Віцень
Віцень | |
![]() | |
Віцень (уяўны партрэт) | |
9-ы вялікі князь літоўскі | |
1295 — 1316 | |
Папярэднік | Будзівід |
Наступнік | Гедзімін |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | XIII стагодзьдзе |
Памёр | 1316 |
Дынастыя | Гедзімінавічы |
Віцень (пачатак 1250-х — 1316) — вялікі князь літоўскі (1295—1316).
Паводле Густынскага летапісу, Віцень прыняў дзяржаўны герб Вялікага Княства Літоўскага[1]:
![]() |
Витен нача княжити над Литвою, измысли себе герб и всему князству Литовскому печать: рыцер збройны на коне з мечем, еже ныне наричут Погоня. | ![]() |
Імя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Гісторык Павал Урбан у сваёй кнізе «Старажытныя ліцьвіны» не адкідае магчымасьці паходжаньня імя Віцень ад Вітаслава, зь якога ён выводзіць Вітаўта, аднак схіляецца да большага падабенства з імём аднаго зь першых князёў абадрытаў Вітцана або Віцана (Witzan, Witsan, Witzin). Пагатоў, у дароўных граматах XIII ст. славянскіх князёў двойчы ўпамінаецца замак Віцень[2].
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Зьвесткі пра паходжаньне Віценя даволі супярэчлівыя[3]. Паводле «Хронікі зямлі Прускай» Пятра з Дусбурга, ён быў сынам Пукувера (Лютувера)[4], родапачынальніка Гедзімінавічаў. Братам Віценя быў Гедзімін[1]. Кіраваньне прыпала на пэрыяд адноснай стабільнасьці з адсутнасьцю змаганьня за ўладу.
У 1291 годзе Будзівід паслаў Віценя зь вялікім войскам супраць палякаў у Берасьцейскую зямлю. У 1294 годзе Віцень ужо як вялікі князь ваяваў Леньчыцкую зямлю. У тым жа годзе ён захапіў Жамойць і здушыў там паўстаньне мясцовай знаці, якую схіляў да хаўрусу Тэўтонскі ордэн. У 1295 годзе напаў на Малую Польшчу.
Зладзіў адпор наступу Ордэнаў на Вялікае Княства Літоўскае. Пад ягонай камандаю адбыліся вайсковыя выправы на тэрыторыю Тэўтонскага ордэну.
Дзеля змаганьня з крыжакамі на правым беразе Нёману збудаваў некалькі замкаў, у якіх несупынна знаходзіліся зьменныя залогі. Тым часам на левым беразе ракі свае замкі збудаваў Ордэн; тут часта адбываліся вайсковыя сутычкі. Скарыстаў супярэчнасьці паміж інфлянцкімі рыцарамі і рыскім арцыбіскупам і ў 1298 годзе склаў хаўрус з Рыгай і арцыбіскупам, што дало магчымасьць адбіць крыжацкі наступ на Жамойць. Тады ж захапіў крыжацкі замак Каркгаўз. Хаўрус ВКЛ з Рыгай дзейнічаў да канца панаваньня Віценя. Недзе ў той жа час дамову з Рыгай ад імя Полацкага княства склаў полацкі япіскап Якаў, які зваў Віценя сваім сынам. Гэта сьведчыць пра тое, што ў час Віценя паміж Полацкам і ВКЛ працягваліся стасункі, якія пачаліся яшчэ пры Войшалку. Дамова забясьпечвала падпарадкаваньне Полацкай зямлі ВКЛ, але на новых умовах, з захаваньнем мясцовага ладу. Фактычная залежнасьць складваецца і ў дачыненьні іншых княстваў захаду і цэнтру сучаснае Беларусі.
У 1300 годзе Віцень ваяваў Добжынскую зямлю, а ў 1306 годзе быў з вайсковай выправай ля Калішу. Яшчэ адна выправа на Польшчу адбылася ў 1307 годзе. Некаторыя зь іх адбываліся як адказ на падтрымку Мазовіяй тэўтонскіх нападаў.
Ва ўнутранай палітыцы намагаўся ўмацаваць палітычнае адзінства Вялікага Княства Літоўскага. Сяліў на Гарадзеншчыне прусаў, якія ўцякалі ад крыжакоў з Прусіі. Паводле позьняга Васкрасенскага летапісу, далучыў да сваёй дзяржавы тэрыторыю да Бугу, у тым ліку Берасьцейскую зямлю (1315 год[5]).
Пра абставіны сьмерці Віценя дакладных зьвестак не захавалася. Апошні раз упамінаецца ў крыніцах у верасьні 1315 году, калі кіраваў аблогай ордэнскага замку Хрыстмэмэль. Супярэчлівымі бачацца паведамленьні хронік пра ягоную гібель у баі з крыжакамі ці сьмерці ад трапленьня маланкі.
Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Уяўныя партрэты вялікага князя Віценя
З хронікі А. Гваньіні «Апісаньне Эўрапейскай Сарматыі», 1578 г.
З хронікі А. Гваньіні, 1611 г.
Тарасевіч А., 1675 г.
З Коданскай галерэі, 1709 г.
Папярэднік Будзівід |
Вялікі князь літоўскі 1294—1316 |
Наступнік Гедзімін |
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ а б Грыцкевіч А. Віцень // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 458.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 49.
- ^ Ермаловіч М. Віцень // ЭГБ. Т. 2. — Менск, 1994. С. 341.
- ^ Грыцкевіч А. Віцень // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 457.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 40.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае / Рэц. А. Грыцкевіч, У. Ляхоўскі; рэд. З. Санько; картограф В. Цемушаў. — KALLIGRAM, spol s r.o., 2012. — 400 с. : іл. ISBN 978-985-6919-82-7.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
- Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: Тэхналогія, 2001. — 216 с. — 500 ас. — ISBN 978-985-458-050-4
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Малапольскія аналы (працяг малапольскіх аналаў паводле рукапісу Курапатніцкага).
- Дзюнамюндскія анналы — annales dunemundenses
- Старэйшая Аліўская хроніка
|