Перайсьці да зьместу

Скіргайла

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Скіргайла Альгердавіч»)
Скіргайла
лац. Skirgajła / Skirhajła
Скіргайла (уяўны партрэт)
Князь полацкі
1377  1381
Князь троцкі
1382  1392
Князь кіеўскі
1395  1397
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1354(1354),
Памёр 1397(1397),
Дынастыя Гедзімінавічы
Бацька Альгерд
Маці Ульляна

Скіргайла Альгердавіч (у праваслаўі Іван; каля 1354 — 23 сьнежня 1394?[a], Кіеў) — князь троцкі (1382—1392), полацкі (1377—1381 і ад 1387) і кіеўскі (ад 1393)[1]. У 1386—1392 гадох быў намесьнікам Ягайлы ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Скіра (Scira) і Гайла (Gailo) — імёны германскага паходжаньня[2]. Іменная аснова скер- (скір-) (імёны ліцьвінаў Скерэль, Скіран, Скірмунт; германскія імёны Skerilo, Scerun, Sciremunt) паходзіць ад гоцкага skeirs 'ясны, чысты'[3], а аснова -гайл- (-гал-, -гел-) (імёны ліцьвінаў Відзігайла, Інгела, Монтгайла; германскія імёны Widigail, Ingeila, Montigel) — ад гоцкага і бургундзкага gails 'жвавы, свавольны, ганарысты'[4]. Такім парадкам, імя Скіргайла азначае «чыстая жвавасьць»[5].

Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Skirgal (6 ліпеня 1382 году[6], Мэмарыял Вітаўта[7]); Skirgallo (14 чэрвеня 1384 году)[8]; Skirgalone (14 жніўня 1385 году)[9]; Скиригкаило (16 верасьня 1386 году)[10]; Скиргайло[11][12], братъ нашь князь Скиригайло[11][13] (1387 год); Skirgalone Troczensi[14], Skargalone Trocensi[15] (17 лютага 1387 году); Skirgalone Trocensi (22 лютага 1387 году)[16]; Nos Schirgalo Dei gracia dux Lithuanie et dominus Tracensis et Polocensis etc. (12 лістапада 1388 году[17])[18]; Skirgalone (14 траўня 1389 году)[19]; dux Skirgalus (23 траўня 1390 году)[20]; Skyrgallo (да 5 жніўня 1392 году)[21]; Skirgello (1394 год)[11]; Schirgal (Хроніка Віганда)[22]; Schirgail (да 1416 году)[23]; Скиригайло Олгердовичь (Наўгародзкі чацьверты летапіс[24] і Сафійскі першы летапіс[25]).

Прарысоўка пячаці Скіргайлы[26] (Пагоня з рознаканцовым крыжам)

Сын Альгерда і Ўльляны Цьвярской. Быў найбольш адданым паплечнікам свайго роднага брата Ягайлы.

У 1374—1375 гадох ваяваў з крыжакамі. Па выгнаньні з Полацку Андрэя Альгердавіча (1377 год) — князь полацкі. У 1379 годзе езьдзіў зь місіяй у некаторыя краіны Эўропы, дзе абмяркоўваў умовы хрышчэньня Літвы. Падчас перамоваў з Тэўтонскім Ордэнам, імаверна, спрычыніўся да складаньня Давыдзіскае дамовы. У 1381 годзе палачане, незадаволеныя паганствам Скіргайлы, выгналі яго з княжаньня. На чале войска Ягайлы й з дапамогай Інфлянцкага Ордэну атачыў Полацак, але ўзяць ня здолеў. Тады ж прыняў праваслаўе зь імем Іван.

Па захопе ўлады Кейстутам у канцы 1381 году і пераходу да таго войска Скіргайлы ўцёк у Інфлянты. Улетку 1382 году браў удзел у аблозе Кейстута ў Троках, зьняволіў таго ў часе перамоваў, перавёз у Крэўскі замак, дзе й забіў. За гэта, пэўна, атрымаў Троцкае княства. Стаў такім чынам другой асобай у дзяржаве.

У 1384 годзе падчас вайны з Ордэнам адваяваў Трокі. У 1385 годзе ўзначальваў дыпляматычную місію ў Польшчу, вынікам якой было складаньне шлюбу паміж Ягайлам і польскай каралевай Ядзьвігай і каранацыя Ягайлы на польскае каралеўства. У часе падпісаньня акту Крэўскае уніі (1385) дамогся за сабой права застацца праваслаўным. На думку некаторых гісторыкаў (Ежы Ахманскі й іншыя), у 1386—1392 гадох быў вялікім князем літоўскім, на думку ж іншых (М. Дучмаль, іншыя) выконваў функцыі намесьніка Ягайлы ў ВКЛ.

У 1386 годзе разьбіў у Амсьціслаўскай бітве смаленскага князя Сьвятаслава Іванавіча, падначаліўшы такім чынам ВКЛ Смаленскае княства. Увесну 1387 годзе захапіў Полацак і выгнаў адтуль Андрэя Альгердавіча. 28 красавіка 1387 году атрымаў прывілей на валоданьне Полацкім, а таксама Менскім і Сьвіслацкім княствамі з гарадамі Бабруйск, Ігумен, Лагойск, Любашаны, Любеч, Менск, Прапойск, Рэчыца, Сьвіслач. Ад 1388 году ваяваў зь Вітаўтам.

З падпісаньнем у 1392 годзе Востраўскага пагадненьня паміж Вітаўтам і Ягайлам перастаў кіраваць ВКЛ і страціў Троцкае княства (у знак кампэнсацыі яму было паабяцанае Кіеўскае княства). У пачатку 1393 году разам зь Вітаўтам захапіў Віцебск, паланіўшы Сьвідрыгайлу, які гаспадарыў там. Увесну й увосень 1393 году яму былі нададзеныя адабраныя ў Уладзімера Альгердавіча адпаведна Жытомір з Оўручам і Кіеў. У кастрычніку — лістападзе 1393 году браў удзел у паходзе Вітаўта на Падольле, захапіў Чаркасы й Зьвянігарад.

Паводле некаторых зьвестак, Скіргайлу атруціў мітрапальнічы намесьнік Фама. Пахавалі князя ў Кіева-Пячэрскай лаўры[27].

  1. Паводле іншых зьвестак, 11 студзеня 1397 году
  1. ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 321.
  2. Förstemann E. W. Altdeutsches Namenbuch. Bd. 1: Personennamen. — Bonn, 1900. S. 567, 1308.
  3. Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 18.
  4. Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17.
  5. Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 25.
  6. Бражольский договор о перемирии между ВКЛ и Тевтонским орденом (июль 1382), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
  7. Лицкевич О. В. «Летописец великих князей литовских» и «Повесть о Подолье»: опыт комплексного критического разбора. — СПб., 2019. С. 264—266.
  8. Codex epistolaris Vitoldi. — Cracoviae, 1882. S. 5.
  9. Akta unji Polski z Litwą, 1385—1791. — Kraków, 1932. S. 3.
  10. Докончание смоленского князя Юрия Святославича с королем Польши (1386), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
  11. 1 2 3 Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 193.
  12. Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 74.
  13. Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 75.
  14. Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wilenskiej. T. 1, z. 1: 1387—1468. — Kraków, 1932. S. 6.
  15. Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wilenskiej. T. 1, z. 1: 1387—1468. — Kraków, 1932. S. 8.
  16. Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wilenskiej. T. 1, z. 1: 1387—1468. — Kraków, 1932. S. 14.
  17. Гарантия князя Скиргайла на соблюдение перемирия с Тевтонским орденом (1388), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
  18. Codex diplomaticus Lithuaniae, 1253—1433. — Vratislaviae, 1845. P. 48.
  19. Codex diplomaticus Poloniae. T. 2. — Varsaviae, 1852. P. 772.
  20. Codex epistolaris Vitoldi. — Cracoviae, 1882. S. 23.
  21. Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wilenskiej. T. 1, z. 1: 1387—1468. — Kraków, 1932. S. 38.
  22. Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 591—593, 607, 614, 616—620, 626—629, 632—634, 639—640, 642, 645.
  23. Codex epistolaris Vitoldi. — Cracoviae, 1882. S. 1025—1026.
  24. ПСРЛ. Т. 4. — СПб., 1848. С. 92.
  25. ПСРЛ. Т. 5. — СПб., 1851. С. 239.
  26. Бохан Ю. Н., Темушев С. Н. История Беларуси» 6-й класс. Ч. 2. — Минск: Изд. центр БГУ, 2016. С. 38.
  27. Пазднякоў В. Скіргайла // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 582.