Лугвен

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Лугвен
Seal of Lengvenis 1395.svg
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся каля 1355
1431
Памёр 19 чэрвеня 1431
Род Гедымінавічы
Бацькі Альгерд
Ульяна Аляксандраўна[d]
Дзеці Юрый Лугвенавіч[d]

Лу́гвен Сямён Альге́рдавіч (Лінгвен, Лангвен, Лугвень; каля 1355—1431) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, князь амсьціслаўскі (1392—1431).

Імя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Памятны знак князю Лугвену ў Амсьціславе

Мовазнаўца і гісторык Алесь Жлутка супастаўляе імя Лугвен з адпаведнікамі Лугота (наўгародцец, 1215), Луготинич (наўгародзец, 1240), Лугвица (суздальскі князь, 1445), Луговка (XV ст.), Луговец (магілёвец, 1655) і выводзіць яго паходжаньне ад славянскай асновы луг[1].

Яшчэ гісторык Юзэф Пузына выводзіў імя Лугвен ад паўночнагерманскага (скандынаўскага) імя Лангвень[2]. Паводле менскага дасьледніка Алёхны Дайліды, які разьвівае германскую (перадусім усходнегерманскую) імёнаў літоўскіх князёў і баяраў, імя Лугвен (Лонгвін) складаецца з фармантаў -лонг- (-луг-), які паходзіць ад старагерманага lung 'хуткі', і -він- (гоцкія імёны Vinibal, Vinilderus, Odwin), які паходозіць ад гоцкага wins 'сябар'[3]. Такім парадкам, імя Лугвен азначае «хуткі сябар» і адпавядае германскім імёнам Lungan, Lungwinda, Langwich[4].

Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Лугъвенъ (1377 год); Langwenne (29 верасьня 1379 году)[5]; Лингвении (1389 год); Лунгвенъ (1397 год); Мы князь Семенъ инымъ именемъ Лыгвеніи[6] (25 красавіка 1389 году)[7]; Самъ князь Лонъкгвени (1390 год); dux Semen alias Lingwenis (1389 год); Lyngwyen (1397 год); dux Symeon alias Ligwen (1411 год)[6]; Semeon Ulgerdowicz (Semeon Olgerdowicz; 22 чэрвеня 1431 году)[8]; Langwin (Ян Длугаш)[9].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пячаць Лугвена, 1385 г.

Чацьверты сын Альгерда ад яго другога шлюбу з Ульлянай Цьвярской (агульным лікам дзявяты). У гістарычных крыніцах выступае з 1379 году, калі ў ліку іншых літоўскіх князёў падпісаў у Троках мір з Ордэнам (29 верасьня). Разам з братам Ягайлам і трыма іншымі князямі 14 жніўня 1385 году падпісаў Крэўскую унію.

Браў удзел у разгроме вялікага князя смаленскага Сьвятаслава, які падтрымаў выступленьне Андрэя Полацкага супраць Ягайлы, пад Амсьціславам (29 красавіка 1386 году).

У 1389—1392 гадох — князь у Вялікім Ноўгарадзе, атрымаў «у кармленьне» Ладагу, Арэшак, Карэлу і палову Капор’я. Склаў васальную прысягу Ягайлу як сюзэрэну Ноўгарада (у таямніцы ад саміх наўгародцаў). У 1390 годзе спрабаваў далучыць да Ноўгараду Пскоў, у 1391 годзе разьбіў ганзейскіх піратаў-вітальераў пад Арэшкам. Зьехаў з Ноўгараду пад уціскам Масквы, атрымаў ад Ягайлы Амсьціслаўскае княства, якім да яго валодаў іх брат Карыгайла.

Пячаць Лугвена з Пагоняй, 1388 г.

У канцы 1396 году быў пасярэднікам ва ўзнаўленьні гандлёвай дамовы паміж Полацкам і Рыгай, у тым жа годзе разьбіў войска разанскага князя Алега, які дапамагаў вялікаму князю смаленскаму Юрыю Сьвятаслававічу ў абароне незалежнасьці Смаленскага княства ад ВКЛ. У 1402 годзе пад Любуцкам ізноў разьбіў разанцаў, захапіў у палон князя Радаслава Алегавіча.

У 1403 годзе пры падтрымцы Вітаўта захапіў Вязьму і спрабаваў авалодаць Смаленскам, які нарэшце захапіў і далучыў да ВКЛ у 1404 годзе. У 1407 годзе ўдала дзеіў у Верхаўскіх княствах, далучыў да ВКЛ Варатынск. У тым жа годзе ізноў запрошаны ў Ноўгарад, дзе княжыў да 1412 году.

Браў удзел разам з наўгародзкімі аддзеламі ў Вялікай вайне 1409—1411 гадоў, у крытычны момант Грунвальдзкай бітвы мужнасьць амсьціслаўскай, аршанскай і смаленскай харугваў ВКЛ на чале з Лугвенам выратавала саюзныя арміі ад разгрому крыжакамі. Падпісаў Торунскі мір 1411 году.

Імаверна, у 1408—1411 гадох быў вялікакняскім намесьнікам у Смаленску. У лістападзе 1411 году месьцічы зь Вялікага Ноўгараду зьвярнуліся да князя Сямёна Лугвеня (Symeona Lingwena), каб ён атрымаў дазвол ад вялікага князя Вітаўта і прыбыў іх бараніць ад Інфлянтаў. У час адбіцьця швэдзкай агрэсіі зьнішчыў прадмесныя ўмацаваньні Выбаргу (26 сакавіка). У тым жа годзе склаў ад імя Ноўгараду дамову зь Ягайлам супраць крыжакоў, але ў 1412 годзе з прычыны маскоўскіх інтрыгаў выехаў з Ноўгараду ў Амсьціслаў, разам зь Вітаўтам і Ягайлам накіраваў наўгародцам «разьметную» грамату. У 1421 годзе прымаў у Амсьціславе мітрапаліта Фоція.

У 1430—1431 гадох у змаганьні Сьвідрыгайлы з Жыгімонтам Кейстутавічам падтрымліваў першага[10].

Заснаваў каля Амсьціслава манастыр Сьвятога Ануфрыя над ракой Чорнай Натапай (1407 год), які славіўся перапісчыкамі кніг і рукапісаў.

Ад першай жонкі Марыі (памерла ў 1399 годзе), дачкі вялікага князя маскоўскага Дзьмітрыя Данскога (шлюб склаў у Маскве 14 чэрвеня 1394 году), меў сына Юрыя. Ад другой (з восені 1406 / 1407 году, імя і паходжаньне невядомыя) сына Яраслава (Фёдара).

Вядомая пячатка Лугвена (1389) з выявай Пагоні, якая захоўваецца ў Львоўскім гістарычным музэі[11].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях / А. Жлутка. — Менск, 2005. С. 111.
  2. ^ Чаропка В. Паходжанне і радавод вялікіх князёў літоўскіх // Беларускі гістарычны часопіс. № 5, 2001. С. 42—53.
  3. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17, 23.
  4. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 23.
  5. ^ Договор о перемирии на 10 лет между ВКЛ и Тевтонским орденом (1379), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
  6. ^ а б Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 166—167.
  7. ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 101.
  8. ^ Liv-, Esth- und Curländisches Urkundenbuch nebst Regesten / Hrsg. von F. G. von Bunge. Bd. 8. — Riga; Moskau, 1884. S. 272—273.
  9. ^ Joannis Długossii seu longini canonici Cracoviensis Historiae Polonicae libri XII. T. 3. L. 9, 10. — Cracoviae, 1876. P. 406.
  10. ^ Белы А. Лугвен // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2 С. 395.
  11. ^ Цітоў А. Пячаткі старажытнай Беларусі. — Менск, 1993. С. 36.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]