Цмок

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Цмок
Цмок. Малюнак з энцыкляпэдыі Б. Хмялеўскага «Новыя Атэны»
Тыпмітычная істота зь міталёгіі розных народаў сьвету
Лягатып Вікісховішча Dragons ў Вікісховішчы

Цмок — істота з казак і паданьняў народаў сьвету. Гэта зьмеепадобная істота вялікіх памераў, якая, паводле паданьняў, сілкуецца людзьмі, мае некалькі галоў, можа лётаць і ўмее выдыхаць полымя са сваёй пашчы, валодае чароўнымі здольнасьцямі.

Паданьні й міты пра цмокаў ёсьць практычна ва ўсіх народаў сьвету. У культуры Далёкага Ўсходу цмок часьцей за ўсё ахоўнік прыроды, увасабленьне яе добрых якасьцяў. У заходняй традыцыі цмок — у асноўным носьбіт зла, алегорыя вайны, разбуральнай сілы прыроды, дэманічных сілаў.

У працэсе гістарычнай эвалюцыі ў мітах, загаворах і казках ператварыўся ў варожы народу вобраз крылатай пачвары, якая выкрадае жанчын, бярэ паборы людзьмі, разбурае гарады. Цмок — галоўны вораг героя-волата (напр. Кацігарошак), які змагаецца зь ім, перамагае й вызваляе царскую дачку (сястру). Для ўсходне-славянскіх казак, у тым ліку й беларускіх, характэрна маляўнічасьць і гратэскавая сацыяльная завостранасьць вобраза цмока.

Цмок у беларускай міталёгіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цмок на памятнай манэце «Кацігарошак» Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь

У беларускіх павер’ях цмок — зборнае паняцьце. Пад ім разумеецца й пачварны зьмей, і нячысты дух, часам нават з чалавечымі рысамі.

Цмок як гіганцкі зьмей[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У некаторых казках і балядах цмок — рэптылія-пачвара, у якой 3, 7, 9, 12 ці нават 24 галавы. У казцы «Хведар Набілкін і сапраўдныя асілкі» героі пачаргова перамагаюць трох шматгаловых цмокаў. Паводле некаторых паданьняў, раней рэкі былі вялічэзныя, ніхто па іх не хадзіў, і жыло ў вадзе безьліч зьмеяў, у іншых па 11 галоў. Яны душылі людзей. Цмок у гэтым сюжэце — імя ўласнае, адзін са зьмеяў. Жыў ён адзін, меў рогі й вялізную пашчу, якой мог адразу праглынуць чалавека. Людзі былі язычнікамі й маліліся яму. Забіў пачвару Юр’я (Георгі Перамаганосец)[1]. У народнай традыцыі наогул пашыраная такая схема: цмок жыве ў балоце ці рацэ й штодня (ці штогод) патрабуе сабе ў ахвяру маладых дзяўчат. Зьяўляецца герой і забівае пачвару. Мяркуецца, што гэты матыў мае дахрысьціянскае паходжаньне. У першапачатковай вэрсіі цмока мог замяняць Яшчар — бозтва ніжэйшага сьвету, якому, верагодна, таксама прыносілі маладых дзяўчат у ахвяру.

У іншых крыніцах цмок — злы зьмей, які шкодзіць людзям, паліць хаты[2], пушчае з пашчы полымя. Яшчэ адна крыніца дадае: ростам Цмок зь вялікі дом, але вельмі гультаяваты — калі нехта зь людзей патурбуе яго, то ён не абавязкова будзе нападаць, а спачатку ўзважыць, ці вартая ахвяра парушанага спакою. Паводле фальклярыста М. Федароўскага, цмок — пачвара з кіпцюрамі, як сярпы, і з такімі вострымі крыламі, што можа што заўгодна перасекчы імі, як мячом. Цмок — найстарэйшы зьвер у сьвеце. Можа жыць як у возеры ці балоце (што адпавядае яго хтанічнай прыродзе) так і ў небе[3].

У некаторых павер’ях цмок мае рысы стыхійнага бозтва, апякуна й ахоўніка. У вёсцы Валова Гара яшчэ ў пачатку ХХ ст. верылі, што ў час вясельля кагосьці зь вяскоўцаў па рэках Эсэ й Бярэшчы, па возеры Бярэшча й Бярэзінскім канале праплывае зьмеепадобная пачвара зь імем Цмок. Трэба выліць у ваду шклянку самагону й кінуць пачастунак, і за гэта маладая сям’я атрымае блаславеньне ад цмока[4].

Цмок Вяль жыве ля валуна й шкодзіць людзям: завальвае дарогу, крадзе скаціну. Аднойчы кемлівы селянін зьнішчае яго, скарміўшы пачвары скуру барана, у якую заліў смалу. Імя «Вяль» можа быць празрыстай адсылкай да бога Вялеса. Аднак постаць цмока замяняе Вялеса, хутчэй за ўсё, толькі частцы паданьняў, дзе сам цмок не надзяляецца зьмяінымі рысамі. «Зьмяіным» жа цмокам ў болей архаічнай, язычніцкай вэрсіі паданьняў адпавядаў нейкі старажытны хтанічны зьмей, зьвестак аб якім на сёньня не захавалася.

Цмок як нячысты дух[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Часам цмока надзяляюць рысамі не пачвары, а дэмана, нячысьціка. У некаторых мясьцінах верылі, што цмок — гэта «зьмій страшэнны», які выпівае душу ў чалавека й жывёлы (высмоктвае). Чалавек слабее й памірае. Гэта цмок душу выпіў[5]. У Рэчыцкім раёне распавядалі, што цмок — гэта такі «вужака», які прабіраецца ноччу ў хлеў да скаціны й выпівае яе малако, цмокаючы пры гэтым (адсюль і назва). Жыве ля ямін, на сьметніках, у гушчары ліхатраўя. Каб пазбавіцца ад цмока, трэба злавіць яго ноччу й пасекчы лапатай. Цікава, што гэтае павер’е фактычна апісвае цмока ў выглядзе звычайнай зьмяі. Лічылася, што, калі знайсьці яйка, зьнесенае чорным пеўнем, можна вынасіць яго пад пахай, і зь яго вылупіцца цмок, які будзе адшукваць клады й прыносіць свайму гаспадару багацьце. У некаторых падобных паданьнях цмока называюць «вуж» (гл. Вужаў камень).

М. Я. Нікіфароўскі паведамляе, што цмок болей дагледжаны за іншых нячысьцікаў, часта мыецца ў лазьні. З-за асьцярожнасьці й прадбачлівасьці жыве долей астатніх дэманаў. Часта чапляецца да простых вясковых людзей, але людзей сямейных не кранае. Іх расправа чакае тых, хто парушае грамадзкія абавязкі[6].

У культуры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У «Сазе пра ведзьмака Геральта» Анджэя Сапкоўскага цмокі —разумныя істоты й чараўнікі, могуць прымаць нават аблічча чалавека. Яны амаль не прыносяць людзям шкоды, але нярэдка самі робяцца іх ахвярамі з-за сваёй каштоўнай скуры.

Першая песьня альбома «Рабкор» гурта «Ляпіс Трубяцкі» называецца «Цмок ды Арол».

Узгадваецца ў песьні гурта «Stary Olsa» «Balada pra Cmoka».

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Запісана ў в. Новы Мір Веткаўскага р-на ад Хадуньковай Ганны Трафімаўны, 1914 г.н. (раней пражывала ў в. Малінаўка Бранскай вобл.), студэнткай Хадуньковай Н. (2002 г.)
  2. ^ Запісана ў в. Пірэвічы Жлобінскага р-на ад Калядзенка Сафіі Васільеўны, 1935 г.н., студэнткай Шышовай К. (2006 г.)
  3. ^ Міфалогія беларусаў: энцыклапедычны слоўнік / склад. І. Клімковіч, В. Аўтушка; навук. рэд. Т. Валодзіна, С. Санько. — Мн.: Беларусь, 2011. — 607 с.: іл.
  4. ^ Аповед запісаў у 1969 годзе Ўладзімер Шушкевіч, ад жыхаркі вёскі Верабкі Анэты Міхайлаўны Шушкевіч (1899—1975), у 1969 г.
  5. ^ Запісана ў в. Сякерычы Петрыкаўскага раёну ад Мышкавец Ганны Кузьмінічны, 1926 г. н., студэнткай Белька С. (2006 г.)
  6. ^ Слоўнік. Цмок

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]