Берасьцейскае ваяводзтва
Берасьцейскае ваяводзтва | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Вялікае Княства Літоўскае |
Статус | ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага[d] |
Адміністрацыйны цэнтар | Берасьце |
Дата ўтварэньня | 1566 |
Дата скасаваньня | 1795 |
Ваяводы | Ваяводы берасьцейскія |
Кашталяны | Кашталяны берасьцейскія |
Насельніцтва | гл. Дэмаграфія |
Плошча | 40,6 тыс. км² |
Час існаваньня | 1566—1795 |
Месцазнаходжаньне Берасьцейскаага ваяводзтва | |
![]() | |
![]() |
Берасьце́йскае ваяво́дзтва[a] — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на паўднёвым захадзе Вялікага Княства Літоўскага. Плошча каля 40,6 тыс. км². Сталіца — места Берасьце. Найбольшыя месты: Пінск, Камянец, Кобрынь, Белая, Уладава, Воўчын, Дубровіца, Тураў і Столін.
Сымболіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Герб ваяводзтва меў наступны выгляд: «белая Пагоня ў чырвоным полі з рыцарам, прыбраным у блакітныя фарбы»[1].
Ваяводзкая харугва была блакітнага колеру з выяваю гербу Пагоня ў цэнтры[2].
- Герб Берасьцейскага ваяводзтва Пагоня
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Берасьцейскае ваяводзтва ўтварылася згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў шляхам вылучэньня з Троцкага ваяводзтва.
У часе складаньня Люблінскай уніі (1569 год) у адрозьненьне ад украінскай шляхты, берасьцейцы адмовіліся пераходзіць пад юрысдыкцыю Каралеўства Польскага. Ваяводзтва засталося ў складзе Вялікага Княства Літоўскага[3].
У 1596 годзе адбыўся царкоўны сабор, на якім абвясьцілі Берасьцейскую царкоўную унію. У 1616 годзе ад Берасьцейскага павету да Мельніцкага павету Падляскага ваяводзтва Польшчы далучылі шэраг маёнткаў: Бокавічы, Вітулін, Гарадзішча, Казерады, Межырэч, Палюбічы, Росаш, Яблань ды іншыя[4]. У 1659—1666 гадох у Берасьці працавала мынца[5]. З канца XVII ст. дзеля адрозьненьня ад Берасьце (Бжэсьць) Куяўскага ваяводзтва Польшчы часам ужывалася назва Берасьце Літоўскае ваяводзтва.
Згодна з Канстытуцыяй Рэчы Паспалітай 1791 году ўтварыліся Кобрынскі і Пінска-Зарэчны паветы з цэнтрамі ў Кобрыні і Плотніцы адпаведна[6]. У 1792 годзе Пінска-Зарэчны павет перайменавалі ў Запінскі, а павятовы цэнтар перанесьлі ў Столін[7].
У 1793 годзе другім падзелам Рэчы Паспалітай Расейская імпэрыя анэксавала Пінскі павет. У выніку трэцяга падзелу (1795 год) практычна ўся тэрыторыя ваяводзтва апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, а крайнія заходнія рэгіёны — у Аўстрыі і Прусіі.
Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
На поўначы межавала з Гарадзенскім паветам Троцкага ваяводзтва, Ваўкавыскім, Слонімскім і Наваградзкім паветамі Наваградзкага ваяводзтва, Слуцкім княствам, Мазырскім паветам Менскага ваяводзтва, на ўсходзе — з Оўруцкім паветам Кіеўскага ваяводзтва, на поўдні — з Крэменецкім, Луцкім і Ўладзімерскім паветамі Валынскага ваяводзтва і Холмскай зямлёй, на захадзе — зь Любельскім ваяводзтвам Каралеўства Польскага і Бельскай, Драгічынскай і Мельніцкай землямі Падляскага ваяводзтва[8].
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Ваяводзтва падзялялася на два паветы: Берасьцейскі (тэрыторыя колішніх Берасьцейскага і Камянецкага паветаў) і Пінскі (землі Пінскага, Кобрынскага, Тураўскага, Давыд-Гарадоцкага і Дубровіцкага княстваў).
Назва | Цэнтар | Плошча, тыс. км² |
Староствы |
---|---|---|---|
Берасьцейскі павет | Берасьце | 23 | Берасьцейскае (гродавае) Зёлаўскае Камянецкае Кобрынскае Шарашоўскае |
Пінскі павет | Пінск | 17 | Пінскае (гродавае) Лагішынскае |
Ваяводзкі соймік праводзіўся ў Берасьці. Павятовыя соймікі праходзілі ў Берасьці і Пінску, тамака ж склікалася паспалітае рушаньне.
Берасьцейская і пінская шляхта абірала чатырох паслоў на Вальны сойм Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, а таксама чатырох дэпутатаў на Галоўны Трыбунал.
Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У сярэдзіне XVII ст. Берасьцейскае ваяводзтва налічвала 63 717 дымоў. Паводле сучасных падлікаў, да вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) колькасьць насельніцтва складала каля 510 тыс. чал., па вайне яно скарацілася да 239 тыс. чал.[9]
Ураднікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Асноўныя артыкулы: ваяводы берасьцейскія і кашталяны берасьцейскія
У Сэнаце Рэчы Паспалітай Берасьцейскае ваяводзтва мела двух прадстаўнікоў — ваяводу і кашталяна. Згодна зь Люблінскай уніяй (1569 год) ваявода і кашталян берасьцейскія паводле значнасьці займалі месцы па раўскіх сэнатарах. За ўвесь час свайго існаваньня Берасьцейскае ваяводзтва мела 24 ваяводы[10].
Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 404
- ^ Насевіч В. Гэты сцяг пачынаўся так... // Чырвоная Змена. № 42 (13900), 20 красавіка 1995.
- ^ Цітоў А. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Менск: РІВШ БДУ, 1999.
- ^ Спірыдонаў М. Агляд працы: Michaluk, Dorota. Ziemia mielnicka wojwództwa podlaskiego w XVI—XVII w: Osadnictwo, własność ziemska i podziały kościelne. Torn, 2002. 220, 11 map. // Беларускі гістарычны агляд. Том 9. Сшытак 1-2 (16—17), снежань 2002.
- ^ Грынявецкі В. Берасце // ВКЛ. Энцыкл. — Менск: 2005 Т. 1. С. 314.
- ^ Пазднякоў В. Берасцейскае ваяводства // ВКЛ. Энцыкл. — Менск: 2005 Т. 1. С. 315.
- ^ ЭГБ. — Менск: 1994 Т. 2. С. 88.
- ^ Jelski A. Województwo brzeske // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 340—341.
- ^ Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.
- ^ Jelski A. Województwo brzeske // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 340.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
|