Перайсьці да зьместу

Белая Русь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пагоня як сымбаль Белай Русі (у адрозьненьне ад іншых гістарычных краінаў ВКЛ) на эмблеме Таварыства Літоўскага і зямель Рускіх, 1832 г.

Бе́лая Русь — пачаткова штучная геаграфічная назва, ужываная пераважна ў заходнеэўрапейскім навуковым асяродзьдзі ў дачыненьні да розных рэгіёнаў Усходняй Эўропы. З канца 1620-х гадоў праз пасярэдніцтва польскіх аўтараў[1] пачала ўжывацца ў Вялікім Княстве Літоўскім датычна земляў у басэйне рэк Дзьвіны і Дняпра. З 1655 году была ў тытуле гаспадароў Маскоўскай дзяржавы і кіраўнікоў Маскоўскай царквы. Ніколі не выкарыстоўвалася ў афіцыйнай назьве Вялікага Княства Літоўскага і тытуле вялікіх князёў літоўскіх. Па некананічным[2] захопе Кіеўскай мітраполіі Канстантынопальскага патрыярхату Маскоўскім патрыярхатам (пазьней «Найсьвяцейшым ўрадавым сынодам» Расейскай імпэрыі) праваслаўную Магілёўскую япархію пачалі часта называць «Беларускай». Упершыню трапіла ў афіцыйную назву сьвецкай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, калі па першым падзеле Рэчы Паспалітай у 1772 годзе ўлады Расейскай імпэрыі ўтварылі Беларускае генэрал-губэрнатарства (існавала да 1796 году). Да пачатку 1870-х гадоў датычылася толькі Віцебскай і Магілёўскай губэрняў Расейскай імпэрыі. У 1870-я гады перайшла на Менскую губэрню, а з 1890-х гадоў стала агульнапрынятай назвай усіх тэрыторыяў, якія тагачасная этнаграфія адносіла да беларускіх. У канцы XIX ст. па прыняцьці ідэолягамі беларускага нацыянальнага руху стала нацыянальнай саманазвай.

Мапа «Carta marina» (1539 год), створаная Олафам Магнусам і надрукаваная ў Вэнэцыі. Назва «Russіa Alba» разьмяшчаецца на землях Наўгародзкай рэспублікі

Упершыню фіксуецца ў лацінскай форме Alba Ruscia каля 1255—1260 гадоў у геаграфічным трактаце «Пачатак апісаньня земляў» (відаць, у дачыненьні Наўгародзкай рэспублікі). Наступныя паводле храналёгіі зь вядомых зьвесткі пра Белую Русь паходзяць з твораў паўднёванямецкіх паэтаў 1360-х гадоў — рыфмаванай хронікі Вугоршчыны Генрыха фон Мюгельна і вершаў П. Зухенвірта пра крыжацкія наезды на Пскоў. Пад 1382 годам назва адзінкава (да канца XVI стагодзьдзя такая лякалізацыя не паўтараецца) стасуецца да Полацку, «крэпасьці Белай Русі» (лац. «in quodam castro Albae Russiae, Poloczk dicto»[3]) у «Хроніцы Польшчы» Яна з Чарнкова, у пачатку XV стагодзьдзя часта сустракаецца ў дакумэнтах, зьвязаных з канцылярыяй імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі Жыгімонта Люксэмбурга. Першая датаваная выява Белай Русі ў картаграфіі — на круглай мапе сьвету Фра Маўра (1457 год). Да канца XV стагодзьдзя абсалютная большасьць упамінаў пра Белую Русь належаць да тэрыторыі Наўгародзкай рэспублікі. Гэтая ж тэрыторыя пазначалася як «Белая Русь» і на мапах першай паловы ХVІ стагодзьдзя Робэрта Торна (1527 год), Гергарда Мэркатара (1538 год) і Якуба Гастольда (1548 год)[4]. Узьнікненьне тэрміну «Белая Русь» і яго замацаваньне ў сярэднявечнай геаграфічнай намэнклятуры, магчыма, мае зьвязак з памылковымі ўяўленьнямі схалястаў пра мітычную краіну Альбанію, якая «мяжуе на ўсходзе з Касьпійскім морам і ўзыходзіць па ўзбярэжжы да Паўночнага акіяну, прасьціраючыся да Меаційскіх азёраў і да найдзічэйшых пустынных месцаў» (Барталамей Ангельскі).

Плян Масквы (Аўгсбург, 1610 год), выдадзены паводле прывілею Жыгімонта Вазы: «Масква — сталіца ўсяе Белай Русі» (лац. «Moscovia urbs metropolis tutius Russiæ Albæ»)

З апошняй чвэрці XV стагодзьдзя (лекцыі італьянскага гуманіста Пампонія Лэта, паэма Матэа Баярда «Закаханы Раланд» і мапы сьвету Генрыха Мартэла з Фларэнцыі), фіксуецца назва Белая Русь у дачыненьні да нізоўяў Дону і Паўночнага Прычарнамор’я. Гэтая другая Russia Alba пасьлядоўна не аддзялялася ад першай, бо, паводле геаграфічных уяўленьняў Сярэднявечча, вытокі Дону знаходзіліся далёка на поўначы, недзе побач з Ладаскім возерам.

На мапах ХV стагодзьдзя Фра-Маўро (1459), Кардынала з Кузы (1460) ды іншых аўтараў пад назовам «Белай Русі» выступала Маскоўшчына. Манах Сымон Суздальскі, які асабіста быў на Флярэнтыйскім саборы ў 1439 годзе і апісаў гэты сабор, у адраведным сваім нарысе Маскоўшчыну называе «Белай Русьсю». Маскоўскі вялікі князь Іван ІІІ ў сваёй грамаце 1469 году да папы Паўла ІІ тую ж Маскоўшчыну называе «Белай Русьсю» («Moscovia sive Alba Russia»), і ў пасольстве 1472 году да Рыму ён таксама выступае як «князь Белай Русі» («послы государя Белой Руси»). «Белай Русьсю» Маскоўшчына называецца і ў лісьце да папы Клемэнта VІІ маскоўскага вялікага князя Васіля ІІІ (1505—1533). Вэнэцыянскі дыплямат Амброджа Кантарыні, які ў канцы 1476 — пачатку 1477 году наведаў Маскву, у сваіх успамінах таксама называе Івана ІІІ «князем Вялікай Белай Русі» («signor della Gran Rossia Bianca»)[5]. Зьмяненьне сэнсу назвы «Белая Русь» выклікала ўваходжаньне ў 1471—1478 гадох тэрыторыі Наўгародзкай рэспублікі — адзінай часткі цяперашняй Расеі, якая дагэтуль мела цесныя гандлёвыя і культурныя кантакты з Заходняй Эўропай — у склад Маскоўскай дзяржавы. Ужо вядомая эўрапейцам Белая Русь — Ноўгарад стала сынонімам малазнаёмай Масковіі. Замацаваньню ў эўрапейскай традыцыі тэрміна Russia Alba ў такім значэньні паспрыяла і выкарыстаньне панегірыстамі маскоўскага вялікакняскага дому эпітэту «белы» ў значэньні «вялікі», «высакародны». У «Звычаях усіх народаў» Яна Багемскага выданьня 1538 году разам з Маскоўшчынай «Белай Русьсю» яшчэ называліся Пскоўшчына і Наўгародчына.

Створаная ў 1613 годзе Тамашам Макоўскім на заказ Мікалая Радзівіла «Сіроткі» мапа Вялікага Княства Літоўскага, на якой ня значацца гістарычных краінаў «Літвы» або «Русі», аднак ёсьць Жамойць і Палесьсе

У XVI—XVIII стагодзьдзях назва «Белая Русь» магла выступаць у якасьці азначэньня арэалу праваслаўнае веры (у тым ліку датычна ўніятаў). Гэтак, у данясеньні ў Рым папскага нунцыя ў Польшчы ў 1569 годзе Кіеў называўся «сталіцаю Белае Русі»[6]. Аляксандар Гваньіні ў сваёй «Хроніцы Эўрапейскай Сарматыі» пісаў, што «Белая Русь знаходзіцца каля Кіева, Мазыра, Амсьціслава, Віцебску, Воршы, Полацку, Смаленску і ў Северскай зямлі, якія здаўна належалі Вялікаму Княству Літоўскаму». У 1632 годзе, з рэлігійных прычынаў, біскуп Амсьціслаўскай япархіі Язэп Бабрыковіч менаваў сябе «біскупам беларускім», маючы наўвеце сваю прыхільнасьць да праваслаўя. Таксама гетман Багдан Хмяльніцкі (1595—1697) выступаў як «гетман Белай Русі». Паводле азначэньня ягонага пісара Івана Выгоўскага, гэтая «Белая Русь» тады прасьцягалася «от Смоленска к Киеву, и к Чернигову, и к Белой Церкве, и к Старому Констентинову», гэткім спосабам, улучаючы ў сябе Заходнюю Расею, Цэнтральную Ўкраіну і заходзячы нават у Падольле[7].

Падзел на Белую, Чорную і Чырвоную Русь у агульнапрынятым цяпер выглядзе выснаваўся не раней за другую палову XVII стагодзьдзя і ні ў якім разе ня можа лічыцца спадчынай уласна славянскіх уяўленьняў пра падзел Русі. Чорная Русь ніколі не была аўтэнтычнай назвай Верхняга Панямоньня, як і Белая — Падзьвіньня і Прыдняпроўя. З усіх трох «каляровых» тэрмінаў першым зьявілася менавіта Белая Русь. Тэрміны Чырвоная Русь і Чорная Русь узьніклі амаль адначасна і працяглы час «канкуравалі» за «права» абазначаць адны і тыя ж тэрыторыі.

Найдаўнейшы помнік усходнеславянскага паходжаньня, які згадвае Белую Русь, — «Слово избранное от святых писаний еже на латыню», створанае, праўдападобна, сэрбам Пахоміем Лагафетам у Ноўгарадзе каля 1461 году.

Фрагмэнт мапы Рэчы Паспалітай, паводле якой назвы «Літва» і «Літоўская або Белая Русь» накладаюцца адна на адну, тым часам Жамойць падаецца асобна

У ВКЛ тэрмін Белая Русь вядомы з канца XV стагодзьдзя і ў большасьці выпадкаў датычыў Маскоўскай дзяржавы (напрыклад, на мапе Віда-Ляцкага 1542 году, першай мапе, створанай на тэрыторыі ВКЛ), радзей — Ноўгараду. Да часткі тэрыторыі сучаснай Беларусі, перш за ўсё да Полаччыны, назву Белая Русь пачалі трывала дастасоўваць у сярэдзіне XVI стагодзьдзя («Гісторыя палякаў» Марціна Кромэра, 1555 год). Чарговае пераасэнсаваньне назвы абумовілі абставіны Інфлянцкай вайны, у першую чаргу — знаходжаньне Полацку пад маскоўскай акупацыяй у 1563—1578 гадох. Магчыма, некаторы час штучны навуковы тэрмін ужываўся як агульная назва земляў, вяртаньня якіх Рэчы Паспалітай патрабавала польска-літоўскае грамадзтва. Да таго ж аўтары павярхоўных гістарычна-геаграфічных кампіляцыяў, што складаліся ў Заходняй Эўропе, часта зьмешвалі зьвесткі пра заваяваньне Ноўгараду Іванам ІІІ і захоп Полацку Іванам IV у 1563 годзе. У значэньні «Русь Літоўская» тэрмін Белая Русь спачатку ўжывалі або іншаземцы (Марцін Кромэр, Аляксандар Гваньіні), або ўраджэнцы ВКЛ — прадстаўнікі адукаваных пластоў грамадзтва «заходняй» арыентацыі — у тым ліку Салямон Рысінскі, які ўпершыню ўжыў тэрмін «leucorussus» (грэцка-лацінскае «беларус») як этнічную саманазву. У канцы XVI — пачатку XVII стагодзьдзяў назва Белая Русь трапляе з твораў польскіх гісторыкаў і публіцыстаў у хронікі ВКЛ: «Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсёй Русі» Мацея Стрыйкоўскага, «Хроніку літоўскую і жамойцкую», ды іншыя. Тым часам назва «Белая Русь» зусім не сустракаецца ані ў дзяржаўных актах Вялікага Княства Літоўскага, ані ў літоўскіх летапісах, улучна з Быхаўцавай і Баркулабаўскай хронікамі. Вядомы прыхільнік маскоўскіх гаспадароў манах зь Берасьцейшчыны Апанас Філіповіч, які шмат вандраваў у Вялікім Княстве Літоўскім і наведваў Маскоўскую дзяржаву, у сваім «Дыярыюшы», пісаным у 1640-х гадох, пад «Белай Русьсю» яшчэ разумеў Маскоўшчыну.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага з мапы 1770-х гадоў: «Літоўская або Белая Русь» азначаецца як складовая частка Сапраўднай Літвы (анг. Lithuania Proper), якая таксама ўлучае «Літоўскія ваяводзтвы». Тым часам Жамойць падаецца асобна ад Літвы — паміж роднаснымі жамойтам Інфлянтамі і Курляндыяй

Алег Латышонак у сваёй працы, прысьвечанай назьве «беларусы», зазначыў:

«Паводле дзіўнай іроніі лёсу, як „беларусакі“, так і „беларусцы“ ў рускіх тэкстах [Рэчы Паспалітае] сустракаюцца толькі ў адзінкавых выпадках. У той жа час найменьне „беларусцы“ шырока прыжылося ў маскоўскім пісьменстве»[8].

У 1611 годзе ў час так званай «Смуты» (то бо захопу Масквы войскамі Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага) маскоўскае баярства часова прызнала ўладу караля польскага і вялікага князя літоўскага над Маскоўскай дзяржавай, і каралевічу Ўладзіславу прысягнулі 10 тыс. маскавітаў. Было пастаноўлена, што Масква ўвойдзе ў склад Рэчы Паспалітай, і стане сталіцаю апрычонага ўдзелу РП пад назвай «Белая Русь». З гэтай нагоды тады склалі адмысловую мапу, пад назвай «Масква — сталіца ўсяе Белай Русі».

Мапа («Географический атлас Российской империи», 1851 г.)[9], дзе этнічная тэрыторыя беларусаў мае подпісы «літоўцы» (на поўдзень ад Горадні і Менску) і «беларусы»

Пашырэньне вядомасьці Белай Русі ў афіцыйных колах Маскоўскай дзяржавы і ў праваслаўнага насельніцтва Рэчы Паспалітай пачалося амаль адначасна, з 1620-х гадоў. Так, паводле маскоўскага дакумэнту 1621 году, «Степанка Борисов… в роспросе сказал: родом де он литвин, родился в Белой Руси в Борисове городе… а отец де у него жив в Литве»[10]. Назва Белая Русь адразу ж набыла выразную ідэалягічную афарбоўку: яе асноўным зьместам на доўгія стагодзьдзі стала ідэя аб’яднаньня (а пазьней — захаваньня) усіх «рускіх» земляў пад уладай Масквы. Разам з тым, у маскоўскіх афіцыйных дакумэнтах 1640—1650-х гадоў у склад Белай Русі ўкраінскія тэрыторыі ўлучалі часьцей, чым беларускія, а тэрмінам «белоруское письмо» абазначалі ўсю лучнасьць графічных і лексычных асаблівасьцяў, якія адрозьнівалі старабеларускую мову ад маскоўскай. Аднак назвы «Ўкраіна» і «Малая Русь» хутка выціснулі Белую Русь з ужытку ў гэтым значэньні. Белая Русь у значэньні «Маскоўская дзяржава» сустракаецца на некаторых эўрапейскіх мапах нават у XVIII стагодзьдзі, але ўсё радзей. Расейскі гісторык Васіль Тацішчаў (1686—1750) адносіў узьнікненьне тэрміну «Белая Русь» да XII стагодзьдзя як назвы Растова-Суздальскіх земляў (Залесьсе)[11], у выніку чаго князь Андрэй Богалюбскі (1111—1174) выступаў як «князь Белае Русі»[4].

З канца XVII — пачатку XVIII стагодзьдзяў геаграфічная прывязка назвы стабілізуецца: яна канчаткова замацоўваецца за часткай земляў ВКЛ, здаўна называных Русьсю (у вузкім сэнсе). Кароль і вялікі князь (1648—1668) Ян Казімер з ініцыятывы сэнатараў ВКЛ зрэдку называў сябе ў лістох «вялікі князь літоўскі і Белай Русі <…>» (адзін раз «вялікі князь літоўскі, рускі, Белай Русі і жамойцкі <…>»)[12]. Віцебскі летапіс паведамляў пад 1702 годам, што «швэд увайшоў на Жамойць, а потым да Літвы і Белай Русі»[13]. А выданьне манахаў-францішканаў (Вільня, 1772 год) наступным спосабам азначала правінцыю гэтага ордэну ў Вялікім Княстве Літоўскім: «правінцыя Літоўская, Беларуская і Жамойцкая»[14]. А ў лісьце Казімера Льва Сапегі (1654 г.) зазначаецца, што «Беларускі край і ў ім жыльлё нашае стогне пад рукою і зброяй масквіцінаў і казакоў»[15], і потым пералічваюцца гарады, якія і падпалі пад варожую навалу: Смаленск, Горы, Дуброўна, Быхаў і Віцебск. Тым часам адукацыйны атляс Рэчы Паспалітай і Прусіі прафэсара Маскоўскага ўнівэрсытэту Філіпа Дыльтэя(ru) (выйшаў з друку ў 1775 годзе на францускай і расейскай мовах) падзяляў усё Вялікае Княства Літоўскае на «ўласна Літву»[a] і Жамойць, прытым «уласна Літва» ўлучала ў сябе «Белую Русь»[16]. Таксама выдадзены ў 1776 годзе ў Лёндане падручнік з геаграфіі паведамляў пра падзел Вялікага Княства Літоўскага на «ўласна Літву, Жамойць і Курляндыю», прытым уласна Літва падзялялася на «Літоўскія ваяводзтвы і Белую Русь» (адзначалася, што апошняя знаходзіцца пад уладай Расейскай імпэрыі)[17]. Раней падобны падзел ВКЛ на «ўласна Літву» (з васьмю ваяводзтвамі) і Жамойць адзначаўся ва «Ўнівэрсальнай геаграфіі» (1715 год) францускага гісторыка і картографа Клёда Буф’е(uk)[18], а таксама ў працы ангельскага сьвятара Рычарда Грэя(en) «Memoria Technica» (1730 год, пазьней некалькі разоў перавыдавалася), дзе значыўся падзел ВКЛ на «Курляндыю, Жамойць і ўласна Літву»[19].

Па анэксіі земляў Вялікага Княства Літоўскага (1772, 1793, 1795 гады) улады Расейскай імпэрыі, як адзначае гісторык Уладзімер Арлоў, спрыялі пашырэньню назвы беларусы, бо гэтая назва больш адпавядала імпэрскім інтарэсам і дазваляла трактаваць ліцьвінаў як разнавіднасьць расейцаў («вялікарусаў»). Разам з тым, гэтая назва замацавалася за ўсім насельніцтвам толькі на мяжы XIX і XX стагодзьдзяў[20].

У выдадзеных у 1780 годзе пры Імпэратарскай акадэміі навук «Тапаграфічных заўвагаў» да падарожжа маскоўскай гаспадыні Кацярыны II ў «Беларускія намесьніцтвы» зазначалася, што Полацак «заставаўся Літоўскай сталіцай да пабудовы Гедзімінам места Вільні»[21]. Хаця Магілёўшчына і была ў складзе «Беларускага» намесьніцтва, мясцовыя народныя легенды аб атрыманьні Магілёвам сваёй назвы мянуюцца імпэратрыцай «літоўскімі» («преданїя Литовскїя»)[22]. У афіцыйным аглядзе Расейскай імпэрыі 1787 году (перавыдаваўся ў 1793 годзе) адзначалася, што Магілёўскае намесьніцтва складае частку «Беларусі» (рас. «Бело-Руссии»), а «яго жыхары — гэта палякі і літва, якія спавядаюць рымска-каталіцкі, грэцкі і ўніяцкі законы; ёсьць тут таксама жыды» (рас. «жители оного суть поляки и литва, исповедующие римско-католицкий, греческий и униатский закон; здесь есть также жиды»)[23]. Такі ж склад насельніцтва пазначаўся для Полацкага намесьніцтва, якое называлася другой часткай «Беларусі»[24]. Геаграфічны слоўнік Расейскай дзяржавы 1788 году азначаў «літву» як «народ, які насяляе Полацкае і Магілёўскае намесьніцтвы»[25], а таксама зьмяшчаў артыкул «Белоруссия, или Белая Россия» з азначэньнем «краіна, далучаная да Расеі <…> за панаваньнем Кацярыны II <…>, як то павет Дынабурскі, ваяводзтвы Амсьціслаўскае, Віцебскае, часткі паветаў Аршанскага і Рэчыцкага <…> цяпер жа ўся Беларусь падзяляецца на два намесьніцтвы: Полацкае і Магілёўскае»[26]. Тым часам у выдадзеным да першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) пры Імпэратарскім Маскоўскім унівэрсытэце атлясе зазначалася, што «Белая Расія <…> складаецца з Смаленскай губэрні»[27], а прафэсар Маскоўскага ўнівэрытэту Харытон Чабатароў(ru) у першым падручніку расейскай геаграфіі «Географическое методическое описание Российской империи…» (выйшаў з друку ў 1776 годзе) пісаў: «З даўніх часоў прыналежныя да Расеі землі складаюць тры галоўныя яе часткі, гэта значыць: вялікую, малую і белую Расію. <…> Белая Расія, Rossia alba, ляжыць да Польскіх граніцаў паміж вялікай і малой Расіяй. Яна складаецца з аднаго Смаленскага княства <…> Смаленскае княства паводле цяперашняга падзелу называецца Смаленскай губэрняй»[28][b]. Выдадзеная у 1843 годзе 2-я частка «Геаграфіі Расейскай імпэрыі» Івана Паўлоўскага(ru) паведамляла, што «ў Беларусі агулам жывуць літоўцы і рускія; у местах пераважна палякі і жыды»[c][30].

Пагоня як сымбаль Беларусі зь нямецкага гербоўніка 1859 году

Разам з тым, яшчэ ў складзеным у 1815 годзе сьпісе ўраднікаў-базылянаў Віленскай уніяцкай мітрапаліцкай япархіі адзін чалавек прылічыў сябе да «беларускай нацыі» (тым часам 16 чалавек прылічылі сябе да «літоўскай нацыі»)[31][d]. У 1827 годзе расейскі навуковец Пётар Кёпэн(ru) азначаў нашчадкаў крывічоў як «літоўска-рускіх» (рас. Литовско-Русских)[33], «ліцьвіна-русаў» (рас. Литвино-Руссов) і «беларусцаў» (рас. Белорусцев)[34], а ў 1836 годзе расейскі гісторык Міхаіл Пагодзін(ru) пісаў пра Ўкраіну: «Прыйшлі жа туды яшчэ пазьней літоўцы або беларусцы, з Гедзімінам, і ўвялі ў пісьмовы ўжытак сваю мову»[e][35]. Створаная ў 1832 годзе эмблема Таварыства Літоўскага і зямель Рускіх сьцьвярджала літоўскі герб Пагоню як сымбаль Белай Русі (у адрозьненьне ад іншых гістарычных краінаў ВКЛ), таксама ў выдадзеным у 1871 годзе «Археаграфічным зборніку дакумэнтаў» зазначалася, што «герб беларускі здаўна вершнік белы ў чырвоным полі, які мае шаблю перад сабою»[36].

У адной запісцы пачатку XIX ст. (з архіву канцалярыі вайсковага міністэрства Расейскай імпэрыі) адзначалася, што «Віленская і Гарадзенская губэрні паводле аднапляменства жыхароў, паводле адзінства мовы і веры больш за іншыя ўхіляюцца ад збліжэньня з Расеяй, у губэрнях Беларускіх, асабліва ў Віцебскай, норавы пачынаюць зьмяняцца, чаму і можна спадзявацца, што тыя і зусім абмаскаляцца»[f][37]. Тым часам выдадзеная ў 1869 годзе кніга «Апошняе слова пра польскае пытаньне ў Расеі», якая апісвала захады дзеля абмаскаленьня колішняга Вялікага Княства Літоўскага, вызначала ў «Заходнім краі» наступныя тры «народнасьці»: жмудзінаў, якіх прапаноўвалася ніяк не русіфікаваць і ўсяляк падтрымліваць («калі яны пачнуць паважаць расейцаў, яны стануць цалкам адданымі нам і мы ўсё наступнае стагодзьдзе можам быць пэўнымі ў іх адданасьці»); беларусаў, якія «людзі чыста расейскія, але… стаяць на найніжэйшай ступені разьвіцьця, таму ў палітычных дачыненьнях абсалютна нікчэмныя; яны будуць рабіць тое, што прымусяць абставіны»; трэцяя жа «народнасьць» у кнізе не называлася паводле імя, адзначалася толькі, што яна насяляе Гарадзенскую, большую частку Віленскай і Менскай губэрняў і што, калі жмудзінаў і беларусаў можна прывязаць да Расеі, то гэтая трэцяя «народнасьць» ёсьць напраўду вельмі небясьпечнай праз сваю гістарычную варожасьць да «маскалёў»[38].

Краіна «Літва і Беларусь» (польск. «Litwa i Białoruś»), асобная ад Жамойці (Żmujdź), 1916 г.

У канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзя нацыянальная эліта гістарычных ліцьвінаў пры чынным удзеле выхадцаў з шляхты колішняга Вялікага Княства Літоўскага — простых нашчадкаў гістарычнай Літвы[39] (з шляхты паходзілі заснавальнікі Нашай Нівы браты Іван і Антон Луцкевічы, заснавальнік першай беларускай партыі Вацлаў Іваноўскі, адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады паэт Карусь Каганец, стваральнік беларускага тэатру Ігнат Буйніцкі, клясыкі беларускай паэзіі Алаіза Пашкевіч і Янка Купала, адзін з пачынальнікаў нацыянальнага адраджэньня Вацлаў Ластоўскі, аўтар навукова вызначаных межаў этнічнай тэрыторыі беларусаў гісторык і этнограф прафэсар Мітрафан Доўнар-Запольскі ды іншыя[g]) — якая выступала за адраджэньне свайго народа і яго дзяржаўнасьці, абрала назвы «Беларусь» і «беларусы». Аднак частка літоўскай шляхты (найперш буйныя землеўласьнікі — зямяне) не сьпяшалася і нават асьцерагалася прымаць назву «беларусы». Дачка Ежы Чапскага, які ў 1917 годзе ўсё ж назваў сябе беларусам[41], графіня Марыя Чапская (1894—1981) у сваім эсэ «Florian Czarnyszewicz» (1965 год, Парыж) патлумачыла, якое стаўленьне было ў літоўскай шляхты да сялянаў і чаму зямяне не прымалі назвы «беларусы», прыводзячы вытрымкі з палемічных лістоў Флярыяна Чарнышэвіча, напісаных па-беларуску да Кастуся Акулы і пазьней перасланых ёй копіяй: «Важна тое, што спадар зьяўляецца сынам свайго краю. Я таксама ёсьць сын Вялікага Княства Літоўскага. Мой бацька і дзед, і дзед майго дзеда нарадзіліся і злажылі свае косьці ў гэтай зямлі; і суджу, што можна мне родны край кахаць і тужыць па ім, і думаць аб ім, і цешыцца, калі гаспадары чыняць штось мудрае і шляхетнае, і самоціцца, калі памнажаюць памылкі. <…> І не былі гэта караняжы, а сыны Вялікага Княства Літоўскага, многія ў доме ня мовілі па-польску, але назвы „бела-“ ці „чарнарусаў“ не прымалі, бо „рускі“ для іх азначаў тры чацьвертых маскаля. Называлі сябе палякамі, але чулі сваю своеасаблівасьць. І калі б тады якая мудрасьць, якісь аўтарытэт пагадзіўся і прывёў у жыцьцё найменьне „літоўца“ (у значэньні міцкевічаўскім) альбо крывічаніна, ахвотна бы тое прынялі»[42].

Асноўны артыкул: Ліцьвінства

Палітык і грамадзкі дзяяч Зянон Пазьняк дае наступныя тлумачэньні, чаму дзеячы нацыянальна-вызвольнага руху мелі выступіць пад назвай «Беларусь»[43]:

І нарэшце, чаму нацыянальныя дзеячы ўмоўнай «Літвы», разумеючы гісторыю, ня выступілі пад аб’яднаўчым тэрмінам «Літва», але пад назвай «Беларусь»? Адказ на паверхні: таму што аб’яднаўчым тэрмінам у гэтай сытуацыі магла быць толькі Беларусь. Гэта ўжо была навуковая і палітычная рэальнасьць. Нашыя нацыянальныя дзеячы таго часу — гэта былі мудрыя людзі, якія грунтаваліся на аб’яднаўчай нацыянальнай ідэі, умелі стратэгічна думаць і глядзець наперад, абапіраліся на навуку і на рэчаіснасьць. Сытуацыя была такой, што калі б яны кансэрватыўна ці рамантычна выступілі пад назовам «Літва», то ўсходнюю Беларусь мы маглі б страціць назаўсёды. Царская Расея скарыстала б канфэсійны падзел і тэрміналёгію ў сваіх інтарэсах з усёй магутнасьцю імпэрскай прапаганды, бюракратычнага апарату і царквы. Вось тады зьявілася б у Расеі рэальная Белая Русь, якую б яшчэ і натравілі супраць «католической литовской ереси» ды «сэпаратызму». Бальшавікі давяршылі б гэты падзел ужо ў сьведамасьці. А сьведамасны падзел, як вядома, нашмат горшы і разбуральны, чым падзел тэрытарыяльны. Стаўка на назву «Літва» была б у тых умовах ужо сэпаратысцкай і тупіковай. У лепшым выпадку — маргінальнай. Нацыянальныя дзеячы-адраджэнцы абазначылі і ўключылі ў нацыянальны рух усю літоўскую тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага (умоўную Літву і Беларусь) пад агульнай назвай Беларусь. У выніку расейская прапаганда не змагла фармальна ўклініцца ды падзяліць адзіную ідэю (хоць увесь час імкнулася). Расея ў такіх абставінах вымушана была агулам непрызнаваць і змагацца зь беларускім нацыянальным рухам. Расейцам у ідэйным пляне фармальна нічога не дасталося. <…> Беларуская нацыя адбылася ў пачатку ХХ стагодзьдзя. Вяршыняй гэтага працэсу было стварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі, прытым дакладна ў дзяржаўна-этнічных межах гістарычнай Літвы.

Моўная мапа з этнаграфічнага атлясу (Лёндан, 1850 г.): літоўская мова (Lithuanian) займае ўсю этнічную тэрыторыю беларусаў (ад Горадні да Смаленску), жамойцкая мова (Samogitian) — этнічную тэрыторыю летувісаў

Беларускі рэлігійны дзяяч Францішак Чарняўскі пісаў у сваім лісьце да іншага ўдзельніка беларускага хрысьціянскага руху Пятра Татарыновіча: «Да мяне прыходзіла „Наша Ніва“. Калі я быў у гарадзкім вучылішчы, адзін зь сяброў мяне запытаў: „Кім мы ёсьць: адны нас залічаюць да палякаў, другія да рускіх?“. Мой адказ, што мы не адно, ані другое. Ведаем з гісторыі, што наш назоў ліцьвіны, але нашы адраджэнцы ідуць да адражэньня пад назовам Беларусь. Незадоўга пасьля таго і школьная ўлада ведала за каго я сябе ўважаю. А калі пайшоў да інспэктара, каб атрымаць пасьведчаньне, якое было патрэбным пры ўступленьні ў сэмінарыю, той радзіў мне беларускасьцяй не займацца, бо гэта цемната і мова брыдкая… Я адважыўся сказаць; „Праўда, народ наш цёмны, але не са сваёй віны, а што датычыць мовы, то мне здаеца, што яна ёсьць харашэйшай і ад рускай і ад польскай“»[44].

У 1918 годзе прафэсар славянскіх моваў і літаратураў Бэрлінскага ўнівэрсытэту Аляксандар Брукнэр апублікаваў артыкул «Зь беларускай нівы» (польск. «Z niwy białoruskiej»), дзе падкрэсьліваў, што гістарычная літоўская — гэта беларуская мова, якая была афіцыйнай мовай Вялікага Княства Літоўскага, што гістарычныя ліцьвіны — гэта беларусы, а гістарычная літоўшчына — гэта беларушчына: «…па-літоўску г. зн. па-беларуску пісаныя ўсе літоўскія акты, хронікі, статуты… …ліцьвін, г. зн. беларус… …літоўшчына, г. зн. беларушчына…»[h][45]. У 1922 годзе прафэсар гісторыі Віленскага ўнівэрсытэту Фэлікс Канечны(be) апублікаваў артыкул з прапановай тэрміналягічна аддзяляць летувіскую мову (польск. język letuwski) ад гістарычнай літоўскай (беларускай), а таксама Летуву (польск. Letuwa) — ад гістарычнай Літвы і летувісаў (польск. Letuwini) — ад гістарычных ліцьвінаў: «пасольства яго [Уладзіслава Ягайлы] у Кракаў (аб руцэ Ядвігі) не патрабавала перакладніка, бо яны выкарыстоўвалі беларускую мову. Тая мова вякамі лічылася „літоўскай“ і так нават часта называлася. У Польшчы нават ня ведалі пра існаваньне летувіскай мовы, пакуль яе не адкрыла парафіяльнае духавенства»[i][46]. 18 сакавіка 1928 году гэтую прапанову абмяркоўвалі на паседжаньні Віленскага аддзелу Польскага гістарычнага таварыства, дзе Фэлікс Канечны выступіў зь лекцыяй «Этнаграфічная тэрміналёгія ў Вялікім Княстве Літоўскім», адзначаючы: «у крыніцах часта ўпамінаецца літоўская мова, але маецца на ўвазе не летувіская мова, а беларуская. Афіцыйнай мовай у Вялікім Княстве Літоўскім была беларуская»[j][47].

Пікет у Менску з плякатам лацінкай: «Вярнуць народу яго спрадвечныя сымбалі: герб Пагоня й бел-чырвона-белы сьцяг, а таксама назоў Бацькаўшчыны — Літва, сталіцы — Менск!» (19.09.1991 г.)

У працах гісторыка Вацлава Пануцэвіча (1911—1991), які выдаваў у Чыкага навуковы часопіс «Litva», Літва — гэта Беларусь (як і ліцьвіны — гэта беларусы, а літоўская мова — беларуская мова)[48]. Гісторык і мовазнаўца Ян Станкевіч (1891—1976), які таксама ўжываў датычна Беларусі назву Літва (як і да беларусаў — назву ліцьвіны, а да беларускай мовы — назву літоўская мова[49]), пазьней папулярызаваў назвы Вялікалітва, вялікаліцьвіны, вялікалітоўская мова[50].

Гісторык права Язэп Юхо яшчэ ў 1968 годзе зьвяртаў увагу на поўнае ігнараваньне афіцыйнай савецкай гістарыяграфіяй таго факту, што Літва і ліцьвіны былі гістарычнымі назвамі Беларусі і беларусаў: «У афіцыйных дакумэнтах XVI—XVIII стагодзьдзяў, апроч „Літвы“, для ўсёй тэрыторыі Беларусі другога найменьня наогул не існавала, і ўвесь народ называлі Літвой. У нашай жа гістарычнай літаратуры да цяперашнага часу ігнаруюць гэтае найменьне народу, якое ён насіў больш чым 500 гадоў»[51]. З улікам гістарычнай дзяржаўнай пераемнасьці Беларусі зь Вялікім Княства Літоўскім лідэр Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ Зянон Пазьняк вылучаў у 2005 годзе прапанову прыняць поўную назву краіны Вялікае Княства Літоўскае Беларусь з захаваньнем скарочанай назвы — Беларусь[52]. Гэтую прапанову падтрымаў гісторык Анатоль Грыцкевіч, аднак гісторык Уладзімер Арлоў бачыць магчымасьць зьмены назвы дзяржавы толькі ў далёкай пэрспэктыве («не раней, чым кожны беларус будзе ўсьведамляць, што ў гістарычнай рэтраспэктыве Літва — гэта тое самае, што Беларусь»)[53]. Тым часам беларускі гісторык права Таісія Доўнар зазначае, што «менавіта ў зьвязку з гістарычнымі зьменамі назвы беларускага народа і цяпер часам узьнікае блытаніна датычна айчыннай гісторыі… магчыма, мелі рацыю навукоўцы, якія ў пачатку 90-х гадоў прапаноўвалі назваць нашу дзяржаву Вяліка-Літоўская Беларусь»[54].

Існуюць таксама прыхільнікі тэрміновай зьмены назвы Беларусі на Літву, аргумэнтацыю якіх агучыў гісторык Ян Лялевіч. Ён мяркуе, што назва Літва «легімітызуе нашую краіну ў мінуўшчыне, для сучаснасьці, дае легітымізацыю для нашай будучыні», тым часам «закладзенае дамінаваньне гістарычнага кантэксту Русі» ў назьве Беларусі напраўду прыводзіць да дамінаваньня Расеі (праз афіцыйныя саманазвы расейцаў і расейскай мовы — рас. «русские» і рас. «русский язык», гвалтоўна ўведзеныя ў наркамаўку як «рускія» і «руская мова»). Адпаведна, на думку Яна Лялевіча, у назьве Беларусі крыецца «праблема самаідэнтыфікацыі нашага народа»[55].

Гісторык Аляксандар Краўцэвіч, адзначаючы бясспрэчнасьць таго, што Літва і ліцьвіны ёсьць гістарычнымі назвамі Беларусі і беларусаў, што пераняцьце гэтых назваў Летувой і летувісамі было гістарычна не правамерным і што «наш народ прыняў сучасную назву, вядома, пад прымусам Расеі»[56], выступае катэгарычна супраць зьмены назвы краіны і нацыі, бо «назва „Беларусь“ напоўненая вялікім і магутным сэнсам, увайшла ў масавую сьвядомасьць, мае моцную ідэалёгія і магутны мастацка-літаратурны падмурак». Адпаведна, «прыдумваць праекты па адмове ад гэтай назвы і прыняцьцю іншай — гэта значыць аслабляць нацыю, якая называецца беларускай»[56].

  1. ^ франц. «Lithuanie propre», рас. «Литва собственная»
  2. ^ Далей жа, аднак, пры падрабязным апісаньні тагачаснага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Расейскай імпэрыі аўтар ўжо адзначае, што Смаленская губэрня з наступнай Магілёўскай і большай часткай Пскоўскай губэрні «складае гэтак званую Белую Расію» (рас. «составляет так называемую Белую Россию»)[29]
  3. ^ рас. «В Белоруссии вообще живут Литовцы и Русские; в городах преимущественно Поляки и Евреи»
  4. ^ Тым часам «Песьню беларускіх жаўнераў 1794 году», дзе аўтар зьвяртаецца да «беларусаў», літаратуразнаўца Мікола Хаўстовіч азначае як беларускі пераклад «Песьні ўкраінскіх казакаў», створаны на мяжы XIX—XX стагодзьдзяў[32]
  5. ^ рас. «Пришли же туда еще позднее Литовцы или Белорусцы, с Гедемином, и ввели в письменное употребление свой язык»
  6. ^ рас. «Виленская и Гродненская губернии по единоплеменству жителей, по единству языка и веры более прочих устраняют от сближения с Россиею, в губернях Белорусских, особенно в Витебской, нравы начинают изменяться, почему и можно надеяться, что оные и вовсе обрусеют»
  7. ^ Як зазначае гісторык Сяргей Токць, «Менавіта выхадцы з шляхты колькасна пераважалі ў беларускім нацыянальным руху на пачатковай фазе яго разьвіцьця і стварылі тады большасьць тэкстаў, якія заклалі культурны канон нацыянальнай ідэі»[40]
  8. ^ польск. «Tento białoruski język ma własną przeszłość, wcześniejszą nierównie i światlejszą niż mało- lub wielkoruski, ale pod obcą, litewską nazwą w niej się ukrywa. Był bowiem językiem urzędowym na całej Litwie; po litewsku; t. j. białorusku spisywano akty, kroniki, statuty; on pierwszy w druku się pojawił, równocześnie z polskim, w Biblii doktora Skoriny w Pradze i Wilnie około 1520 r. <…> Więc mógł sobie niegdyś tuszyć Litwin, t. j. Białorus, że mowa jego i narodowość na całej Litwie każdą inną wyprze — losy zrządziły inaczej: wyparła mowę jego, a zamieniła narodowość wszechpotężna polszczyzna. …w grodach zaś litewskich, od Wilna do Witebska, osiadało mieszczaństwo polskie, bo po polsku mówiące i myślące a litewszczyzna, t. j. białoruszczyzna kątem około monasterów i cerkwi się kupiła. Już w 15 w. w aktach litewskich (białoruskich) spotykasz gęste wyrazy polskie… W 16 w. czytają jeszcze białoruscy Chodkiewicze, Tryznowie, Pacowie, Tyszkiewicze, Sapiehowie, Dorohostajscy, Kiszkowie po białorusku, otrzymują z kancelarii wileńskiej dyplomy i listy białoruskie…»
  9. ^ польск. «Poselstwo ego [Władysława Jagiełły] do Krakowa (o rękę Jadwigi) nie potrzebowały tłumacza, gdyż używały języka białoruskiego. Ten język uważany był przez wieki całe za „litewski“ i tak nawet często nazywany. W Polsce nawet nie wiedziano o istnieniu języka letuwskiego, aż dopiero odkryło go duchowieństwo parafjalne»
  10. ^ польск. «W źródłach jest często mowa o języku litewskim, ale rozumieją one przez to nie język litewski, czyli letuwski, lecz białoruski. Językiem urzędowym w W. Ks. Lit. był język białoruski»
  1. ^ Белы А. Хроніка «Белай Русі»: нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы. — Менск: Энцыклапедыкс, 2000. С. 159.
  2. ^ Мицик Ю. Московський Патріархат // Енциклопедія історії України : у 10 т. / редкол.: В. А. Смолій (голова) та ін. ; Інститут історії України НАН України. — К.: Наук. думка, 2010. — Т. 7 : Мл — О. С. 87.
  3. ^ Monumenta Poloniae historica. Pomniki dziejowe polski. T. 2. — Lwów, 1872. S. 719.
  4. ^ а б Юхо Я. Пра назву «Беларусь» // Полымя. № 1, 1968. С. 175—182.
  5. ^ Барбаро и Контарини о России. К истории итало-русских связей в ХV в. — Ленинград: Изд-во «Наука», 1971. С. 202, 226.
  6. ^ Litterae Nuntiorum Apostolicorum historiam Ucrainae illustrantes / Еd. А. G. Welykyj. Vol. I., Nr. 49. — Romae, 1959. P. 69—70.
  7. ^ Воссоединение Украины с Россией. Документы и материалы. Изд-во АН СССР. Т. ІІІ. № 195. — Москва, 1954. С. 402.
  8. ^ Латышонак А. Нацыянальнасць — Беларус. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2009. С. 210.
  9. ^ Географический атлас Российской империи [Карты] / Сост. на основании Высочайше утвержденного наставления 24 декабря 1848 года Александром Вощининым. — Санкт-Петербург: 1851. — 17 с.
  10. ^ Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 1. — СПб., 1890. С. 171.
  11. ^ ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 514.
  12. ^ Łatyszonek O. Od rusinów białych do białorusinów. U źrodeł białoruskiej idei narodowej / O. Łatyszonek. — Białystok, 2006. S. 211—212.
  13. ^ ПСРЛ. Т. 32. — М., 1975. С. 198.
  14. ^ Czajkowski F. J. z Załuskich Ogińskiej … na dowód wdzięczności imieniem całego zakonu francyskańskiego prowincji Litewskiej, Białoruskiej y Żmudzkiej… — Wilno, 1772.
  15. ^ Памятники, изданные временною коммисіею для разбора древнихъ актовъ, — том ІІІ, — сст. 109-112
  16. ^ Atlas des Enfans, des Royaumes de Prusse et de Pologne avec le Blason et la Généalogie des maisons regnantes. = Детской атлас: о Прусском и Польском королевствах с толкованием гербов и с родословием царствующих домов. — Москва: Императорский Московский университет, 1775. С. 99.
  17. ^ Gadesby R. A new and easy introduction to geography, by way of question and answer. — London, 1776. P. 89.
  18. ^ Buffier C. Géographie universelle. — Paris, 1715. P. 225.
  19. ^ Grey R. Memoria Technica. — London, 1730. P. 54.
  20. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 161.
  21. ^ Топографические примечании на знатнейшие места путешествия Её Императорского Величества в Белорусские наместничества. — СПб., 1780. С. 48.
  22. ^ Топографические примечании на знатнейшие места путешествия Её Императорского Величества в Белорусские наместничества. — СПб., 1780. С. 70.
  23. ^ Плещеев С. И. Обозрение Российской империи в нынешнем ее новоустроенном состоянии. — СПб., 1787. С. 73.
  24. ^ Плещеев С. И. Обозрение Российской империи в нынешнем ее новоустроенном состоянии. — СПб., 1787. С. 76.
  25. ^ Максимович Л. Новый и полный географический словарь Российскаго государства, или, Лексикон. Ч. 3. — М., 1788. С. 22.
  26. ^ Новый и полный географический словарь Российского государства. Ч. 1. — Москва, 1788. С. 123—125.
  27. ^ Детской атлас: о Российской Империи с толкованием гербов и с родословием царствующему дому. Т. 4. — Москва, 1771. С. 91.
  28. ^ Географическое методическое описание Российской империи… — Москва, 1776. С. 95, 104.
  29. ^ Географическое методическое описание Российской империи… — Москва, 1776. С. 429.
  30. ^ Павловский И. Я. География Российской империи. Ч. 2. — Дерпт, 1843. С. 7.
  31. ^ Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 2. — СПб., 1907. С. 694—699
  32. ^ Хаўстовіч М. Літаратура Беларусі канца XVIII-XIX стагоддзя. Даследаванні і матэрыялы. Т. 4. — Warszawa: Katedra Białorutenistyki Uniwersytetu Warszawskiego, 2018. С. 29—43.
  33. ^ Кёппен П. И. О происхождении, языке и литературе литовских народов. — СПб., 1827. С. 10.
  34. ^ Кёппен П. И. О происхождении, языке и литературе литовских народов. — СПб., 1827. С. 11.
  35. ^ Погодин М. П. Записка о древнем языке русском // Известия Императорской академии наук по отделению русского языка и словестности. Т. 5, 1836. С. 82.
  36. ^ Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-западной Руси. Т. 5. — Вильна, 1871. С. 73.
  37. ^ Філатава А. Нацыянальнае пытанне і палітыка царскага ўраду ў Беларусі (канец XVIII — першая палова ХIХ ст.) // Беларускі Гістарычны Агляд. Т. 7, Сш. 1, 2000.
  38. ^ Отечественныя записки. Т. 192. — СПб., 1870. С. 53—54
  39. ^ Катлярчук А. Чаму беларусы не апанавалі літоўскай спадчыны // ARCHE Пачатак. № 2 (25), 2003.
  40. ^ Токць С. Шляхта Беларусі і беларускі нацыянальны рух у другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст. // Rocznik Centrum Studiów Białoruskich. Гадавік Цэнтра Беларускіх Студыяў. Nr 2/№ 2 (2017). С. 134.
  41. ^ Абламейка С. У 1917 годзе нашчадак Рурыка і іншыя магнаты Меншчыны абвясьцілі сябе беларусамі, Радыё Свабода, 19 верасьня 2019 г.
  42. ^ Czapska M. Florian Czarnyszewicz // Ostatnie odwiedziny i inne szkice. — Warszawa, 2006. — S. 166—167.
  43. ^ Пазьняк З. Беларусь-Літва // Беларуская Салідарнасьць, 27 сьнежня 2016 г.
  44. ^ Трацяк І. Беларускае каталіцкае духавенства ля вытокаў сацыякультурнай ідэнтыфікацыі : манагр. — Горадня: ГрДУ, 2013. С. 202.
  45. ^ Brückner A. Z niwy białoruskiej. — Kraków, 1918. S. 3—5.
  46. ^ Koneczny F. Letuwa a Litwa // Przegląd Powszechny. Nr. 463, 1922. S. 41.
  47. ^ Ateneum Wilenskie. Z. 14, 1928. S. 215.
  48. ^ Жлутка А. Пра Вацлава Пануцэвіча // Наша Вера. № 2, 1998.
  49. ^ Станкевіч Я. Кнігапісь // Сялянская Ніва. № 16, 1926. С. 3.
  50. ^ Вячорка В. Як беларусы называлі сябе і сваю мову ў розныя часы? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 76.
  51. ^ Юхо Я. Пра назву «Беларусь» // Полымя. № 1, 1968. С. 175—182.
  52. ^ Беларусь-Літва, Пэрсанальны сайт Зянона Пазьняка, 27 сьнежня 2016 г.
  53. ^ Вялікае Княства Літоўскае Беларусь — пражэкцёрства ці візіянэрства?, Наша Ніва, 11 лістапада 2005 г.
  54. ^ Доўнар Т. Асаблівасці і праблемы гісторыі дзяржавы і права Беларусі // Веснік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Серыя 4. Правазнаўства. № 2 (128), 2012. С. 33—38.
  55. ^ Литвины vs белорусы: поиск своего места в истории или глупые разборки?, Беларускі партызан, 19 студзеня 2017 г.
  56. ^ а б Алесь Краўцэвіч: Ліцвінства — выдумка ворагаў, якую падтрымалі дурні, Наша Ніва, 28 сакавіка 2017 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]