Перайсьці да зьместу

Нарымонт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Нарымонт Гедзімінавіч»)
Нарымонт
лац. Narymont
Нарымонт (уяўны партрэт)
Князь полацкі
1335 — 1345
Папярэднік Воін
Наступнік Андрэй Альгердавіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1294
Памёр 2 лютага 1348
Дынастыя Гедзімінавічы

Нарымонт Гедзімінавіч (у праваслаўі Глеб; каля 1294 — 2 лютага 1348) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, князь полацкі (1335—1345).

Нормунд (Normundus[1], Normund) — імя германскага паходжаньня[2][3]. Іменная аснова -нар- (-нор-) (імёны ліцьвінаў Нарэла, Нарвід, Ашнар; германскія імёны Narelo, Norvid, Asinar) паходзіць ад гоцкага nasjan 'захоўваць, ратаваць'[4], стараверхненямецкага -neri 'уратаваньне, утрыманьне'[5], а аснова -мунд- (-мунт-, -монт-) (імёны ліцьвінаў Монтгерд, Валімонт, Жыгімонт; германскія імёны Mundgerd, Walmont, Sigimunt) — ад германскага *mundô 'рука, абарона, крэўнасьць'[6] або гоцкага munds 'моц розуму, імкненьне', mundrs 'гарлівы, палкі'[4]. Такім парадкам, імя Нарымонт азначае «захаваньне палкасьці»[7].

Адпаведнасьць імя Нармонт германскаму імю Nor(d)mund (*Norimund) сьцьвердзіў францускі лінгвіст-германіст Раймонд Шмітляйн, які на падставе шматгадовых дасьледаваньняў прыйшоў да высноваў пра германскае паходжаньне літоўскіх уласных імёнаў[8].

Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Reussen könig Norman (Хроніка Віганда)[9]; Narmanthe rex Rutenorum (Хроніка Лівоніі Германа Вартбэрга)[10]; Narimuth[a] або Нарамонтъ[b] (Летапісец вялікіх князёў літоўскіх); Narimunth (Ян Длугаш)[11]; Наримонтъ Гедиминовичь (Наўгародзкі чацьверты летапіс)[12]; Наримонтъ Гедименовичь (Сафійскі першы летапіс)[13]; Наримонтъ Гедименовичь[14] або Наримантъ Гедимановичь[15][16] (Ніканаўскі летапіс); Наримонт… Наримунт (Хроніка літоўская і жамойцкая)[17].

Пячаць Нарымонта з Пагоняй, 1330 г.

Паводле Раўданскага рукапісу, Нарымонт нарадзіўся ў 1277 годзе і быў другім сынам Гедзіміна ад першай жонкі Віды. Упершыню выступае ў гістарычных крыніцах у 1331 годзе, калі Гедзімін затрымаў на Валыні наўгародзкага архіяпіскапа Васіля, адпусьціўшы з умовай абраньня Нарымонта князем Вялікага Ноўгараду. Імаверна, тады ж атрымаў праваслаўнае імя Глеб.

Прыбыў у Ноўгарад у кастрычніку 1333 году, атрымаў у «кармленьне» гарады Ладагу, Арэшак, Карэлу, палову Капор’я. Каля 1335 году зьехаў з Ноўгараду, хутчэй за ўсё, каб заняць полацкі сталец па сьмерці князя Воіна (у праваслаўі Васіля, брата Гедзіміна). Пакінуў у Ноўгарадзе замест сябе сына Аляксандра. У 1338 годзе адмовіўся прыехаць на дапамогу наўгародцам дзеля адбіцьця швэдзкай агрэсіі і нават адклікаў Аляксандра з Арэшка. Намесьнікі Глеба-Нарымонта, аднак, заставаліся ў Арэшку да 1348 году.

Каля 1338 году Глеб-Нарымонт разам з полацкім япіскапам Грыгорам падпісаў дамову з Рыгай (захаваўся адно дадатак, які варуе вольны гандаль Дзьвіной; раней памылкова датаваўся 1330 годам). Да дадатку прымацоўваецца пячатка з выявай Пагоні — адна з найранейшых вядомых выяваў гэтага гербу[18]. Ускосна ўпамінаецца як полацкі князь («кароль») у дамове Смаленску з Рыгай (каля 1340 году).

Паводле «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх», згодна з тэстамэнтам Гедзіміна атрымаў Пінскае княства «за ўсемі акалічнасьцямі над Прыпяцю ракою аж да Дняпра», якое заставалася за яго нашчадкамі да канца XIV стагодзьдзя.

У час княжаньня князя Яўнута (1341—1345) быў найбуйнейшым землеўладальнікам і, відаць, найбольш уплывовым князем у ВКЛ. Супраць яго і Яўнута выступілі браты Альгерд і Кейстут, па захопе Альгердам вялікакняскага стальцу ў 1345 годзе Нарымонт уцёк да цара Залатой Арды Джанібека, а Альгерд перадаў Полацкае княства свайму сыну Андрэю Полацкаму.

Нарымонт вярнуўся ў ВКЛ каля 1346 году, у 1347 годзе браў удзел у выправе супраць Тэўтонскага Ордэна. Імаверна, ачольваў войска ВКЛ у бітве з крыжакамі на рацэ Стрэве (2 лютага 1348 году), у якой і загінуў.

На думку гісторыка Юзэфа Пузыны, князь Глеб быў сынам Нарымонта-Давыда (тоеснага нібы Давыду Гарадзенскаму), сына Гедзіміна, але гэтае меркаваньне не пацьвярджаецца крыніцамі.

Захавалася некалькі пячацяў Нарымонта з гербам Пагоняй і славянамоўным (рускім) надпісам на адваротным баку: «ПЕЧАТЬ КNѦЖѦ ГЛѢБОВА» («ПЕЧА/ТЬ КНЯ/ЖЯ ГЛЕ/БОВА»): асобнік пры грамаце Полацку Лівонскаму ордэну і Рызе датуецца 1338—1341 гадамі і мае повязь з полацкім княжаньнем, асобнік з Старой Ладагі, відаць, мае повязь з пэрыядам панаваньня ў Ноўгарадзе (1333—1335 гады) або з часам дзейнасьці ў ім Нарымонтавых намесьнікаў (да 1345 году), знойдзены каля Старога Капылю асобнік зьвязваюць з княжаньнем у Пінску і датуюць 1341—1348 гадамі[19].

  1. ^ Паводле Origo regis Jagyelo et Wytholdi ducum Lithuanie
  2. ^ Паводле Віленскага сьпісу
  3. ^ У кнізе аналягічным партрэтам ілюструюцца яшчэ некалькі гістарычных асобаў
  1. ^ Gerchow J. Die Gedenküberlieferung der Angelsachsen. — Berlin; New York, 1988. P. 401.
  2. ^ Stemshaug O. Norsk Personnamnleksikon. — Oslo, 1982. S. 190.
  3. ^ Normund, Nordic Names
  4. ^ а б Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 18.
  5. ^ Słownik etymologiczno-motywacyjny staropolskich nazw osobowych. T. 5: Nazwy osobowe pochodzenia niemieckiego. — Kraków, 1997. S. 187.
  6. ^ Kremer D. Die Germanischen Personennamen in Katalonien // Estudis romànics. Nr. 14, 1972. S. 180.
  7. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 24.
  8. ^ Schmittlein R. L’anthroponyme germanique employé d’une façon absolue en fonction toponymique // Revue internationale d’onomastique. Nr. 3, 1961. P. 203.
  9. ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 508.
  10. ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 76.
  11. ^ Joannis Długossii seu longini canonici Cracoviensis Historiae Polonicae libri XII. T. 3. L. 9, 10. — Cracoviae, 1876. P. 406, 491.
  12. ^ ПСРЛ. Т. 4. — СПб., 1848. С. 53.
  13. ^ ПСРЛ. Т. 5. — СПб., 1851. С. 220.
  14. ^ ПСРЛ. Т. 10. — СПб., 1885. С. 206.
  15. ^ ПСРЛ. Т. 10. — СПб., 1885. С. 216.
  16. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 178.
  17. ^ ПСРЛ. Т. 32. — М., 1975. С. 32.
  18. ^ Юргенсон У. (Мінск) Эвалюцыя дзяржаўнага герба Вялікага княства Літоўскага па дадзеных сфрагістыкі і нумізматыкі // Беларускі гістарычны часопіс. 2003. № 8. С. 47—52.
  19. ^ Сідаровіч В., Касюк А. Пячатка князя Глеба Нарымонта XIV ст. з в. Стары Капыль // Беларуская даўніна. Вып. 3, 2016. С. 45—46.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]