Перайсьці да зьместу

Троцкае ваяводзтва

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Троцкае ваяводзтва
лац. Trockaje vajavodztva
Агульныя зьвесткі
Краіна Вялікае Княства Літоўскае
Статус ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага[d]
Адміністрацыйны цэнтар Трокі
Дата ўтварэньня 1413
Дата скасаваньня 1795
Ваяводы Ваяводы троцкія
Кашталяны Кашталяны троцкія
Насельніцтва гл. Дэмаграфія
Плошча 31,2 тыс. км²
Час існаваньня 1413—1795
Месцазнаходжаньне Троцкага ваяводзтва
Троцкае ваяводзтва на мапе
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Тро́цкае ваяво́дзтва[a] — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў заходняй і паўночна-заходняй частцы Вялікага Княства Літоўскага. Плошча каля 31,2 тыс. км². Сталіца — места Трокі. Найбольшыя месты: Горадня, Коўна, Мерач і Панявеж.

Гербы Троччыны, XV і XVI ст.

Утварылася згодна з пастановамі Гарадзельскай уніі (1413 год) замест скасаваных Гарадзенскага і Троцкага княстваў. У гэты ж час уводзіліся пасады ваяводы і кашталяна, якія паводле значнасьці лічыліся другімі па ўрадах ваяводы і кашталяна віленскіх.

У XV ст. у склад ваяводзтва ўваходзілі паўночная, цэнтральная і паўднёвая часткі сучаснай Летувы, прынёманскія землі Беларусі, Берасьцейская, і Новагародзкая землі, Падляшша, Кобрынскае княства, Пінскае княства, Давыд-Гарадоцкае княства, Тураўшчына. Гэтыя княствы, Берасьцейская і Новагародзкая землі, Падляшша і Ковенскі павет мелі самастойнае ад ваяводы кіраваньне[1] (паводле іншых зьвестак, у ваенных і часткова падатковых адносінах Гарадзецкае, Клецкае, Кобрынскае, Пінскае княствы, Берасьцейскае, Ваўкавыскае, Гарадзенскае, Камянецкае, Новагародзкае, Слонімскае намесьніцтвы падпарадкоўваліся намесьніку, а з 1413 году — ваяводу троцкаму[2]). На ўсходзе Беларусі ў Троцкае ваяводзтва ўваходзіла палова Бабруйскай воласьці. У XVІ ст. з складу Троцкага вылучыліся Наваградзкае, Падляскае і Берасьцейскае ваяводзтвы.

Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Троцкага ваяводзтва ліцьвінамі: «литвин Петрушка Янов… шляхтич… Троицкого повету» (1632 год)[3], «Осташко Троинский сказал: родом де он литвин[b], города Гродни, взят в полон в то время, как великий государь был под Вильною» (1672 год)[6]. У матрыкуле Гайдэльбэрскага ўнівэрсытэту пад 1591 годам значацца Johannes Hlebowicz in Dambrowna, Lituanus. Nicolaus Hlebowicz in Dambrowna, palatinus Trocensis, Lituanus[7], у матрыкуле Каралявецкага ўнівэрсытэту пад 1702 годам — Kopiewicz Vladislav., Sabludov. Lithuan.[8] Апроч таго, сярод вернікаў некалькі парафіяў ўпамінаецца старалітва, якую крыніцы зьвязваюць з русінамі: Бераставіца (1645 год)[9], Жыжмары (1669 год)[10].

У 1791 годзе паводле Кантытуцыі Рэчы Паспалітай утварыўся Мерацкі павет. У 1793 годзе згодна з пастановаю Гарадзенскага сойму з Троцкага вылучылася Гарадзенскае ваяводзтва, у склад якога ўвайшлі Гарадзенскі і Мерацкі паветы.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) асноўная частка тэрыторыі ваяводзтва ўвайшла ў склад Віленскай губэрні, рэшта — у Слонімскую губэрню Расейскай імпэрыі[1].

Герб ваяводзтва меў наступны выгляд: «белая Пагоня ў чырвоным полі».

Ваяводзкая харугва была чырвонага колеру з выяваю гербу Пагоня ў цэнтры, паветы мелі харугвы з Пагоняй у блакітным полі[11].

Віленскае і Троцкае ваяводзтвы (Парыж, 1665 г.)

На поўначы межавала з Курляндыяй, на ўсходзе — зь Віленскім і Наваградзкім ваяводзтвамі, на поўдні — зь Берасьцейскім і Падляскім ваяводзтвамі, на захадзе — з Падляскім ваяводзтвам, Прусіяй і Жамойцю[12].

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Іншая вэрсія мапы Віленскага і Троцкага ваяводзтваў (Парыж, 1665 г.)

Ваяводзтва падзялялася на чатыры паветы: Троцкі, Гарадзенскі, Ковенскі і Упіцкі.

Віленскае і Троцкае ваяводзтвы, Інфлянты, Курляндыя, Жамойць (1791 г.)
НазваЦэнтарПлошча,
тыс. км²
Староствы
Троцкі паветТрокі8,7Троцкае (гродавае)
Алькеніцкае
Жыжморскае
Лазьдзейскае
Мерацкае
Неманойцкае
Гарадзенскі паветГорадня11,7Гарадзенскае (гродавае)
Васількоўскае
Прывальскае
Прыросьльскае
Філіпоўскае
Ковенскі паветКоўна6Ковенскае (гродавае)
Ваўкавіскае
Віштынецкае
Дорсуніскае
Прэнскае
Упіцкі паветУпіта9,1Упіцкае (гродавае)
Вабольніцкае
Гульбінскае
Жыдайчанскае
Сенгвейскае
Шадоўскае
Шыманскае

Ваяводзкі соймік праводзіўся ў Троках. Павятовыя соймікі праходзілі ў Троках, Панявежы, Горадні і Коўне, тамака ж склікалася паспалітае рушаньне.

Гарадзенская, ковенская, троцкая і ўпіцкая шляхта абірала восем паслоў на Вальны сойм Рэчы Паспалітай, а таксама восем дэпутатаў на Галоўны Трыбунал.

На 1775 год Троцкае ваяводзтва налічвала 55 614 дымоў[1]. На 1790 год насельніцтва ваяводзтва складала каля 288 тыс. жыхароў.

У Сэнаце Рэчы Паспалітай Троцкае ваяводзтва мела двух прадстаўнікоў — ваяводу і кашталяна. Згодна зь Люблінскай уніяй (1569 год) ваявода троцкі паводле значнасьці займаў месца ў сэнаце па каліскім, а кашталян — па серадзкім і перад лянчыскім. За ўвесь час існаваньня Троцкага ваяводзтва мела 42 ваяводы і 53 кашталяны[13].

Ваяводзкі мундзір складаўся з пурпуровага кунтуша зь зялёнымі адваротамі і белага жупана. Па-за вальным соймам троцкая шляхта ўжывала цёмна-сіні («гранатовы») кунтуш, жоўтыя («саламяныя») адвароты і жупан[1], у сваю чаргу Ўпіцкі павет — малінавы («кармазыновы») кунтуш, цёмна-сінія адвароты і «саламяны» жупан.

Паводле герархіі земскіх ураднікаў у Троцкім павеце наперадзе ішоў цівун, у астатніх паветах — маршалкі.

  1. ст.-бел. Воеводство Троцкое; лац. Palatinatus Trocensis, польск. Województwo trockie
  2. Ранейшыя сьведчаньні ўжываньня канструкцыі «родам ліцьвін (літоўка)»: «сіи Андрѣи бяше родомъ Литвинъ, сынъ Ерденевъ, Литовскаго князя»[4] (Траецкі летапіс пад 1289 годам); «литвин родом» (жывот Даўмонта Пскоўскага першай трэці XIV стагодзьдзя[5]); «родом литовка, а прозвище ей бысть литовское Августа» пра дачку вялікага князя літоўскага Гедзіміна (Ніканаўскі летапіс 1526—1530 гадоў, адкуль перайшло ў Ліцавы летапісны звод 1568—1576 гадоў)
  1. 1 2 3 4 Грыкевіч А. Троцкае ваяводства // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 668.
  2. Насевіч В. Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 36.
  3. Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 1. — СПб., 1890. С. 434.
  4. Троицкая летопись. Реконструкция текста. Изд. М. Д. Присёлков. — М. — Л., 1950. С. 344—345.
  5. Лосева О. В. Жития русских святых в составе древнерусских Прологов XII — первой трети XV веков. — М., 2009. С. 199—201.
  6. Крестьянская война под предводительством Степана Разина. Сборник документов. Т. 3. — М., 1962. С. 199.
  7. Die Matrikel der Unversität Heidelberg. Th. 2. — Heidelberg, 1886. S. 153.
  8. Die Matrikel der Albertus-Universität zu Königsberg i. Pr. 1544—1829. Bd. 2: Die Immatrikulationen von 1657—1829. — Leipzig, 1911/1912. S. 233.
  9. Kamuntavičienė V. Jelnios parapijos gyventojai XVII a. («Stara Litwa», arba jotvingių pėdsakais Vilniaus vyskupijoje) // Lietuvos istorijos metraštis. Nr. 2, 2011. P. 25.
  10. Kamuntavičienė V. Jotvingiai «Senoji Lietuva» ir jų tikėjimas. XVII a. // Terra Jatwezenorum. Nr. 5, 2013. P. 68.
  11. Грыцкевіч А. Трокскае ваяводства // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 520.
  12. Jelski A. Województwo trockie // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 338.
  13. Krzywicki J. Województwo trockie // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XII: Szlurpkiszki — Warłynka. — Warszawa, 1892. S. 491.