Перайсьці да зьместу

Міхал Сэрвацы Вішнявецкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Міхал Сэрвацы Вішнявецкі
лац. Michał Servacy Višniaviecki
Міхал Сэрвацы Вішнявецкі, XVIII ст.
Міхал Сэрвацы Вішнявецкі, XVIII ст.

Герб Карыбут
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 13 траўня 1680
Памёр 16 верасьня 1744
Пахаваны
Род Вішнявецкія
Бацькі Крыштап Вішнявецкі
Ганна з Хадароўскіх
Жонка Кацярына з Дольскіх
Марыя Магдалена з Чартарыйскіх
Тэкля Ружа з Радзівілаў
Дзеці ад 1-га шлюбу: Ганна, Кацярына
Дзейнасьць дыплямат
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Вішнявецкі.

Мі́хал Сэрва́цы Вішняве́цкі (13 траўня 1680, Львоў — 16 верасьня 1744, Мерач) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, пісьменьнік і паэт. Гетман польны (1702—1703 і 1707—1709) і вялікі літоўскі (1703—1707 і з 1735), кашталян (1703—1706) і ваявода віленскі (1706—1707 і з 1735), канцлер вялікі літоўскі (1720—1735). Быў старостам пінскім, ваўкавыскім, мерацкім і ваўкавішкаўскім.

Міхал Сэрвацы — апошні прадстаўнік мужчынскай лініі роду Вішнявецкіх.

Партрэты Тэклі Ружы з Радзівілаў

З княскага роду Вішнявецкіх гербу Карыбут, сын Крыштапа, ваяводы бэлзкага, і Ганны з Хадароўскіх. Меў брата Януша Антонія.

У 1702 годзе атрымаў булаву гетмана польнага, у 1703 годзе — вялікага (зноў польны ў 1707—1709 гадох, вялікі — з 1735 году). У 1703 годзе атрымаў урад кашталяна, у 1706 годзе — ваяводы віленскага, у 1735 годзе — канцлера вялікага літоўскага. У 1730 годзе стаў рэгімэнтам войска Вялікага Княства Літоўскага[3].

М. С. Вішнявецкі

У грамадзянскую вайну (1700) быў кіраўніком апазыцыі шляхты супраць Сапегаў. У 1700 годзе разьбіў войска Сапегаў у бітве пад Алькенікамі, зруйнаваўшы ягоны палац у Ружанах.

Быў маршалкам надзвычайнага сойму 11 чэрвеня — 19 жніўня 1703 году ў Любліне. Некалькі разоў абіраўся маршалкам Галоўнага Трыбуналу.

У 1707 годзе склаў пагадненьне з каралём і вялікім князем Станіславам Ляшчынскім супраць Аўгуста Моцнага. Таго ж году арыштаваны і вывезены ў Маскоўскую дзяржаву, адкуль у 1709 годзе эміграваў.

У 1710 годзе вярнуўся ў Рэч Паспалітую. На бацькаўшчыну вярнуўся ў 1716 годзе ў выніку пагадненьня з Аўгустам Моцным. На элекцыі 1733 году будучы прыхільнікам Расеі падтрымаў кандыдатуру Аўгуста Саса.

У 1695 годзе ажаніўся з Кацярынай (1680—1725), дачкой маршалка вялікага літоўскага Яна Караля Дольскага (1640—1695). Дзеці ад першага шлюбу:

  • Ганна (1700—1732), жонка з 1721 году ваяводы троцкага Юзэфа Агінскага (каля 1693—1736);
  • Кацярына (1701—1770), жонка з 1722 году лоўчага вялікага кароннага і ваяводы смаленскага Міхала Зьдзіслава Замойскага (каля 1679—1735).

У 1725 годзе другі раз ажаніўся з княгіняй Марыяй Магдаленай (1728), дачкой харунжага вялікага літоўскага і старосты пінскага князя Юзэфа Чартарыйскага (пам. 1750). У 1730 годзе ў трэці раз ажаніўся з княгіняй Тэкляй Ружай (1703—1747), дачкой канцлера літоўскага князя Караля Станіслава Радзівіла (1669—1719) і Ганны Кацярыны з князёў Сангушкаў (1676—1746).

Апошні мужчына-прадстаўнік старэйшай лініі Вішнявецкіх і ў родзе. Па ягонай сьмерці ўладаньні Вішнявецкіх перайшлі да Агінскіх і Замойскіх, потым да Плятэраў, Пшазьдзецкіх, Бжастоўскіх і Вяльгорскіх[4]. Спачыў у кармэліцкім касьцёле ў Вішняўцы.

У картцы да артыкула падаецца партрэт 1750-х гадоў пэндзля невядомага мастака зь Нясьвіскай партрэтнай галерэі, які цяпер захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі.

  1. ^ Czamańska I. Wiśniowieccy: monografia rodu (пол.)Poznań: Wydawnictwo Poznańskie, 2007. — С. 434–435. — 552 с. — ISBN 978-83-7177-229-0
  2. ^ Czamańska I. Wiśniowieccy: monografia rodu (пол.)Poznań: Wydawnictwo Poznańskie, 2007. — С. 435–436. — 552 с. — ISBN 978-83-7177-229-0
  3. ^ Грыцкевіч А. Вішнявецкія // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 344.
  4. ^ Грыцкевіч А. Вішнявецкія // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 459.