Радашкавіцкая беларуская гімназія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Першы выпуск гімназіі, 1924 г

Радашкавіцкая беларуская гімназія імя Францішка Скарыны — навучальная ўстанова сярэдняга тыпу ў Радашкавічах, якая існавала ў 1922—1928 гг.

Заснаваньне і дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гімназія заснавана Радашкавіцкім Таварыствам Беларускай школы (ТБШ) па ініцыятыве беларускага грамадзка-палітычнага дзеяча Аляксандра Ўласава і пэдагога А. Крачкоўскага. У пачатку 1922 атрымана канцэсія на ўтрыманьне гімназіі, дырэктарам яе быў ксёндз Фабіян Абрантовіч. Пазьней дырэктарамі гімназіі выбіраліся А. Вернікоўскі і Ф. Стацкевіч.[1]

У гімназіі вучылася моладзь з навакольных вёсак і мястэчак. У 1925/1926 навучальным годзе ў 1—7-м і падрыхтоўчым клясах займалася 150 вучняў. Меўся інтэрнат для хлопцаў і дзяўчат, закладзены пры падтрымцы місіі амэрыканскіх і беларускіх мэтадыстаў. Настаўнікі і вучні сумесна з Радашкавіцкім ТБШ праводзілі работу па прапагандзе беларускай культуры сярод жыхароў мястэчка і навакольных вёсак. 3 лістапада 1923 вучні пастаянна ладзілі тэатральныя прадстаўленьні, выдавалі рукапісныя часопісы.

На базе гімназіі ў час летніх канікул 1926/27 і 1927/28 навучальных гадох праводзіліся курсы для настаўнікаў беларускіх пачатковых школ. Уздым нацыянальна-вызваленчага руху ў сярэдзіне 1920-х у Заходняй Беларусі садзейнічаў радыкалізацыі поглядаў пэдагогаў і вучняў гімназіі, што прывяло да закрыцьця яе ў верасьні 1928 па загадзе Маладзечанскага старасты з прычыны «небясьпекі публічнага спакою». Большасьць навучэнцаў Радашкавіцкай беларускай гімназіі прадоўжылі вучобу за граніцаю, пераважна ў БССР; некаторыя скончылі вышэйшую школу ў Чэхаславакіі.

Заняткі пачыналіся 9 верасьня і працягваліся да 22 сьнежня; зімовыя вакацыі доўжыліся да 15 студзеня, каб Каляды адгулялі і праваслаўныя, і католікі. Наступныя вакацыі прыпадалі на Вялікдзень, а яшчэ адны — на лета: з 15 чэрвеня па 31 жніўня. Першы выпуск гімназіі адбыўся ў 1924 годзе — яе скончылі 11 чалавек.

Выкладчыкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першым настаўніцкім калектывам кіраваў Аляксандар Вернікоўскі. Язэп Гаўрылік выкладаў геаграфію і сьпевы, Фелікс Стацкевіч — лацінскую мову, Сымон Кароль — беларускую мову і літаратуру, Антон Крачкоўскі — матэматыку і геамэтрыю, Мікалай Ласковіч — фізыку, Валянціна Чаенкава — гісторыю і францускую мову, Валянцін Чаенкаў — лёгіку і псыхалёгію, Браніслаў Тэраевіч — польскую мову, Лідзія Ліманоўская — нямецкую. Адміністратарам гімназіі працаваў беларускі дзеяч прапольскай арыентацыі Тодар Вернікоўскі (стрыечны брат дырэктара)[2]. Мастацкім гуртком кіраваў Язэп Драздовіч.

Навучэнцы і выпускнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пэўны час у гімназіі вучыўся Максім Танк.

Сучасны стан[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ад гімназіі на сёньня захаваўся будынак былога інтэрната, які знаходзіцца па Віленскай, 1. На мясцовых могілках маецца недагледжаная магіла выкладчыка Мікалая Чараняўскага. Помнік з надпісам «Сьветлай памяці вучыцель Радашкаўскае беларускае гімназіі Мікалай Іванавіч Чэрняўскі. Радзіўся 22.05.1883 г., памёр 02.03.1926 г. Вечная памяць дарагому настаўніку і другу» — павалены.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]