Перайсьці да зьместу

Будаўніцтва ў Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
будаўніцтва ў Беларусі
аспэкт у геаграфічнай вобласьці
Падкляса адбудаўнічая прамысловасьць Рэдагаваць
Частка адэканоміка Беларусі Рэдагаваць
Частка больш агульнагаэканоміка Беларусі Рэдагаваць
КраінаБеларусь Рэдагаваць

Будаўні́цтва ў Белару́сі — стварэньне і пашырэньне будынкаў і збудаваньняў для вытворчай дзейнасьці і матэрыяльна-культурных патрэбаў людзей у Беларусі.

За 2020 году ў Беларусі пабудавалі 39 100 (79 %) кватэраў сярэдняй плошчай 65 кв.м. і 10 200 асабнякоў сярэдняй плошчай 157,5 кв.м. Сярод іншага, узьвялі 108 крамаў, 20 дзіцячых садкоў на 4150 месцаў, 9 паліклінік на 3021 наведваньне за дзень, 8 плавальных басэйнаў агульнай плошчай 1903 кв.м, 7 страўняў, 5 спартовых заляў агульнай плошчай 4264 кв.м, 4 школы на 3120 вучняў, 4 сонечныя электрастанцыі і лякарні на 424 ложкі. Сярод 11 533 уведзеных у дзеяньне будынкаў агульнай плошчай 6,131 млн кв.м, 92,5 % (10 673) прыпадала на жытло агульнай плошчай 4,152 млн кв.м (67,7 %), а рэшта (860) — на нежылую нерухомасьць агульнай плошчай 1,979 млн кв.м. Сярод здадзеных за год нежылых будынкаў 30,9 % складалі сельскагаспадарчыя, 26,5 % — прамысловыя, 18,4 % — камэрцыйныя, 6,3 % — кіраўнічыя, 4,9 % — навучальныя і 3,7 % — для аховы здароўя. Выдаткі на ўзьведзенае жытло складаліся на: 54,4 % са сродкаў насельніцтва, 25,4 % з пазыкаў банкаў, 6,8 % з уласных сродкаў прадпрыемстваў і 6,5 % з кансалідаванага бюджэту Беларусі[1].

У 2020 годзе ў Беларусі налічвалася 282 100 будаўнікоў, якія складалі 6,5 % занятага насельніцтва. Іх сярэднемесячны заробак складаў 1311 рублёў, што на 4,6 % перавышала сярэдні заробак у Беларусі. Доля будаўніцтва ў сукупным унутраным прадукце Беларусі складала 5,8 % (8,602 млрд рублёў). На канец 2020 году сярод 8357 прадпрыемстваў 93 % (7771) былі прыватнымі. Пры гэтым, прыватнікі выканалі 81,5 % падрадных працаў[2].

25 студзеня 2023 году Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі паведаміў, што за 2022 год у краіне пабудавалі 49 400 кватэраў агульнай плошчай 4,226 млн кв.м (па 85 кв.м у сярэднім). Пры гэтым 29 % (1,222 млн кв.м) плошчы ўзьвялі ў сельскіх паселішчах[3].

У ХІХ стагодзьдзі будаўніцтва вялі пераважна ўручную прыватныя падрадныя прадпрыемствы і сэзонныя работнікі. У Беларусі праклалі густую сетку чыгунак і ўзьвялі некалькі буйных заводаў. Таксама выканалі мэліярацыю часткі земляў. Гэтаму спрыяла разьвітасьць прамысловасьці будаўнічых матэрыялаў[4]. У 1920 годзе Савет народных камісараў Беларускай ССР стварыў Камітэт дзяржаўных збудаваньняў, каб праводзіць будаўнічыя і рамонтныя працы. Пачалося будаўніцтва запалкавай фабрыкі «Дняпро» ў Рэчыцы, швейнай фабрыкі «Кастрычнік» і абутковай фабрыкі ў Менску. Таксама пачалося пеабсталяваньне торфаздабывальных прадпрыемстваў і аднаўленьне прадпрыемстваў харчовай і дрэваапрацоўчай прамысловасьці[5]. У 1920-я гады будаўніцтва пашырылася праз пачатак індустраялізацыі[4]. У 1923 годзе Савет народнай гаспадаркі Беларускай ССР стварыў «Белдзяржбуд» для пачатку індустрыялізацыі, які ў 1926 годзе выканаў будаўнічыя працы на больш як 2 млн савецкіх рублёў. На пачатку 1-й пяцігодкі ў Беларускай ССР было 10 падрадных прадпрыемстваў, якія выканалі 25% будаўнічых працаў. Асноўная частка будаўніцтва прыпала на гаспадарчы спосаб выкананьня. У 1928—1932 гадох пабудавалі звыш 500 заводаў, у тым ліку Беларускую цеплавую электрастанцыю, «Гомельскі завод сельскагаспадарчага машынабудаваньня», «Магілёўскі завод штучнага валакна», «Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат», «Крычаўскі цэмэнтны завод», Віцебская швейная фабрыка «Сьцяг індустрыялізацыі» і Менская кандытарская фабрыка «Камунарка». Адначасна ўзьвялі 109 электрастанцыяў, 52 маторна-трактарныя станцыі, звыш 600 км чыгункі, 604 000 кв.м. жылой плошчы, 27 лякарняў, 636 школ і 1284 сельскія крамы. У Менску пабудавалі Дом ураду, Унівэрсытэцкае мястэчка і Дом друку[5].

«Белдзяржбуд» спачатку перайменавалі ў «Белбудаб’яднаньне», а ў 1930 годзе — ў «Белдзяржтрэст». У склад гэтага трэсту ўваходзілі «Белспэцсантэхбуд», «Аддзелбуд» і Кантора мэханізацыі будаўнічых працаў. У 1930 годзе «Белкамунбуд», «Мінбуд» і «Энэргабудмантаж». У 1932 годзе 38% будаўніцтва выканалі падрадам. За 1923—1932 гады лік прафэсійных будаўнікоў вырас з 2300 да 77 500 чалавек (33-кратна). У 1933—1937 гадох падчас 2-й пяцігодкі ўкладаньні склалі: 101 млн савецкіх рублёў (28%) — у шляхі зносін, 91 млн (25%) — у сельскую гаспадарку, 69 млн (19%) — у прамысловасьць, 49 млн (14%) — у жыльлёвае будаўніцтва і 48 млн (13%) — у пабудовы камунальнай гаспадаркі, аховы здароўя, народнай асьветы, культуры і навукі. У 1938 — 1-й палове 1941 гадах падчас 3-й пяцігодкі ўкладаньні на 60% перавысілі іх абсяг у папярэднюю пяцігодку, у тым ліку: у грамадзка-культурныя пабудовы — на 270%, у гандаль і грамадзкае харчаваньне — на 220%, у жыльлёвае будаўніцтва — на 69,4%, у шляхі зносін — на 39,6% і ў прамысловасьць — на 13%. У 1938 годзе СНК БССР стварыў Камітэт у справах будаўніцтва, які ў 1939 годзе пераўтварылі ў Народны камісарыят будаўніцтва БССР. Да 1940 году найбольшымі пабудаванымі прадпрыемствамі прамысловасьці будаўнічых матэрыялаў сталі: «Крычаўскі цэмэнтны завод» (100 000 тонаў цэмэнту за год), «Гомельскі шклозавод» (2 млн кв.м шыбаў), заводы сылікатнай цэглы ў Воршы і Клімавічах, мэханізаваныя заводы вапны і Магілёўскі завод цэглы сухога прасаваньня. Большасьць вапнавых і цагельных заводаў перавялі на круглагадовую працу. Правялі мэханізацыю працы ў кар'ерах і пры перавозцы вырабаў. У 1940 годзе 295 млн адзінак цэглы і 200 000 тонаў цэмэнту. За 1928—1940 гады мэханізацыя будаўніцтва вырасла з 1,1% да 7,3%[5]. На 1940 год у склад трэсту «Белдзяржбуд» уваходзіла 128 першасных установаў, у тым ліку 30 адмысловых, якія 60% працы выконвалі падрадам. За 1919—1940 гады ўзьвялі і адбудавалі 1800 заводаў, 316 маторна-трактарных станцыяў і больш за 12 млн кв.м карыснай плошчы жытла. Таксама пашыраным было ўзьвядзеньне школаў і лякарняў[4].

У 1944—1945 гадох звыш 60% укладаньняў накіравалі на аднаўленьне машынабудаваньня і шляхоў зносін. У 1944 годзе аднавілі 487 гарбарна-абутковых, 263 швейныя, 196 машынабудаўнічых і 179 тэсктыльных фабрык, а таксама 175 заводаў будаўнічых матэрыялаў. У 1945 годзе ў будаўніцтве працавала 50 000 работнікаў і службоўцаў. У 1945 годзе пры Савеце міністраў Беларускай ССР стварылі Ўправу сельскага і калгаснага будаўніцтва, каб будаваць жытло і грамадзкія пабудовы ў сельскай мясцовасьці. У 1945—1947 гадах у Беларускай ССР стварылі Міністэрства жыльлёва-грамадзкага будаўніцтва, Галоўную ўправу прамысловага будаўніцтва і Галоўную ўправу аднаўленьня Менску, а таксама будаўнічыя прадпрыемствы ведамстваў Савецкага Саюзу — «Аўтапрамбуд», «Белтрактарабуд» і «Станкабуд». У 1946—1950 гадох вылучылі 1339 млн рублёў капіталаўкладаньняў, зь іх 911 млн дзяржаўным прадпрыемствам і каапэратывам, 238 млн насельніцтву на будаўніцтва жытла і 80 млн калгасам. На будаўнічыя працы накіравалі 80% укладаньняў. Сярод будаўніча-мантажных працаў 56,1% мелі невытворчае прызначэньне. На аднаўленьне вылучылі без уліку калгасаў: 251 млн рублёў — Менску, 181 млн — Гомельскай вобласьці, 141 млн — Віцебскай, 139 млн — Берасьцейскай, 137 млн — Менскай, 128 млн — Магілёўскай і 67 млн — Гарадзенскай. Найперш аднаўлялі і разьвівалі будаўнічую прамысловасьць і прамысловасьць будаўнічых матэрыялаў. У Менску пабудавалі заводы будаўнічых кранаў і будаўнічых дэталяў, шлакаблёчны, лесапільны і дрэваапрацоўчы камбінаты, блёкаў, асфальтабэтонны, гіпсавы, цагельны № 1 і 10, мэталаканструкцыяў і камбінат будаўнічых матэрыялаў. У Баранавічах, Пінску і Полацку запусьцілі заводы будаўнічых дэталяў. У Гомлі запрацавалі шлакаблёчны, клінкерны заводы і завод будаўнічых дэталяў. Увялі ў дзеяньне домабудаўнічы камбінат у Рэчыцы, цагельныя заводы ў Хвойніках (Гомельская вобласьць), Магілёве і Бабруйску, а таксама шыфэрны завод у Крычаве. У 1946—1950 гады пабудавалі 245 прадпрыемстваў[5]. У 1944—1950 гады ўкладаньні на 40% перавысілі перадваенный ўзровень за кошт адбудовы[4].

У 1951—1955 гадох у народную гаспадарку Беларусі ўклалі 2178 млн рублёў, зь якіх 60% (1307 млн) ва ўзьвядзеньне вытворчых пабудоваў. Астатнія 871 млн рублёў накіравалі на будоўлю грамадзка-культурных пабудоваў. Здалі ў дзеяньне 1010 заводаў, зь іх 147 буйных, у тым ліку «Менскі трактарны завод», «Менскі гадзіньнікавы завод», «Менскі камвольны камбінат» і «Аршанскі завод швейных машынаў» (Віцебская вобласьць). У гэты час будаўніцтва пераўтварылі ў мэханізаваны паток зборкі і ўзьвядзеньня будынкаў і збудаваньняў з буйнапамерных складнікаў і вузлоў. Пабудавалі «Менскі завод мінэральнай ваты», «Менскі завод ацяпляльнага абсталяваньня», «Менскі вапнавы завод», «Менскі завод гіпсавалакністых і жалезабэтонных вырабаў», «Гарынскі завод вогнетрывалай цэглы», сылікатны завод у Воршы і «Крычаўскі завод вапнавай мукі». За 1950—1955 гады лік будаўнічых заводаў вырас зь 17 да 28. Вартасьць асноўных вытворчых фондаў будаўнічых прадпрыемстваў вырасла 8-кратна да 240 рублёў, зь якіх 160 млн прыпадала на будаўнічыя машыны, мэханізы і аўтатранспарт. На будаўніцтве працавала 455 пад’ёмных кранаў, 395 экскаватараў і 76 аўтапагрузчыкаў. У 1955 годзе выканалі будаўнічыя працы на 1,5 млн савецкіх рублёў і пачалі будаваць 10 заводаў і 20 палігонаў зборнага жалезабэтону. За 1950—1955 гады вытворчасьць жалезабэтонных вырабаў вырасла 20-кратна да 106 000 кубамэтраў. На пашырэньне будаўнічай прамысловасьці выдаткавалі 57 млн рублёў. На аснове Міністэрства будаўніцтва БССР і Міністэрства сельскага і гарадзкога будаўніцтва БССР утварылі Галоўную ўправу будаўніцтва пры Савеце міністраў БССР, у склад якой увайшлі 13 агульнабудаўнічых і 8 адмысловых трэстаў. За 1956—1961 гады здалі ў дзеяньне 246 буйных заводаў і асвоілі 3716 млн рублёў укладаньняў. Створаны ў 1956 годзе «Белкалгасбуд», які ў 1958 годзе перайменавалі ў «Галоўкалгасбуд БССР», выконваў усе віды будаўніцтва ў калгасах на падставе ўласнай вытворчасьці. Да 1957 году будаўніцтва перавжана вялі прадпрыемствы Міністэрства будаўніцтва, «Белкалгасбуд», «Мэліявадгас», «Белгандальбуд» і «Дарбуд». Істотную частку будаўніча-мантажных працаў выконвалі падрадныя прадпрыемствы ведамстваў СССР. Пасьля стварэньня Савету народнай гаспадаркі СССР міністэрствы аб’ядналі 90% падрадных прадпрыемстваў, якія выконвалі 95% капітальнага будаўніцтва. Міністэрству прамысловага будаўніцтва належала 25 будаўнічых базаў, а Міністэрству сельскага будаўніцтва — 10. У склад такіх базаў уваходзілі асфальтабэтонныя заводы, рамонтна-мэханічныя майстэрні, сродкі мэханізацыі, склады цэмэнту і заводы таварнага бэтону. Базы будаўнічай прамысловасьці месьціліся ў Менску і ўсіх абласных цэнтрах, а таксама ў Наваполацку, Салігорску, Сьветлагорску, Воршы, Баранавічах, Лідзе, Барысаве, Мазыры і Пінску. У 1960 годзе ўвялі ў дзеяньне газаправод Дашава—Менск[5].

У 1956—1965 гадох у Беларусі пабудавалі 692 100 кватэраў карыснай плошчай 29,1 млн кв.м. Новыя кватэры пераважна ў 5-павярховых дамах-«хрушчоўках» атрымалі 3,1 млн чалавек, якія складалі 36% насельніцтва Беларусі. На канец 1965 году гарадзкі жыльлёвы фонд склаў 32 млн кв.м. У 1961—1965 гадох укладаньні вырасьлі да 6352 млн рублёў. Пабудавалі «Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод» (Полацкі раён), «1-ы Салігорскі калійны камбінат» (Менская вобласьць), «Гарадзенскі азотна-тукавы камбінат», «Гомельскі супэрфасфатны завод», «Сьветлагорскі завод штучнага валакна» (Гомельская вобласьць), «Лідзкі лакафарбавы завод» (Гарадзенская вобласьць), Пінскі і Нясьвіскі заводы кармавога біяміцыну, «Бабруйскі завод гумава-тэхнічных вырабаў» і «Барысаўскі завод плястмасавых вырабаў». У 1950—1960-я гады стварылі «Жодзінскі аўтазавод» (Менская вобласьць), «Менскі маторны завод» і «Менскі халадзільнікавы завод». У Горадні, Баранавічах, Барысаве і Менску стварылі заводы аўтаагрэгатаў і вузлоў. «Менскі трактарны завод» перайшоў на выраб колавых трактароў «Беларусь» замест тралёвачных вусенічных. У Гомлі пабудавалі заводы нармалізаваных дэталяў і гідраапаратуры для станкабудаўніцтва. Перабудавалі «Маладэчанскі станкабудаўнічы завод» і адпаведны завод «Чырвоны барацьбіт» у Воршы. У 1965 годзе ў выніку пабудовы адпаведнай вытворчасьці Беларусь выйшла на больш як 90% забясьпечанасьці ў чыгунным ліцьці і гумавай тэхніцы, а таксама на 76% у пакоўках. Лёгкая прамысловасьць Беларусі стала ўзаемазьвязанай праз увядзеньне ў дзеяньне «Баранавіцкага баваўнянага камбінату», 2-й чаргі «Аршанскага льнокамбінату», «Пінскага заводу штучнай скуры», «Берасьцейскага дывановага камбінату», некалькіх льнозаводаў і цэхаў мачэньня льну. У ваколіцах найбольшых торфарадовішчаў стварылі мэханізаваныя прадпрыемствы «Асінторф» у Віцебскай вобласьці, «Смалявіцкае», «Чырвоны Сьцяг» і «Бярэзінскае» ў Менскай, «Васілевіцкае» ў Гомельскай і «Бярозаўскае» ў Берасьцейскай. Увялі ў дзеяньне Васілевіцкую ДРЭС і павялічылі магутнасьць Бярозаўскай ДРЭС. У 1965 годзе ў Беларускай ССР дзейнічала 361 дзяржаўная і 112 міжгаспадарчых падрадных прадпрыемстваў, у якіх працавала 222 300 чалавек. За 1965 год на 13 заводах Міністэрства будаўніцтва БССР выпусьцілі 1,183 млн кубамэтраў жалезабэтону, а на 10 заводах Міністэрства сельскага будаўніцтва — 196 000 кубамэтраў зборных дэталяў і канструкцыяў. Падрадныя заводы вырабілі 66 000 кубамэтраў зборнага жалезабэтону. У 1965 годзе 62,6% падрадных працаў выканалі прамысловым чынам у выніку выкарыстаньня зборных канструкцыяў, аднак назіралася скарачэньне вытворчасьці цэглы[5].

У 1966—1970 гадох пабудавалі 78 буйных прадпрыемстваў, у тым ліку Лукомскую ДРЭС (Чашніцкі раён), «Магілёўскім камбінат сынтэтычнага валакна», 3-і калійны камбінат у Салігорску, «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» і буйныя магутнасьці на Полацкім хімічным камбінаце «Палімір». За 1967—1970 гады ў сельскай мясцовасьці пабудавалі 127 500 кватэраў агульнай плошчай 6,8 млн кв.м, 964 камбінаты побытавага абслугоўваньня, 600 агульнаадукацыйных школ і лякарні на 1277 ложкаў. У 1971—1975 гадох узьвялі 97 буйных прадпрыемстваў, у тым ліку «Беларускі шынны камбінат» у Бабруйску, «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод» (Гомельская вобласьць), «Баранавіцкі завод аўтаматычных лініяў», «Гарадзенскі прадзільна-нітачны камбінат» і «Аршанскі інструмэнтальны завод»[5]. За 1945—1995 гады пабудавалі 880 заводаў, у тым ліку «Менскі трактарны завод», «Менскі аўтамабільны завод», «Беларускі аўтамабільны завод» (Жодзін), «Нафтан» (Наваполацак) і «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод» (Гомельская вобласьць), «Беларуськалій» (Салігорск) і «Беларускі мэталюргічны завод» (Жлобін). Узьвялі 182,8 млн кв.м карыснай плошчы жытла і пашырылі сетку аўтадарог і чыгунак. Таксама пабудавалі шматлікія мэліярацыйныя збудаваньні. Пасьля 1986 году правялі маштабную будаўнічую працу дзеля зьмяншэньня наступстваў Чарнобыльскай катастрофы[4]. У 1985—1990 гадох лік падрадных прадпрыемства ўпаў з 1144 да 1090. Пры гэтым, укладаньні вырасьлі на 37,8% да 39 млн рублёў. За 1985—1990 гады доля незавершанага будаўніцтва ў дзяржаўных прадпрыемствах і каапэратывах вырасла зь 52% да 70%. Прычынай паслужыла незваротнасьць дзяржаўных укладаньняў, у выніку чаго тэрміны будаўніцтва 2-кратна перавышалі нарматыўныя. У 1988 годзе не ўвялі ў дзеяньне кожную 3-ю пабудову дзяржаўнага заказу. У 1990 годзе на праектных прадпрыемствах Беларусі працавала 30 000 чалавек, якія выканалі праектных працаў на 250 млн савецкіх рублёў. На пачатаку 1990 году 11% абсталяваньня на будоўлях заставалася неўсталяваным, а яшчэ 9% — не ўвялі ў дзеяньне. За 1966—1990 гады пабудавалі лякарні на 60 924 ложкі, дзіцячых садкоў на 580 300 месцаў, школ на 1,348 млн вучняў і жытла карыснай плошчай 113,949 млн кв.м[5].

Перабудова Вялікага тэатру Беларусі (2006 год)

На 1994 год налічвалася каля 200 аб’яднаньняў, трэстаў і акцыянэрных таварыстваў, якія ўлучалі 995 падрадных будаўніча-мантажных і 234 рамонтна-будаўнічыя ўстановы. Большую частку будаўніцтва ажыцьцяўлялі прадпрыемствы Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі, канцэрнаў «Менскбуд» і «Белпаліўгаз», а таксама адмысловыя трэсты «Белэнэргабуд», «Белтрансбуд», «Белсувязьбуд» і «Палесьсевадбуд». Таксама дзейнічала звыш 2000 малых прыватных прадпрыемстваў і каапэратываў. У 1995 годзе 49% будаўнічых працаў прыпала на падрадныя каапэратывы, 39% — на дзяржаўныя ўстановы і 12% — на прыватныя прадпрыемствы. Таксама ў Беларусі існавала шмат прадпрыемстваў праектна-вышуквальных працаў і вытворцаў будаўнічых матэрыялаў і машынаў[4]. У 1995 годзе ўкладаньні скараціліся на 31% у выніку зьмяншэньня дзяржаўнага заказу на тавары вытворчага прызначэньня. У 1995 годзе ўвод у дзеяньне жылых дамоў склаў 37% ад узроўню 1990 году, а ў 2001 годзе — 57%. У 2001 годзе ўкладаньні ў асноўны капітал сельскай гаспадаркі склалі 8% ад узроўню 1990 году. У 2002 годзе ўкладаньні ў асноўны капітал прамысловасьці склалі 63% ад узроўню 1990 году[5].

Будаўнічы кран на будоўлі шматпавярховіка ў Берасьці (2014 год)

Пры канцы сьнежня 2012 году Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь правёў праверку будаўнічых пляцовак Менску, на якіх налічыў звыш 17 000 работнікаў. Зь іх каля 10 000 (59%) складалі супрацоўнікі работніцкіх спэцыяльнасьцяў, якія непасрэдна працавалі на будаўнічых пляцоўках. Звыш 7000 астатніх работнікаў складалі кіраўнічы і вытворчы пэрсанал[6]. У 2013 годзе на будаўніцтва жытла ў Беларусі пайшло 32,9 трлн рублёў (3,667 млрд даляраў ЗША) укладаньняў у асноўныя сродкі, што склала 16,2% агульнага абсягу ўкладаньняў і на 24,5% перавысіла ўзровень 2012 году. Упершыню за некалькі гадоў звыш паловы (51,1%) крыніцаў фінансаваньня жыльлёвага будаўніцтва склалі ўласныя сродкі насельніцтва. Пазыкі банкаў забясьпечылі 31,1% фінансаваньня, хоць у ранейшыя гады іх доля дасягала 70%. Пабудавалі 63 300 кватэраў, што было на 10% больш чым у 2012 годзе (57 200). Таксама на 17,6% вырасла агульная плошча ўведзенага ў карыстаньне жытла да 5,273 млн кв.м. Зь іх: у Менскай вобласьці — 1,414 млн кв.м (26,8%), у Менску — 1,166 млн кв.м (22,1%), у Берасьцейскай вобласьці — 792 200 кв.м (15%), у Гарадзенскай — 654 900 кв.м (12,4%), у Гомельскай — 521 000 кв.м (9,9%), у Магілёўскай — 363 900 кв.м (6,9%) і ў Віцебскай — 360 200 кв.мэтраў (6,8%). Доля ўведзенага ў дзеяньня жытла на вёсцы вырасла з 21,5% да 26,6% (1,404 млн кв.м), зь якіх 1,124 млн кв.м (80%) пабудавалі ў Менскай вобласьці. Для грамадзянаў у патрэбе паляпшэньня жыльлёвых умоваў пабудавалі 53,6% (2,825 млн кв.м) ад агульнай плошчы ўведзенага ў дзеяньне жытла, у тым ліку з выкарыстаньнем дзяржаўнай падтрымкі — 2,483 млн кв.м (87,9%), сярод якіх 1,894 млн кв.м (76,3%) у шматкватэрных дамах у гарадах[7].

Будаўніцтва жытла[8]
Год 2006[9] 2007 2008 2009 2010
Млн кв.м плошчы 4,08 4,66 5,08 5,71 6,63
Год 2011 2012 2013 2014 2015
Млн кв.м плошчы 5,48 4,48 5,22 5,52 5,06
Год 2016 2017 2018 2019 2020
Млн кв.м плошчы 4,28 3,79 3,97 4,06 4,15

У 2010-я гады ў Менску ўзьвялі новыя будынкі Менскага чыгуначнага вакзалу, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі і Музэю Вялікай Айчыннай вайны, а таксама Палац незалежнасьці. Сярод іншага, у Віцебску пабудавалі Летні амфітэатар, а ў Барысаве — футбольны стадыён. У галіне прамысловага будаўніцтва ўзводзілі Беларускую АЭС у Астравецкім раёне і асучасьнівалі завод «Нафтан» у Наваполацку і «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод». На 2020 году ў Беларусі налічвалася звыш 10 000 будаўнічых прадпрыемстваў, у якіх працавала больш за 212 000 будаўнікоў. Пераважна праводзілася грамадзянскае і прамысловае будаўніцтва, узьвядзеньне пабудоваў аховы здароўя і сельскай гаспадаркі, спартовых збудаваньняў і жылых кварталаў. Таксама ажыцьцяўлялася перабудова і аднаўленьне будынкаў, дойлідзтва і горадабудаўнічая дзейнасьць. Істотную частку будаўнічых працаў выконвалі для замежных заказчыкаў у такіх галінах, як дарожнае і жыльлёвае будаўніцтва, а таксама ўзьвядзеньне дзіцячых садкоў і школ. Звыш паловы будаўнічых паслугаў за мяжой аказвалі ў Расеі. У Беларусі будаўніцтвам займаліся таксама замежныя прадпрыемствы Кітаю, Украіны, Сэрбіі, Польшчы, Італіі, Летувы і Ізраілю[10].

Падрадныя працы[11]
Год 2011 2012 2013 2014 2015
Прыватныя 79,7% 81,5% 82,2% 83% 83,1%
Дзяржаўныя 18,5% 16,8% 16,3% 15% 14,1%
Замежныя 1,8% 1,7% 1,5% 2% 2,8%
Год 2016 2017 2018 2019 2020
Прыватныя 80,6% 81,4% 81,6% 82,5% 81,5%
Дзяржаўныя 16,5% 16,8% 16,6% 16,2% 16,1%
Замежныя 3% 1,8% 1,8% 1,4% 2,4%
  1. ^ Алена Кухарэвіч, Жанна Васілеўская. 2. Вынікі інвэстыцыйнай дзейнасьці // Інвэстыцыі і будаўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь = Инвестиции и строительство в Республике Беларусь / адказн. А.А. Сідараў, старш.рэд. Іна Мядзьведзева. — Менск: Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь, 2021. — С. 19—23. — 40 с. — 31 ас. — ISBN 978-985-7241-55-2
  2. ^ Алена Кухарэвіч, Жанна Васілеўская. 4. Дзейнасьць арганізацыяў будаўніцтва // Інвэстыцыі і будаўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь. — Менск: Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь, 2021. — С. 31—32. — 40 с.
  3. ^ Амаль 50 тыс. кватэр пабудавана ў Беларусі ў 2022 годзе // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 25 студзеня 2023 г. Архіўная копія ад 25 студзеня 2023 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  4. ^ а б в г д е Карл Губінскі, Л.І. Тулупава. Будаўніцтва // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 3: Беларусы — Варанец. — С. 309310. — 511 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0068-4
  5. ^ а б в г д е ё ж з Эдуард Пятровіч. Будаўніцтва // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2004. — Т. 18. Кн. 2: Рэспубліка Беларусь. — С. 353357. — 760 с. — ISBN 985-11-0295-4
  6. ^ Будаўнікоў — больш, кіруючых работнікаў — менш // Зьвязда : газэта. — 13 ліпеня 2013. — № 128 (27493). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  7. ^ Сяргей Куркач. Кожны другі будаваўся за свае грошы // Зьвязда. — 23 студзеня 2014. — № 12 (27622). — С. 5.
  8. ^ Будаўніцтва жыльля ў Беларусі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 22 верасьня 2021 г. Праверана 8 сьнежня 2021 г.
  9. ^ Увод у эксплюатацыю жылых дамоў у Рэспубліцы Беларусь // Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі, 2021 г. Праверана 8 сьнежня 2021 г.
  10. ^ Будаўніцтва ў Беларусі // Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, 2021 г. Праверана 7 сьнежня 2021 г.
  11. ^ Аб’ём падрадных работ па формах уласнасьці // Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі, 2021 г. Праверана 8 сьнежня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]