Раман Сангушка
- У Вікіпэдыі ёсьць артыкулы пра іншых людзей зь імем Раман Сангушка.
Раман Сангушка. М. Бачыявэлі, XVIII ст. | |
Герб Пагоня Літоўская | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | каля 1537 |
Памёр | 12 траўня 1571 Ружан, Мазавецкае ваяводзтва, Каралеўства Польскае |
Пахаваны | |
Род | Сангушкі |
Бацькі | Хведар Сангушка Ганна з Дэспатаў |
Жонка | Аляксандра з Хадкевічаў |
Дзеці | Хведар, Аляксандра, Тэадора |
Дзейнасьць | вайскавод |
Рама́н Сангу́шка (1537 — 12 траўня 1571) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Гетман польны літоўскі (з 1569), ваявода брацлаўскі (з 1566). Быў старостам жытомірскім (1557) і рэчыцкім (1568)[1].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзяцінства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З княскага роду Сангушкаў гербу Пагоня Літоўская, сын Хведара Андрэевіча, маршалка Валынскай зямлі, старосты брацлаўскага і віньніцкага, і Ганны з роду Дэспатаў, гаспадароў Валахіі. Належаў да аднаго з наймагутнейшых арыстакратычных родаў Вялікага Княства Літоўскага.
Раман Сангушка быў сярэднім сынам (з трох сыноў). Ягоны старэйшы брат Дзьмітры трымаў Жытомірскае, Чаркаскае і Канеўскае староствы. Такім чынам, ужо ў маладым веку Сангушкі займалі важныя дзяржаўныя пасады.
Лёс быў нешчасьлівым да мужчынаў зь сям’і князёў Сангушкаў. Яны паміралі маладымі. У маладым веку ў 1517 годзе памёр дзядзька Рамана Фёдаравіча — Раман Андрэевіч Сангушка, староста брацлаўскі, віньніцкі і зьвянігародзкі. Адносна маладым памёр і бацька Рамана Сангушкі ў 1547 годзе, а матка Рамана, Ганна, неўзабаве выйшла замуж за князя Мікалая Андрэевіча Збараскага, таксама магната з Валыні.
Раман Сангушка атрымаў выхаваньне пры каралеўскім двары. Кароль Жыгімонт Аўгуст потым, у 1567 годзе, пісаў пра Рамана Сангушку ў адным з сваіх прывілеяў (грамат), што ён «амаль з свайго дзяцінства… узяты ў нашы пакоі». Шмат часу юнак прысьвячаў вайсковай службе, у якой потым праславіўся. У 17 гадоў Раман Сангушка, пасьля трагічнай сьмерці старэйшага брата, зрабіўся галавой сям’і. Адначасна на чале свайго прыватнага вайсковага аддзелу, набранага з шляхты з маёнткаў сям’і Сангушкаў, Раман з 1555 году выходзіць на службу паводле ўнівэрсалаў караля. У тым жа годзе ён накіроўваецца ў Кіеў пад камандаваньнем гетмана найвышэйшага Мікалая Радзівіла Рудога, каб абараняць горад ад магчымага нападу маскоўскіх войскаў, бо ў Вялікім Княстве Літоўскім лічылі, што цар Іван IV Жахлівы можа ў кожны момант распачаць вайну. У наступным годзе Раман Сангушка з сваім аддзелам праходзіў службу пад камандаваньнем князя Канстантына Васіля Астроскага, маршалка Валынскай зямлі, і ў кастрычніку 1556 году быў адпушчаны з службы з добрай адзнакай з боку князя Канстантына Астроскага.
Пачатак вайсковае кар’еры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ужо ў лютым 1557 году вялікі князь Жыгімонт Аўгуст прызначыў Рамана Сангушку старостам жытомірскім. Раман Сангушка знаходзіўся ў жытомірскім замку і рыхтаваў яго да магчымай абароны. На вайсковую экспэдыцыю ў Інфлянты (Лівонію) ў тым жа годзе ён адправіў набраную на службу роту, а сам застаўся ў жытомірскім замку і фармаваў залогу. У студзені 1558 году Раман Сангушка ўзяў удзел у адпоры моцнаму нападу крымскіх татараў на Падолію, знаходзячыся пад камандаваньнем Рыгора Хадкевіча, у той час кіеўскага ваяводы. Аддзел Рамана Сангушкі браў удзел у некалькіх баях з крымскімі татарамі, адбіваючы ў іх «ясыр» (захопленых у палон для продажу ў рабства ўкраінскіх сялянаў).
У канцы 1558 — пачатку 1559 году Раман Сангушка знаходзіўся ў гасьцях у кіеўскага ваяводы Рыгора Аляксандравіча Хадкевіча ў яго маёнтку Харошчы на Падляшшы (недалёка ад Беластоку). Тут Раман Сангушка ажаніўся зь яго дачкой Аляксандрай. Наступныя гады ён заставаўся ў Жытоміры. Увосень 1561 году яму прыйшлося займацца адбудовай драўлянага замка ў Жытоміры, які згарэў у выніку падпалу.
Улетку 1561 году Раман Сангушка браў удзел у ваеннай кампаніі ў Інфлянтах на чале свайго аддзелу, які дзеяў ля ракі Дзьвіны. Потым ён з аддзелам перакінуўся на Ўкраіну, якой пагражала новае ўварваньне крымскіх татараў.
У траўні-чэрвені 1563 году Раман Сангушка браў удзел у працы сойма Вялікага Княства Літоўскага, на якім адным з галоўных пытаньняў было фінансаваньне патрэбаў на вайну з Маскоўскай дзяржавай і набор войска.
19 чэрвеня 1563 году разам зь іншымі сябрамі вялікакняскай рады ён падпісаў пастанову аб скліканьні войска на надзвычайны попіс (агляд зь перапісам усіх) каля Крэва. Пасьля попісу войска мусіла ісьці на Полацак, каб адбіць яго ад расейцаў. Увосень 1563 году Раман Сангушка з сваёй ротай застаўся ў Беларусі. Ён падпарадкоўваўся гетману вялікаму Мікалаю Радзівілу Рудому і гетману дворнаму (польнаму) Рыгору Хадкевічу. Разам з гетманамі Раман Фёдаравіч Сангушка на чале сваіх рыцараў браў удзел у пераможнай бітве каля Улы на Іваньскіх палях, пад Чашнікамі 26 студзеня 1564 году, у якой 10-тысячнае (паводле іншых зьвестак 4-тысячнае) літоўскае (беларускае) войска разграміла ўшчэнт 30-тысячную армію князя Пятра Шуйскага. У Полацак вярнулася толькі 5 тысячаў уцекачоў. У бітве ля Улы Раман Сангушка камандаваў коннай ротай, якая налічвала 200 коньнікаў, і быў адзначаны як адзін з камандэраў сярэдняга рангу, якія вылучыліся падчас бітвы. Далей на працягу 1564 і 1565 гадоў ён зноў знаходзіўся ў Жытоміры, каб бараніць горад і замак ад нападаў крымскіх татараў, якія ішлі на Валынь на чале з ханам Дэўлет-Гірэем.
Ваявода брацлаўскі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За вайсковыя заслугі князь Раман Фёдаравіч Сангушка быў узнагароджаны. 25 сакавіка 1566 году сойм Вялікага Княства Літоўскага ў Вільні прыняў пастанову аб новым адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле дзяржавы з утварэньнем новых ваяводзтваў і паветаў. Віньніцкае і Брацлаўскае староствы ўтварылі новае ваяводзтва, якое спачатку называлася Брацлаўскім і Віньніцкім (аднак хутка назва зьмянілася на Брацлаўскае). 30 сакавіка 1566 году сваім прывілеем вялікі князь Жыгімонт Аўгуст прызначыў на пасаду першага брацлаўскага ваяводы Рамана Сангушку.
У гэтым прывілеі Жыгімонт Аўгуст пісаў, што Раман Сангушка, «бываючы шмат разоў у вялікіх бітвах мужна супраць непрыяцеля нашага змагаўся, не шкадаваў здароўя з праліваньнем крыві сваёй, рабіў тое, што сапраўднаму і праўдзіваму рыцару і роду княжацкаму належала рабіць». Адначасна князь Раман атрымаў у сваё валоданьне двор у Віньніцы і некалькі вёсак на тэрыторыі ваяводзтва. Цяпер паўнамоцтвы Рамана Сангушкі пашыраліся, і ён займаўся ўмацаваньнем замкаў у ваяводзтве для бясьпекі ад нападаў крымскіх татараў і таксама захаваньнем парадку на тэрыторыі ўсяго Брацлаўскага ваяводзтва.
У гэты ж час таксама падвышаўся на пасадах і цесьць Сангушкі, Рыгор Аляксандравіч Хадкевіч, які з пасады гетмана дворнага быў прызначаны ў пачатку 1566 году на пасаду гетмана найвышэйшага (вялікага). Гэта паспрыяла кар’еры і зяця. У канцы 1566 — пачатку 1567 году Раман Сангушка знаходзіўся ў Горадні, дзе адбываліся нарады сойму Вялікага Княства Літоўскага. Раман Сангушка разам зь іншымі панамі раднымі 26 сьнежня 1566 году ратыфікаваў дыплём вялікага князя Жыгімонта Аўгуста аб далучэньні Інфлянтаў (Лівоніі) у склад Вялікага Княства Літоўскага, бо кожнае зьмяненьне дзяржаўных межаў патрабавала абавязковай пастановы паноў рады — найвышэйшага сталага дзяржаўнага органа. 26 лютага 1567 году вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст разаслаў да ўсіх вайсковых камандзіраў свой унівэрсал, у якім паведамляў, што даручыў Раману Сангушку справы гетмана дворнага. Гэта не было прызначэньне на пасаду, але азначала выкананьне абавязкаў (у афіцыйных дакумэнтах Сангушка называўся «спраўцам гетманства дворнага»).
Вайна з Масквой 1567 году
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гетман Рыгор Хадкевіч выклікаў Сангушку ў армію для вядзеньня дзеяньняў. Увесну 1567 году Сангушка ўжо быў у Лукомлі, каб адтуль сачыць за дзеяньнямі войскаў Івана Жахлівага і прадухіляць іх спробы будаваць замкі на акупаванай тэрыторыі на поўдзень ад захопленага імі ў 1563 годзе Полацку. У траўні 1567 году Раман Сангушка, на загад Р. Хадкевіча, узначаліў усе літоўскія аддзелы, якія знаходзіліся ў Віцебскім ваяводзтве і перанёс сваю штаб-кватэру ў Чашнікі. У гэты час пад яго наглядам ішло будаўніцтва і ўзмацненьне абарончых замкаў у Чашніках, Туроўлі і на рацэ Сорыцы. 3 гэтых фартэцыяў мусілі наступаць літоўскія (беларускія) войскі, каб вызваліць Полацак ад войскаў цара Івана Жахлівага. Адсюль накіроўваліся ў бок непрыяцеля аддзелы вайсковай разьведкі. Ад гетмана найвышэйшага Рыгора Хадкевіча ён атрымоўваў падмацаваньні і зьвесткі пра рухі ворага ў іншых мясьцінах.
Вайсковая выведка была неабходная, бо па колькасьці воінаў літоўскае войска было значна меншае, чым маскоўскае. На тэатры ваенных дзеяў у паўночна-ўсходняй частцы Беларусі ўлетку 1567 году знаходзіўся аддзел у 1350 чалавек коньніцы і 550 пяхоты пад началам князя Рамана Фёдаравіча Сангушкі, які ўжываў тактыку неспадзяваных папераджальных удараў пасьля стараннай і прыхованай выведкі, насуперак пашыранай тады тактыцы дзённых бітваў з усімі прызнакамі адкрытага выхаду войскаў на баявыя пазыцыі ў шырокім полі. Такая тактыка Рамана Сангушкі пры меншых, чым у непрыяцеля, сілах пачала прыносіць посьпехі.
У ліпені 1567 году маскоўскія ваяводы князь Пётар Абаленскі-Срэбны, Г. Колычаў і князь Юры Такмакоў разам з служылым татарскім царэвічам Амуратам выступілі з царскімі войскамі і татарскім войскам з Полацку і перайшлі Дзьвіну, каб забясьпечыць пабудову крэпасьці Суша (на поўдзень ад Полацку) на высьпе, на возеры з той жа назвай. Частка маскоўскіх войскаў на чале зь Ю. Такмаковым заняла выспу і пачала будаваць на ёй крэпасьць.
Іншыя маскоўскія сілы спыніліся непадалёку ў палявым лягеры ва ўрочышчы Суша. Раман Фёдаравіч Сангушка правёў выведку і, сабраўшы крыху больш за 2 тысячы жаўнераў, вырушыў у паход на маскоўскае войска, у чатыры разы большае за ягонае. Храніст М. Бельскі адзначаў: «20 дня ліпеня, маючы пэўную ведамасьць ад віжаў аб войску маскоўскім, якога было з татарамі 8000, рушыў з Чашнікаў да іх».
На досьвітку 21 ліпеня Рамана Сангушка прыйшоў на Іваньскія палі, паблізу ад лягера маскоўскіх войскаў. Спачатку яго жаўнеры лёгкай коньніцы (казакі) напалі на перадавую варту ў 100 коньнікаў і разграмілі іх. Потым зьнянацку напалі на лягер, пяхота хутка раскінула драўляную агароджу, а кавалерыя, не даўшы магчымасьці расейцам і татарам пастроіцца ў баявыя парадкі, уварвалася ў лягер. За кароткі час маскоўскае войска было амаль цалкам разгромлена. Шмат варожых воінаў было ўзята ў палон, быў захоплены непрыяцельскі абоз і вызвалены з палону жаўнеры свайго войска і мірныя жыхары, у асноўным сяляне, захопленыя падчас паходу маскоўцаў і татараў з Полацку.
Гэтая параза князя Пятра Абаленскага-Срэбнага і царэвіча Амурата не зьмяніла намераў Ю. Такмакова збудаваць фартэцыю на возеры Суша. Раман Сангушка спрабаваў заблякаваць Такмакова на высьпе, але ён ня меў артылерыі. Таму князь перайшоў да доўгатэрміновай блякады непрыяцеля і намагаўся не дапусьціць прыходу падмацаваньняў да Такмакова з Полацку.
Паміж канцом першай дэкады і сярэдзінай верасьня таго ж 1567 году князь Раман даведаўся ад сваёй выведкі пра новае войска, якое было накіраванае з Полацку да Сушы. Гэтым маскоўскім войскам камандаваў ваявода князь Осіп Шчарбаты і яго намесьнік князь Юры Барацінскі; усяго маскоўскіх воінаў было 6 тысячаў чалавек. Разам зь імі ішоў 3-тысячны татарскі аддзел Сэіт-Мурзы.
Маскоўска-татарскае войска ішло маршам з крэпасьці Ўлы ў крэпасьць Сушу зь вялікім абозам, у якім былі і запасы харчаваньня для войска Такмакова. Раман Сангушка і на гэты раз па дакладнай выведцы з сваім цяпер ужо 3-тысячным войскам зьнянацку напаў на непрыяцеля, які быў разгромлены ў кароткім баі. Абодва ваяводы, О. Шчарбаты і Ю. Барацінскі, былі ўзятыя ў палон, а ўвесь абоз з 1300 вазоў узяты як трафэй.
Па гэтай перамозе ў верасьні 1567 году Раман Сангушка разам з аддзелам кашталяна полацкага Юрыя Зяновіча зноў аблажыў крэпасьць Сушу, але ўзяць яе ня здолеў праз брак гарматаў і абмежаваўся блякадай крэпасьці. Адначасна Раман Сангушка займаўся забесьпячэньнем свайго войска і дамагаўся ад вялікакняскай улады грошай для выплаты іх войску за службу. Даглядаў ён і пабудовы крэпасьці ў Вароньчы. Паколькі ў дзяржаўным скарбе Вялікага Княства Літоўскага грошай бракавала, Раман Сангушка пазычыў яшчэ 15 жніўня 120 копаў грошай літоўскіх пад заклад свайго маёнтку Дольску (ля Прыпяці) у Пінскім павеце.
У кастрычніку 1567 году Раман Сангушка выехаў да галоўнага лягера літоўскага (беларускага) войска пад Лебедзевам (недалёка ад Маладэчна), дзе вялікі князь зьбіраў армію для наступу супраць маскавітаў у Беларусі. Тут быў зроблены попіс гэтага земскага войска (апалчэньня), якое складалася з каля 35 тысячаў чалавек, зь іх 27 776 коньнікаў, 5694 жаўнераў-пехацінцаў і 1518 чалавек пешай шляхты. Акрамя таго, вялікі князь Жыгімонт Аўгуст меў яшчэ 12 тысячаў надворнага войска. Раман Сангушка выставіў у земскае войска з сваіх маёнткаў почат з 100 коньнікаў і 50 драбаў-пехацінцаў з рушніцамі. Два месяцы войска стаяла ў Лебедзеве, а потым у Радашковічах. Жыгімонт Аўгуст не падтрымаў сьмелых дзеяў, бо вызначалася важная дзяржаўная справа: рыхтавалася інтэграцыя Кароны і Вялікага Княства. Дэлегаты польскага сойму прыбылі ў вайсковы лягер з прапановай пра дзяржаўную унію, а шляхта, якая сабралася ў рушэньне, у якасьці палявога сойму разьвязвала гэтую справу. Потым войска Вялікага Княства Літоўскага падзялілася: 12 тысячаў зь вялікім князем пайшлі ў Койданаў у якасьці рэзэрву, астатняя армія перайшла ў Барысаў і яго ваколіцы.
У 1567 годзе за вайсковыя заслугі вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў Раману Сангушку вёскі Чэрньча, Гарадок і Казьлінічы ў Луцкім павеце.
У студзені 1568 году войска Вялікага Княства Літоўскага на чале з гетманам інфлянцкім і маршалкам земскім Янам Хадкевічам накіравалася да ўмацаванай расейскай крэпасьці Ўлы на Дзьвіне, але ўзяць яе ня здолела. Да абкружанай залогі прыбыла дапамога з Полацку. Штурм 2 сакавіка 1568 году вынікаў ня даў. Давялося зьняць аблогу і адысьці. У гэты час Раман Сангушка займаўся пабудовай і забесьпячэньнем узбраеньнем і боепрыпасамі замкаў у Дрысе, Лепелі, Лукомлі, Чашніках, Варончы і Крывіне. Рэзыдэнцыя яго была ў Чашніках, куды ён атрымоўваў для замкаў гарматы, якія прысылаў Рыгор Хадкевіч з Барысава. Як узнагароду за сваю вайсковую службу Раман Сангушка 20 сакавіка 1568 году атрымаў Рэчыцкае староства.
Вясной 1568 году Раман Сангушка зноў вырушыў на фронт і камандаваў усімі войскамі на поўначы Беларусі. Асноўнай яго задачай было перашкаджаць расейцам будаваць крэпасьці на занятай імі тэрыторыі, каб ня даць ім замацавацца тут. Ён працягваў набіраць жаўнераў у коннае войска, але ў дзяржаўным скарбе не хапала грошай, і Сангушка меў пастаянныя клопаты з выплатай грошай войску. Адначасова князь Раман дастаўляў харчаваньне ў Віцебск і Сураж дзякуючы дапамозе мяшчанаў і мясцовай шляхты.
Такім чынам, непрыяцель ня меў у Беларусі ў сваім валоданьні гарадоў і вялікіх замкаў, акрамя Полацку. Сангушка ўвесь час пільна сачыў за рухамі маскоўскага войска. Найбольшую ўвагу ён надаваў маскоўскай залозе крэпасьці Ўлы ля Дзьвіны. Улетку 1568 году Раман Сангушка спрабаваў зноў блякаваць Улу, але аблога вынікаў не дала і ён мусіў праз шэсьць тыдняў адыйсьці ад крэпасьці. Калі Раман Сангушка даведаўся, што туды прыбылі з Полацку дадатковыя маскоўскія аддзелы і ў залозе Ўлы пачаўся прыём у ваяводаў і агульныя ўрачыстасьці з частаваньнем гарэлкай, ён у ноч з 20 на 21 верасьня 1568 году вярнуўся да Ўлы, і яго жаўнерам удалося падыйсьці да замку, бо расейская варта на сьценах была п’яная і не заўважыла падыходу аддзела Рамана Сангушкі. Маючы дакладны плян замка, складзены падчас ранейшых аблог, Сангушка вызначыў месцы, якія лепш было атакаваць. Спачатку да замка па рацэ былі накіраваныя на чаўнах казакі, якія атакавалі Ўлу з боку ракі. Калі ўвага расейцаў была адцягнута першай атакай, ён кінуў пяхоту на штурм палісада. Адначасова жаўнеры пачалі выламываць брамы і падпалілі драўляныя муры замка. Маскоўскія ваяводы і воіны разгубіліся і бязладна абараняліся. Атаку завяршыла коньніца, якая ўплаў па рацэ дасягнула крэпасьці і ўварвалася ў яе. Залога Улы была разгромленая, а замак спалены. Раман Сангушка захапіў у палон двух ваяводаў Вельямінавых, 300 знатных палонных і 800 стральцоў. Было ўзята і некалькі гармат.
Па ўзяцьці Улы князь Раман Сангушка пачаў адбудоўваць замак і пакінуў там залогу. Ён атрымаў ліст ад Жыгімонта Аўгуста з падзякай за ўзяцьце Ўлы. Вялікі князь пазьней загадаў Сангушку застацца ў Полацкім ваяводзтве для абароны тэрыторыі.
Аднак ваенныя дзеі фактычна спыніліся, а ў 1570 годзе паміж Маскоўскім царствам і Рэччу Паспалітай было падпісана замірэньне. Інфлянцкая вайна зацягнулася на доўгія гады, суправаджалася шматлікімі ахвярамі і разбурэньнем гарадоў і вёсак, вялікімі грашовымі і матар’яльнымі затратамі. Але ў вайне быў зроблены толькі перапынак.
Увесь наступны час Раман Сангушка заставаўся на паўночна-ўсходнім памежжы, умацоўваючы тут замкі. А ў гэты час разгортваліся падзеі вялікага палітычнага значэньня. Ішло канчатковае аб’яднаньне Беларускай дзяржавы (Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага) і Польшчы ў фэдэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітую.
13 сакавіка віленскі ваявода Мікалай Радзівіл Руды запрасіў Рамана Сангушку прыбыць у Вільню на нараду пра унію з Польшчай. Раман Сангушка адказаў у лісьце, што гатовы прыехаць, але не паведаміў, якую пазыцыю ён займае. У сакавіку 1569 году ўрадоўцы і зямяне Брацлаўскага ваяводзтва зьвярнуліся да Рамана Фёдаравіча Сангушкі як да свайго ваяводы ў зьвязку з праектам на Люблінскім сойме аддзяленьня Брацлаўскага ваяводзтва ад Вялікага Княства Літоўскага і інкарпарацыі ў склад Польшчы. Яны былі гатовыя выступіць з зброяй супраць такой інтэграцыі. А ў гэты час кароль Жыгімонт Аўгуст заклікаў яго прыбыць у Люблін. 4 красавіка 1569 году Рамана Сангушка адказаў каралю, што ня можа прыехаць праз дрэнны стан здароўя і праз кепскі стан дарог, якія вясной зрабіліся непралазнымі.
Кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст 26 красавіка 1569 году выдаў акт аб далучэньні Валынскай зямлі да Польшчы, сойм гэта зацьвердзіў 26 траўня 1569 году. 28 траўня 1569 году ў Люблін прыехаў і Раман Сангушка, дзе ўрачыста перадаў каралю маскоўскіх палонных, сьцягі і гарматы, узятыя ў бітве за Улу. 1 чэрвеня Сангушка выступіў на сойме і заявіў аб гатоўнасьці прыняць прысягу на вернасьць Кароне пры ўмове, што шляхта Валыні і Брацлаўскага ваяводзтва захавае свае прывілеі. Раман Сангушка прынёс прысягу Польскай кароне як уладальнік маёнткаў на Валыні і як брацлаўскі ваявода. Па гэтым ён заняў месца ў сэнаце. 2 ліпеня 1569 году Раман Сангушка прынёс прысягу Вялікаму Княству Літоўскаму як польскі сэнатар і прывесіў сваю пячатку да акту Люблінскай уніі. Такім чынам, у вызначальны момант Раман Сангушка праявіў сябе як прыхільнік інкарпарацыі ўкраінскіх зямель у склад Каралеўства Польскага. Такая яго пазыцыя выклікала абурэньне іншых паноў рады Вялікага Княства Літоўскага і пагоршыла адносіны зь імі. Пераход на пазыцыі згоды з уніяй Раман Сангушка тлумачыў ваенным становішчам і пагрозай страты незалежнасьці Вялікага Княства Літоўскага праз магчымую заваёву яе тэрыторыі Масковіяй. Адначасна складаньне уніі з Польшчай давала Вялікаму Княству Літоўскаму шанец выкарыстаць польскія войскі ў вайне, спэцыяльна не ўхваляючы адмысловых грашовых падаткаў на іх утрыманьне. А гэта давала магчымасьць вярнуць захопленыя расейцамі тэрыторыі ў Полацкім ваяводзтве і Інфлянтах. У часе абмеркаваньня пытаньня пра складаньне міру з Маскоўскай дзяржавай Раман Сангушка выступіў супраць гэтага пляну і за працяг вайны, асабліва калі крымскі хан пачаў паходы ў глыбіню тэрыторыі Масковіі, а таксама праз варожыя да Івана Жахлівага адносіны Швэцыі і Даніі, таксама ўцягнутых у канфлікт праз Інфлянты.
Апошнія гады жыцьця
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па Люблінскім сойме Раман Сангушка некалькі месяцаў знаходзіўся ў сваіх маёнтках на Валыні, галоўным чынам у Несухаежах. Якраз у гэты час кароль Жыгімонт Аўгуст выдаў у Кнышыне прывілей аб афіцыйным наданьні князю Раману Фёдаравічу Сангушку годнасьці гетмана дворнага Вялікага Княства Літоўскага, пасаду якога той фактычна займаў ужо некалькі гадоў. У сьнежні 1569 году Раман Сангушка зноў наведаў замкі ў Полацкім ваяводзтве. 25 сьнежня 1569 году ён паведамляў Жыгімонту Аўгусту, што ўзяў штурмам замак на Цётчы, на шляху, які злучаў замак Туроўлю, заняты маскавітамі, з Полацкам. У лютым 1570 году Раман Сангушка вярнуўся з фронту на Валынь, атрымаўшы вестку пра сьмерць жонкі. Увесь 1570 год ён правёў у сваіх маёнтках на Валыні. Увесну 1571 году Р, Сангушка езьдзіў у Варшаву і, калі вяртаўся назад, захварэў «на гарачку» і спыніўся ў Ружане (на рацэ Нарве), 10 траўня 1571 году ён прадыктаваў тэстамэнт, а 12 траўня памёр. Быў пахаваны паводле сямейнай традыцыі ў царкве сьвятога Мікалая ў Мельцах на Валыні.
Ад шлюбу з Аляксандрай Рыгор’еўнай Хадкевіч меў сына Рамана, які памёр у 1591 годзе нежанатым (зь ім скончылася локацкая лінія роду) і трох дачок: Марыянну, якая памерла да 1587 году дзяўчынай, Аляксандру (памерла ў 1602 годзе), якая выйшла замуж за князя Януша Заслаўскага (потым валынскага ваяводу), Тэадору, якая была замужам тройчы: за ваяводам падляскім Станіславам Радзімінскім, за князем Аляксандрам Пронскім і за ваяводам берасьцейска-куяўскім Андрэем Ляшчынскім.
Побач зь дзяржаўнай дзейнасьцю Раман Фёдаравіч Сангушка адзначыўся як гаспадар. Па сьмерці брата Дзьмітрыя ў 1554 годзе Раман Сангушка атрымаў у спадчыну разам з братам Яраславам яго маёнткі. У тым жа годзе матка, якая выйшла замуж за Мікалая Збараскага, адмовілася на карысьць Рамана і яго брата Яраслава ад маёнткаў, што ёй запісаў пажыцьцёва яе першы муж, бацька Рамана і Яраслава, а яны складалі траціну ўсіх маёнткаў. Браты родавыя маёнткі не дзялілі, і па сьмерці Яраслава ў 1564 годзе, у якога не было сям’і, усе маёнткі на Валыні і ў Беларусі заставаліся ў Рамана Сангушкі. Адным з асяродкаў ягоных лятыфундыяў зрабіўся прыватнаўладальніцкі горад Уладава на Бугу у Берасьцейскім павеце, другім цэнтрам — мястэчка Галятын у Луцкім павеце. У 1564 годзе яго намаганьнямі ва Ўладаве была пабудавана царква.
Раман Фёдаравіч Сангушка карыстаўся павагай у сучасьнікаў як «муж цьвярозы і вайсковай справе добра дасьведчаны». Ягоныя ваенныя посьпехі былі вынікам застасаваньня тактыкі нерэгулярнай вайны, удараў па супраціўніку зьнянацку, малымі сіламі і па добра арганізаванай выведцы.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Янушкевіч А. Сангушка Раман Фёдаравіч // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 539.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0