Перайсьці да зьместу

Ян з княжатаў літоўскіх

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ян з княжатаў літоўскіх
лац. Jan z knižataŭ litoŭskich
Ян, біскуп віленскі. Невядомы мастак, XVII ст.
Адукацыя
Дзейнасьцьканонік, кантар, каталіцкі сьвятар, каталіцкі біскуп
Нарадзіўся17 студзеня 1499 або 8 студзеня 1499
Памёр28 лютага 1538 (39 гадоў) або 18 лютага 1538[1] (39 гадоў)
Пахаваны
БацькаЖыгімонт Стары[1]
МаціКацярына Тэльнічанка[d][1]
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Ян (Я́нуш) «з княжа́таў літо́ўскіх» (8 студзеня 1499, Кракаў, Польшча — 18 лютага 1538, Познань, Польшча) — рымска-каталіцкі і дзяржаўны дзеяч ВКЛ і Польшчы, суаўтар касьцёльных і дзяржаўных рэформаў, гуманіст, мэцэнат мастацтва і навукі, дыплямат.

Быў пазашлюбным сынам Жыгімонта Ягелончыка (будучага караля Польшчы і Вялікага Княства) і Катажыны Охстат зь Цельніцаў, што на Маравіі[2]. У 1505 годзе разам з маці знаходзіўся побач з Жыгімонтам ў Глогаве, дзе Жыгімонт быў намесьнікам чэскага караля.

Асьветніцкая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1512 годзе кракаўскі, познанскі й плоцкі канонік. У 1516 годзе Ян, полацкі канонік, вывучаў юрыдычнае права ў Балёньні. У прызначаны кіраўніком віленскага біскупства, уладу над якім ён павінен быў атрымаць па 27-гадовага веку. Ян актыўна браў удзел у кананізацыйным працэсе каралевіча Казімера. У 1521 годзе папа Леў Х абвясьціў Казімера сьвятым. Літва атрымала свайго першага апекуна. Мошчы сьвятога з урачыстай працэсіяй перанесьлі з капліцы Сьвятой Тройцы ў Гаштольдзкую капліцу. У гэтым самым годзе Францішак Скарына пры дапамозе біскупа заснаваў у горадзе каталіцкую друкарню касьцёльных кніг, якая выдавала іх на старабеларускай мове (у 1522 годзе выйшла «Малая падарожная кніжка», у 1525 годзе — «Апостал»). У 1522 годзе Ян склаў біскупскую прысягу. Аднак паўнату ўлады біскупа ён атрымаў толькі ў 1531 годзе, па канчатковым сьвятарскім пасьвячэньні.

Дзяржаўная дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Герб Яна, біскупа віленскага, з гербоўніка Stemmata Polonica

Па прыезьдзе ў Вільню ў 1519 годзе стаў фактычным намесьнікам вялікага князя на Літве. Пракаралеўская палітыка маладога біскупа сутыкнулася з апазыцыяй часткі магнатаў, якія 22 лістапада 1522 году нават спрабавалі зрабіць замах на яго жыцьцё. Па просьбе караля Ян распачаў актыўную акцыю, якая гарантавала ягелонскую пераемнасьць, што прывяло да прысягі, якую літоўская рада склала Жыгімонту Аўгусту як наступніку трона 4 сьнежня 1522 году, а пазьней, 18 кастрычніка 1529 году, да каранацыі. 3 мэтаю далейшага ўмацаваньня дынастыі Ян разам з Юр’ем Радзівілам прапанаваў на варшаўскім зьезьдзе 1526 году праект прызнаньня Літвы як каралеўства, аднак гэтаму рашуча супрацьстаяў польскі бок. Не ўдаўся таксама праект жаніцьбы Яна з мазавецкаю князёўнаю Ганнай і адданьня Мазоўшы пад уладу Літвы. Ян у той час праводзіў адпаведна ад імя караля і па жаданьні Боны, зь якой яго яднала сардэчнае сяброўства і ўся палітыка Літвы, не выключаючы нават дыпляматычных адносінаў з прускім Альбрэхтам (туды ў 1530 годзе зь місіяй ад біскупа паехаў Францішак Скарына) і Фэрдынандам І і, выступаючы пасярэднікам паміж Жыгімонтам І і малдаўскім гаспадаром, Пятром Рарэшам. Ян цікавіўся таксама справамі абароны Літвы ад татараў і настойліва падтрымліваў умацаваньне межаў. Як чалец літоўскай рады ён прымаў таксама актыўны ўдзел у яе абрадах і пасяджэньнях літоўскага сойму, звычайна знаходзіўся побач з каралём падчас яго побыту на Літве.

Юрыст па адукацыі, біскуп Ян падтрымліваў ідэю кадэфікацыі (сыстэматызацыі) законаў і быў адным з «айцоў» Статуту 1529 году. У тым жа 1529 годзе Віленскім афіцыялам быў Ян Sylvіus Аmalus, доктар абодвух законаў і свабодных навук, пробашч Віцебскі і Лідзкі, пісар Апостальскай Сталіцы, дасьведчаны ў замежных мовах, настаўнік Жыгімонта Аўгуста.

Гаспадарчая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Як чалавек грунтоўна адукаваны, Ян цікавіўся заходне-эўрапейскім гаспадарчым разьвіцьцём. Ён кіраваў біскупскімі месцамі на Літве, купляў цагельні і вапнавыя заводы. У 1525 годзе збудаваў за Вільняй першую на Літве гуту. Быў уладальнікам саляных і васковых сховішчаў на Валыні. Пераважна асабіста займаючыся ўпраўленьнем сваімі маёнткамі, стаў выдатным адміністратарам (ужо ў 1521—1522 гадох ён быў суўладальнікам пінскіх маёнткаў каралевы Боны) і таму часта выступаў арбітрам у спрэчках, што тычыліся маёмасьці і пасярэднікам у трансакцыях.

Ян клапаціўся пра рэформу ўласнае дыяцэзіі. Ён узмацняў дысцыпліну сярод духоўных асобаў. У 1526 годзе Ян склікаў у Вільні першы ў гісторыі Літвы дыяцэзіяльны сынод і надрукаваў ягоныя статуты праз два гады. Клапаціўся пра разьвіцьцё рэлігійнага друку. Упарадкаваў літургічную службу ў катэдры. У віленскай капітуле ўстанавіў кантараў і схалястыкаў, раўняючыся тым самым да іншых катэдральных касьцёлаў Эўропы. Па пажары Віленскае катэдры (1530 год) актыўна заняўся яе адбудоваю, даручаючы працу вядомаму рымскаму дойліду Бэрнардына дэ Джанотыс. На тэрыторыі дыяцэзіі Ян стварыў шэраг новых парафій і кансэкраваў некалькі касьцёлаў. Ён апекаваўся шпіталямі св. Іова і Марыі Магдалены ў Вільні.

Нягледзячы на дамінуючае становішча Яна ў палітычным жыцьці Літвы, нядобразычлівасьць да яго літоўскіх магнатаў (асабліва Радзівілаў і Гаштольдаў), не аслабла (толькі з двума — Янам Забярэзінскім і біскупам жмудзкім Мікалаем Радзівілам ён падтрымліваў сардэчныя адносіны). Гэта прымусіла Яна 19 траўня 1536 году адмовіцца ад біскупства ў Вільні. Прыкладна ў той час пакінуў Вільню сакратар біскупа — Францішак Скарына, які накіраваўся ў Прагу. Кароль Жыгімонт прызначыў Яна Познанскім біскупам, аднак толькі ў сакавіку 1537 году Ян атрымаў уладу над новай дыяцэзіяй. На жаль, незадоўга па прыбыцьці ў новую сядзібу ён захварэў на ліхаманку, якая трымалася чатыры дні, што стала прычынай яго сьмерці. Памёр біскуп Ян 18 лютага 1538 году ў Познані. Перад сьмерцю прасіў пахаваць яго ў Вільні, бо вельмі да яе прывязаўся. Эпітафія ў віленскай катэдры была зьнішчана ў XVII стагодзьдзі.

  1. ^ а б в Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku (пол.) / пад рэд. J. WolffWarszawa: 1895. — С. 201.
  2. ^ Сяргей Мікулевіч, Біскуп Ян — беларускі Рышэльё // Наша Ніва, 6 лютага 2013 г.