Ягайла
Ягайла (Уладзіслаў) лац. Jagajła (Uładzisłaŭ) | |
Ягайла. Мастак Я. Трыцыюс, 1677 г. | |
Вялікі князь літоўскі | |
1377 — 1381 | |
Папярэднік | Альґерд |
Наступнік | Кейстут |
Вялікі князь літоўскі | |
1382 — 1386 | |
Папярэднік | Кейстут |
Наступнік | Вітаўт |
Вярхоўны князь літоўскі | |
1392 — 1434 | |
Папярэднік | — |
Наступнік | — |
Кароль польскі | |
1386 — 1434 | |
Папярэднік | Ядвіга Анжуйская |
Наступнік | Уладыслаў III |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 1351 , Вільня |
Памёр | 1 жніўня 1434, Гарадок |
Пахаваны | Вавэльскі сабор, Кракаў |
Нашчадкі | Уладыслаў, Казімер, Альжбэта Баніфацыя, Ядвіга |
Каралеўскі дом | Ягелоны |
Дынастыя | Гедзімінавічы |
Жонкі |
Ядвіга Анжуйская Ганна Цэлеская Альжбета Граноўская Соф'я Гальшанская |
Бацька | Альґерд |
Маці | Ульляна Цьвярская |
Яга́йла Альге́рдавіч (у праваслаўі Якаў, у каталіцтве Ўладзіслаў; 1352?[2][3][4] — 1 чэрвеня 1434) — вялікі князь літоўскі (1377—1381, 1382—1392[2]), кароль польскі (1386—1434). Заснавальнік дынастыі Ягелонаў (Ягайлавічы), адной з галінаў дынастыі Гедзімінавічаў, якая да канца XVI ст. служыла кіроўнай дынастыяй Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы.
Імя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Агала, Агела, Егела, Агел, Егел або Егіла, пазьней Эгель (Aggalo[5], Agella, Agela, Egelo[6], Agel, Egel[7], Egila, Egel[8], Eggel[9], Eggeli[10]) — імя германскага паходжаньня[11]. Іменная аснова ег- (аг-, ек-) (імёны ліцьвінаў Ягвін, Ягінт, Ягоўд; германскія імёны Egwinus, Egind, Egold) паходзіць ад гоцкага agis 'страх' або agja 'вастрыё, меч'[12], а аснова -гайл- (-гал-, -гел-) (імёны ліцьвінаў Відзігайла, Інгела, Монтгайла; германскія імёны Widigail, Ingeila, Montigel) — ад гоцкага і бургундзкага gails 'жвавы, свавольны, ганарысты'[13]. Апроч таго, у старажытных германскіх імёнах шырока бытаваў антрапанімічны суфікс-пашыральнік з элемэнтам -л- (-l-)[14].
Адпаведнасьць імя Ягайла германскаму імю Agilo сьцьвердзіў францускі лінгвіст-германіст Раймонд Шмітляйн, які на падставе шматгадовых дасьледаваньняў прыйшоў да высноваў пра германскае паходжаньне літоўскіх уласных імёнаў[15][16].
Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Jagel (29 верасьня 1379 году[17], 31 траўня 1380 году[18][19], Хроніка Віганда[20], па 1409 і да 1416 году[21]); Iagillo (27 лютага 1380 году)[22]; Jagal (6 ліпеня 1382 году[23], 31 кастрычніка 1382 году[24][25], Мэмарыял Вітаўта[26]); Jagalo (1385 год); Jagel dey gracia rex in Lettow (пячаць да 1386 году)[27]; dominus Jagalo (11 студзеня 1386 году)[28]; Jagello[a] або Якгаило, Ягаило[b] (Летапісец вялікіх князёў літоўскіх); Ягайло[29][30] або Ягайло Олгердовичь[31][32] (Наўгародзкі чацьверты летапіс і Сафійскі першы летапіс); Jagiejło… Jagojło… Jagieło (Хроніка Быхаўца)[33]; Ягейла… Ягелла (Хроніка літоўская і жамойцкая)[34].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Быў старэйшым[2] сынам Альгерда і цьвярской князёўны Ўльляны. Выхоўваўся ў праваслаўі і беларускамоўным асяродзьдзі[2].
Займеў вялікакняскі сталец згодна з воляю бацькі, гаспадаром стаў у траўні 1377 году. Адразу распачаў канфлікт з сваім уплывовым дзядзькам Кейстутам, які намагаўся захапіць уладу, хоць Кейстут першапачаткова падтрымаў волю Альгерда па прызначэньні Ягайлы на вялікае княжаньне. Аднак троцкае баярства, якое прадстаўлялася Кейстутам, уступіла ў канфлікт зь віленскім, у выніку чаго Ягайла пайшоў на абяцаньне не надаваць Кейстуту дапамогі супраць Тэўтонскага Ордэну ў абмен на мір з апошнім[35], перадаўшы яму Жамойць, склаў мір зь Лівонскім Ордэнам.
Быў хаўрусьнікам Залатой Арды, аднак у час Кулікоўскай бітвы 1380 году не надаў дапамогі Мамаю, баючыся, відаць, удару ад полацкіх і бранскіх князёў Андрэя і Дзьмітрыя Альгердавічаў (якія незадоўга да гэтага перайшлі на службу да Масквы) і жадаючы зрабіць стаўку на канкурэнта Мамая, Тахтамыша[36]. Аднак бесьперапынныя пагрозы з боку крыжакоў і Маскоўскага княства вымусілі Ягайлу пайсьці на хаўрус з Польшчай.
У 1381 годзе Ягайла выкарыстаў мір з крыжакамі каб здабыць Полацак, у выніку чаго ў кампаніі з усталяваньня ў горадзе прыхільнага да Ягайлы брата, Скіргайлы, бралі ўдзел і тэўтонскія аддзелы[36].
Каб умацаваць краіну і асабістае становішча шукаў хаўрус з суседнімі дзяржавамі — Маскоўскім княствам, Тэўтонскім Ордэнам і Каралеўствам Польскім. Яшчэ ў канцы 1382 году праз сваю маці Ўльляну правёў перамовы з Масквой, у якіх дасягнуў папярэдняй дамоўленасьці зь Дзьмітрыем Іванавічам. Згодна зь ёй, мусіў прыняць хрысьціянства ўсходняга абраду і ажаніцца з дачкой маскоўскага гаспадара Соф’яй. Але калі Масква запатрабавала прызнаць сябе васалам («малодшым братам», «быць у волі») і ахрысьціць у праваслаўе «ўсю Літву», аддаў перавагу блёку з Польшчай, з пасламі якой вяліся перамовы яшчэ ў 1383 годзе. Унія Вялікага Княства і Кароны тады адпавядала інтарэсам абодвух бакоў. Яна дазваляла аб’яднаць сілы абедзьвюх дзяржаваў супраць агульнага ворага — крыжакоў. Нямецкая экспансія ў Польшчы дасягнула вялікіх памераў. Палякам важна было забясьпечыць спакой сваіх межаў з боку Вялікага Княства Літоўскага (у 1376 годзе ліцьвіны вывелі адтуль 23 тысячы палонных). У пэрспэктыве польскія магнаты разьлічвалі, відаць, на дамінаваньне ў суседняй дзяржаве, таксама іх цікавіла набыцьцё маёнткаў на Валыні і Падольлі (апошняе з часоў Гедзіміна трапіла ў сфэру ўплыву як ВКЛ, так і Польшчы, з прычыны чаго станавілася аб’ектам вайсковых канфліктаў у сярэдзіне XIV ст.). Прыход на польскі сталец літоўскага князя меркавала зьняцьце напружанасьці па ўсіх былых землях Галіцка-Валынскага княства, а таксама знаменавала б перамогу антынямецкай арыстакратычнай партыі, якая з палітычных прычынаў выступала супраць шлюбу каралевы Ядвігі з аўстрыйскімі Габсбургамі[37].
Нягледзячы на гэтыя спробы, становішча Ягайлы пахіснулася з прычы выяўленьня Кейстутам дакумэнтаў, якія даводзілі таемную супрацу Ягайлы з Тэўтонскім Ордэнам, у выніку чаго Кейстут пазбавіў Ягайлу ягонай віцебскай вотчыны і пакінуў яму толькі замак у Крэве, але ў 1382 годзе Ягайла здолеў падняць паўстаньне, у час якога пад выглядам перамоваў Кейстута разам з сынам Вітаўтам і шматлікімі сваякамі зьняволілі і забілі[38]. Па забойстве Ягайла, аднак, дэманстрацыйна аддаў пашану Кейстуту і запэўніў віленскае баярства ў сваёй невінаватасьці, хоць ужо ў тыя часы пачалося пашырэньне чутак пра яго дачыненьне да забойства. У сваю чаргу, сын Кейстута Вітаўт здолеў уцячы на тэрыторыю Тэўтонскага Ордэну[39], дзе склаў зь ім хаўрус у 1383 годзе. У час гэтага змаганьня Ягайла мусіў прызнаць пераход Полацку пад уладаньне Андрэя Альгердавіча і вяртаньне ў ВКЛ Дзьмітрыя Бранскага, хоць у той жа час з вымарачных вотчынаў на Валыні ўтварылася Луцкае намесьніцтва[39].
Жадаючы ісьці далей на ўмацаваньне ўласнага ўнутранага становішча, Ягайла прыняў у ВКЛ Вітаўта, перадаўшы большую частку ягонай вотчыны (Гарадзенскае, Ваўкавыскае княствы, Падляшша, часткова Берасьцейскую зямлю), хоць уласна Троцкая зямля засталася пад кіраваньнем Скіргайлы[40].
У студзені 1385 году віленская дэлегацыя правяла перамовы ў Кракаве з нагоды меркаванай дынастычнай уніі, а ўлетку польскія ўпаўнаважаныя прыехалі ў Вялікае Княства Літоўскае. Акт уніі падпісалі 14 жніўня ў княскай вежы Крэўскага замка (цяпер Смаргонскі раён). Ягайла атрымаў права ажаніцца з 11-гадовай польскай каралеўнай Ядвігай і заняць польскі сталец. Узамен ён абавязваўся прыняць каталіцтва і ахрысьціць у яго братоў, сваякоў і іншых падданых, вызваліць палонных хрысьціянаў (палякаў), заплаціць 200 000 флярынаў за зрыў пагадненьня аб шлюбе Ядвігі зь Вільгельмам Габсбургам, вярнуць забраныя і назаўсёды далучыць свае землі да Каралеўства Польскага, хоць існуе меркаваньне, што гэтыя ўмовы вядомыя толькі паводле пазьнейшых, падробленых палякамі сьпісаў[41][42]. Канчатковае зацьверджаньне уніі адбылося ў 1386 годзе, па тым, як Ягайла паўторна (у праваслаўі меў хрост пад імем Якуба) ахрысьціўся на Вавэльскай катэдры ў Кракаве пад імем Уладзіслава, ажаніўся зь Ядвігай і 4 сакавіка ўрачыста каранаваўся. Афіцыйна ён пачаў тытулавацца «каралём Польшчы, вярхоўным князем Літоўскім і дзедзічам Рускім», паклаўшы пачатак каралеўскай дынастыі Ягайлавічаў (Ягелонаў). Пры каранацыі Ягайла абяцаў аб’яднаць сваю дзяржаву з Польшчай, далучыць да рымска-каталіцкай царквы ня толькі паганскую Жамойць, якая складала каля 8% насельніцтва княства, але і праваслаўных ліцьвінаў і русінаў. Палякі ў хаўрусе зь Вялікім Княствам Літоўскім бачылі заклад утварэньня магутнай Польшчы, уратаваньня краіны ад анархіі, што паўстала ў пэрыяд міжкаралеўя.
На наступны год адбыўся абрад сымбалічнага хросту літоўскіх паганцаў, які атрымаў назву Ягайлавага хросту: Ягайла зь Ядвігай прыехалі ў Вільню, дзе зьнішчылі паганскія сымбалі (непагасны агонь у гонар Перуна, абагаўляных зьмей, высеклі сьвятыя гаі), раздавалі навахрышчаным белыя суконныя сьвіткі, скураныя боты і грошы (таму асобныя паганцы хрысьціліся па 2 разы і больш). У Вільні Ягайла выдаў дазвол на ўтварэньне каталіцкіх біскупства і 7 плябаніяў (прыходаў). У час паездак па тэрыторыі сучаснай Беларусі заснаваў шэраг касьцёлаў і кляштараў (у тым ліку ў мястэчках Абольцы і Быстрыцы). У 1388 годзе Папа Урбан VI сваёй булай утварыў у Вільні каталіцкае біскупства, пазьней падпарадкаванае Гнёзьненскай мітраполіі.
Вяртаючыся ў Польшчу, Ягайла пакінуў намесьнікам у Літоўскай Русі свайго брата Скіргайлу. З мэтай умацаваньня сваёй апоры і пашырэньня каталіцтва сярод фэўдалаў Вялікага Княства Літоўскага выдаў у 1387 годзе прывілей, паводле якога фэўдалам, што прынялі каталіцтва, даваліся дадатковыя правы і вольнасьці[43]. Гэта выклікала незадавальненьне праваслаўных, што выкарыстаў Вітаўт.
Праз збліжэньне ВКЛ з Польшчай Тэўтонскі Ордэн на гэты раз склаў хаўрус з Андрэем Альгердавічам, які стаў дзеяць супольна з залежным ад ВКЛ смаленскім князем Сьвятаславам, што ўрэшце прычынілася да разгрому смаленскіх аддзелаў і павелічэньня залежнасьці княства ад ВКЛ (наступны князь Смаленскага княства, Юры Сьвятаслававіч, фактычна быў прызначаны Скіргайлам, ён жа прызнаў залежнасьць ад Ягайлы і Скіргайлы)[44].
Ідучы на паўторнае ўмацаваньне сваіх пазыцыяў у ВКЛ, Ягайла адправіў у Вільню ўласнага намесьніка, пакінуў за Скіргайлам Трокі і далучыў да ягонай зямлі амаль усё тагачаснае Віленскае ваяводзтва (Менскае княства і Падняпроўскія воласьці), фармальна яму ж быў перададзены Полацак, які фактычна працягваў трымаць Андрэй. Умацоўваючы свае пазыцыі ў Польшчы, Ягайла выдаў сваіх дачок замуж за свайго былога палітычнага канкурэнта мазавецкага князя Зямовіта і кіраўніка пранямецкай партыі Ўладзіслава Апольскага. Узімку 1388 году Скіргайла здолеў усталяваць фактычны кантроль над Полацкам[45].
У 1388 годзе, выражаючы незадавальненьне аўкштайцкіх баяраў рэзкім узмацненьнем інтэграцыі з Польшчай, на бок Тэўтонскага Ордэну зноў перайшоў Вітаўт, якога Ягайла ў адказ на дзьве выправы Вітаўта пазбавіў Падляшша і Берасьцейскай зямлі, хоць спроба мазавецкіх аддзелаў асталявацца ў апошняй (землі былі перададзеныя Янушу Мазавецкаму) апынуліся беспасьпяховымі. Па трэцяй выправе Вітаўта Ягайла месіў пайсьці на складаньне зь ім замірэньня (гл. Востраўскае пагадненьне), паводле якога Вітаўт прызнаваўся вялікім князем (пры фармальным вяршэнстве Ягайлы), Ягайла перадаваў у ягонае ўладаньне Віленскае, Троцкае княствы, Луцак і Ўладзімер-Валынскі, Скіргайла ж атрымліваў Крамянец і фармальнае права на Падольле[46].
Падтрымліваючы распачатую Вітаўтам палітыку на скасаваньне ўдзельных княжаньняў у складзе ВКЛ, Ягайла выслаў войскі на здушэньне бунту свайго брата Сьвідрыгайлы, які намагаўся захапіць віцебскае княжаньне. Неўзабаве паўстаньне падтрымалі Ворша і Друцак, хоць узброеным супрацівам адказала толькі Ворша[47].
У 1400 годзе рэарганізаваў Кракаўскі ўнівэрсытэт (заснаваны ў 1364 годзе Казімерам III) на ўзор Парыскага ўнівэрсытэту. З таго часу ён завецца Ягелонскім.
У пачатку XV ст., ідучы насустрач вайсковым стратам Вітаўта, у 1401 годзе склаў Віленска-Радамскую унію, якая пацьвярджала вяршэнства Ягайлы ў ВКЛ і спадчынныя правы князя над краінай. Рацёнская дамова 1404 году, складзеная фактычна з тымі ж перадумовамі, таксама падпісвалася ў тым ліку і ад імя Ягайлы і прадугледжвала прызнаньне вяршэнства Ягайлы ў ВКЛ, замацаваньне ў складзе вотчынаў Вітаўта заходняга Падольля, абавязак ВКЛ па дапамозе Тэўтонскаму Ордэну (апроч войнаў з Польшчай), дапамогу Тэўтонскага Ордэну ў здабыцьці Ноўгараду і Пскову, права Польшчы на выкуп у Ордэну Добжынскае зямлі.
На працягу 1409—1411 гадоў вёў «Вялікую вайну» супраць нямецкіх рыцараў, якія захапілі паўночна-ўсходнія землі Польшчы. У час Грунвальдзкай бітвы 15 ліпеня 1410 году ўзначальваў усе саюзныя войскі (91 харугва, каля 32 тыс. чалавек). У выніку гэтай бітвы армія крыжакоў была разгромленая і фактычна перастала існаваць, каля 8000 тэўтонскіх ваяроў былі забітыя, у тым ліку гросмайстар Ульрых фон Юнгінгэн.
Вынікі перамогі замацавалі Торунскім мірам 1411 году. Гэта спыніла агрэсію Тэўтонскага ордэну і абумовіла яго хуткі заняпад як дзяржавы, спрыяла эканамічнаму разьвіцьцю Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага, якія атрымалі магчымасьць шырэй браць удзел у міжнародным гандлі на Балтыйскім моры. У час бітвы гераічна выявіўся будучы вялікі харунжы Ягайлы, Мацей[48], за што кароль дараваў таму шмат зямель пад Люблінам, вёскі Грушкі, па чым той атрымаў прозьвішча Грушэцкі і зрабіўся пачынальнікам шляхецкага роду Грушэцкіх.
На Гарадзельскім сойме 1413 году, які юрыдычна замацоўваў унію Вялікага Княства Літоўскага і Польскага каралеўства, пастанавілі, што Літва бяз волі караля і Сэнату не абірае сабе князя, у сваю чаргу Польшча бязь ведаму першай не абірае сабе караля. Шэраг параграфаў пастановы гэтай уніі прадугледжвала прыём у польскія гербавыя брацтвы 47 родаў фэўдалаў Вялікага Княства Літоўскага. Адначасна Ягайла і Вітаўт абяцалі прызначаць на дзяржаўныя пасады пераважна фэўдалаў-католікаў, якія прынялі польскія гербы, даваць палёгкі каталіцкім установам, права вольнага распараджэньня ўсімі землямі для фэўдалаў-каталікоў, скасаваньне для іх падаткаў і павіннасьцяў на карысьць дзяржавы і некаторыя дробныя палёгкі (права вольнага ўзяцьця шлюбу дачкамі і сёстрамі каталіцкіх фэўдалаў). Але унія гарантавала захаваньне адасобленасьці ўлады вялікага князя.
Па сьмерці Вітаўта ў 1430 годзе вялікім князем стаў брат Ягайлы Сьвідрыгайла, які, выражаючы інтарэсы буйнаўласьніцкай княскай клясы, распачаў змаганьне за адасабленьне ад Польшчы. Супраць яго выступіў падтрыманы палякамі брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч, які абвясьціў сябе вялікім князем, а Сьвідрыгайлу выцясьніў ва ўсходнія землі ВКЛ, дзе Сьвідрыгайла абапёрся на падтрымку князёў і выступіў з праграмай ураўнаваньня ў правох праваслаўных фэўдалаў. Прывілеямі ад 1432 і 1434 гадоў Ягайла і Жыгімонт ураўнавалі ў маёмасных і асабістых правах праваслаўных і каталіцкіх фэўдалаў[49], хоць ад імя Ягайлы быў апублікаваны толькі першы прывілей. Ягайла абяцаў, што ня будзе ператвараць праваслаўныя цэрквы ў касьцёлы, дасьць ўсім свабоду веры і пакіне ўсе станы ў іх правох. Тэкст першага прывілею ўказваў на перадумовы прыняцьця прывілею, то бок нармалізацыю сытуацыі ў краіне і захаваньне прысягі Ягайлу[50]. Прывілей ня быў падпісаны Ягайлам[51], хоць праз два гады ягоныя палажэньні ўжо не ад імя Ягайлы пацьвердзілі Троцкім прывілеем.
Памёр на 86-м годзе жыцьця ў час міжусобіц паміж Сьвідрыгайлам і Жыгімонтам Кейстутавічам. 48-гадовае караляваньне Ягайлы было пэрыядам значных палітычных, эканамічных і культурных посьпехаў у гісторыі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага. Гісторыкі славяць яго за шчодрасьць, цьвярозасьць (піў толькі ваду), аднак папракаюць за тое, што занадта прыслухоўваўся да парад вяльможаў і шляхты. Паводле гістарычных крыніцаў, нават па працяглым жыцьці ў Польшчы Ягайла размаўляў па-беларуску, трымаўся звычаяў продкаў. Ён прывёз зь Вільні пісцоў, музыкаў і мастакоў. Майстры-ліцьвіны на заказ караля аздаблялі фрэскамі касьцёлы ў Кракаве, Любліне, Гнезьне і іншых польскіх местах[52].
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]18 лютага 1386 году 33-гадовы вялікі князь літоўскі Ягайла ўзяў за жонку 12-гадовую польскую каралеву Ядвігу. У 25 гадоў Ядвіга нарадзіла дачку, якая пражыла менш за месяц. Адразу за дачкой 17 ліпеня 1399 году памерла і Ядвіга. 29 студзеня 1402 году польскі кароль Ягайла пабраўся 2-м шлюбам з 21-гадовай немкай Ганнай Цылейскай, якая была дачкой графа Цыліі Вільгельма. Тая нарадзіла дачку. 21 сакавіка 1416 году Ганна Цылейская памерла. 2 траўня 1417 году Ягайла ажаніўся 3-і раз з полькай Эльжбетай Граноўскай-Пілецкай, якая была ўдавой пасьля 2-х мужоў і мела дзяцей ад ранейшых шлюбаў. 12 траўня 1420 году Эльжбета памерла[53].
У 1421 годзе 70-гадовы Ягайла папрасіў вялікага князя літоўскага Вітаўта, які быў яго стрыечным братам, пасватаць яму 17-гадовую гальшанскую князёўну Соф’ю. Тая жыла ў свайго дзядзькі Сямёна Дзьмітрыевіча Друцкага, бо яе бацька памёр, калі Соф’і было 5 гадоў. Старэйшай незамужняй сястры Васілісе ў хуткім часе знайшлі жаніха, каб малодшая Соф’я змагла пайсьці замуж. 24 лютага 1422 году ў Фарным касьцёле Наваградка (Вялікае Княства Літоўскае; цяпер Беларусь) 70-гадовы польскі кароль Ягайла ўзяў 4-ы шлюб з 17-гадовай князёўнай Соф’яй Гальшанскай. У ноч на 31 кастрычніка 1424 году каралева Соф’я «Сонка» нарадзіла першынца Ўладзіслава. 16 траўня 1426 году нарадзіўся 2-і сын, які неўзабаве памёр 2 сакавіка 1427 году. Увесну 1427 году яе абвінавацілі ў здрадзе мужу. Пад катаваньнямі 2 пакаёўкі каралевы сьведчылі быццам тая здраджвала з рыцарам Янам Хіньчам з Рогава (цяпер Сьвентакшыскае ваяводзтва), які быў сынам падскарбія, а таксама зь іншымі 6-ю рыцарамі, якія наведвалі каралеву. Ян Хіньча з Рогава і іншыя затрыманыя сьведчылі пра брак здрады ў судзе, які апраўдаў каралеву Соф’ю. У ноч на 30 лістапада 1427 году нарадзіўся 3-і сын Казімер, які атрымаў 2-е імя Андрэй у гонар Соф’інага бацькі Андрэя Гальшанскага[53].
Першага сына ў 10-гадовым веку абралі каралём Польшчы (пад апекаю маці) пад імем Уладыслава III, у 15-гадовым веку ён стаў таксама каралём Вугоршчыны, а ў 21 год загінуў у баі супраць туркаў пад Варнай. Другога сына ў 1440 годзе абралі вялікім князем літоўскім, а ў 1447 годзе пад імем Казімера ІV — каралём Польшчы.
Мова і культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Яшчэ да заняцьця польскага стальцу — як і іншыя вялікія князі літоўскія (Гедзімін, Альгерд, Вітаўт) — падаваў тытулятуру з словамі «Божаю міласьцю» («virtute Dei dux magnus Litwanorum», 1382 і 1385 гады)[54].
Гістарыяграфічны твор першай паловы XV стагодзьдзя «De magna strage» падае словы, якія сказаў Ягайла ў лютым 1386 году, яшчэ перад сваім каталіцкім хростам, калі пабачыў у Кракаўскай катэдры абраз Багародзіцы, знаёмы яму з цэркваў Вялікага Княства Літоўскага: «А што?» («Hassto?»). Як падкрэсьлівае гісторык Алег Ліцкевіч, «важна тут тое, што вялікі князь літоўскі, будучы кароль Польшчы, сваю першую беспасярэднюю рэакцыю ў ключавы для яго момант жыцьця выразіў не на балтыйскай гаворцы, а на „рускай“ (старабеларускай) мове»[55].
У пачатку свайго гаспадараньня ў Польшчы наведаў Познань, дзе ўзяў удзел у набажэнстве. Паводле паданьня, занатаванага ў крыніцах, на пытаньне, чаму кароль паставіў Богу сьвечку, а д’яблу два агаркі, адказаў ўжываючы «рускую» прымаўку: «Служы Богу, а д’ябла не гняві!»[56]. У 1387 годзе зрабіў супольнае з Скіргайлам наданьне царкве Сьвятога Яна ў Лагойску[57][58].
Чэскія паслы, якія ў 1420 годзе прапанавалі Ягайлу карону Чэхіі, характарызавалі яго як «прыроджанага прыхільніка» чэскай мовы і абаронцу славянскіх моваў увогуле (такім парадкам Ягайла ўспрымаўся як носьбіт славянскай мовы або чалавек, народжаны ў славянскім асяродзьдзі), таксама ў самой пасольскай інструкцыі адзначалася небясьпека для славянскіх краінаў і славянскіх моваў нямецкага засільля[59].
Польскі гісторык Ян Длугаш, хоць і недалюбліваў Ягайлу, але пахваліў яго за заснаваньне ў Польшчы чыста славянскага манастыра пад Кракавам, дзе ўсе абрады спраўляліся на славянскай мове замест паноўнай тады ў польскіх касьцёлах лаціны[60].
На беларускай («рускай») мове Ягайла вёў асабістае ліставаньне з сваім стрыечным братам Вітаўтам[61][62]. На гэтай жа мове да Ягайлы пісаў Жыгімонт Кейстутавіч у 1433 годзе[63].
У сваёй (лацінскай) грамаце ад 20 лютага 1387 году Ягайла засьведчыў разуменьне пад літоўскай мовай (мовай літоўскага народу) беларускую[64][65]:
…паводле старажытнага звычаю, перасьлед ворага ёсьць абавязкам кожнага мужчыны ў нашым краі; гэткае паспалітае рушэньне дзеля выгнаньня ворага з нашае Літоўскае зямлі па-народнаму завецца „пагоня“.
Арыгінальны тэкст (лац.)
...Quotiescunque etiam hostes et adversarios nostros et ipsius terrae nostrae Lithuanicae fugitivos insequi opportuerit, ad insequutionem huiusmodi, quod роgоniа vulgo dicitur, nоn solum armigeri, verum etiam omnis masculus, cuiuscunque status aut conditionis extiterit, dummodo аrmа bellicosa gestare poterit, proficisci teneatur.
|
||
З прывілею вялікага князя літоўскага Ягайлы, 20 лютага 1387 г. |
У сваіх граматах ад 17 і 22 лютага 1387 году Ягайла ўжыў у лацінскім тэксьце «народныя» словы і выразы «ўстаўное лукно» (stawne lukno nuncupatis), «серабшчызна» (contribucionibus wlgariter srzebrzczysna) і «дзецкія» (ministerialibus vulgariter dzeczskye), а ў грамаце ад 15 траўня 1390 году ўпамінуў меру, называную «пуд» (pud dicta)[66]. Гэта адпавядае многім іншым тагачасным лацінскім граматам літоўскіх князёў і баяраў, дзе з азначэньнем «народны» («гутарковы») падаваліся менавіта беларускія словы[67].
Яшчэ ў 1922 годзе прафэсар гісторыі Віленскага ўнівэрсытэту Фэлікс Канечны зьвяртаў увагу на тое, што «пасольства яго [Уладзіслава Ягайлы] у Кракаў (аб руцэ Ядвігі) не патрабавала перакладніка, бо яны выкарыстоўвалі беларускую мову. Тая мова вякамі лічылася „літоўскай“ і так нават часта называлася. У Польшчы нават ня ведалі пра існаваньне летувіскай мовы, пакуль яе не адкрыла парафіяльнае духавенства»[c][68]
На жаданьне Ягайлы шматлікія капліцы ў касьцёлах і замках Польшчы атрымалі аздобу фрэскамі ў бізантыйска-рускім стылі[60].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Творы малярства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Невядомы мастак, каля 1500 г.
-
Невядомы мастак, XVII ст.
-
Невядомы мастак, каля 1750 г.
-
Невядомы мастак, XVIII ст.
-
Канстантын Александровіч, 1790 г.. Копія з М. Бачарэлі
-
Невядомы мастак, канец XVIII — пачатак XIX стагодзьдзяў
-
Невядомы мастак, XIX ст.
-
М. Гадлеўскі, 1863 г.
Графічныя партрэты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Невядомы мастак, 1521 г.
-
З хронікі А. Гваньіні «Апісаньне Эўрапейскай Сарматыі», 1578 г.
-
А. Мыліюс, 1594 г.
-
М. Бельскі, 1597 г.
-
А. Боза, 1831 г.
-
Невядомы мастак, 1841 г.
-
А. Лесэр, 1846 г.
-
А. Лесэр, 1830—84 гг.
Папярэднік Кейстут |
Вялікі князь літоўскі 1382—1392 |
Наступнік Вітаўт |
Папярэднік Ядзьвіга |
Кароль польскі 1386—1434 |
Наступнік Уладыслаў III |
Папярэднік — |
Найвышэйшы князь літоўскі 1392—1434 |
Наступнік — |
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Паводле Origo regis Jagyelo et Wytholdi ducum Lithuanie
- ^ Паводле Віленскага сьпісу
- ^ польск. «Poselstwo ego [Władysława Jagiełły] do Krakowa (o rękę Jadwigi) nie potrzebowały tłumacza, gdyż używały języka białoruskiego. Ten język uważany był przez wieki całe za „litewski“ i tak nawet często nazywany. W Polsce nawet nie wiedziano o istnieniu języka letuwskiego, aż dopiero odkryło go duchowieństwo parafjalne»
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Deutsche Nationalbibliothek Record #119009927 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
- ^ а б в г Грыцкевіч А. Ягайла // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 775.
- ^ Грыцкевіч А. Ягайла // БЭ. — Мн.: 2004 Т. 18. Кн. 1. С. 228.
- ^ Грыцкевіч А. Ягайла // ЭГБ. — Мн.: 2003 Т. 6. Кн. 2. С. 285.
- ^ Francovich-Onesti N. Vestigia longobarde in Italia (568—774). Lessico e antroponimia. — Roma, 1999. P. 251.
- ^ Piel J. M. Sobre a formação dos nomes de mulher medievais hispano-visigodos // Confluência. N. 3, 1992. P. 99.
- ^ Nielsen O. Olddanske personnavne. — Kjøbenhavn, 1883. S. 19.
- ^ Förstemann E. W. Altdeutsches Namenbuch. Bd. 1: Personennamen. — Bonn, 1900. S. 28.
- ^ Kapff R. Deutsche Vornamen: mit den von ihnen abstammenden Geschlechtsnamen sprachlich erläutert. — Nürtingen am Neckar, 1889. S. 17.
- ^ Socin A. Mittelhochdeutsches Namenbuch. — Basel, 1903. S. 14, 163, 714.
- ^ Kremer D. Die Germanischen Personennamen in Katalonien // Estudis romànics. Nr. 14, 1972. S. 43.
- ^ Słownik etymologiczno-motywacyjny staropolskich nazw osobowych. T. 5: Nazwy osobowe pochodzenia niemieckiego. — Kraków, 1997. S. 39.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17.
- ^ Förstemann E. W. Altdeutsches Namenbuch. Bd. 1: Personennamen. — Bonn, 1900. S. 987—992
- ^ Schmittlein R. Toponymes finnois et germaniques en Lituanie // Revue internationale d’onomastique. Nr. 2, 1948. P. 101.
- ^ Schmittlein R. Les noms d’eau de la Lituanie (suite) // Revue internationale d’onomastique. Nr. 1, 1964. P. 86.
- ^ Договор о перемирии на 10 лет между ВКЛ и Тевтонским орденом (1379), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
- ^ Договор между в.к.л. Ягайлом и великим магистром Тевтонского ордена Винрихом фон Книпроде (1380), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
- ^ Codex diplomaticus Lithuaniae, 1253—1433. — Vratislaviae, 1845. P. 53, 55.
- ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 604—607, 611, 613—614, 617—619, 627—629, 631, 641.
- ^ Codex epistolaris Vitoldi. — Cracoviae, 1882. S. 997, 1025—1026, 1028.
- ^ Договор между в.к.л. Ягайлом и магистром Ливонии Вильгельмом фон Фримерсхаймом (1380), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
- ^ Бражольский договор о перемирии между ВКЛ и Тевтонским орденом (июль 1382), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
- ^ Договор между ВКЛ и Тевтонским орденом о передаче части Жемайтии за рекой Дубисой (1382), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
- ^ Codex diplomaticus Lithuaniae, 1253—1433. — Vratislaviae, 1845. P. 56—57, 59.
- ^ Лицкевич О. В. «Летописец великих князей литовских» и «Повесть о Подолье»: опыт комплексного критического разбора. — СПб., 2019. С. 263—266.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 207.
- ^ Codex diplomaticus Poloniae. T. 3. — Varsaviae, 1858. P. 338.
- ^ ПСРЛ. Т. 4. — СПб., 1848. С. 72, 75—76, 78, 83, 94—95, 99, 113.
- ^ ПСРЛ. Т. 5. — СПб., 1851. с. 235—236, 242, 245, 258, 262.
- ^ ПСРЛ. Т. 4. — СПб., 1848. С. 81—82.
- ^ ПСРЛ. Т. 5. — СПб., 1851. С. 238, 242, 264.
- ^ ПСРЛ. Т. 32. — М., 1975. С. 141—145.
- ^ ПСРЛ. Т. 32. — М., 1975. С. 62—70.
- ^ Насевіч В. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Менск: Полымя, 1993. — С. 117-118. — 160 с. — ISBN 5-345-00627-Х
- ^ а б Насевіч В. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Менск: Полымя, 1993. — С. 119. — 160 с. — ISBN 5-345-00627-Х
- ^ Насевіч В. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Менск: Полымя, 1993. — С. 123. — 160 с. — ISBN 5-345-00627-Х
- ^ Насевіч В. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Менск: Полымя, 1993. — С. 119-120. — 160 с. — ISBN 5-345-00627-Х
- ^ а б Насевіч В. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Менск: Полымя, 1993. — С. 120. — 160 с. — ISBN 5-345-00627-Х
- ^ Насевіч В. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Менск: Полымя, 1993. — С. 124. — 160 с. — ISBN 5-345-00627-Х
- ^ Насевіч В. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Менск: Полымя, 1993. — С. 125. — 160 с. — ISBN 5-345-00627-Х
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 53.
- ^ Любавский М. К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно / М. К. Любавский. — Минск: Беларуская навука, 2012. — С. 232. — 395 с. — (Помнікі гістарычнай думкі Беларусі).
- ^ Насевіч В. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Менск: Полымя, 1993. — С. 126. — 160 с. — ISBN 5-345-00627-Х
- ^ Насевіч В. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Менск: Полымя, 1993. — С. 127-128. — 160 с. — ISBN 5-345-00627-Х
- ^ Насевіч В. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Менск: Полымя, 1993. — С. 128-129. — 160 с. — ISBN 5-345-00627-Х
- ^ Насевіч В. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Менск: Полымя, 1993. — С. 131-132. — 160 с. — ISBN 5-345-00627-Х
- ^ Gruszecki (пол.). Polski Słownik Biograficzno-Genealogicznу (21.12.2010). Праверана 17 кастрычніка 2010 г.
- ^ Грыцкевіч А. Ягайла // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 776.
- ^ Любавский М. К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно / М. К. Любавский. — Минск: Беларуская навука, 2012. — С. 172-173. — 395 с. — (Помнікі гістарычнай думкі Беларусі).
- ^ Łowmiański H. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego / H. Łowmiański. — Poznań: Wydawnictwo Naukowe UAM, 1983. — С. 422. — 579 с.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 56.
- ^ а б Бутэвіч А. Загадкі аднаго вянчаньня // Зьвязда : газэта. — 13 чэрвеня 2012. — № 111 (27226). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 78.
- ^ Ліцкевіч А. Некалькі заўваг пра мову Ягайлы і геаграфічныя асаблівасці Гарадзенскай зямлі ў 1379 г. // Arche. № 1-2, 2010. С. 692—692.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 11—12.
- ^ Москалевич Р. М. Логойск, его историческая судьба в церковном и гражданском отношении // Минские епархиальные ведомости". № 2, 1870.
- ^ Ліцкевіч А. Да пытання пра рутэнізацыю балтаў ВКЛ у XV — пачатку XVI стст. // ARCHE Пачатак. № 11—12, 2009. С. 56.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 12, 107.
- ^ а б Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 12.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 107.
- ^ Лицкевич О. В. «Летописец великих князей литовских» и «Повесть о Подолье»: опыт комплексного критического разбора. — СПб., 2019. С. 168.
- ^ Ліцкевіч А. Да пытання пра рутэнізацыю балтаў ВКЛ у XV — пачатку XVI стст. // ARCHE Пачатак. № 11—12, 2009. С. 68—69.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі. — Менск, 2019. С. 62.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 78—79.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 175.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 39—46.
- ^ Koneczny F. Letuwa a Litwa // Przegląd Powszechny. Nr. 463, 1922. S. 41.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае / Рэц. А. Грыцкевіч, У. Ляхоўскі; рэд. З. Санько; картограф В. Цемушаў. — KALLIGRAM, spol s r.o., 2012. — 400 с. : іл. ISBN 978-985-6919-82-7.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя. — 472 с. — ISBN 985-11-0295-4
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. Аўтарскае выданне. — Менск, 2019. — 459 с. — (сьціслая вэрсія кнігі: Вытокі Вялікае Літвы. — Менск, 2021. — 89 с.)
- Тарасаў К. Памяць пра легенды: Постаці беларускай мінуўшчыны / Маст. А. Александровіч і інш.. — 2-е выд., дап. — Менск: Полымя, 1993. — 270 с. — ISBN 5-345-00706-3
- Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: Тэхналогія, 2001. — 216 с. — 500 ас. — ISBN 978-985-458-050-4
- Чаропка В. Імя ў летапісе. 2-ое выд., дап. — Менск: Беларусь, 2003. — 639 с.: іл. ISBN 985-01-0387-6.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын. — 616 с. — ISBN 985-11-0276-8
- Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|