Перайсьці да зьместу

Чырвоная зьмена

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Чырвоная Змена»)
«Чырвоная зьмена»
Тып двутыднёвая
Уладальнік Газэта «Зьвязда»
Краіна Беларусь
Галоўны рэдактар Алесь Карлюкевіч[1]
Заснаваная 21 красавіка 1921 (103 гады таму)
Палітыка урадавая
Мова беларуская
Штаб-кватэра Менск, Савецкі раён, вул. Б. Хмяльніцкага, д. 10а
Наклад 14,8 тыс. (І.2021)
Афіцыйны сайт zviazda.by/be/inside/chyrvonaya-zmena

«Чырвоная зьмена» (таксама «Чырвонка»; наркам. Чырвоная змена) — беларускамоўная моладзевая газэта Беларусі, заснаваная ў красавіку 1921 году.

З 2002 году дадатак да газэты «Зьвязда»[2].

Першы нумар газэты выйшаў 21 красавіка 1921 году ў дні работы ІІ зьезду камсамола Беларусі. Перадавы артыкул абвяшчаў: «Сёньня выходзіць першы нумар газэты рабоча-сялянскай моладзі „Красная смена“. Нягледзячы на ўсе неспрыяльныя ўмовы, у якіх знаходзіцца Савецкая рэспубліка, нягледзячы на цяжкае гаспадарчае становішча, моладзь Беларусі мае свой орган». Да 1925 году выходзіла на расейскай мове пад назвай «Красная смена». У 1925—1926 гадах — на беларускай і расейскай мовах. У 1920-30-х гадах газэта распавядала аб маладзёжных будоўлях падчас сацыялістычнага станаўленьня грамадзтва.

У гады Вялікай Айчыннай вайны «Чырвоная змена» (са студзеня 1943 году) выходзіла ў падпольлі на базе партызанскай брыгады на востраве Зыслаў у Любанскім раёне Менскай вобласьці, расказваючы аб барацьбе з фашыстамі. Рэдагаваў газэту былы выпускнік менскага Камуністычнага інстытуту журналістыкі (КІЖ) Міхаіл Барашкаў, выхадам газэты кіравала рэдакцыйная калегія, у якую ўваходзілі сакратары ЦК ЛКСМБ Міхаіл Зімянін, Кірыл Мазураў, сакратары Палескага, Менскага і Магілёўскага падпольных абкамаў камсамолу М. Пінязік, Я. Канаплін, П. Валожын. У сакавіку 1944 году «Чырвоная змена» пачала выходзіць у вызваленым Гомелі. Рэдактарам яе замест загінуўшага ў час блякады М. Барашкава стаў таксама прафэсійны журналіст Іван Матыль.

Касьцяк рэдакцыйнага калектыву ў першыя пасьляваенныя гады склалі прафэсійныя газэтчыкі, былыя партызаны, франтавікі-пісьменьнікі Мікола Аўрамчык, Алесь Астапенка, Мікола Гамолка, Алесь Асіпенка, Хведар Бачыла і іншыя. Пры газэце працавала літаратурнае аб’яднаньне, у розныя гады яго чальцамі былі Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Сяргей Законьнікаў, Васіль Зуёнак, Юрась Сьвірка, Уладзімер Паўлаў, Іван Пташнікаў, Барыс Сачанка, Іван Чыгрынаў. Тут адбылося адкрыцьцё таленту і Яўгеніі Янішчыц. З «Чырвонай зменай» ахвотна супрацоўнічаў Уладзімер Караткевіч, тут апублікаваны многія яго вершаваныя творы і эсэ: «Сплятайце рукі», «У тую ноч», «Як стажары ў небе зазьзялі», «Твой зорны шлях». На старонках газэты была апублікавана і аповесьць Васіля Быкава «Жураўліны крык».

У красавіку 1971 году «за мабілізацыю моладзі на выкананьне задач гаспадарчага і культурнага будаўніцтва» «Чырвоная змена» ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага сьцяга.

У 1989 годзе стала адным зь першых беларускіх брэндаў, які пераўвасобіў менскі трамвай пад візуальную рэкляму. Захавалася імя кіроўцы трамвая — адзінай беларускамоўнай трамвайніцы на той час — Надзея Іванова.[3]

У пачатку 1990-х на старонках газэты друкавалася шмат матэрыялаў, прысьвечаных гісторыі Беларусі, а таксама палітычным падзеям у краіне.

З красавіка 2002 выходзіць у якасьці дадатку да газэты «Звязда» раз на два тыдні па чацьвяргах. Заснавальнікамі сёньня зьяўляюцца газэта «Звязда»[4] і грамадзкае аб’яднаньне «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі»[5] (рэгістрацыйны № 12).

Галоўным героем на яе старонках застаецца моладзь, практычная дзейнасьць маладзёжных арганізацыяў. У газэце зьмяшчаюцца інтэрвію з маладзёжнымі лідэрамі вучэбных устаноў і працоўных калектываў. На старонках выданьня публікуюцца матэрыялы з аўдыторыяў вядучых вучэбных устаноў краіны, расказы аб навучальным працэсе, аб падрыхтоўцы да тэставаньня, выніках ўступных іспытаў, аб дасягненьнях беларускіх студэнтаў на міжнародных алімпіядах і конкурсах, ідзе размова аб вакансіях на рынку працы, аб правах выпускнікоў школ і ВНУ на працаўладкаваньне, аб сацыяльнай падтрымцы маладых сем’яў.

Галоўныя рэдактары

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Чырвонка // Чырвоная зьмена. — 14 студзеня 2021. — № 1 (15900). — С. 8.
  2. ^ Газэта «Звязда»
  3. ^ С. Трусевіч Трамвай Надзея // Чырвоная змена. — 1989. — В. 156-157 (13137) 12 жніўня. — С. 1.
  4. ^ Сайт газэты «Звязда»
  5. ^ Сайт БРСМ

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]