Васіль Тышкевіч
Васіль Тышкевіч | |
Герб «Ляліва» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1492 |
Памёр | не раней за 10 жніўня 1570 і не пазьней за 11 верасьня 1570[1] |
Пахаваны | |
Род | Тышкевічы |
Бацькі | Тышка Каленіковіч |
Жонка | Аляксандра з Чартарыйскіх Анастасія з Сапоцькаў |
Дзеці | ад 1-га шлюбу: Юры, Каленік, Яўстах ад 2-га шлюбу: Яўстах Серафін, Аляксандар |
Васіль Тышкевіч (1492 — 13 жніўня 1571) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Маршалак гаспадарскі (1546—1558), ваявода падляскі (1558—1569) і смаленскі (з 1569).
Быў старостам краснасельскім, чаркаскім, канеўскім (1536), менскім (1544), ваўкавыскім (1546), пінскім (1569), бабруйскім і гайнаўскім. Ад вялікага князя Жыгімонта Аўгуста атрымаў тытул графа «на Лагойску і Бярдычаве» (5 лістапада 1569 году).
Валодаў маёнткамі Бялавічамі, Ласасінай, Байкевічамі, Ражаной, Зьдзітавам, Хрысай, Споравам у Слонімскім павеце.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З шляхецкага роду Тышкевічаў гербу «Ляліва», сын Тышкі Каленікавіча. Меў братоў Барыса, Льва, Гаўрылу, Міхала і Івана.
Быў у магнацкай апазыцыі да Жыгімонта Аўгуста датычна складаньня уніі з Каралеўствам Польскім. З прычыны выступленьня супраць уніі яго пазбавілі пасады ваяводы падляскага і прызначылі ваяводам смаленскім.
Браў удзел у бітвах з крымскімі татарамі. Езьдзіў з пасольствамі ў Крымскае ханства і Маскву. З праваслаўя перайшоў у кальвінізм[2].
Першы раз ажаніўся з княгіняй Аляксандрай Чартарыйскай, другі — з Анастасіяй Сапоцькай. У першы шлюбе меў дачку Анастасію і сыноў Юрыя, Каленіка і Яўстаха, у другім шлюбе — дачку Аляксандру і сына Яўстаха Серафіна.
У тэстамэнце выказаў пажаданьне, каб па ягонай сьмерці жонка з дачкою Аляксандраю і зяцем Аляксандрам Хадкевічам цела яго «отвезли и поховали в монастыру их милости панов Ходкевичов у Супрасльском, храма Пречистое Богородицы, на которое мают митрополита его милости, або которого владыку припросити, там погреб телу учинити, так, яко прислушит на закон наш хрестианский»[3].
На ягоным надмагільлі высеклі герб і надпіс па-старабеларуску:
«Въ лето отъ Нароженя Господа Бога и Спаса нашего Іисуса Христа 1571 мѣсеца Августа 13 дня въ неделю, преставися рабъ Божій панъ Васили Тишковичъ Воевода Смоленскій Староста Менскій и Пинскій, положенъ въ Храмѣ Благовѣщенія Богородицы, въ монастыри Супрасльскомъ»[4]. | ||
У наш час магільны камень Васіля Тышкевіча захоўваецца ў музэі Віленскага ўнівэрсытэту.
У дзёньніку малодшага сакратара каралеўскай канцылярыі, сьвятара, удзельніка выправы Стэфана Баторыя на Пскоў Яна Пётраўскага, дзе падаюцца этнонімы шэрагу асобаў («русін» з Вугоршчыны, «немец» з роты Фарэнсбэка, «масквіцін» Хвастоў і г. д.), ваявода смаленскі Васіль Тышкевіч азначаецца як ліцьвін[5].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Невядомы мастак, XVIII ст.
-
Невядомы мастак, 1794 г.
-
Невядомы мастак, XIX ст.
-
З «Groby rodziny Tyszkiewiczów», 1873 г.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy, t. VIII, Ziemia brzeska i województwo brzeskie XIV‒XVIII wiek / пад рэд. А. Рахуба — Warszawa: 2020. — С. 305. — ISBN 978-83-65880-89-5
- ^ Грыцкевіч А. Тышкевічы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 682.
- ^ Зайка А. Васіль Тышкевіч(недаступная спасылка) // «Івацэвіцкі веснік», 3 жніўня 2010 г.
- ^ 24. 1571 г. Августа 13. Надпись на гробнице Василия Тишкевича, в монастыре // Археографический сборник документов, относящихся к Истории Северозападной Руси. — Т. 9. — Вильна: Печатня Губернскаго Правления, 1870. С. 74.
- ^ Дневник последнего похода Стефана Батория на Россию (осада Пскова). — СПб., 1867. С. 120.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Васіль Тышкевіч. Віртуальны музей горада Лагойска!. Праверана 14 сьнежня 2010 г.