Перайсьці да зьместу

Бранск (Польшча)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бранск
лац. Bransk
польск. Brańsk
Населены пункт
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі
Герб
Краіна Польшча
Ваяводзтва Падляскае
Павет Бельскі
Гміна Бранск
Магдэбурскае права 18 студзеня 1493
Геаграфія
Плошча 32,43 км²
Вышыня НУМ 130 м
Часавы пас
Каардынаты 52°45′ пн. ш. 22°50′ у. д.HGЯO
Насельніцтва
Колькасьць 3822 чал. (2007)
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Тэлефонны код +48 85
Паштовы індэкс 17-120
Сайт bransk.podlaskie.pl
Бранск на мапе Польшчы
Бранск
Бранск
Бранск

Бранск, Бранск Падляскі (польск. Brańsk) — места ў Польшчы, на рацэ Нурцу. Цэнтар сельскай гміны Бельскага павету Падляскага ваяводзтва . Насельніцтва на 2007 год — 3822 чалавекі. Знаходзіцца за 69 км на паўднёвы захад ад Беластоку.

Бранск Падляскі — магдэбурскае места гістарычнага Падляшша, побач зь якім праходзіць заходняя мяжа этнічнай тэрыторыі беларусаў.

Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Мескі герб з Пагоняй, 1582 г.

У ХІ ст. Бранск разам зь іншымі гарадамі Падляшша трапіў пад уладу Яраслава Мудрага[1]. У ХІІІ—ХІV стагодзьдзях ён далучыўся Вялікага Княства Літоўскага, а ў ХV ст. стаў другім цэнтрам Бельскай зямлі пасьля Бельску. У 2-й палове ХV ст. Бранск увайшоў у склад Бельскага павету. 18 студзеня 1493 году вялікі князь Аляксандар надаў месту Магдэбурскае права. У 1513 годзе Бранск увайшоў у склад Падляскага ваяводзтва. У ХVІ ст. ён атрымаў герб «у чырвоным полі выява рыцара на кані»[2]. У гэты час тут быў значны асяродак гандлю, у месьце існавалі касьцёл і царква[3]. У ХVІ ст. Бранск стаў цэнтрам староства, зь сярэдзіны ХVІ ст. да 1768 году тут адбываліся паседжаньні земскага суду Бранскай зямлі, а таксама праводзіліся соймікі шляхты (апошні прайшоў 27 траўня 1793 году). У другой палове XVIII ст. у Бранску было 175 будынкаў.

У 1569 годзе згодна з умовамі Люблінскай уніі Бранск перайшоў да Каралеўства Польскага. Па Вялікай Паўночнай вайне (1700—1721) места пачало прыходзіць у заняпад.

Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Бранску і ваколіцаў ліцьвінамі: шляхціч Станіслаў Будлеўскі ў 1746 годзе азначаўся як Nobilis Lithuanus ex terra Bielscensi districtus Branscensis[4].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Бельск апынуўся ў складзе Прусіі, а з 1807 году — у Расейскай імпэрыі, у Бельскім павеце Гарадзенскай губэрні. У 1827 годзе тут адкрылася прыходзкая вучэльня. На 1860 год у Бранску было 260 будынкаў, у тым ліку 254 драўляныя. У 1878 годзе працавалі гарбарня, ільняная фабрыка, млын. Рамесьнікі славіліся вырабам халстоў. На 1885 год — 605 драўляных дамоў, 25 камяніц, дзеялі касьцёл, царква і 2 сынагогі, працавалі 2 гарбарні, 2 тапельні сала, штогод праводзілася 5 кірмашоў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Бранск занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Бранск апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі.

З пачаткам Другой сусьветнай вайны 15 верасьня 1939 году Бранск акупавалі войскі Трэцяга Райху, але праз тыдзень места перадалі СССР згодна з пактам Молатава-Рыбэнтропа. У лістападзе 1939 году Бранск увайшоў у склад БССР, дзе стаў цэнтрам раёну Беластоцкай вобласьці. У 1941—1944 гадох места зноў знаходзілася пад акупацыяй нацысцкай Нямеччыны. 16 жніўня 1945 году ўлады СССР перадалі Бранск Польскай Народнай Рэспубліцы.

  • XVI стагодзьдзе: 1580-я гады — 1,8 тыс. чал., у тым ліку шмат шляхты і каля 50 рамесьнікаў[3]
  • XIX стагодзьдзе: 1860 год — 1845 чал.; 1878 год — 3733 чал. (1851 муж. і 1882 жан.), зь іх 1109 каталікоў, 1089 праваслаўных, 11 эвангелістаў і 1524 юдэі[5]; 1889 год — 2834 чал. (1373 муж. і 1461 жан.), у тым ліку 1316 юдэяў[6]
  • XXI стагодзьдзе: 2007 год — 3822 чал.

Бранск — вузел аўтамабільных шляхоў: № 66 (Замбраў — Бранск — Бельск-Падляскі) і № 681 (Лапы — Бранск — Цеханавец).

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Царква Сьвятога Сімеона
  • Гарадзішча (XI ст.)
  • Забудова гістарычная (XIX — пачатак ХХ ст.; фрагмэнты)
  • Капліца (XIX ст.)
  • Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (1859—1862)
  • Могілкі: старыя каталіцкія, старыя праваслаўныя, юдэйскія
  • Царква Сьвятога Сімеона (канец XIX — пачатак ХХ ст.)

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  • Сынагога
  • Царква Сьвятога Сімеона (2-я палова XIX ст.; мураўёўка)

Маёнтак Калінава каля Бранску амаль сто гадоў быў у валоданьні продкаў К. Каліноўскага.

  1. Фіёнік Д. Бранск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 340.
  2. Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 121.
  3. 1 2 Фіёнік Д. Бранск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 341.
  4. Czapiewski P. Stosunki narodowościowe w Kartuzji Pomorskiej // Księga pamiątkowa 75-lecia Towarzystwa Naukowego w Toruniu. — Toruń, 1952. S. 23.
  5. Sulimierski F. Brańsk // Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 353.
  6. Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]