Перайсьці да зьместу

Пагоня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Герб Літвы»)
Пагоня
лац. Pahonia
Герб Пагоня ўзору 1991 году
Герб Пагоня ўзору 1991 году
Апісаньне
Першыя згадкі XIII ст.
Зацьверджаны XIV ст.
1918 г.
19 верасьня 1991 г.
Выкарыстаньне Вялікае Княства Літоўскае
Беларуская Народная Рэспубліка
Рэспубліка Беларусь

Паго́ня — герб Вялікага Княства Літоўскага[1], які атрымаў статус дзяржаўнага ў час княжаньня Вітаўта Вялікага[2]. Традыцыйны нацыянальны герб беларусаў, што ўвасабляе ідэю абароны Бацькаўшчыны[3][4]. Дзяржаўны герб Беларускай Народнай Рэспублікі і Рэспублікі Беларусь. Гэта выява ўзброенага вершніка на белым кані на чырвонай тарчы. Вершнік трымае ў паднятай правай руцэ меч, у левай — белую, чырвоную альбо сінюю тарчу з залатым шасьціканцовым крыжам. Зь левага боку ў вершніка ножны мяча, з-пад сядла зьвісае трохканцовая вупраж. З асноўных колераў Пагоні — нацыянальных колераў беларусаў — утвараецца беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг[5].

14 траўня 2007 году афіцыйны ўрад Беларусі надаў гербу Пагоні статус нематэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасьці[6]. З 10 красавіка 1990 году варыянт Пагоні («Віціс») — дзяржаўны герб Летувы.

Вытокі Пагоні
Пячаць Багуслава I, князя люцічаў, 1170 г.
Пячаць Мікалая I(ru), валадара бодрычаў, 1189 г.
Пячаць Казімера I Апольскага(uk), 1226 г.
Пячаць Аляксандра Неўскага. Асабовы бок, па 1236 г.
Пячаць Дзьмітрыя Данскога, XIV ст.
Пячаць Нарымонта, князя полацкага, 1338 г.
Пячаць Лугвена, 1395 г.
Коньнік зь пячаці вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча, 1432 г.

На ўзьнікненьне гербу Пагоні і замацаваньне яго на землях Вялікага Княства Літоўскага ўплывала некалькі чыньнікаў, кожны зь якіх паасобку ня быў вызначальным[7]:

Пагоня XV ст. з надмагільля Ягайлы[a]
  • Пэўныя ўплывы агульнаэўрапейскай геральдычнай традыцыі адлюстраваньня князя-водцы на пячацях фэўдальных герархаў (Польшча, Чэхія[9], рыцарскі ордэн тампліераў, конныя пячаці наўгародзкага князя Аляксандра Неўскага ды іншае)
  • Атаясамленьне гербу Пагоні з постацьцю абаронцы Айчыны і адлюстраваньне жыцьця тагачасных насельнікаў краю, што знаходзіліся пад заўсёднай ваеннай пагрозай.
  • Уплыў грэцка-хрысьціянскіх культаў — сьвятых Дзімітрыя Салунскага і Юрыя Пераможцы, адаптацыя апошніх да мясцовай традыцыі і фармаваньне культу ўласных заступнікаў.
  • Спалучэньне і пэрсанафікацыя ў гербе постацяў сьвятых Барыса і Глеба з блізкага мінулага і паганскага Ярылы з больш глыбокіх пластоў.

Паводле Міхася Ткачова, паходжаньне гербу Пагоні сягае ўглыб стагодзьдзяў і мае сэмантычную повязь з старажытнай ваеннай традыцыяй народнай пагоні — найважнейшай функцыяй арганізацыі жыцьця і побыту ўсходнеславянскіх плямёнаў, калі кожны чалавек быў у адказе за жыцьцё супляменьніка. У выпадку раптоўнага нападу супраціўніка і захопу ў палон суродзічаў кожны мужчына, які меў права насіць зброю, мусіў пехатою або конна кідацца ў пагоню за ворагам, каб адбіць палон. Ва ўмовах ваеннай дэмакратыі традыцыя народнай пагоні выконвалася безумоўна і захоўвалася стагодзьдзямі і ў эпоху Русі, і ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Іпацьеўскі летапіс паведамляе пра пагоню жыхароў Берасьця ў 1280 годзе за польскім вайсковым аддзелам, які паваяваў ваколіцы места[3].

Вялікі князь літоўскі Ягайла ў сваёй (лацінскай) грамаце ад 20 лютага 1387 году засьведчыў тагачасную назву паспалітага рушэньня ў мове народу Літвыліцьвінаў[10][11]:

« …паводле старажытнага звычаю, перасьлед ворага ёсьць абавязкам кожнага мужчыны ў нашым краі; гэткае паспалітае рушэньне дзеля выгнаньня ворага з нашае Літоўскае зямлі па-народнаму завецца „пагоня“.
Арыгінальны тэкст  (лац.)
...Quotiescunque etiam hostes et adversarios nostros et ipsius terrae nostrae Lithuanicae fugitivos insequi opportuerit, ad insequutionem huiusmodi, quod роgоniа vulgo dicitur, nоn solum armigeri, verum etiam omnis masculus, cuiuscunque status aut conditionis extiterit, dummodo аrmа bellicosa gestare poterit, proficisci teneatur.
»

З прывілею вялікага князя літоўскага Ягайлы, 20 лютага 1387 г.

Галоўнай прычынай трывалага існаваньня і замацаваньня на землях сучаснай Беларусі старажытнай традыцыі народнай пагоні сталі шматлікія войны, распачатыя пераважна суседнімі народамі і княствамі і абумоўленыя геастратэгічным разьмяшчэньнем беларускіх земляў на скрыжаваньні найважнейшых гандлёвых шляхоў. Ідэя абароны Бацькаўшчыны стала дзяржаваўтваральнай для жыхароў Вялікага Княства Літоўскага і пад уплывам эўрапейскай геральдыкі і рыцарскіх традыцыяў увасобілася ў дзяржаўны сымбаль — герб Пагоню[12].

Пагоня зь Літоўскага Статуту выданьня 1614 г.[13]

Беларуская назва Пагоня замацавалася за гербам у канцы XV — пачатку XVI стагодзьдзя, што стала вынікам асэнсаваньня гербавай выявы як сымбалю абаронцы Айчыны[14][1].

Пагоня як сымбаль Белай Русі (у адрозьненьне ад іншых краінаў) на эмблеме Таварыства Літоўскага і зямель Рускіх, 1832 г.

Пад гэтай назвай герб апісвалі і тлумачылі ў літоўскіх (беларускіх) летапісах першае паловы XVI стагодзьдзя: «…у гербе муж збройны, на каню белам, у полю чырвонам, меч голы, яка бы каго гонячы дзяржаў над галавою, і ёсьць адтоля названы „пагоня“…». Назвай Пагоня карыстаўся і апошні з Ягайлавічаў — кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст. У 1562 годзе ён загадаў біць на Віленскай мынцы манэты-траякі: «А на сем з аднае стараны два першыя словы, каторымі ся пачынаець пісаці імя наша гаспадарскае, а з другое стараны … герб Пагоня»[1]. Урэшце, дзяржаўны герб Вялікага Княства Літоўскага пад назвай Пагоня (ст.-бел. Погоня) сьцьвярджаецца ў статутах Вялікага Княства Літоўскага 1566[15] і 1588[16] гадоў[b]. А ў лацінскім перакладзе Статуту 1566 году адмыслова падкрэсьліваецца, што дзяржаўны герб Вялікага Княства Літоўскага завецца Пагоняй у народнай мове — мове ліцьвінаў (лац. vulgo Pogonia vocatur)[18].

Як адзначае Аляксей Шаланда, афіцыйная беларуская гербавая назва Пагоня не пакідае ніякіх сумневаў у беларускай этнічнай прыналежнасьці грамадзтва, дзе зьявіўся і выкарыстоўваўся герб Вялікага Княства Літоўскага[15].

Рэканструкцыя выгляду харугвы часоў бітвы пад Грунвальдам

Клясычны выгляд гербу Пагоні — гэта выява ўзброенага вершніка на белым кані на чырвонай тарчы. Вершнік трымае ў паднятай правай руцэ меч, у левай — белую, чырвоную альбо сінюю тарчу з залатым шасьціканцовым крыжам. Зь левага боку ў вершніка ножны мяча, з-пад сядла зьвісае трохканцовая вупраж (у розныя часы яна мяняла свой колер зь сіняга да залаціста-жоўтага[19]).

Асноўныя колеры Пагоні — белы і чырвоны — нацыянальныя колеры беларусаў, здабытак беларускай матэрыяльнай і духоўнай культуры[20]. З гэтых колераў нацыянальнага гербу, паводле правілаў геральдыкі і вэксілялёгіі, утварыўся беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг[21].

Кампазыцыя гербу не была аднолькавай: сьпярша вершнік глядзеў у левы (геральдычны) бок, але ад першае паловы XV стагодзьдзя, паводле правілаў эўрапейскай геральдыкі, ён павярнуўся ў правы бок. За часамі Вітаўта пашыралася выява на тарчы вершніка гербу Калюмнаў[22]. Першая выява Пагоні з шасьціканцовым крыжам, ідэнтычным крыжу Эўфрасіньні Полацкай — сьвятыні Полацкай зямлі — зьявілася на гербавай тарчы надмагільля вялікага князя літоўскага і караля польскага Ягайлы[12]. Хоць пра вытокі гэтага крыжа (так званага «патрыяршага») і выказваліся вельмі супярэчлівыя думкі[c][22], ён адназначна мае хрысьціянскае (бізантыйскае) паходжаньне. Тым часам тлумачэньне крыжа з Пагоні як сымбалю паганскага бога Ярылы трэба прызнаць ня толькі бяздовадным, але і ў існасьці немагчымым[2].

Увогуле, існавалі пяць варыянтаў[23] сярэднявечнай Пагоні:

  1. Клясычная — у чырвоным полі збройны рыцар на белым кані, дзясьніцаю ўздымае голы меч над галавой, на левым плячы тарчу з падвойным залатым крыжам. Конь накрыты трохканцовай гунькаю. На найбольш старажытных каляровых малюнках конская зброя і тарча рыцара — блакітныя.
  2. Такі ж яздок, але ва ўзьдзетай руцэ дзіда, якую ён рыхтуецца кінуць у ворага.
  3. Голы (без засьцерагальнага ўзбраеньня) яздок на кані безь сядла, уздымае над галавою меч. Іканаграфія такога варыянту не сустракаецца, але вядомая падобная вэрсія XVII ст. Маскоўскага гербу.
  4. Малая Пагоня: на тарчы толькі асноўная дэталь гербу — збройная рука з голым мячом. Колер поля чырвоны або залаты. Існуе дзьве адметныя вэрсіі Малой Пагоні.
  5. Татарская Пагоня: у зялёным полі яздок, які адстрэльваецца з лука ў сваіх сьцігачоў.

Сучасная эталённая выява Пагоні, распрацаваная ў 1991 годзе адмысловай Камісіяй парлямэнту Беларусі, мае пэўныя адметнасьці. Найперш гэта белая тарча з залатым рознаканцовым «патрыяршым» крыжам. Такі няроўнаканцовы крыж паходзіць зь некалькіх гістарычных выяваў гербу (у тым ліку часоў Грунвальдзкай бітвы — пэрыяду росквіту Вялікага Княства Літоўскага) і асацыюецца з вобразам Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай, нябёснай заступніцы Беларусі. Прытым зьмяшчэньне залатога на белым (мэталу на мэтале, а ня як звычайна, мэталу на эмалі), згодна з правіламі геральдыкі, ёсьць вынятковым і мусіць падкрэсьліваць асаблівую важнасьць гэтага сымбалю[8]. Як зазначае кіраўнік камісіі з распрацоўваньня эталёну дзяржаўнага гербу Беларусі гісторык Алег Трусаў, у старажытных апісаньнях Пагоні ўжываліся толькі два колеры: белы конь і вершнік на чырвоным фоне. Тым часам пра колер тарчы ў старажытных хроніках нічога не гаворыцца. Такім парадкам, камісія пастанавіла зьмясьціць выяву залатога шасціканцовага крыжа на срэбнай (белай) тарчы — як дзеля захаваньня каляровай еднасьці гербу, так і дзеля адпаведнасьці гістарычным крыніцам[24].

Пагоня з гербоўніка Эразма Комніна 1575 г.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб Пагоня склаўся ў Вялікім Княстве Літоўскім — у дзяржаве, дзе сфармавалася беларуская народнасьць і дзе старажытная беларуская культура перажывала ўздым і росквіт[22]. Першы пісьмовы ўпамін пра герб Пагоню сустракаецца ў літоўскіх (беларускіх) летапісах пад 1278 годам у зьвязку з князем Нарымонтам (якога можна атаясаміць з братам або сынам вялікага князя літоўскага Трайдзеня):

« Той Нарымунт меў герб, або кляйнот, рыцарства сваяго таковы, і тым пячатаваўся, Вялікаму княству Літоўскаму заставіў яго, а то такі: у гербе муж збройны, на каню белам, у полю чырвонам, меч голы, яка бы каго гонячы дзяржаў над галавою, і ёсьць адтоля названы «пагоня». »

Хроніка Літоўская і Жамойцкая[d][e]

Герб ВКЛ з Маскоўскага тытулярніка 1672 г.

Густынскі летапіс кажа пра ўзьнікненьне гербу Пагоні за часамі вялікага князя літоўскага Віценя (1294—1316)[26]:

« Віцень нача княжыці над Літвою, ізмысьлі сабе герб і ўсяму княству Літоўскаму пячаць: рыцар збройны на кане зь мечам, ежа ныне нарычуць Пагоня. »

Густынскі летапіс[f]

Пагоня ўпершыню зьяўляецца[27] на пячаці «караля Літвы і Русі» Гедзіміна (1316—1341)[28]. Выява гербу крыху адрозьнівалася ад звычайнай: коньнік трымае ў руцэ дзіду, а ня меч. Гэтая пячаць захоўваецца цяпер у гістарычным музэі Вільні. Таксама выява Пагоні ёсьць на пячаці полацкага князя Глеба (Нарымонта), датаванай 1330 годам[12][29]. Была Пагоня і на пячаці вялікага князя літоўскага Альгерда, якой ён змацаваў дамову з польскім каралём Казімерам 1366 году (вакол Пагоні — рускі надпіс)[30]. На гэтым этапе гербавая пячаць вершніка ўвасабляла сабой сувэрэннага валадара — князя і магла мець пэўныя адрозныя элемэнты: апроч зазначанай вышэй дзіды замест мяча, цмока пад капытамі каня і брак тарчы[22].

Дзяржаўны герб ВКЛ. Картуш, 1720-я гг.

У XIV стагодзьдзі выява вершніка разьмясьцілася на тарчы і пачала выкарыстоўвацца як герб на пячацях Ягайлы (1386 і 1387) і Вітаўта (1401). Адылі Пагоня стала дзяржаўным гербам Вялікага Княства Літоўскага. У канцы XIV ст. Пагоня таксама ўжывалася як сымбаль пінскіх і друцкіх князёў. Апроч таго, як дынастычны герб яна выкарыстоўвалася княскімі родамі, якія выводзілі сябе ад Гедзіміна (Гедзімінавічамі): Алелькавічамі, Бельскімі, Карэцкімі, Сангушкамі, Чартарыйскімі ды іншымі[1]. Увогуле, пераход дынастычнага гербу Пагоні ў новую якасьць зямельнага і дзяржаўнага гербу абумовіла повязь сымбалю з умовамі жыцьця і традыцыямі мясцовых жыхароў. Гэта выявілася адрозьненьнем ад захоўнеэўрапейскага гербу «Рыцар на кані», які пашырыўся ў XI—XIII стагодзьдзях і застаўся толькі сымбалем прыналежнасьці ўладальніка пэўнай пячаці да вяршыняў фэўдальнай герархіі[31].

Згодна з Статутамі Вялікага Княства Літоўскага, усе месты і мястэчкі Літвы мусілі мець пячаць з Пагоняй, якой змацоўваліся гаспадарскія (вялікакняжацкія) позвы да абывацеляў (на Жамойць гэта правіла не пашыралася). Ніякія іншыя дакумэнты, апрача вялікакняскіх позваў, не маглі змацоўвацца пячацьцю з Пагоняй:

« Тэж мы, гаспадар, даем пад гербам таго паньства нашага, вялікага княства літоўскага, «Пагонею» пячаць да кождага павету, на каторай ёсьць напісані окала гербу імя таго павету. А тую пячаць пісар земскі прысяжны ў сябе сам, а ня хто іншы, хаваці маець, катораю пячацьцю і пад тытулам нашым позвы маюць быці пячатаваны і выдаваны. А іныя нікаторыя лісты, выпісы і сазнаньня, кромя толька самых позваў, тою пячацьцю ня маець быць пячатаваны. »

—АРТЫКУЛ 12 // Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 году

У XV—XVIII стагодзьдзях Пагоню зьмяшчалі на брамах беларускіх местаў і замкаў[12]. Гэта знайшло адлюстраваньне ў мескай геральдыцы — сярод іншага, на гербе Магілёва.

Розныя вэрсіі Пагоні сталіся гербамі ваяводзтваў Вялікага Княства Літоўскага — Віленскага, Менскага, Берасьцейскага, Наваградзкага, Амсьціслаўскага, Полацкага ды іншых (апроч Жамойці). Прытым выявы Пагоні прыпадаюць толькі на этнічную тэрыторыю беларусаў, усе суседнія землі маюць іншыя гербы[32][33].

Пра ўспрыманьне гербу Пагоні сваім сымбалем ня толькі шляхтай і мяшчанамі, але і літоўскімі (беларускімі) сялянамі сьведчыць выкананы ў чырвона-белых колерах народны партызанскі сьцяг (харугва) змагароў з маскоўскімі акупантамі («шышоў») з-пад Барысава, які зьмяшчае элемэнты гербу Пагоні — «руку з палашом»[34].

Зь мінімальнымі стылістычнымі зьменамі Пагоня была дзяржаўным гербам Вялікага Княства Літоўскага і часткай гербу Рэчы Паспалітае да 1795 году, калі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай тэрыторыю Беларусі анэксавала Расейская імпэрыя. Такім парадкам, больш за 500 гадоў усе этнічна беларускія землі жылі «пад знакам Пагоні», а продкі сучасных беларусаў проста ня ведалі іншай дзяржаўнай эмблемы[35].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Ротны сьцяг Беларускай гусарскай харугвы

Яшчэ па захопе ўсходняй часткі Вялікага Княства Літоўскага (1772 год) улады Расейскай імпэрыі пастанавілі стварыць Палявы гусарскі беларускі полк. У 1775 годзе яго ўкамлектавалі выхадцамі зь Беларускай губэрні. Гэты полк атрымаў у наступным годзе ўласны штандар з гербам, дзе тарча падзялялася на два полі: у горным, залатым, выява чорнага двухгаловага арла, а ў «дольнай чырвонай частцы выява Літоўскага ўзброенага ездака на белым кані з узьдзетай шабляй». Прыкладна ў той жа час (1870-я гады) утварыўся і Полацкі Мушкетэрскі полк. Ён атрымаў у якасьці гербу на баявы сьцяг расьсечаную тарчу: у правым залатым полі выява паловы чорнага расейскага арла, у левай, чырвонай, — Пагоня. Згодна з указам ад 19 верасьня 1827 году Пагоняй упрыгожваліся сьцягі лейб-гвардыі Гарадзенскага гусарскага палку[36].

«Беларуская» частка (Полацак, Віцебск, Амсьціслаў) вялікага гербу Расейскай імпэрыі, 1857 г.

Герб «Пагоня» знайшоў сваё адлюстраваньне ня толькі на штандарах вайсковых частак, што фармаваліся з ураджэнцаў Беларусі, але і на гербах «беларускіх» (Полацкае намесьніцтва, Магілёўскае намесьніцтва, Віцебская губэрня) і «літоўскіх» (Гарадзенская губэрня і Віленская губэрня) адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Расейскай імпэрыі. Апроч таго, колішні агульнадзяржаўны сымбаль увайшоў у склад гербаў усходніх беларускіх местаў (Віцебск, Вяліж, Гарадок, Дзьвінск, Дрыса, Лепель, Магілёў, Невель, Полацак, Себеж, Сураж, Чэрыкаў). У кожным з нададзеных расейскімі ўладамі гербаў тарча падзялялася на дзьве часткі: у горнай, паводле геральдычных паняцьцях «панаванай», разьмяшчаўся двухгаловы арол, а ў дольнай, «падпарадкаванай» — Пагоня. У канцы 1850-х гадоў Пагоню зьмясьцілі на Вялікім дзяржаўным гербе Расейскай імпэрыі як сымбаль колішніх зямель Вялікага Княства Літоўскага. Увогуле, адлюстраваньне старажытнай Пагоні на беларускіх губэрнскіх, павятовых, мескіх і вайсковых гербах Расейскай імпэрыі канстатавала асэнсаваньне суседнімі народамі тоеснасьці паняцьцяў: геаграфічна-этнічнага — Беларусь, і геральдычнага — Пагоня[37].

Яшчэ ў 1812 годзе ў адноўленым францускім імпэратарам Напалеонам Вялікім Княстве Літоўскім гербам Пагоняй карысталася мясцовая адміністрацыя. У час вызвольнага паўстаньня 1830—1831 гадоў ён выкарыстоўваўся паўстанцамі з колішняга ВКЛ у якасьці сымбалю змаганьня за аднаўленьне страчанай дзяржаўнасьці[38]. У час паўстаньня 1863—1864 гадоў герб Пагоня ў спалучэньні з польскім «Арлом Белым» стаў сымбалем нацыянальна-вызвольнага змаганьня за дэмакратычную перабудову грамадзтва. Кіраўнік здушэньнем паўстаньня Мураўёў-вешальнік аддаў распараджэньне аб забароне нашэньня жалобных і рэвалюцыйных знакаў — чорных шапак зь белымі султанамі, спражак з аб’яднаным гербам Польшчы і Літвы.

Такім парадкам, герб Пагоня ў XIX стагодзьдзі з аднаго боку быў афіцыйным сымбалем, а зь іншага — неафіцыйным, рэвалюцыйна-дэмакратычным[39]. Але ўва ўсіх выпадках ён атаясамліваўся з канкрэтнай тэрыторыяй — тэрыторыяй сучаснай Беларусі[40].

Дзяржаўны герб БНР і гербы беларускіх ваяводзтваў, 1918 г.

У пачатку XX стагодзьдзя герб Пагоня актыўна выкарыстоўваўся беларускім нацыянальным рухам. Ідэю вяртаньня да гістарычна дзяржаўнага сымбалю ў паэтычнай форме выказаў Максім Багдановіч, які ўвосень 1916 году напісаў верш «Пагоня»:

«

Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах,
Успомню Вострую Браму сьвятую
І ваякаў на грозных канях.

У белай пене праносяцца коні,
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць,
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць!

»
Удзельнікі Беларускай канфэрэнцыі 1918 году

У гэты ж час зьявіўся эскіз беларускага нацыянальнага бел-чырвона-белага сьцяга, створаны Клаўдзіем Дуж-Душэўскім[41], які прытрымліваўся геральдычнага прынцыпу пераносу колераў гербу на сьцяг і засьведчыў повязь бел-чырвона-белага сьцяга з Пагоняй: «Беларусы [даўней] лічылі сваім дзяржаўным сьцягам белую Пагоню на чырвоным полі»[42].

Сьцяг Першага Слуцкага палку стральцоў БНР, 1920 г.

7 сьнежня 1917 году ў Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі[43] і гербам Пагоняй распачаў сваю працу Першы Ўсебеларускі зьезд — найважнейшы дзяржаватворчы форум ў найноўшай гісторыі Беларусі, у час якога 1872 дэлегаты ад усіх беларускіх земляў выказаліся за пільную патрэбу вольнага дзяржаўнага самавызначэньня краіны[35]. Паводле ўспамінаў Кастуся Езавітава, «Адкрыцьцё Першага Ўсебеларускага кангрэсу было дужа ўрачыстае. Пры дзьвярах будынка стаяла варта Першага Менскага беларускага палку, сцэна была ўпрыгожана нацыянальнымі сьцягамі і гербам Пагоняй»[44].

Шыльда Вайскова-дыпляматычнай місіі БНР, 1921 г.

У 1918 годзе Пагоня стала дзяржаўным гербам Беларускай Народнай Рэспублікі[45], яе выява разьмяшчалася на пячатках беларускіх дзяржаўных установаў. Заснавальнікі БНР лічылі Вялікае Княства Літоўскае адной з гістарычных формаў Беларускай дзяржаўнасьці і такім спосабам працягвалі яго геральдычныя традыцыі ў XX стагодзьдзі[38]. У 1920 годзе герб Пагоня як беларускі і дзяржаўны выкарыстоўвала кіраўніцтва Слуцкага паўстаньня. Таго ж году яго зьмясьцілі на бел-чырвона-белым сьцягу Беларускага асобнага батальёну ў складзе войска Летувы (па далучэньні Летувы да СССР сьцяг канфіскаваў НКВД[46]). Разам з тым выкарыстаньне беларусамі гербу Пагоні ў Летуве не заўсёды віталася: напрыклад, у сьнежні 1919 году дарогаю з Бэрліну ў Рыгу на летувіскай граніцы арыштавалі дыпляматычную дэлегацыю БНР з прычыны, паводле пратаколу затрыманьня, знаходжаньня пры мытным аглядзе «блянкаў пашпартоў невядомай нам Беларускай Рэспублікі зь летувіскім гербам на вокладцы»[35].

Сьцяг Беларускага асобнага батальёну, 1920 г.
Жаўнеры Беларускага асобнага батальёну зь сьцягам, да 1923 г.

У 1920 годзе летувісы ўзялі за герб уласнай незалежнай дзяржавы варыянт гербу Вялікага Княства Літоўскага замест свайго гістарычнага гербу «Мядзьведзя». Каб не выкарыстоўваць беларускай гістарычнай назвы Пагоня, яшчэ ў 1845 годзе летувіская эліта (а менавіта Сыманас Даўкантас) прыдумала новае слова — «Віціс», якім з 1884 году пачала называць герб Вялікага Княства Літоўскага[47]. Такім парадкам, прысваеньне літоўскага гербу мусіла падмацаваць прэтэнзіі маладой Летувіскай Рэспублікі на гістарычную пераемнасьць зь Вялікім Княствам Літоўскім. Аднак у 1920—1930-я гады шмат якія дзяржаўныя дзеячы Летувы паказвалі на неадпаведнасьць гэтага гербу менавіта летувіскай гістарычнай традыцыі. У 1935 годзе прэм’ер-міністар Летувіскай Рэспублікі Ёзас Тубаліс(lt) афіцыйна прызнаў не-летувіскае паходжаньне Пагоні і паведаміў пра тое, што ідзе праца над стварэньнем новага дзяржаўнага гербу. З усяго відаць, гэтую працу спынілі падзеі 1939—1940 гадоў[48][49][50].

Сябры гуртка Таварыства беларускай школы ў Горадні, 1927 г.
Сябры гуртка ТБШ у Міры, 1930 г.
Хор Беларускага студэнцкага саюзу пры Віленскім унівэрсытэце на чале з Рыгорам Шырмам і з удзелам Міхася Забэйды-Суміцкага, 1931 г.

У міжваенны час Пагоня ўжывалася ў Заходняй Беларусі на гербах Віленскага, Палескага, Падляскага і Наваградзкага ваяводзтваў Польскай Рэспублікі. Адначасна гэты герб разам зь бел-чырвона-белым сьцягам актыўна выкарыстоўваўся беларускім нацыянальна-вызвольных рухам: як палітычнымі партыямі, так і непалітычнымі арганізацыямі (Таварыства беларускай школы). Беларуская нацыянальная сымболіка ўжывалася ва ўсіх беларускіх школах і гімназіях, на мітынгах працоўных, беларускім студэнцтвам[21]. Тым часам у БССР герб Пагоня трапіў пад негалосную забарону, хоць яшчэ ў 1933 годзе азначаўся ў афіцыйным друку разам з вытворным бел-чырвона-белым сьцягам менавіта як дзяржаўныя герб і сьцяг Беларускай Народнай Рэспублікі (хоць і ў «антынацдэмаўскім» кантэксьце)[51].

У Другую сусьветную вайну герб Пагоня разам зь іншымі нацыянальнымі сымбалямі вярнуў да ўжытку калябарацыйны беларускі ўрад (Беларуская Цэнтральная Рада). Але, як сьведчыць распараджэньне Райхсміністра па акупаваных усходніх тэрыторыях ад 14 чэрвеня 1944 году[52], гэтае выкарыстаньне было неафіцыйным да апошніх дзён нямецкае акупацыі. Шырока вядомае распараджэньне, нібы падпісанае гаўляйтэрам Беларусі Вільгельмам Кубэ і надрукаванае 27 чэрвеня 1942 году ў газэце «Раніца», аб дазволе карыстацца гербам Пагоняй і бел-чырвона-белым сьцягам побач зь нямецкай сымболікай «пры сьвяткаваньнях або для абазначэньня беларускай нацыянальнасьці», выявіўся, паводле вынікаў пазьнейшых дасьледаваньняў, тагачаснай дэзынфармацыяй, вінаватых у якой улады Трэцяга Райху так і не знайшлі[48].

Беларуская паштоўка да Дня Незалежнасьці (Дня Волі), 1948 г.

Па вайне ў СССР працягвала дзеяць фактычная забарона на беларускую нацыянальную сымболіку. 25 сакавіка 1946 году дзеля цырымоніі прыняцьця прысягі сяброў Саюзу беларускіх патрыётаў на вернасьць Беларусі дзяячка нацыянальна-вызвольнага руху Алеся Фурс намалявала Пагоню, за што савецкія ўлады выраклі яе да 25 гадоў савецкіх канцэнтрацыйных лягераў. У 1960—1970-я гады гістарычную нацыянальную сымболіку выкарыстоўвалі інтэлектуалы-гуманітары Акадэмічнага асяродку, разгромленага КГБ у 1974—1975 гадох, і мастакі-дысыдэнты з творчага кола На Паддашку, якія ў 1980 годзе падрыхтавалі і пашырылі паштоўкі і плякат з выявамі Пагоні (адну з гэтых паштовак аўтарства Яўгена Куліка перавыдалі за мяжой, што стала маніфэстацыяй сьвету беларускага нацыянальна-вызвольнага руху[35]). Тым часам беларускую нацыянальную сымболіку, у тым ліку і Пагоню, актыўна выкарыстоўвала беларуская дыяспара па-за межамі СССР.

Пікет у Менску з плякатам лацінкай: «Вярнуць народу яго спрадвечныя сымбалі: герб Пагоня й бел-чырвона-белы сьцяг, а таксама назоў Бацькаўшчыны — Літва, сталіцы — Менск!» (19.09.1991 г.)

З пачаткам працэсу дэмакратызацыі ў СССР выкарыстаньне нацыянальнай гістарычнай сымболікі ў Беларусі пачало набываць масавы характар[35]. Гэтаму спрыялі моладзевыя нефармальныя гістарычна-культурныя аб’яднаньні і клюбы («Талака», «Паходня», «Узгор’е» і іншых), Беларускі Народны Фронт і іншыя партыі дэмакратычнага кірунку. А напярэдадні распаду СССР герб Пагоня разам зь бел-чырвона-белым сьцягам сталі сымбалямі нацыянальнага адраджэньня Беларусі[35]. Тым часам савецкія ўлады працягвалі перасьлед беларусаў (асабліва ў правінцыі) за выкарыстаньне нацыянальных гербу і сьцяга[35].

Пашпарт грамадзяніна Беларусі ўзору 1993—1996 гг.

Вяртаньне ў масавую сьвядомасьць жыхароў Беларусі гербу Пагоні і бел-чырвона-белага сьцяга як нацыянальных сымбаляў беларусаў адбылося ў 1990 годзе разам з прыняцьцем Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Тады ж Міністэрства сувязі выдала мільённым накладам паштовы канвэрт з выявай Пагоні на фоне бел-чырвона-белага сьцяга, а кіраўнік Беларускага экзархату ўрачыста асьвяціў беларускі нацыянальны сьцяг у Полацку[53]. У 1991 годзе пад беларускай нацыянальнай сымболікай прайшлі красавіцкія і травенскія страйкі працоўных Беларусі, якія адыгралі важную ролю ў крушэньні таталітарызму ў краіне[21]. А 19 верасьня 1991 году Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў законы «Аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь» і «Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь». Дзяржаўным гербам Беларусі стаў старажытны беларускі герб Пагоня, Дзяржаўным сьцягам Беларусі — бел-чырвона-белы сьцяг[21]. У заканадаўчым актах аб Дзяржаўнай сымболіцы Беларусі зазначалася, што герб Пагоня адлюстроўвае гістарычны шлях беларускага народа, шматвекавое існаваньне і разьвіцьцё яго дзяржаўнасьці[38]. Распрацоўкай эталёнаў дзяржаўнай сымболікі займалася адмысловая Камісія пры Прэзыдыюме Вярхоўнага Савету, у якую ўвайшло больш за 20 чалавек: вядомыя гісторыкі, мастакі, дызайнэры, мастацтвазнаўцы (кіраўнік — дэпутат Алег Трусаў)[44]. Неўзабаве герб Пагоню ўпершыню ўзьнялі як сымбаль незалежнай Беларусі над усімі прадстаўніцтвамі краіны за мяжой, а ў 1994 годзе каманда Беларусі ўпершыню выступіла пад нацыянальнымі сымбалямі на Алімпійскіх гульнях[54]. 20 ліпеня 1994 году пад Пагоняй і бел-чырвона-белым сьцягам адбылася інаўгурацыя першага прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

У лютым 1995 году Лукашэнка заявіў пра намер правесьці рэфэрэндум, што стала сьведчаньнем аднаўленьня палітыкі русіфікацыі з мэтай атрымаць падтрымку і грошы Расеі[55]. Зьмяненьне нацыянальнай гістарычнай сымболікі Беларусі разьлічвалася як мэтанакіраваны ўдар па галоўных палітычных апанэнтах (Апазыцыя БНФ) і мусіла ўмацаваць яго асабістую ўладу[56]. На думку гісторыка Алега Трусава, дэпутата Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, ініцыятыва рэфэрэндуму негалосна ішла ад саміх уладаў Расеі[57], якія імкнуліся рэанімаваць імпэрскую ідэю[58]. Таксама выказвалася меркаваньне, што правядзеньне рэфэрэндуму абумовіла жаданьне Лукашэнкі набыць папулярнасьць у Расеі з наступнай мэтай стаць прэзыдэнтам Расеі[59]. Паводле дэпутата Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргея Навумчыка, падобны плян агучваў кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Леанід Сініцын, расеец паводле нацыянальнасьці і прыхільнік далучэньня Беларусі да Расеі[60], які меў імаверныя зьвязкі з расейскімі спэцслужбамі[61] і быў фігурантам дакладу дэпутата Сяргея Антончыка пра карупцыю ў атачэньні Лукашэнкі[62][63]. Ён жа, паводле неаднаразовых уласных прызнаньняў[56][64][65], стварыў прапанаваныя на рэфэрэндум сымбалі, за аснову якіх узяў сьцяг і герб Беларускай ССР. Як Сініцын апавядаў беларускаму дэпутату Валянціну Голубеву[61]:

« Справа ж не ў геральдыцы. Таму што калі прыгадаць, навошта ўвогуле трэба было мяняць сымболіку, дык зразумела, што чым яна горш атрымалася, тым лепей. Бо яе замена была толькі правакуючым выпадам, прычым толькі адным — у камбінацыі зь некалькіх удараў. »

Паводле сьведчаньня Сініцына, праца над новай сымболікай вялася з 21 сакавіка, прытым дэпутаты атрымалі эскізы сьцяга і гербу ўжо 23 сакавіка. Як мяркуе Сяргей Навумчык, хуткае (за два дні) стварэньне прапанаванай Лукашэнкам сымболікі сьведчыла пра тое, што галоўнай мэтай рэфэрэндуму было ня столькі ўвядзеньне нейкай канкрэтнай сымболікі (якая разглядалася як часовая — да ліквідацыі незалежнасьці Беларусі), колькі зьнішчэньне дзяржаўнага статусу бел-чырвона-белага сьцяга і Пагоні[66].

Праведзены 14 траўня 1995 году рэфэрэндум супярэчыў Канстытуцыі і заканадаўству Беларусі, адзначаўся парушэньнем законаў і фальсыфікацыяй вынікаў галасаваньня[67]. Перад ім адбылося зьбіцьцё дэпутатаў у будынку парлямэнту, якое выявілася сілавой дэманстрацыяй усталяваньня аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі.

7 чэрвеня 1995 году Лукашэнка выдаў указы № 213 «Аб зацьверджаньні эталёну Дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь і Палажэньня аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь»[68] і № 214 «Аб зацьверджаньні Палажэньня аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь»[69] дзеля фармальнага замацаваньня сымболікі рэжыму на заканадаўчым узроўні. Тым часам герб Пагоня разам зь бел-чырвона-белым сьцягам трапіў пад негалосную забарону[41]. Нягледзячы на яе, у Беларусі гэтым гербам як нацыянальным працягвалі карыстацца апазыцыйныя да рэжыму Лукашэнкі беларускія арганізацыі. Апроч таго, герб Пагоня актыўна выкарыстоўваўся ў спартовых і культурных імпрэзах па-за межамі краіны[70][71], а таксама беларускімі эмігранцкімі арганізацыямі.

У 2007 годзе герб Пагоню ўлучылі ў дзяржаўны сьпіс нематэрыяльных гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі, а ў 2009 годзе Пагоня стала афіцыйным гербам Віцебскай вобласьці.

Бел-чырвона-белы сьцяг з гербам Пагоняй, які выкарыстоўваўся ў час пратэстаў 2020—2022 гадоў

У 2020 годзе герб Пагоня разам зь бел-чырвона-белым сьцягам сталі сымбалямі пратэстаў супраць фальсыфікацыяў выбараў, гвалту і беззаконьня ў Беларусі[72]. У гэты ж час адзначаюцца шматлікія выпадкі рэпрэсіяў (арыштаў і штрафаў) з боку рэжыму Лукашэнкі да грамадзянаў Беларусі за выкарыстаньне гербу Пагоні[73][74][75][76][77][78][79].

8 жніўня 2021 году[g] адміністрацыя Ангельскай Вікіпэдыі пад ціскам летувіскіх шавіністаў выдаліла артыкул пра герб Пагоню (створаны ў жніўні 2004 году), зь якога зрабілі перанакіраваньне на герб Летувы[80].

Сьцяг палку імя Кастуся Каліноўскага

За часамі адкрытага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну герб Пагоня і бел-чырвона-белы сьцяг сталі сымбалямі беларускага палку імя Кастуся Каліноўскага. Увогуле, беларускія добраахвотнікі (аддзел «Пагоня» і тактычная група «Беларусь») баранілі Ўкраіну пад нацыянальнай беларускай сымболікай ад пачатку расейскай гібрыднай агрэсіі ў 2014 годзе.

Сучаснае афіцыйнае выкарыстаньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пагоня зьмяшчаецца на эмблемах некалькіх беларускіх грамадзкіх аб’яднаньняў:

Выява Пагоні часоў ВКЛ на пано «Шэсьце князёў» у Дрэздэне

Пагоню маюць у сваім складзе сучасныя гербы наступных населеных пунктаў:

Наступныя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі маюць Пагоню ў складзе сваіх сучасных гербаў:

Таксама вэрсія Пагоні ёсьць гербам Летувы.

Апроч гэтага, стылізаваная выява Пагоні як гербу Вялікага Княства Літоўскага зьмяшчаецца на найбольшым у сьвеце парцалянавым пано «Шэсьце князёў» у Дрэздэне.

Беларускі бар «Pahonia» ў Вільні (праспэкт Гедзіміна, 20)
  1. ^ адна з найстаражытнейшых выяваў, найбольш выразны і каштоўны выяўленчы аўтэнтык эпохі[8]
  2. ^ Назва дзяржаўнага гербу шырока бытавала і ў іншых афіцыйных дакумэнтах Вялікага Княства Літоўскага, напрыклад, у інструкцыі паслам на соймік Мельніцкага павету 1566 году: «і харугаў кождага павету пад гербам звыклым Вялікага Княства Літоўскага Пагонею надаваці рачыў»[17]
  3. ^ Напрыклад, беларускі геральдыст Аляксей Шаланда лічыць яго асабістым гербам Ягайлы пад назвай «Бойча»
  4. ^ Хроника Литовская и Жемайтская // ПСРЛ. Т. 32 — М.: Наука, 1973.
  5. ^ Хроника Быховца // ПСРЛ. Т. 32 — М.: Наука, 1973.
  6. ^ Густынская летопись // ПСРЛ. Т. 40. — СПб., 2003.
  7. ^ Глядзіце гісторыю зьменаў старонкі en:Pahonia
  1. ^ а б в г Шаланда А. Пагоня // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 382.
  2. ^ а б Насевіч 28 сакавіка 1995.
  3. ^ а б Ткачоў М. Беларускія нацыянальныя сімвалы // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 391.
  4. ^ Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы. — Менск, 2005. С. 31.
  5. ^ Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы. — Менск, 2005. С. 342, 346.
  6. ^ Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 14 траўня 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей». Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусі (14 траўня 2007). Праверана 19 чэрвеня 2021 г. Архіўная копія ад 8 лютага 2021 г.
  7. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларусі. — Менск: МФЦП, 2010. С. 98.
  8. ^ а б Трыгубовіч В. Сьцяг і герб // Мастацтва. — 1992. — № 8. Архіўная копія.
  9. ^ Хорошкевич А. Л. «Конные печати» Александра Невского и традиции средневековой сфрагистики // Князь Александр Невский и его эпоха. — С-Пб., 1995.
  10. ^ Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах (IX—XVIII ст.) / Склад.: В. Шчарбакоў, К. Кернажыцкі, Д. Даўгяла. Т. 1. — Менск: Выдавецтва АН БССР, 1936.
  11. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 78—78.
  12. ^ а б в г Ткачоў М. Беларускія нацыянальныя сімвалы // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 392.
  13. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларусі. — Менск: МФЦП, 2010. С. 106.
  14. ^ Шаланда А. 2019. С. 4—5.
  15. ^ а б Шаланда А. 2019. С. 5.
  16. ^ ГСБМ. Вып. 25. — Мн.: Беларуская навука, 2005. С. 131.
  17. ^ Литовская метрика. Отд. 1—2, ч. 3, т. 1. — Юрьев, 1914. С. 879.
  18. ^ Archiwum komisji prawniczej. T. 7. — Kraków, 1900. S. 80.
  19. ^ Разаўскас Д. Белы Вершнік з узнятым мячом на чырвоным фоне. Сімволіка герба Вялікага княства Літоўскага // DRUVIS. Almanach Centru etnakasmalohiji «Kryuja». № 2 / Пад. рэд. Тодара Кашкурэвіча. — Менск: 2008. — С. 137. — 242 с. — 299 ас.
  20. ^ Инанец, Снежана (11 лістапада 2020) Ученые из НАН Беларуси объяснили, почему «Жыве Беларусь» и БЧБ — не «циничные и оскорбительные» (рас.) Общество. TUT.BYПраверана 19 чэрвеня 2021 г. Архіўная копія ад 16 студзеня 2021 г.
  21. ^ а б в г Ткачоў М. Беларускія нацыянальныя сімвалы // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 393.
  22. ^ а б в г Шаланда А. 2019. С. 4.
  23. ^ Цітоў А. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Менск: РІВШ БДУ, 1999. С. 144.
  24. ^ Трусаў А. Лунай, наш сцяг, ляці, Пагоня! // З гісторыяй на «Вы». Вып. 2. — Менск, 1994. С. 21—22.
  25. ^ Бохан Ю. Н., Темушев С. Н. История Беларуси» 6-й класс. Ч. 2. — Минск: Изд. центр БГУ, 2016. С. 38.
  26. ^ Цітоў А. Пагоня // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 366.
  27. ^ Юргенсон 2003.
  28. ^ Шаланда 2001.
  29. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларусі. — Менск: МФЦП, 2010. С. 99.
  30. ^ Gumowski M. Pieczecie Ksiazat Litewskich // Ateneum Wilenskie. R. VII, Z. 3—4, 1930. S. 709—710.
  31. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларусі. — Менск: МФЦП, 2010. С. 93.
  32. ^ Цітоў А. Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагоддзі. — Менск: Полымя, 1993. С. 25—26.
  33. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 100.
  34. ^ Бел-чырвона-белы. Сцяг. Нацыя. Ідэнтычнасць. — Warszawa, 2024. С. 58—59.
  35. ^ а б в г д е ё Лялькоў 2002. С. 98—112.
  36. ^ Цітоў А. Пагоня // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 368.
  37. ^ Цітоў А. Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагоддзі. — Менск: Полымя, 1993. С. 38.
  38. ^ а б в Шаланда А. 2019. С. 6.
  39. ^ Цітоў А. Пагоня // БЭ. — Мн.: 2000 Т. 11. С. 479.
  40. ^ Цітоў А. Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагоддзі. — Менск: Полымя, 1993. С. 36.
  41. ^ а б Латышонак 2009. С. 303—306.
  42. ^ Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах / Укл. А. Гесь, У. Ляхоўскі, У. Міхнюк. — Менск: Энцыклапедыкс, 2001. С. 272.
  43. ^ Ляшко, М. (11 сьнежня 2017) На АНТ расказалі пра Першы Усебеларускі з’езд, але абрэзалі бела-чырвона-белы сцяг. Наша НіваПраверана 19 чэрвеня 2021 г. Архіўная копія ад 5 траўня 2020 г.
  44. ^ а б 50 фактаў за бел-чырвона-белы сьцяг. Радыё СвабодаПраверана 16 студзеня 2021 г.
  45. ^ Цітоў А. Пагоня // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 369.
  46. ^ Сьцягі БНР (рас.) Vexillographia.ru Праверана 11 верасьня 2010 г.
  47. ^ Краўцэвіч А. Як здарылася, што Жамойць пачала называцца Літвою? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 54.
  48. ^ а б Цітоў А. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Менск: РІВШ БДУ, 1999. С. 155.
  49. ^ Скобла, М. (31 студзеня 2008) Анатоль Цітоў: «Гербу „Пагоня“ — 730 гадоў». Радыё СвабодаПраверана 19 чэрвеня 2021 г. Архіўная копія ад 30 красавіка 2020 г.
  50. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 373.
  51. ^ Вольскі В. Аб рэцыдывах нацыянал-дэмакратызму ў творчасьці мастака Мініна // Мастацтва і рэвалюцыя. № 1—2, 1933. С. 6.
  52. ^ Цітоў А. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Менск: РІВШ БДУ, 1999. С. 156.
  53. ^ Скобла М. Мікола Купава: «Бел-чырвона-белы сцяг непадсудны, гэта прызнаны народам нацыянальны сімвал» // Народная Воля. — 2 лютага 2021. — № 8. — С. 2. Архіўная копія.
  54. ^ Рудак А. 22—29 жніўня 2020.
  55. ^ Сапраўдныя беларускія сімвалы: вось што трэба ведаць пра Пагоню і БЧБ Гісторыя. Наша Ніва (22 лістапада 2020). Праверана 19 чэрвеня 2021 г. Архіўная копія ад 21 лістапада 2020 г.
  56. ^ а б Мартинович Д. (14.05.2020) Без исторической символики, но с русским языком. Как 25 лет назад в Беларуси прошел референдум (рас.). TUT.BYПраверана 19 чэрвеня 2021 г. Архіўная копія ад 22 чэрвеня 2020 г.
  57. ^ Гуштын, Адар’я (14.05.2015) Рэферэндум-1995. Антыгероі беларускай мовы. Naviny.byПраверана 19 чэрвеня 2021 г. Архіўная копія ад 4 сакавіка 2021 г.
  58. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 10.
  59. ^ Олегов А. Лукашенко метит в президенты России // Огонёк. № 43, 27 октября 1996. С. 9.
  60. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 24.
  61. ^ а б Навумчык, Сяргей (18 красавіка 2014) «Маўр» Лукашэнкі, або той, хто зьмяніў герб і сьцяг. Радыё СвабодаПраверана 19 чэрвеня 2021 г. Архіўная копія ад 27 лістапада 2020 г.
  62. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 127.
  63. ^ Соўсь, Г. (12 кастрычніка 2019) Антончык пра антыкарупцыйны даклад Лукашэнкі, фатальную памылку Ганчара і «звышцынізм» апазыцыі. Радыё СвабодаПраверана 19 чэрвеня 2021 г. Архіўная копія ад 27 студзеня 2021 г.
  64. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 65.
  65. ^ Толкачева Е. (12.05.2019) «Сел и нарисовал». Как в 1995 году БЧБ-флаг сменили на красно-зеленый, а «Пагоню» — на герб БССР (рас.). TUT.BYПраверана 19 чэрвеня 2021 г. Архіўная копія ад 12 красавіка 2020 г.
  66. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 66.
  67. ^ Навумчык, С. (12 траўня 2019) Рэфэрэндум-95 пра сымболіку і мову ня быў легітымным. Радыё СвабодаПраверана 19 чэрвеня 2021 г. Архіўная копія ад 26 студзеня 2021 г.
  68. ^ Об утверждении эталона Государственного герба Республики Беларусь и Положения о Государственном гербе Республики Беларусь (рас.) Право. Законодательство Республики Беларусь. Валер Леванеўскі (7 чэрвеня 1995). Праверана 19 чэрвеня 2021 г. Архіўная копія ад 17 студзеня 2021 г.
  69. ^ Об утверждении Положения о Государственном флаге Республики Беларусь (рас.) Геральдика.Ру Праверана 19 чэрвеня 2021 г. Архіўная копія ад 4 жніўня 2020 г.
  70. ^ Панкавец, Зьміцер (8 верасьня 2008) «Тры чарапахі» замест «Кацюшы». Наша НіваПраверана 19 чэрвеня 2021 г. Архіўная копія ад 28 лістапада 2020 г.
  71. ^ Рахлей, Марина (27.08.2007) Слушать хорошую музыку стоит вместе! (рас.). Белорусские новостиПраверана 19 чэрвеня 2021 г. Архіўная копія ад 25 лютага 2021 г.
  72. ^ Kotljarchuk A. The Flag Revolution. Understanding the political symbols of Belarus // Baltic Worlds. — 2020. — № 4. Архіўная копія.
  73. ^ Праваабаронцу арыштавалі на 12 сутак. Барэльеф з «Пагоняй» на яго доме, які вісеў там 8 год, сёння палічылі пікетам Грамадства. Наша Ніва (18 лютага 2021). Праверана 19 чэрвеня 2021 г. Архіўная копія ад 19 чэрвеня 2021 г.
  74. ^ Жанчыну арыштавалі, бо на машыне, якая яе падвозіла, была налепка «Пагоні». Радыё Свабода (26 сакавіка 2021). Праверана 19 чэрвеня 2021 г. Архіўная копія ад 19 чэрвеня 2021 г.
  75. ^ У аграгарадку Малеч за «Пагоню» на балконе затрымалі кіроўцу саўгаса Грамадства. Наша Ніва (29 сакавіка 2021). Праверана 19 чэрвеня 2021 г. Архіўная копія ад 19 чэрвеня 2021 г.
  76. ^ Жыхар Бабруйска, якому далі 15 сутак за налепку з «Пагоняй» на аўто, чацвёрты дзень трымае галадоўку Грамадства. Наша Ніва (30 сакавіка 2021). Праверана 19 чэрвеня 2021 г. Архіўная копія ад 19 чэрвеня 2021 г.
  77. ^ Жыхара Шчомысьліцы затрымалі за флюгер з «Пагоняй». Радыё Свабода (17 красавіка 2021). Праверана 19 чэрвеня 2021 г. Архіўная копія ад 21 красавіка 2021 г.
  78. ^ Шматдзетную маці аштрафавалі на 2900 рублёў за Пагоню на акне. Радыё Свабода (23 сакавіка 2021). Праверана 19 чэрвеня 2021 г. Архіўная копія ад 14 чэрвеня 2021 г.
  79. ^ Смоткіна, Тацяна (1 красавіка 2021) Глыбачаніна Аляксандра Шэлепня аштрафавалі за герб „Пагоня” на балконе Грамадства. Беларускае Радыё РацыяПраверана 19 чэрвеня 2021 г. Архіўная копія ад 14 чэрвеня 2021 г.
  80. ^ Чайчыц А. Хобі для эрудытаў: абараняць «Пагоню» ў галоўнай сусветнай энцыклапедыі  (бел.) // Будзьма беларусамі!. — 13 жніўня 2021.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  73БЛ000004