Менскае ваяводзтва

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Менскае ваяводзтва
лац. Mienskaje vajavodztva
Агульныя зьвесткі
Краіна Вялікае Княства Літоўскае
Статус ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага[d]
Адміністрацыйны цэнтар Менск
Дата ўтварэньня 1565
Дата скасаваньня 1793
Ваяводы Ваяводы менскія
Кашталяны Кашталяны менскія
Насельніцтва гл. Дэмаграфія
Плошча 55,5 тыс. км²
Час існаваньня 15661793
Месцазнаходжаньне Менскага ваяводзтва
Менскае ваяводзтва на мапе
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Ме́нскае ваяво́дзтва[a] — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў цэнтральнай і паўднёва-ўсходняй частцы Вялікага Княства Літоўскага. Плошча каля 55,5 тыс. км² (найбольшае ваяводзтва ў краіне). Сталіца — места Менск. Найбольшыя месты: Бабруйск, Мазыр і Рэчыца.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Утварылася згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў на аснове колішняга Менскае княства. Рэформа таксама ўсталявала межы ваяводзтва і паветаў — Менскага і Рэчыцкага.

У часе складаньня Люблінскай уніі (1569 год) шляхта Мазырскага павету Кіеўскага ваяводзтва адмовілася ад пераходу пад юрысдыкцыю Каралеўства Польскага. Павет далучыўся да Менскага ваяводзтва[1].

З 1599 году ў Менску праз рок, паводле чаргі з Наваградкам, пачалі праводзіцца вясновыя сэсіі Галоўнага Трыбуналу Вялікага Княства Літоўскага, кожная зь іх працягвалася 22 тыдні, пачынаючы ад панядзелку па Трох Каралях.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскія войскі акупавалі і спустошылі значную частку тэрыторыі ваяводзтва. У 1662 годзе Барысаўскае староства перайшло ў склад Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва. У 1667 годзе ў склад Рэчыцкага павету ўвайшло Лоеўска-Любецкае староства (8 тыс. км²)[2]. За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў 1708 годзе войскі караля Швэцыі Карла XII учынілі значныя разбурэньні на абшарах ваяводзтва, асабліва ў Менскім павеце.

Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Менскага ваяводзтва ліцьвінамі: «…ехал из Менска литвин Корсак» (1601—1602 гады)[3], «литвин из Минска пан Ян Сухопаров», «литвин Менского повету Ондрей» (абодва 1609—1610 гады)[4], «Степанка Борисов… в роспросе сказал: родом де он литвин[b], родился в Белой Руси в Борисове городе… а отец де у него жив в Литве» (1621 год)[6], «…выходец литвин Остафей Каменский в роспросе сказал: отец де ево бывал Минского повету шляхтич» (1629 год)[7], «Крутновский Мартын… литвин, родом из Менского повета» (1632 год)[8], «…взяли в Чичерском повете литвина Матвея Кузминского из Солонины, а Солонина их имение, с женой и с детьми» (1633 год)[9], «Михайлов Левка… литвин из Пропойска» (1635 год)[10], «Лазовский Бронислав… литвин, уроженец Гомеля» (1649 і 1660 гады)[11], «…из Менска торговой человек литвин Тимофей Менченин» (1651 год)[12], «Богушевский Станислав… литвин, шляхтич из Гомеля» (1655 і 1660 гады)[13]. У матрыкуле Каралявецкага ўнівэрсытэту пад 1631 годам значыцца Alexander Stybalcovius, Minscensis Lithuanus[14], пад 1774 годам — Reczynski Boguslaus Jac., Coydanav. Lituan.[15] У запісах мэтрыкі папскай сэмінарыі ў Оламаўцу значацца Athanasius Pietrowsky Lithuanus ex Palatinatu Minscensi (1721—1728 гады), Felicianus Zablocky Litvanus Minscensis (1732—1736 гады)[16]. Апроч таго, у 1743 годзе сярод вернікаў парафіі ў Камені ўпамінаецца старалітва[17], якую крыніцы зьвязваюць з русінамі.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) страціла значную частку Рэчыцкага павету і ўлучыла ў свой склад рэшту Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва. У 1775 годзе ў зьвязку з акупацыяй усходніх ваяводзтваў Расейскай імпэрыяй, Менскую сэсію Трыбуналу перанесьлі ў Горадню.

20 сьнежня 1793 году адбылася ліквідацыя ваяводзтва ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай, ягоная тэрыторыя ўвайшла ў склад Менскай губэрні Расейскай імпэрыі.

Сымболіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб ваяводзтва меў наступны выгляд: «у чырвоным полі рыцар у срэбных латах і з срэбным шчытом з залатым шасьціканцовым крыжом, які заносіць над галавой срэбны меч з залатым этэсам і скача на срэбным кані з залатым ўзбраеньнем, збруяй і вачамі; сядло чырвонае з залатой акантоўкай»[18] (паводле іншых зьвестак, «Пагоня цялістага колеру ў белым полі»[19]).

Ваяводзкая харугва была чырвонага («гвазьдзіковага») колеру з выявай гербу Пагоня ў белым полі[20][21][22].

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На поўначы межавала з Полацкім і Віцебскім ваяводзтвамі, на ўсходзе — з Амсьціслаўскім ваяводзтвам і Маскоўскай дзяржавай, на поўдні — з Кіеўскім і Берасьцейскім ваяводзтвамі, на захадзе — з Наваградзкім і Віленскім ваяводзтвамі[19]. Частка мяжы з Наваградзкім ваяводзтвам праходзіла ракою Пціч, да яе ўтоку ў Прыпяць. На захадзе, ўздоўж ракі Славесна, ішла мяжа зь Берасьцейскім ваяводзтвам.

Мела форму прастакутніка з нашмат даўжэйшымі заходнім і ўсходнім бакамі. Рака Бярэзіна, якая ад вытоку да вусьця працякала тэрыторыяй ваяводзтва, падзяляла ягоны абшар надвая. У паўночнай частцы брала свой выток рака Вяльля. Гэтая мясцовасьць ўяўляла шырокія, ня вельмі ўрадлівыя раўніны. Паўднёва-заходняя частка ваяводзтва (Мазырскі павет) ляжала ў Палесьсі.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ваяводзтва падзялялася на тры паветы: Менскі, Мазырскі і Рэчыцкі.

Назва Цэнтар Плошча,
тыс. км²
Староствы
Менскі павет Менск 20,8 Менскае (гродавае)
Гайненскае
Радашкоўскае
Краснасельскае
Мазырскі павет Мазыр 4,7 Мазырскае (гродавае)
Бчыцкае (Пціцкае)
Рэчыцкі павет Рэчыца 30,0 Рэчыцкае (гродавае)
Бабруйскае
Гомельскае
Лоеўска-Любецкае
Прапойскае
Рагачоўскае
Чачэрскае

Ваяводзкі соймік праводзіўся ў Менску, тамака ж склікалася паспалітае рушаньне. У павятовых цэнтрах месьціліся падкаморскія, земскія і гродзкія суды, праходзілі павятовыя соймікі.

Менская, мазырская і і рэчыцкая шляхта абірала шасьцёх паслоў на Вальны сойм Рэчы Паспалітай, а таксама шасьцёх дэпутатаў на Галоўны Трыбунал (тры на «рускую» і тры на «літоўскую» кадэнцыю).

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сярэдзіне XVII ст. Менскае ваяводзтва налічвала 35 510 дымоў. Паводле сучасных падлікаў, да вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) колькасьць насельніцтва складала каля 248 тыс. чал., па вайне яно скарацілася да 94 тыс. чал.[23]

На 1790 год колькасьць насельніцтва складала каля 307 тыс. чал. (шчыльнасьць 422 чал. на 1 квадратную мілю)[24].

Ураднікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя артыкулы: ваяводы менскія і кашталяны менскія

У Сэнаце Рэчы Паспалітай Менскае ваяводзтва мела двух прадстаўнікоў — ваяводу і кашталяна. Згодна зь Люблінскай уніяй (1569 год) ваявода менскі паводле значнасьці займаў месца па паморскім і перад інфлянцкім, кашталян — па гданскім і перад інфлянцкім[19].

Па ўвядзеньні ў 1776 годзе ваяводзкіх мундзіраў, паслы Менскага і Мазырскага паветаў апраналіся ідэнтычна смаленскім — у малінавыя («кармазыновыя») кунтушы зь цёмна-сінімі («гранатовымі») адваротамі, пад імі насілі цёмна-сінія жупаны. Паслы Рэчыцкага павету насілі белая жупаны і такія ж адвароты.

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ ст.-бел. Воеводство Менское; лац. Palatinatus Minscensis, польск. Województwo mińskie
  2. ^ Ранейшыя сьведчаньні ўжываньня канструкцыі «родам ліцьвін (літоўка)»: «бо сей Андрэй родам ліцьвін, сын Гердзенеў, літоўскага князя» (Цьвярскі летапіс 1306 году); «литвин родом» пра Даўмонта Пскоўскага («Пролог», напісаны ў Пскове ў канцы XIV ст.[5]); «родом литовка, а прозвище ей бысть литовское Августа» пра дачку вялікага князя літоўскага Гедзіміна (Ніканаўскі летапіс 1526—1530 гадоў, адкуль перайшло ў Ліцавы летапісны звод 1568—1576 гадоў)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Цітоў А. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Менск: РІВШ БДУ, 1999.
  2. ^ Насевіч В. Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 39.
  3. ^ Памятники дипломатических сношений Московского государства с Польско-Литовским государством. Т. 4. — М., 1912. С. 122.
  4. ^ Мальцев В. П. Записки о смерти «тюремных сидельцев» в смоленских тюрьмах в 1609—1610 гг. // Исторический архив. № 5, 1960.
  5. ^ Лосева О. В. Жития русских святых в составе древнерусских Прологов XII — первой трети XV веков. — М., 2009. С. 200.
  6. ^ Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 1. — СПб., 1890. С. 171.
  7. ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 104.
  8. ^ Служилые люди Сибири конца XVI — начала XVIII века. — М.; СПб., 2020. С. 458.
  9. ^ Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 1. — СПб., 1890. С. 477.
  10. ^ Служилые люди Сибири конца XVI — начала XVIII века. — М.; СПб., 2020. С. 149.
  11. ^ Служилые люди Сибири конца XVI — начала XVIII века. — М.; СПб., 2020. С. 492.
  12. ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 213.
  13. ^ Служилые люди Сибири конца XVI — начала XVIII века. — М.; СПб., 2020. С. 116.
  14. ^ Die matrikel der Universität Königsberg i. Pr. Bd. 1: Die Immatrikulationen von 1544—1656. — Leipzig, 1910. S. 332.
  15. ^ Die Matrikel der Albertus-Universität zu Königsberg i. Pr. 1544—1829. Bd. 2: Die Immatrikulationen von 1657—1829. — Leipzig, 1911/1912. S. 534.
  16. ^ Blažejovskyj D. Ukrainian and Armenian pontifical seminaries of Lviv (1665—1784) (Analecta OSBM. Vol. 29). — Rom, 1975. P. 59.
  17. ^ Ališauskas V. Baltų religijos ir mitologijos reliktai Lietuvos Didžiojoje Kunigaikštystėje (XIV—XVIII a.). — Vilnius: Lietuvių katalikų mokslo akademija, 2016. P. 367.
  18. ^ Гербы белорусских воеводств в Великом княжестве Литовском. HERALDICUMПраверана 13 кастрычніка 2010 г.
  19. ^ а б в Jelski A. Województwo mińskie // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 339.
  20. ^ Насевіч В. Менскае ваяводства // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 288.
  21. ^ Насевіч В. Мінскае ваяводства // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 163.
  22. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 198.
  23. ^ Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.
  24. ^ Jelski A. Województwo mińskie // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba. — Warszawa, 1885. S. 482.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]