага жыцьця, адхіленьне большасьці насельніцтва ад удзелу ва ўтварэньні і дзейнасьці дзяржаўных і грамадзянскіх установаў, забарона дзейнасьці скіраваных на народаўладзьдзе ўстановаў і здушэньне супраціву, панаваньне агульнай для ўсіх утапічнай ідэалёгіі з абгрунтаваньнем патрэбы ва ўсеўладным урадзе нібыта ў якасьці сродку перабудовы грамадзтва дзеля ўсеагульнага дабра і лепшай будучыні.
Вытокі панятку ў вучэньні пра цэласнасьць у нямецкай філязофіі(en) ХІХ стагодзьдзя. Крытыкі фашысцкага(en) ўраду Італіі Джавані Амэндола(en) і П’еро Габэці(en) надалі тэрміну ў 1920-я гады грамадзянскую накіраванасьць. Тэарэтыкі фашызму Джавані Джэнтыле(en) і Альфрэда Рока(en) (Італія), Эрнст Юнгер і Карл Шміт(en) (Нямеччына) выкарыстоўвалі панятак для абгрунтаваньня патрэбы ў фашысцкім усеўладным урадзе, усеўладнай дыктатуры, усеўладнай дзяржаве, усеахопнай волі да ўлады(en) і ўсеахопным мабілізаваньні. У 1930—1940-я гады прадстаўнікі франкфурцкай школы(en) распрацоўвалі аглядна-крытычнае тлумачэньне панятку ў якасьці грамадзкай прылады захаваньня ўлады ў руках правадыра, усеахопнага панаваньня вайсковага ўраду і здушэньня супраціву, шырокага запалохваньня і поўнага бяспраўя асобы (Тэадор Адорна(be), Гэрбэрт Маркузэ(be) і Эрых Фром). У 1950—1980-я гады аналітычны панятак выкарыстоўваўся для асуджэньня камуністычнага дзяржаўнага ладу (Ганна Арэнт, Зьбігнеў Бжазінскі і Мілаван Джылас(en))[1].
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Таталітарызм / Алесь Анціпенка. — Менск: Беларускі калегіюм, 2007. — 221 с. — 299 ас. — ISBN 978-9955-437-13-0
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Яўген Бабосаў. Таталітарызм // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 15. — С. 450. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0251-2
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ігар Кузьняцоў. Таталітарызм і сталінізм // Беларускі калегіюм, 2007 г. Праверана 12 красавіка 2014 г.
- Юры Вашкевіч. Тры таталітарызмы // Беларускі калегіюм, 8 чэрвеня 2009 г. Праверана 12 красавіка 2014 г.