Яўген Кулік

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Яўген Кулік
Яўген Кулік.jpg
Аўтапартрэт
Дата нараджэньня 31 кастрычніка 1937
Месца нараджэньня Менск
Дата сьмерці 12 студзеня 2002
Месца сьмерці Менск
Месца пахаваньня Кальварыйскія могілкі
Адукацыя Менская мастацкая вучэльня (1957), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1963)
Альма-матэр Менскі дзяржаўны мастацкі каледж імя Аляксея Глебава і Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў
Занятак жывапіс, графіка
Плынь этнаграфізм
(«На Паддашку»)
Працы «Помнікі дойлідзтва Гарадзеншчыны» (1974), малюнкі-рэканструкцыі «Замкі Беларусі» (1977), аркушы «На куцьцю» (паводле паэмы Янкі Купалы (1982)) і «Памяці Алены Кіш» (1983)

Яўге́н Сярге́евіч Кулі́к (31 кастрычніка 1937, Менск, БССР — 12 студзеня 2002, Менск, Беларусь) — беларускі мастак, кніжны графік, бібліяфіл. Мастацкі рэдактар часопісаў «Бярозка» і «Вясёлка». Аўтар рэканструкцыяў беларускіх замкаў, партрэтаў дзеячоў Беларушчыны. Адзін з заснавальнікаў суполкі «Пагоня»[1]. Аўтар эталёну гербу «Пагоня» ў якасьці дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь у 1991—1995 гг.[2]

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па вайне скончыў Менскую мастацкую вучэльню (1957), а пасьля Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1963). Ад 1963 году браў удзел у мастацкіх выставах. Яго майстэрня, што знаходзілася ў Менску насупраць будынку КДБ, стала ў 1960-я гады нацыянальным асяродкамі сталіцы і атрымала назоў «На паддашку».

Сябра Беларускага саюзу мастакоў з 1965 году. Старшыня камісіі БСМ па народным мастацтве.

Ня быў сябрам камсамолу й камуністычнай партыі, ён гаварыў выключна па-беларуску.[3]

Апошнія гады жыцьця Яўгена Куліка былі надзвычай цяжкімі. З гадамі ў яго пачала праяўляцца рэдкая хвароба суставаў. Мастака нібыта скручвала, косткі рабіліся крохкімі. Раз, пасьлізнуўшыся ўзімку, Кулік атрымаў дванаццаць пераломаў.[3]

Пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Менску. У лістападзе 2005 году на могілках быў адкрыты помнік Куліку.[4]

Эталён «Пагоні» ў якасьці дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь у 1991—1995 гг. аўтарства Яўгена Куліка

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вельмі вядомыя яго графічныя нізкі «Помнікі дойлідзтва Гарадзеншчыны», «Замкі Беларусі», «Храмы Беларусі», «Сьцяжынамі Язэпа Драздовіча», «Паўстаньне 1863 г. у Беларусі». У 1970—80-я гады займаўся кніжнай графікай, аформіў дзясяткі кніжак, і найлепшымі зь іх былі: «Слова аб палку Ігаравым», «Ад гоману бароў» Александровіча, «Мушка-зелянушка і Камарык-насаты тварык» М. Багдановіча, «Сонечны клубочак» В. Зуёнка. Сапраўдным шэдэўрам мастака сталася кніга «Песьня пра зубра» М. Гусоўскага.

Разам са сваім аднадумцам Л. Баразной Кулік стварыў цэлую нацыянальна-рамантычную плынь у беларускім паваенным мастацтве.[3]

У 1991 годзе, разам з Уладзімерам Крукоўскім, стаў адным з аўтараў эталёну гербу «Пагоня», які выкарыстоўваўся як дзяржаўны герб Беларусі да 1995 году.

Асоба[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

« Яўген Кулік [быў нібы] ганец, якога ў старажытныя часы высылалі з княскага войска несьці на Бацькаўшчыну добрыя весткі. Кулік прынёс беларусам вестку пра Адраджэньне. »

Уладзімер Басалыга[5]

« Гэты невысокі, згорблены чалавек з кароткім порсткім прозьвішчам быў з тае вялікае жменькі людзей, якія ўзгадавалі адраджэньне, адваявалі незалежнасьць. Зь вялікае жменькі нацыяналістаў-заснавальнікаў. »

—Эдвард Людовіч[5]

« Калі гаворыш пра Куліка, цяжка пазьбегнуць патасу. …Гэтая постаць як гара, будзе вырастаць з году ў год, чым далей мы будзем ад яе адыходзіць. Чалавек згуртаваў вакол сябе бліскучую плеяду беларускае інтэлігенцыі — мастакоў, літаратараў, гісторыкаў, стварыў дзяржаўны герб незалежнае Беларусі. Кулік быў ідэйным цэнтрам супольнасьці інтэлігенцыі. …Тут ён рабіў працу, падобную да той, якую ў Польшчы выконваў рэдактар парыскай «Культуры» Ежы Гедройц. …Кулік назаўжды застанецца сымбалям непадкупнасьці і нязломнасьці, няскоранасьці духу. »

Сяргей Харэўскі[3]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ «Мастак, які ў душы нёс сьцяг Беларушчыны» Радыё Свабода Праверана 31 кастрычніка 2012 г.
  2. ^ http://www.svaboda.org/content/article/24756568.html
  3. ^ а б в г Гаспадар «Паддашка» Наша Ніва Праверана 31 кастрычніка 2012 г.
  4. ^ Альгерд Невяроўскі, На Кальварыйскіх могілках Менску адкрыты помнік мастаку Яўгену Куліку // Радыё Свабода, 6 лістапада 2005 г.
  5. ^ а б Стаў часткай гісторыі Наша Ніва Праверана 31 кастрычніка 2012 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Харэўскі С. Мастацтва таталітарызму. // У кн. Таталітарызм. Курс лекцыяў. Рэд. А. І. Анціпенка. — Мн: Беларускі Калегіюм, 2007.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]