Мельнік
| Мельнік лац. Mielnik | |||
| Населены пункт | |||
Замкавая гара | |||
| |||
| |||
| Краіна | Польшча | ||
|---|---|---|---|
| Ваяводзтва | Падляскае | ||
| Павет | Сямяціцкі | ||
| Гміна | Мельнік | ||
| Першыя згадкі | 1240 | ||
| Магдэбурскае права | 1440/1501 | ||
| Часавы пас | |||
| Каардынаты | 52°19′38″ пн. ш. 23°02′55″ у. д.HGЯO | ||
| Насельніцтва | |||
| Колькасьць | 980 чал. | ||
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |||
| Паштовы індэкс | 17-307 | ||
| Мельнік на мапе Польшчы Мельнік | |||
Мельнік (польск. Mielnik, падляск.: Mélnik) — вёска ў Польшчы, на рацэ Бугу. Цэнтар сельскай гміны Сямяціцкага павету Падляскага ваяводзтва. Знаходзіцца за 17 км на паўднёвы ўсход ад Сямяцічаў, за 88 км на поўдзень ад Беластоку.
Мельнік — даўняе магдэбурскае места гістарычнага Падляшша, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захаваліся руіны касьцёла Найсьвяцейшай Тройцы ў стылі готыкі і барока, а таксама цэрквы Покрыва Багародзіцы ў стылі традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры і Прачыстай Багародзіцы ў стылі клясыцызму, мастацкае аблічча якіх пацярпела ад маскоўскіх перабудоваў, помнікі архітэктуры XV—XIX стагодзьдзяў.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Тапонім Мельнік утварыўся ад пакладаў крэйды, якія знаходзяцца пад вёскай.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Раньнія часы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Першы пісьмовы ўпамін пра Мельнік зьмяшчаецца ў Іпацьеўскім летапісе і датуецца 1240 годам. У гэты час ён уваходзіў у склад Галіцка-Валынскага княства. У 1260 годзе князь Васілька Раманавіч маліўся ў тутэйшай царкве Багародзіцы перад паходам на яцьвягаў.
Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У 1324 годзе Мельнік разам з Дарагічынскай зямлёй далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У 1378 годзе, паводле хронікі Віганда, крыжакі ўзялі Мельніцкі замак у аблогу. У 1420 годзе вялікі князь Вітаўт заснаваў тут першы касьцёл (Божага Цела, Унебаўзяцьця Божае Маці і Ўсіх Сьвятых). У 1430—1444 гадох Мельнік знаходзіцца ў руках мазавецкіх князёў. У 1440 годзе места атрымала Хэлмінскае права ад князя Баляслава Варшаўскага. 23 кастрычніка 1501 году кароль і вялікі князь Аляксандар падпісаў у тутэйшым замку акт Мельніцкае уніі і неўзабаве надаў месту Магдэбурскае права. У 1520 годзе Мельнік стаў цэнтрам павету Падляскага ваяводзтва. У 1551 годзе тутэйшы замак перабудавалі ў стылі рэнэсансу.
У 1569 годзе згодна з умовамі Люблінскай уніі Мельнік перайшоў да Каралеўства Польскага. У 1657 годзе места зруйнавалі швэдзкія войскі. У 1776 годзе тут збудавалі драўляную Пакроўскую царкву.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) і да падпісаньня Тыльзіцкае дамовы 1807 году тэрыторыяй сучаснага Мельніка праходзіла граніца між прускім, аўстрыйскім і расейскім падзеламі. У 1825 годзе ў месьце збудавалі Прачысьценскую царкву. 16 лютага 1869 году зьявіўся праект расейскага гербу Мельніку: «у зялёным полі залаты вятрак»[1]. У 1871 годзе расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі Замкавы Траецкі касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі. На 1878 год у месьце было 206 будынкаў. У 1912—1920 гадох тут вялося будаваньне новага касьцёла.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Мельнік занялі войскі Нямецкай імпэрыі. У гэты ж час Замкавы касьцёл пацярпеў ад ваенных дзеяньняў.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Мельнік абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году места апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. У гэты час тут было 184 будынкі. У 1934 годзе статус паселішча панізілі да вёскі.
З пачаткам Другой сусьветнай вайны 15 верасьня 1939 году Мельнік акупавалі войскі Трэцяга Райху, але праз тыдзень вёску перадалі СССР згодна з пактам Молатава-Рыбэнтропа. У лістападзе 1939 году Мельнік увайшоў у склад БССР, у Берасьцейскую вобласьць. У 1940 годзе ў час пабудовы Лініі Молатава жыхары мусілі пакінуць вёску. З чэрвеня 1941 да 22 ліпеня 1944 году Мельнік зноў знаходзіўся пад акупацыяй нацысцкай Нямеччыны. 16 жніўня 1945 году ўлады СССР перадалі вёску Польскай Народнай Рэспубліцы. У 1953 годзе тут заснавалі камбінату па здабычы крэйды.
- Места на старых здымках
- Замкавы касьцёл, да 1915 г.
- Замкавая гара, 1915 г.
- Інтэр'ер Прачысьценскай царквы, 1915—1918 гг.
- Прачысьценская царква, 1939 г.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- XIX стагодзьдзе: 1878 год — 1147 чал., зь іх 463 праваслаўныя, 224 каталікі і 460 юдэяў[2]
- XX стагодзьдзе: 1921 год — 1091 чал. (538 муж. і 553 жан.), зь іх згодна з афіцыйнай польскай статыскай паводле нацыянальнасьці 476 беларусаў, 408 палякаў, 206 юдэяў і 1 расеец, паводле веры 535 праваслаўных, 323 каталікі і 233 юдэі[3]
- XXI стагодзьдзе: 2011 год — 879 чал. (419 муж і 460 жан.)
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Замчышча
- Касьцёл Перамяненьня Пана (1912—1920)
- Касьцёл Сьвятой Тройцы (Замкавы; XV—XVIII стагодзьдзі)
- Сынагога (сярэдзіна XIX ст.)
- Царква Покрыва Багародзіцы (1776)
- Царква Прачыстай Багародзіцы (1825)
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Замак
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Славутасьці Мельніку
- Руіны Замкавага касьцёла
- Прачысьценская царква
- Касьцёл Перамяненьня Пана
- Сынагога
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 196.
- ↑ Krzywicki J. Mielnik // Słownik geograficzny... T. VI. — Warszawa, 1885. S. 346.
- ↑ Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej: opracowany na podstawie wyników pierwszego powszechnego spisu ludności z dn. 30 września 1921 r. i innych źródeł urzędowych. T. 5: województwo białostockie. — Warszawa: Główny Urząd Statystyczny, 1924. S. 28 (19).
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba. — Warszawa, 1885.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Афіцыйная старонка (пол.)
| ||||||||